14. “Быць усім для ўcix” (Гл. 1 Кар 9:22)
Біскуп, як пераемнік апосталаў, кіруе даручанаю яму часткаю Царквы
Хрыстовае. Ён павінен быць бацькам, настаўнікам i пастырам свайго статку.
Калі біскуп – законьнік, дык ён аўтаматычна складае зь сябе ўсе абавязкі ў
законе i ня можа займаць у ім ніякай пасады без адмысловага дазволу вышэйшых
царкоўных уладаў. Старыя i вядомыя законы – бэнэдыктынцы, францішканцы,
езуіты ды інш. – далі Сьвятой Царкве шмат выдатных i сьвятых біскупаў, але
тыя ніколі не займалі ніякага становішча ў законе. Марыяне зьяўляюцца
выняткам: на працягу шасьцідзесяці гадоў (1909–1969) з шасьці іхных
генэралаў тры былі біскупамі.
Пасьля прыезду біскупа Сіповіча ў Рым генэральная капітула працягвала
сваю працу. У пятніцу 12 ліпеня сябры капітулы мелі аўдыенцыю ў Сьвятога
Айца. Той, мяркуючы, што мае справу з палякамі, каб зрабіць ім прыемнасьць,
– як зазначыў біскуп Сіповіч у сваім дзёньніку, – прывітаў ix словамі “Niech
będzie pochwalony Jezus Chrystus” (Слава Ісусу Хрысту).
Так пачаліся шэсьць цяжкіх гадоў у жыцьці біскупа Сіповіча. У дадатак да
ўдзелу ў Саборы ён мусіў амаль штодня займацца марыянскімі справамі, таму ў
яго заставалася вельмі мала часу для беларусаў. Гэта ўжо адчувалася, калі ён
12 жніўня першы раз пасьля свайго абраньня прыехаў у Лёндан. Месяц у Англіі
мінуў у разборы нязладак польскіх марыянаў i фінансавых цяжкасьцяў
летувіскіх. Прайшла таксама сходка беларускіх марыянаў. I хоць там
разглядаліся справы Місіі, сьвятара не-марыяніна не запрасілі.
Біскуп Сіповіч вярнуўся ў Рым 22 верасьня 1963 году. Праз тыдзень, 29
верасьня, распачала працу другая сэсія Сабору, якая доўжылася да 4 сьнежня.
Біскуп Сіповіч быў на ўсіх яе паседжаньнях, а таксама на паседжаньнях
камісіі для законьнікаў. На гэтай сэсіі ён пазнаёміўся з двума
прадстаўнікамі Расейскай Маскоўскай Патрыярхіі, айцамі Баравым i Ілічам,
якія аказаліся... беларусамі.
Кожнай раніцы, перад пачаткам працы Сабору, адбываўся ўрачысты ўваход з
Эвангельлем, якое пасьля клалі на алтар. У суботу 14 кастрычніка гонар
уваходу з Эвангельлем выпаў біскупу Сіповічу, які пакінуў наступнае
апісаньне ў дзёньніку: «Сяньня меў вялікі гонар зрабіць уваход на пачатку
сэсіі Сабору са сьв. Эвангельлем. Мне асыстуюць прат. Ул. Салавей i a.
Кастусь Маскалік... Я маю епітрахіль, манцію, амафор, крыж айца арх.
Абрантовіча i панагію. Ідзе з намі папскі цырыманіер i два сьвечаносцы.
Цяжка апісаць уражаньне. Сьвятое эвангельле – гэта слова жывое Госпада
Хрыста i сымбаль самога Хрыста. Мы – дзеці i слаўнага i гаротнага
беларускага народу. Бог аднак у сваім міласердзі не забывае i нас. Сяньня
маем гонар сьведчыць, што мы жывём i прыймаем удзел у найвялікшай падзеі
сяньняшніх дзён, у Экумэнічным Саборы. Учора знайшоў у адным з нашых
марыянскіх сховішчаў прыгожы крыж айца Абрантовіча. Ён мне мілы дзеля розных
прычын, але дзіўна, што акурат цяпер я яго знайшоў i сяньня першы раз нашу ў
час Сабору. Калі бяз волі Божай волас не спадае з галавы, дык i крыж ня мог
знайсьціся без Яго волі. Шчыра дзякую i малю Заступнікаў Беларускага Народу
i нашых патронаў марыянскіх прашу дапамагчы мне споўніць ува ўсім Божую
волю».
