15. Між Масквой і Варшавай
Сабор скончыўся, i цяпер перад Царквой стаяла заданьне
выканаць ягоныя пастановы ў сваім нутраным жыцьці, у дачыненьні да іншых цэркваў i да ўсяго сьвету.
Біскуп Сіповіч, які браў актыўны ўдзел у працы Сабору i розных ягоных
камісіяў, мог цяпер знайсьці больш часу для іншых справаў. Як генэрал
марыянаў, ён усё яшчэ мусіў жыць у Рыме i рабіць кананічныя візытацыі
марыянскіх асяродкаў у розных краінах. У 1966 годзе, ад 22 лютага да 20
сакавіка, ён адведваў марыянскія кляштары ў Бразыліі i Аргентыне. У 1968
годзе правёў чатыры месяцы, ад 7 траўня да 9 верасьня, у падарожжы вакол
сьвету. Ягоны шлях вёў з Рыму празь Лёндан у Злучаныя Штаты Амэрыкі, Новую
Зэляндыю, Аўстралію, Індыю, Сьвятую Зямлю i зноў у Рым. Ад 15 лютага да 21
сакавіка наступнага году ён быў зноў у Паўднёвай Амэрыцы, у Бразыліі
(Рыа-дэ-Жанэйра, Сан-Паўлё, Бразылія, Курытыба, Порта-Алегрэ) i Аргентыне
(Буэнас-Айрэс, Разарыё, Кордаба). Афіцыйнай мэтай паездак выступалі
марыянскія справы, але, дзе магчыма, біскуп Сіповіч наведваў таксама
беларусаў. Такім чынам, у 1968 годзе, апрача Нью-Ёрку, Чыкага, Кліўлэнду i
Дэтройту, дзе бываў раней, ён першы раз меў нагоду сустрэцца зь беларусамі ў
Лёс-Анджэлесе. У Аўстраліі пазнаёміўся зь беларусамі ў Сыднэі, Мэльбурне,
Адэляйдзе i Пэрце. У Бразыліі, Аргентыне i Новай Зэляндыі ён наведаў
паасобныя беларускія сем’і.
Хоць абавязкі ў марыянскім законе патрабавалі вялікай увагі, але біскуп
Сіповіч мог цяпер часьцей бываць у Лёндане. А між тым Марыян Гаўз з
інтэрнатам сьв. Кірылы i нованабытым домам зь вялікай канфэрэнцыйнай заляй
стаў значным рэлігійным i культурным асяродкам. Вучні інтэрнату сьв. Кірылы
ўносілі нешта новае i сьвежае ў жыцьцё беларускага асяродзьдзя ў Лёндане. Ад
1964 году аднавіў свой рэгулярны выхад часопіс Божым шляхам. Ажывілася
дзейнасьць Англа-Беларускага Таварыства. Ад 1965 году пачаў выходзіць, у
вялікай меры дзякуючы ініцыятыве i нястомнай энэргіі сакратара Таварыства Г.
Пікарды, навуковы часопіс на ангельскай мове The Journal of Byelorussian
Studies (Часопіс беларусазнаўства), a ў 1966 годзе зладзілі першы “Курс
лекцыяў зь беларускай культуры” (А Course of Lectures on Byelorussian
Culture). Ангельская паэтка Вера Рыч, верная парафіянка Марыян Гаўз,
заахвочаная а. Гарошкам i зь ягонай дапамогай, распачала працу над
анталёгіяй беларускай паэзіі ў перакладзе на ангельскую мову, якая выйшла
пад назовам Like Water, Like Fire (Як вада, як агонь) у 1971 годзе.
У 1966 годзе біскупу нарэшце ўдалося “выцягнуць” з Польшчы яшчэ аднаго
беларускага марыяніна – айца Фэлікса Журню, сябра Сіповіча з Друі i Вільні.
Пасьля высяленьня беларускіх марыянаў з Друі айцец Журня застаўся ў Польшчы.
Там у 1943 годзе ён і атрымаў сьвятарства. Чалавек вялікай дабрыні i
перакананы беларус, ён адзіны зь беларускіх марыянаў у Варшаве трымаў сувязь
зь беларускім таварыствам i чытаў Ніву, газэту беларусаў у Польшчы, што
выходзіла ў Беластоку. Нягледзячы на благое здароўе i вельмі слабы зрок, яго
ніколі ня бачылі бязьдзейным. Ён пачаў рэгулярна пісаць у Божым шляхам i
стаў вельмі вартасным памочнікам айца Германовіча. Айцец Журня быў рымскага
(лацінскага) абраду. Для яго зрабілі “лацінскую” капліцу ў доме сьв. Пятра
(39 Гольдэн Роўд).