За тры дні да гэтага, 11 кастрычніка, мітрапаліт Сьліпый першы раз
прамаўляў на Саборы. Біскуп Сіповіч запісаў галоўныя пункты ягонай прамовы:
«Перш дзякуе Тройцы Прасьвятой, Маці Божай, усім Айцом за малітвы, дзякуючы
якім ён можа быць прысутны тут на Саборы. Успамінае, што на іншых саборах –
пачынаючы ад Нікейскага I (sic!) – ад імя ўкраінцаў прысутнічалі біскупы...
пачынае выясьняць, што ён разумее пад імем Collegii Episcoporum (калегіі
біскупаў. – А.Н.). Infallibilitas Papae et Episcoporum est a Christo
(непамыльнасьць Папы i біскупаў ёсьць ад Хрыста. – А.Н.)... У канцы
зьвяртаецца да Сабору з просьбай, каб украінская старадаўняя сталіца Кіеў
быў паднесены да годнасьці патрыярхату». Біскуп Канстантыні адказаў
мітрапаліту Сьліпому, што «ані прыматы, ані кардыналы, ані патрыярхі ня
ёсьць de jure divino (з Божага ўстанаўленьня. – А.Н.), i таму ня трэба аб ix
гаварыць у трактаце дагматычным». Гэта была першая, але не апошняя згадка
пра ўкраінскі патрыярхат.
У царкве i ў сьвеце адбывалася столькі важных i цікавых падзеяў, a
беларусы ня мелі свайго рэлігійнага часопісу. Зьніч айца Татарыновіча,
нягледзячы на шмат выдатных якасьцяў, у вялікай ступені выяўляў
індывідуальнасьць рэдактара. Адчувалася патрэба аднавіць Божым шляхам, які
пад рэдакцыяй айца Гарошкі карыстаўся заслужана добрай славай сярод чытачоў.
Аднак айцец Гарошка, хоць i часта гаварыў пра гэта, заставаўся нерашучым,
быццам сам зьняверыўся ў сваіх сілах. Тады айцы Германовіч i Надсан вырашылі
самі ўзнавіць выданьне. Біскуп Сіповіч ухваліў праект, падтрымаў ідэю i
айцец Гарошка. Пастанавілі выдаваць часопіс як двухмесячнік пачынаючы з 1964
году.
Тут варта прыгадаць, што, апынуўшыся на Захадзе, айцец Германовіч не
марнаваў часу. У 1962 годзе выйшла кніга ягоных успамінаў з часоў
зьняволеньня ў савецкіх вязьніцах i лягерох Кітай–Сібір–Масква. Яна мела
вялікі посьпех i перакладалася на польскую (1966), летувіскую (1969) i
італійскую (1969) мовы. 22 лютага 1973 году Ўладыка Чэслаў на прыватнай
аўдыенцыі ў папы Паўла VI падараваў яму італійскі пераклад кнігі. Другая
кніга, Князь i лапаць, выйшла ў 1964 годзе – гэта вершаваная аповесьць пра
лёс сям’і беларускіх эмігрантаў у ЗША, якія пасьля вайны паверылі савецкай
камуністычнай прапагандзе i вярнуліся на Бацькаўшчыну.
Айцец Германовіч, нягледзячы на свой век, аказаўся выдатным рэдактарам.
Ён умеў зрабіць часопіс цікавым для ўсіх i прыцягнуць да супрацоўніцтва
новых аўтараў. Апрача артыкулаў рэлігійнага характару, у ім друкаваліся
матар’ялы, часта зусім новыя, на культурныя тэмы, напр. “Гісторыя беларускай
царкоўнай музыкі” Г. Піхуры або “Беларускія буквары ХVІ–ХVІІ стст.” А.
Надсана ды інш. Божым шляхам стаў таксама афіцыйным органам біскупа
Сіповіча. У ім друкаваліся ягоныя пастырскія лісты, справаздачы з Сабору i
г. д.
У 1964 годзе біскуп Сіповіч прыняў кандыдатам да сьвятарства Рабэрта
Тамушанскага, амэрыканца беларускага паходжаньня ў трэцім пакаленьні. Сваёй
“беларускасьцю” ён быў забавязаны дзядом, якія прыехалі ў Амэрыку на мяжы
XIX i XX стагодзьдзяў. Яны паходзілі з самага заходняга кутка Беларусі, дзе,
нягледзячы на перасьлед, захаваліся рэшткі Вуніі. Яны размаўлялі
па-беларуску, але, не атрымаўшы фармальнай адукацыі, ня ведалі гэтага i
называлі сваю мову “простай”. У пошуках сваіх “каранёў” Рабэрт паступіў да
ўкраінскіх айцоў базылянаў, але адчуваў, што гэта не зусім тое, чаго шукаў.
Першы раз ён пачуў, што размаўляе па-беларуску, ад нейкага ўкраінскага
сьвятара. Рабэрту пашанцавала пазнаёміцца з айцом Францішкам Чарняўскім. Той
накіраваў яго да біскупа Сіповіча, які знайшоў для Тамушанскага месца ў
сэмінарыі ў Кэнігштайне ў Нямеччыне. Увесну 1964 году Рабэрт Тамушанскі ўжо
распачаў там навуку.
Улетку 1964 году на продаж выстаўляўся дом побач з Домам сьв. Кірылы.
Біскуп Сіповіч пастанавіў купіць яго, у першую чаргу для разбудовы
інтэрнату. 2 верасьня 1964 году ён зрабіў у сваім дзёньніку наступную
зацемку: «Дзень “гістарычны” для інтэрнату школы сьв. Кірылы Тураўскага:
дагаварыўся са сп. Лямб адносна куплі ягонага дому, 39 Holden Road N12. За
гэты дом перш запрасіў сп. Лямб 12 тысяч фунтаў, старгаваліся на 10 тысяч».
Дом набылі ў пачатку 1965 году, атрымаўшы пазыку ад Ўэстмінстэрскай
дыяцэзіі.
14 верасьня 1964 году пачыналася трэцяя сэсія Паўсюднага Сабору, таму
напярэдадні біскуп Сіповіч вярнуўся ў Рым. Першым на парадку дня стаяла
абмеркаваньне праекту дэкрэту пра Ўсходнія Цэрквы, i біскуп Сіповіч 19
верасьня выступіў перад Саборам з прамоваю. Зрабіўшы агульныя заўвагі да
праекту, ён скончыў наступным чынам: «У канцы дакінем пару слоў аб значэньні
каталіцкіх Усходніх Цэркваў дзеля здабыцьця еднасьці. Успомненым цэрквам,
ганебнымі прасьледваньнямі даведзеным да малое колькасьці сваіх вернікаў,
робіцца закід нейкага празэлітызму. Падобны закід можна пачуць нават з
вуснаў каталікоў, што, шукаючы новых спосабаў паяднаньня, пагарджаюць
мінуўшчынай. Сёньня мы ўсе тут, кіраваныя Сьвятым Духам, шукаемо лепшага, i
мы, каталікі ўсходняга абраду ёсьць перакананыя, што наш удзел у злучэньні
хрысьціян мае вырашальнае значэньне»[126].
Гэтак біскуп адказаў некаторым заходнім каталіцкім “экумэністам”, якія
глядзелі на каталіцкія ўсходнія цэрквы як на перашкоду ў зносінах з
усходнімі цэрквамі, не зьяднанымі з Апостальскім Пасадам. Ён пасьля атрымаў
віншаваньні ад некаторых айцоў Сабору, у тым ліку ад украінскага біскупа з
Аргентыны Сапэляка, грэцкага з Атэнаў Якінтаса Гада i ангельскага біскупа
Лідсу Патрыка Дўаера.