3 сьнежня 1966 году ў Кэнігштайне біскуп Сіповіч высьвяціў на сьвятара
дыякана Рабэрта Тамушанскага. Неўзабаве новы сьвятар прыехаў у Лёндан i
адслужыў сваю першую Літургію ў капліцы сьв. Пятра i Паўла ў нядзелю 18
сьнежня. Біскуп Сіповіч прызначыў айца Рабэрта намесьнікам айца Надсана,
тады кіраўніка інтэрнату сьв. Кірылы. Малады век (яму было 28 гадоў),
музычныя і моўныя здольнасьці рабілі айца Рабэрта незаменным у працы з
моладзьдзю.
У выніку II Ватыканскага Паўсюднага Сабору ажывіўся экумэнічны рух у
Каталіцкай Царкве. Экумэнізм – гэта пошук шляхоў паяднаньня ўсіх хрысьціянаў
у адной Царкве Хрыстовай. У яго аснове ляжыць унівэрсальны характар
адкупленчай ахвяры Ісуса Хрыста, дзякуючы якой усе пакліканыя быць дзецьмі
Божымі. Моцны штуршок экумэнічнаму руху надала сустрэча папы Паўла VI i
патрыярха Канстантынопальскага Атэнагора I на Сьвятой Зямлі ў 1964 годзе. У
1967 годзе яны бачыліся і размаўлялі двойчы: у чэрвені ў Канстантынопалі і ў
кастрычніку ў Рыме.
Шлях да збліжэньня хрысьціянаў не заўсёды праходзіў гладка. Ня ўсе
прыхільна ставіліся да экумэнізму. Біскуп Сіповіч запісаў у дзёньніку цікавы
выпадак, які здарыўся ў Лёндане 30 чэрвеня 1966 году на ўгодкі каранацыі
папы Паўла VI: «Урачыстае Te Deum y Ўэстмінстэрскай катэдры (каталіцкай. –
А.Н.)... Служыць Архбп Кардынале (апостальскі дэлегат. “Кардынале” – ягонае
прозьвішча. – А.Н.). Кардынал Гінан зусім не паказаўся. Прысутныя на малітве
лацінскія біскупы (5?) i ўсходнія: Патрыярх Шэіко (хальдэйскі. – А.Н.), Бп.
Горняк i я... Апост. Дэлегат даволі нэрвовы. Здаецца, што ён жадаў, каб
праваслаўны, армянскі i англіканскія біскупы былі блізка аўтара
(praesbiterium, г. зн. месца, прызначанае для духавенства. – А.Н.), але
канонікі не згадзіліся дзеля “мала мейсца”».
Біскуп Сіповіч заўсёды быў “экумэністам”. Ён зь цеплынёй i
добразычлівасьцю ставіўся да праваслаўных задоўга да Ватыканскага Сабору.
Дзе магчыма, ён дапамагаў ім i супрацоўнічаў зь імі. У першыя дні студзеня
1966 году біскуп наведаў Нотынгам, дзе сустрэўся з новым беларускім
праваслаўным сьвятаром айцом Янкам Абабуркам. Той, як напісаў Сіповіч у
сваім дзёньніку 1 студзеня, «зрабіў на мяне вельмі добрае ўражаньне:
скромны, пабожны, патрыёт». Наступнага дня ўранку «прыйшоў да мяне а. Я.
Абабурка. У гутарцы ён сказаў: Я ніякай розьніцы ня бачу паміж Праваслаўнай
i Каталіцкай цэрквамі. Трэба аднак быць асьцярожным у душпастырскай працы,
бо людзі не дасьпелі да хрысьціянскай еднасьці».
11 кастрычніка 1967 году ў Мюнхэне памёр малады i здольны беларускі
навуковец Алесь Марговіч, колішні студэнт Каталіцкага Лювэнскага
Ўнівэрсытэту. Ён быў праваслаўны. На хаўтуры 16 кастрычніка прыехалі
беларускі праваслаўны сьвятар з Бэльгіі айцец Аўген Смаршчок i з Рыму біскуп
Сіповіч. Ha пахаваньні, як апісаў яго біскуп Сіповіч, «А(йцец) Смаршчок
галоўным служачым, i яму дапамагае дыякан з украінскае царквы. Мне асыстуюць
прат. Салавей i ўкраінскі праваслаўны сьвятар. У час цэлай службы я выконваю
ўсё тое што належыць да архіерэя: багаслаўляю “Мір усім”, адмаўляю ля труны
разьвітальную малітву». Такая супольная служба перад Саборам не магла б
адбыцца.