У 1964 годзе справа ўкраінскага патрыярхату зноў выплыла наверх. Біскуп
Сіповіч пісаў 29 кастрычніка ў сваім дзёньніку: «Учора ў час паседжаньняў
спаткаўся ў саборы сьв. Пятра з прал. П. Татарыновічам, які атрымаў дазвол
прысутнічаць на паседжаньнях генэральных сэсіяў. Гутарым аб кіеўскім
патрыярхаце. Б(іску)п Сапэляк мне сказаў, што Я. Д. Мітр. Сьліпый жадае
падаць просьбу Папе Паўлу VI у справе кіеўскага патрыярхату. Пытаў такжа
мяне, ці я падпісаў бы ад імя беларускага духавенства падобную просьбу.
Вельмі паважная справа, таму я павінен парадзіцца з усімі беларускімі
сьвятарамі. Пралат Татарыновіч уважае, што мы беларусы не павінны
падпісываць падобнай просьбы».
11 лістапада біскуп Сіповіч зноў вяртаецца да той самай тэмы: «Учора Я.
Д. Сапэляк даў мне да прачытаньня ліст да Айца Сьв. Паўла VI, які шмат
украінскіх біскупаў падпісала, у справе ўтварэньня Кіева-Галіцкага
Патрыярхату. Падаюцца розныя рацыі: такі патрыярхат дапаможа аб’яднаць усіх
украінцаў у адной веры; аб гэтым патрыярхаце думалі Мітрап. Руцкі разам з
Магілам... украінцаў каталікоў больш чым усходнікаў усіх разам, a ўкраінцы
дагэтуль патрыярхату ня маюць... Omnibus perpensis (разважыўшы ўсё. – А.Н.)
я ня буду падпісываць дзеля наступных прычын: 1) Ліст-просьба да Папы зусім
не бярэ пад увагу Беларусі i яе царкоўнага строю. Беларусь мае права такжа
на патрыярхат. 2) Чаму Кіева-Галіцкі Патрыярхат меў бы абымаць украінскія
цэрквы ў Зл. Штатах Амэрыкі, у Канадзе i г.д. Не разумею, чаму абсяг
патрыярхату мае выходзіць за межы пэўнай тэрыторыі. 3) Сяньня, калі ані
аднаго б(іску)па няма ў цэлай Украіне, тварыць патрыярхат, калі не наіўна,
дык прынамсі дзіву годным! 4) Toe, што ёсьць irreale (нерэальнае. – А.Н.),
ня трэба прасіць... 5) У лісьце да Папы падаецца выясьненьне слоў Урбана
VIII: Per vos, Rutheni, convertendum esse Orientem (праз вас, рускія, будзе
навернуты Ўсход). Пасьля слова “Rutheni” y дужках падаецца “Ucraini”. Гэта
непраўдзіва. Адзін раз пры іншай нагодзе ўспамінаюцца беларусы, але быццам
пераходам».
Трэцяя сэсія Сабору прыняла дэкрэт аб літургічных мовах, які дазваляў
ужываць у богаслужэньнях усе нацыянальныя мовы. Дэкрэт датычыў вернікаў
рымскага (лацінскага) абраду, дзе дагэтуль абавязковай літургічнай мовай для
ўсіх была лацінская. Шмат хто сустрэў гэты дэкрэт з энтузіязмам, іншыя – з
засьцярогамі. Па нейкім часе ўсе народы мелі ўжо літургічныя тэксты ў сваёй
мове. Усе, апрача беларусаў. У Беларусі каталіцкія сьвятары зразумелі дэкрэт
па-свойму i замянілі лацінскую мову ў богаслужэньнях на... польскую.
Безумоўна, трапляліся выняткі, сярод ix – айцец Уладыслаў Чарняўскі,
марыянін, які перад вайною вучыўся ў Друйскай гімназіі, а пасьля 1939 году
працягваў навуку ў Летуве i такім чынам пазьбегнуў польскага ўплыву. У сваёй
парафіі ў Вішневе ён вёў пастырскую працу, прамаўляў казані, гутарыў з
парафіянамі па-беларуску. Пачынаючы з 1965 году ён паступова замяняў у Імшы
i іншых богаслужэньнях лацінскую мову на беларускую. За гэта іншыя сьвятары
цураліся яго i вінавацілі ў тым, што ён... дапамагае камуністам нішчыць
Каталіцкую Царкву. 5 кастрычніка 1965 году біскуп Сіповіч «атрымаў тэкст
беларускі, падрыхтаваны ў БССР праз кс. Ул(адзіслава) Ч(арняўскага) для
рытуалу. Тэкст адносіцца да хросту i сужэнства. Трэба тэкст паправіць, але
даволі добра апрацаваны. Ён мае быць выдрукаваны тымчасам у літоўскім
рытуале». Гэты запіс паказвае на супрацоўніцтва між айцом Чарняўскім i
летувіскімі царкоўнымі ўладамі. Біскуп Сіповіч даведаўся пра Чарняўскага ад
летувіскіх біскупаў, якія прыехалі на Сабор. Пасьля між імі наладзілася
наўпроставая сувязь. У кампэтэнцыю біскупа Сіповіча не ўваходзіла займацца
каталікамі рымскага абраду, дый яшчэ ў Беларусі. Тым ня менш як сьвятар i
беларус ён лічыў сваім маральным абавязкам зрабіць усё магчымае, каб
дапамагчы ім. Таму 18 лістапада 1964 году ён зьвярнуўся да архібіскупа
Самaрэ зь Дзяржаўнага Сакратарыяту з прапановай прызначыць біскупа-беларуса
рымскага (лацінскага) абраду для Беларусі з тытулам апостальскага
адміністратара. Кандыдатам на пасаду ён прапанаваў айца Ўладыслава
Чарняўскага.
Паміж хрысьціянскім Усходам i Захадам у моўным пытаньні існавала вялікая
розьніца. Тэарэтычна на Ўсходзе ўсе мовы маглі быць літургічнымі, г. зн.
прыдатнымі для богаслужэньняў. Ha практыцы ўсходнія (і паўднёвыя) славяне
традыцыйна карысталіся царкоўнаславянскай. Асабліва трымаліся гэтай мовы
расейцы і, можна падазраваць, ня толькі з рэлігійных меркаваньняў: адна
вонкавая моўная форма рабіла ўражаньне нутранога адзінства трох народаў –
расейскага, украінскага i беларускага. Першымі выламаліся з гэтага
“адзінства” ўкраінцы: пасьля Першай сусьветнай вайны яны абвясьцілі
Ўкраінскую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву i ўвялі богаслужэньні на
ўкраінскай мове. Перад Другой сусьветнай вайной у Польшчы спрабавалі
стварыць “праваслаўных палякаў” з польскай мовай у богаслужэньнях.
Такім чынам, як i ўсё іншае, моўнае пытаньне ў Царкве мае свой
палітычны аспэкт, якім часам злоўжываюць. Гэта ня значыць, што няма важкіх
меркаваньняў пастырскага i духоўнага парадку на карысьць увядзеньня народных
моваў. Сьвяты Павал сказаў: “Буду маліцца духам, але буду маліцца i розумам;
буду пяяць духам, але таксама буду пяяць розумам” (1 Kap 14:15). Многія ўжо
даўно адчувалі праўду гэтых словаў. Адным зь ix быў аўтар гэтых радкоў, які,
вярнуўшыся з Рыму ў 1959 годзе, узяўся за пераклад на беларускую мову
Літургіі сьв. Яна Залатавуснага. У 1961 годзе ён паказаў свой пераклад
біскупу Сіповічу і айцу Гарошку. Тыя адрэагавалі ня надта прыхільна.
Давялося схаваць пераклады ў шуфляду i чакаць спрыяльнейшых часоў... У 1967
годзе айцец Гарошка выдаў на беларускай мове кнігу чытаньняў эвангельскіх i
апостальскіх на нядзелі i сьвяты. Ад 1960 году беларуская мова часткова
ўжывалася ў царкве Хрыста Спаса ў Чыкага.