У траўні 1968 году Ўладыка Чэслаў пачаў сваё 4-месячнае падарожжа вакол
сьвету, каб зрабіць кананічную візытацыю марыянскіх законных дамоў у розных
краінах сьвету. Дарога вяла з Рыму празь Лёндан у Нью-Ёрк, дзе 11 траўня
біскуп Сіповіч быў на прыёме ў залі пры беларускім праваслаўным саборы сьв.
Кірылы Тураўскага. Як ён зазначыў у сваім дзёньніку, на прыёме «Ўладыка
Васіль (праваслаўны. – А.Н.) гаварыў аб патрэбе еднасьці паміж хрысьціянамі.
Успомніў аб спатканьні Патрыярха Атэнагора з Папам Паўлам VI». Пытаньне
хрысьціянскай еднасьці ўзьнікала часта, асабліва ў Аўстраліі, дзе беларусы
ўпершыню сустракаліся зь беларускім каталіцкім біскупам. Напрыклад, у Сыднэі
8 жніўня: «Даклад для беларусаў. Прысутных каля 30 чалавек... Дыскусія.
Пытаньні аб царкоўнай еднасьці: калі яна наступе? Што цяпер у гэтай справе
робіцца? i т.п.» Праз тры дні, 11 жніўня, сустрэча зь беларусамі ў
Мэльбурне: «Нядзеля. Сьв. Літургія a гадз. 10.45 у ўкраінскай катэдры.
Гавару казаньне па-беларуску... Абедаю ў украінцаў. Пасьля еду са сп.
Ніканам да яго. Там вячэра, спатканьне з беларусамі... Сп. Скабей дае розныя
пытаньні аб абрадзе, аб сьв. Язафаце (чаму яго апошнім часам пачалі пашыраць
культ), аб ватыканскай палітыцы. Ca сп. Кадняком (паэта Алесь Салавей. –
А.Н.) ідзе гутарка аб паэзіі». Ha наступны дзень: «Вячэра i спатканьне ў
сп.ва Каднякоў... Сп. Скабей “мучыў” ізноў мяне рознымі пытаньнямі. Я яму
стараўся спакойна i шчыра адказваць. У адным мамэнце ён сказаў: “Цяпер
разумею, чаму Вас, Уладыка, завуць душахватам”».
У Рыме біскупу Сіповічу надарылася сустракацца з праваслаўнымі сьвятарамі
Маскоўскага Патрыярхату, у тым ліку з айцом Віталем Баравым, беларусам,
былым прафэсарам Ленінградзкай духоўнай акадэміі i назіральнікам на
Ватыканскім Саборы. Пасьля заканчэньня Сабору яго прызначылі прадстаўніком
Маскоўскага Патрыярхату пры Сусьветнай Радзе Цэркваў (World Council of
Churches) у Жэнэве ў Швайцарыі. Увесну 1967 году айцец Віталь знаходзіўся ў
Рыме i 2 сакавіка прыйшоў пабачыцца зь біскупам Сіповічам, які пакінуў
наступнае апісаньне гэтай сустрэчы: «Протаерэй Баравы вельмі гаваркі,
паказаўся інтэлігентны i даволі шчыры. Аб Ватыканскім Саборы (тут і далей
падкрэсьлена біскупам Сіповічам. – А.Н.) сказаў: “Лепш, каб яго не было б,
калі б пасьля Сабору не было ўрэчаісьнена тое, што хацеў Сабор”. Аб Айцу
Сьв. кажа: “Разумны, аж за разумны чалавек! Ён не зрабіў дагэтуль памылкі, i
ня зробіць, але таму, што кожную рэч студыюе, шмат думае, ня зробіць вялікіх
рашучых спраў, бо ўсьцяж будзе бачыць перашкоды. Гутарыў зь ім
адзін-на-адзін праз 45 мінут, жадаў бы яшчэ падобна пагутарыць. Калі памром,
тады Хрыстос Папу i мяне запытае пра тую гутарку. Я быў рады, што я,
маленькі, мог высказацца ў важных справах”. Аб Ватыканскай дыплямацыі: “Яна
вядзецца разумна, але таксама ў пэўных нашых справах разумныя Казаролі
(Casaroli) не зусім разьбіраюцца. Тут трэба, каб ім памаглі Сьліпыя,
Сіповічы... Такжа патрэба, каб супрацоўнічала Ватыканская дыплямацыя з
Праваслаўнай Царквой, інакш камуністы абдураць яе падобна, як абдурылі
Дэрбіньі...” Я зрабіў заўвагу, што магчыма Дэрбіньі зрабіў шмат памылак, але
ён не супрацоўнічаў з камуністамі. Протаерэй адказвае, што ў архівах
Маскоўскай Патрыярхіі ён чытаў нейкі даклад (справаздачу. – А.Н.) на гэту
тэму. Магчыма, што ўжо добра ўсяго ня помніць. Аб працы ў World Council of
Churches: “Я там працую i імкнуся так працаваць, каб Праваслаўную Царкву і
іншыя цэрквы абараніць ад камуністычнай загубы. Калісь аб гэтым будзе
ведама...” Аб Беларусі кажа: “Яна будзе, але ані капіталістычная, ані
камуністычная. Але ня будзе яна такая, якую жадаюць яе мець беларусы ў
Лёндане ці дзе індзей”... Даў яму на адходзіны апошнія нумары Божым шляхам.