Айцы Сабору на трэцяй сэсіі, якая скончыла сваю працу 21 лістапада 1964
году, прынялі надзвычай важныя дэкрэты : “Аб Царкве”, “Аб Усходніх Цэрквах”
i “Аб Экумэнізьме”. Апошні зь іх запачаткаваў новыя дачыненьні між
Каталіцкай Царквой ды іншымі хрысьціянскімі цэрквамі ў пошуках еднасьці.
Ягонаму прыняцьцю папярэднічала пілігрымка Сьвятога Айца 4–6 студзеня 1964
году ў Сьвятую Зямлю i гістарычная сустрэча з Канстантынопальскім патрыярхам
Атэнагорам I. Яны сустрэліся на зямлі, па якой некалі хадзіў сам Госпад Ісус
Хрыстос.
Ha сэсіі не абышлося i без узрушальных падзеяў. Адна зь ix – патрыяршая
Літургія сьв. Яна Залатавуснага ў дзень гэтага сьвятога, 13 лістапада, у
базыліцы сьв. Пятра ў прысутнасьці Сьвятога Айца. Служыў патрыярх
Антыяхійскі Максім IV у саслужэньні з многімі біскупамі. Сярод ix быў i
біскуп Сіповіч, які пакінуў наступнае апісаньне ў сваім дзёньніку: «Пасьля
сьв. Літургіі Папа прынёс тыяру (папская мітра ў форме патройнай кароны. –
А.Н.) і паставіў яе на аўтары ля нашага эвангельля. Ахвяраваў яе бедным.
Бачыў некаторых усхваляваных да сьлёз, іншыя пляскалі ў далоні. Лічу – гэта
падзея перарастае сымболіку дапамогі бедным: гэта пачатак новай эры ў
Царкве, эры беднасьці ў духу Хрыста».
У нядзелю 21 сакавіка 1965 году ў Лёндане біскуп Сіповіч пасьвяціў у
чытальніка i іпадыякана Рабэрта Тамушанскага. Была трэцяя нядзеля Вялікага
Посту, якая ў бізантыйскім абрадзе называецца Крыжапаклоннай. Пасьвячаньне ў
іпадыякана – падзея ў сабе не асабліва вялікая, але для беларускай
грэка-каталіцкай грамады яна мела асаблівае значэньне. Біскуп Сіповіч зрабіў
такі запіс у дзёньніку: «Ад непамятных гадоў беларускі біскуп у беларускай
сьвятыні высьвяціў беларускага кандыдата ў сьвятары! Сам кандыдат робіць на
ўсіх як найлепшае ўражаньне. Pеr crucem ad lucem! (Праз крыж да сьвятла. –
А.Н.) Наш народ ідзе праз мукі і цярпеньні да лепшай будучыні. Сяньня аддаем
чэсьць сьв. Крыжу: каб з Хрыстом валадарыць, трэба наважыцца перш цярпець».
16 чэрвеня 1965 году споўнілася 25 гадоў сьвятарства біскупа Сіповіча.
Гэты дзень ён сустрэў у Злучаных Штатах Амэрыкі, дзе як генэрал марыянаў
праводзіў кананічную візытацыю іхных кляштараў. Ён прыляцеў 15 траўня i
вылецеў 28 жніўня ў Партугалію на візытацыю марыянскага кляштара ў
Бальсамао. Вярнуўся ў Рым (празь Лёндан) толькі 13 верасьня, за дзень да
пачатку сэсіі Сабору. Перад гэтым ад 17 сакавіка да 25 красавіка біскуп
праводзіў візытацыю марыянскіх кляштараў у Англіі. У 1965 годзе пяць месяцаў
з васьмі перад сэсіяй Сабору біскуп Сіповіч займаўся марыянскімі справамі.
Такім чынам, на іншыя абавязкі яму заставалася вельмі мала часу.
У Злучаных Штатах Амэрыкі біскуп Сіповіч пачаў сваю кананічную візытацыю
ў Чыкага. Ён зрабіў гэта сьведама, бо беларуская парафія Хрыста Спаса ў
гэтым горадзе сьвяткавала дзесяць гадоў свайго існаваньня. Біскуп знайшоў
крыху часу, каб адарвацца ад марыянскіх справаў, адслужыць біскупскую
Літургію для беларусаў i перадаць папскае блаславеньне.
У чэрвені біскуп адведаў беларусаў у Канадзе. У нядзелю 13 чэрвеня пасьля
Літургіі ладзіўся прыём, на якім вітаў біскупа праваслаўны сьвятар, айцец
Міхась Мацукевіч, у будучыні біскуп Мікалай Беларускай Аўтакефальнай
Праваслаўнай Царквы. У наступную нядзелю, 20 чэрвеня, Каталіцкае
Ўнівэрсытэцкае Аб’яднаньне “Рунь” наладзіла ў Нью-Ёрку прыём у гонар біскупа
Сіповіча, каб адзначыць срэбны юбілей ягонага сьвятарства.
Біскуп Сіповіч стараўся як найлепш сумясьціць абавязкі апостальскага
візытатара для беларусаў i генэрала марыянскага закону, але гэта не заўсёды
яму лёгка давалася. Для прыкладу, палякі зьбіраліся адзначыць у 1966 годзе
1000-годзьдзе хросту Польшчы. У сувязі з гэтым старшыня Цэнтральнага
камітэту сьвяткаваньня біскуп Уладыслаў Рубін напісаў 28 студзеня 1965 году
біскупу Сіповічу наступны ліст: «Ад імя Цэнтральнага камітэту сьвяткаваньня
Тысячагодзьдзя Хросту Польшчы... маю гонар прасіць Вашую Эксцэленцыю, як
Генэральнага Старэйшага Айцоў Марыянаў, прыняць сяброўства ў Ганаровым
Камітэце гэтага ж Тысячагодзьдзя»[127].
Сіповіч адказаў 19 лютага: «У адказ на ліст за 28.1.1965... паведамляю,
што прапанаваны мне гонар сяброўства ў Ганаровым Камітэце Сьвяткаваньня
Тысячагодзьдзя Хросту Польшчы, на жаль, не магу прыняць. Ёсьць розныя
прычыны маёй адмовы: найважнейшая – гэта тая, што ў выпадку, калі б я прыняў
прапанаваны мне гонар, хоць бы чыста ганаровы, прадбачу цяжкасьці ў
выкананьні маіх абавязкаў Візытатара для Беларусаў, якія спаўняю з волі
Апостальскага Пасаду разам са становішчам Генэрала закону марыянаў»[128].
У верасьні біскуп Сіповіч ляцеў зь Лісабону ў Рым празь Лёндан, бо хацеў
узяць з сабою свайго старога настаўніка, айца Язэпа Германовіча, каб той
змог пабачыць, як працуе Сабор. Айцец Язэп правёў у Рыме некалькі тыдняў; ён
прысутнічаў на паседжаньнях Сабору як “сакратар” біскупа.
Неўзабаве пасьля пачатку сэсіі Сабору ў Рым прыляцелі дзьве сумныя навіны. Біскуп Сіповіч запісаў у дзёньніку 27 верасьня: «Прышла сумная вестка з
Польшчы аб сьмерці а. К. Смулькі. Такжа пазваніў з Нямеччыны а. прат.
Салавей i паведаміў, што памёр а. др. М. Маскалік. Сумна, што рады
нешматлікіх беларускіх сьвятароў радзеюць». Айцец Казімер Смулька, адзін зь
беларускіх марыянаў, выгнаных з Друі ў 1938 годзе, памёр 15 верасьня 1965
году ў 71 год. Айцец Міхась Маскалік, сьвятар бізантыйскага абраду, нёс
абавязкі беларускага душпастыра ў Паўночнай Нямеччыне. Памёр 25 верасьня ў
веку 62 гадоў.
У першым тыдні лістапада ў працы Сабору надарыўся перапынак. 30
кастрычніка ў Рым на запрашэньне біскупа Сіповіча прыехалі вучні інтэрнату
сьв. Кірылы. Наступнага дня, у нядзелю, на біскупскай Літургіі вучні
сьпявалі, а Рабэрт Тамушанскі атрымаў дыяканскія сьвячаньні. У сераду 3
лістапада хлопцы былі на агульнай папскай аўдыенцыі ў базыліцы сьвятога
Пятра. У астатнія дні яны аглядалі Вечны Горад.