За папярэдне высланыя часапісы дзякаваў: казаў, што пільна ix з
усхваляваньнем чытаў... На выхадное ён мне некалькі разоў паўтарыў: “Жыве!”
– Адказаў: “Жыве!” Усе беларусы вельмі добра ведаюць, што гэта значыць: Жыве
Беларусь!»
Ha пачатку 1968 году два праваслаўныя сьвятары з Маскоўскага Патрыярхату
прыехалі вучыцца ў Рым. Ix пасялілі ў Русікуме. Адзін зь сьвятароў, Пётра
Раіна, быў беларусам, другі, Уладзімер Ражкоў, – расейцам.
17 сакавіка 1968 году біскуп Сіповіч рабіў даклад пра Францішка Скарыну ў
Папскім Усходнім Інстытуце. Ha ім прысутнічаў айцец Раіна, які потым сказаў
біскупу Сіповічу : «Вы гаварылі аб Скарыне з нацыянальнай гордасьцю».
8 красавіка айцец Раіна прыйшоў адведаць біскупа Сіповіча. Яны доўга
размаўлялі. Вось выняткі гутаркі зь дзёньніка біскупа Сіповіча: «(Айцец
Раіна) Расказаў мне гэтакі факт. Ён быў праваслаўным парахам каля Оршы.
Адной нядзелі прыйшла да яго жанчына каталічка i запытала: ці магла б
выспавядацца i прычасьціцца, астаючыся каталічкай? Айцец Раіна адказаў, чаму
ж не?! У другую нядзелю прыйшло каля 10 жанчын каталічак, а пазьней каля
сотні... На маё пытаньне: “Якая вялікая была ваша парафія?” – адказаў: “Мы
ня лічым i не рэгіструем. Хто прыходзіць да нас, таго абслугоўваем.
Мітрапаліт Менскі Пітырым, – разумны чалавек, – гэтак нам казаў рабіць, i мы
рабілі”. За часоў Хрушчова зачынілі на Беларусі каля 800 праваслаўных
цэркваў. Найбольшая віна падае на праваслаўнага Біскупа Варлаама, які
заслугоўвае на імя д’явала... Ён зачыніў i сэмінарыю ў Жыровіцах, дзе
вучыўся сам Раіна, а яго прафэсарам быў а. Баравы... Хрушчоў i біскуп
Варлаам зьнішчылі Царкву... “Найважнейшай рэчай – кажа а. Раіна, – цяпер
утрымаць Бога ў сэрцы людзей. Народ добры на Беларусі. Поўныя цэрквы.
Спадзяёмся, што ня будзе горш”... Айцец Раіна кажа, што ён з Палесься. Так i
выглядае!»
16 красавіка, перад выездам праваслаўных сьвятароў у Маскву на
праваслаўны Вялікдзень, у Русікуме прайшла разьвітальная вячэра. На яе
запрасілі і біскупа Сіповіча. Пасьля ён пакінуў у дзёньніку свае
разважаньні: «Як гэта ўсё ацэньваць? Трэба падзіўляць сьмеласьць езуітаў,
але i Мітр(апаліта) Нікадыма, што згадзіўся выслаць сваіх протаерэяў у
хрысьціянскі цэнтр пад апеку езуітаў. Дзеля розных, аднак, прычын айцы
езуіты былі змушаныя на вачах сваіх іншых студэнтаў хадзіць на пятках перад
гэтымі быццам рэпрэзэнтантамі Масквы. Варта было б заўважыць i тое, што
“Русікум” дагэтуль поўнасьцю рэпрэзэнтаваў царскую старую “сьвятую” Расею
implicite (уключна. – А.Н.) з усімі яе захопніцка-імпэрыялістычнымі
імкненьнямі. Гэтыя два протаерэі – людзі савецкія! Было-ні-было, Саветы не
Расея. Адзін з ix сьведама прызнаецца да сваёй беларускасьці: Пэўне ж,
абраднасьць “праваслаўная” усё тушуе, але ці не прыйшоў час, каб “Русікум”
стаўся “Совецікум”?»