Прыйшоў дзень 7 сьнежня. Біскуп Сіповіч запісаў у дзёньніку: «Сяньня мае
быць адклікана ў Рыме i ў Канстантынопалі анатэма з 1054 году! Ці ж на
пачатку Сабору мог хто падумаць, што да гэтага прыйдзе!?» Як вядома, у 1054
годзе адбыўся трагічны разрыў між Рымам i Канстантынопалем. Незагоенай ранай
ён баліць і да нашых дзён. Адкліканьне анатэмаў сталася першым крокам, каб
залячыць гэтую рану. Далей біскуп працягвае: «Гадз. 10.20. біскуп
Вільлебрандс чытае па-француску дакумэнт, якім адкідаюцца i перакасоўваюцца
экскамунікі Папскага легата Кард. Гумбэрта супраць Патрыярха Керулярыя, i
Патрыярха i яго Сыноду супраць Рымскай Царквы. Шматлікія Айцы ўзварушаныя да
сьлёз, i я такжа. Доўгія апляўзы. Homilia a S. Patre, h.10.50–11.20.
“Immensus erga homines amor – nota huius Concilii”» (Прамова Сьвятога Айца a гадз. 10.50–11.20; «Бязьмежная любоў да людзей – рыса гэтага Сабору». – А.Н.).
У сераду 8 сьнежня 1965 году, на сьвята Бязьвіннага Зачацьця ў
рымскім абрадзе, на плошчы Сьвятога Пятра адбылося ўрачыстае закрыцьцё Сабору з папскай Імшою i пасланьнямі Айцоў Сабору да розных групаў людзей – да ўладароў, інтэлігенцыі i вучоных, артыстаў, жанчын,
бедных, хворых i тых, што церпяць, работнікаў, моладзі. Біскуп Сіповіч
напісаў: «Бог даў вялікую ласку гэтаму сьвету: Сабор. Айцы Сабору, a перадусім Папа Павал VI, усё зрабілі, каб скалыхнуць
гэты сьвет, каб прыблізіць яго да Бога, каб паказаць яму шлях Хрыста. Ці сьвет захоча пачуць голас Сабору? Голас Царквы?
Думаю, што шматлікія знойдуцца людзі добрай волі i пойдуць за
голасам Царквы».
Біскуп Сіповіч прыехаў з Рыму ў Лёндан у нядзелю 19 сьнежня
ўвечары. Ён якраз пасьпеў на Калядную ялінку ў інтэрнаце сьв. Кірылы, дзе апрача вучняў сабралася шмат лёнданскіх беларусаў. Сярод розных
падарункаў быў адзін асаблівы для айца Гарошкі – паведамленьне пра наданьне
яму годнасьці архімандрыта.
Notes
[126] “Голас беларускага біскупа на Экумэнічным Саборы”,
Божым шляхам, № 87, Лёндан,
лістапад–сьнежань 1964, с. 4.
[127] «W imieniu
Centralnego Komitetu Obchodu Tysiącolecia Chrztu Polski... mam zaszczyt
prosić Waszą Ekscelencję, jako Generalnego Przełożonego Księży Marianów, o
przyjęcie członkowstwa w Honorowym Komitecie tegoż Tysiącolecia».
[128] «W odpowiedzi na
list z dnia 28.1.1965... zawiadamiam, że proponowany mnie zaszczyt
członkowstwa w Honorowym Komitecie Obchodów Tysiącolecia Chrztu Polski
niestety przyjąć nie mogę. Są różne racje mej odmowy: najważniejszą jest ta,
że w wypadku przyjęcia proponowanego mnie zaszczytu, chociażby tylko
honorowego, przewiduję trudności w wykonywaniu moich obowiązków Wizytatora
Białorusinów, które spełniam z woli Stolicy Apostolskiej jednocześnie z
urzędem Generała Zgromadzenia Marianów».