Два сьвятары вярнуліся пасьля Вялікадня. 10 сьнежня айцец Раіна прыйшоў
да біскупа Сіповіча ўсхваляваны i распавёў пра прыкры выпадак, які зь ім
здарыўся. Вось як апісаў яго біскуп: «Пару тыдняў таму назад ён (Раіна. –
А.Н.) i яго сябра а. Уладзімір Ражкоў меліся ісьці да Кард. Я. Сьліпога.
Калі аб гэтым паведаміў сакратар Кардынала, а. Пётр Раіна прыняў тэлефон.
Пасьля, не знайшоўшы а. Уладзіміра, сам адзін паехаў з візытам да Кардынала.
Калі пасьля яны спаткаліся, а. Уладзімір са злосьцю стаў крычаць: “Хто цябе
ўпаўнаважыў ісьці да Кардынала?! Поговорим в Москве!..” Так а. Уладзімір
здрадзіў свой характар i выявіў, што ён ёсьць “упаўнаважаны” даносчык.
Расказваў аб гэтым а. Пётр са сьлязамі. Ён такжа сказаў: “Вельмі шмат усяго
ў мяне набалела, але цярплю, пакуль мае дзеці скончаць школу”».
Біскуп Сіповіч i айцец Раіна ліставаліся доўгі час пасьля таго, як абодва
пакінулі Рым. Айцец Раіна дапамог біскупу дастаць некаторыя беларускія
кнігі, а таксама фатакопіі Бібліі Скарыны з Нацыянальнай бібліятэкі ў
Маскве.
Шмат часу i клопатаў каштавала біскупу Сіповічу справа апостальскага
адміністратара для каталікоў рымскага (лацінскага) абраду ў Беларусі.
Каталіцкая Царква ў Беларусі знаходзілася ў вельмі сумным становішчы. Ha
ўсёй тэрыторыі БССР было ўсяго некалькі дзясяткаў сьвятароў, пераважна ў
досыць старым веку, i ніводнага біскупа ці апостальскага адміністратара,
ніякай герархічнай арганізацыі. Больш за тое, бальшыню сьвятароў складалі
палякі або апалячаныя беларусы. Яны жылі пераважна ў заходніх раёнах
Беларусі, якія да 1939 году зазналі польскае панаваньне i ўваходзілі ў склад
Віленскай i Пінскай дыяцэзіяў. Для тых частак гэтых дыяцэзіяў, што пасьля
вайны 1939–1945 гадоў засталіся ў межах Польшчы, прызначаліся апостальскія
адміністратары (звычайна біскупы) у Беластоку i Драгічыне. Несумнеўна, гэтыя
адміністратары ўважалі, што маюць таксама юрысдыкцыю на тэрыторыі з таго
боку польска-савецкай мяжы. Але сапраўдная ўлада належала Варшаве. Біскуп
Сіповіч 1 сьнежня 1968 году меў доўгую гутарку з галавой Польскай Царквы
кардыналам Стэфанам Вышынскім. Ён запісаў у сваім дзёньніку: «Кардынал мае
юрысдыкцыю на частку Пінскай і Віленскай дыяцэзіяў, якія калісьці належалі
да гэтых дыяцэзіяў пад Польшчай. Мусіць вельмі асьцярожна гэтай юрысдыкцыяй
карыстацца, каб не пашкодзіць у душпастырскай працы тым сьвятаром на
Беларусі. Ён часам высьвячае для Беларусі сьвятароў, але аб гэтым ніхто
абсалютна не павінен ведаць. Сувязі ён мае з Беларусяй праз законьніцаў».
Для біскупа Сіповіча гэта ня сталася навіною, хоць добра было пачуць
пацьверджаньне з вуснаў самога кардынала. Амаль на два гады раней, 28 лютага
1967 году, летувіскі сьвятар і прыяцель айца Чарняўскага пралат Крывайціс зь
Вільні сказаў яму: «Польскія сьвятары робяць усё магчымае, каб палянізаваць
беларусаў. Перавозяць розныя кніжкі літургічныя i іншыя. Ёсьць трох
назначаных Кард. Вышынскім такіх ягоных дэлегатаў: Арановіч, Тамковіч
Алёйзы, П. Барташэвіч. Усе заядлыя палякі».
Такім чынам, нягледзячы на ўсе палітычныя i сацыяльныя перамены, ня
кажучы ўжо пра велізарныя зрухі ў Царкве, выкліканыя Саборам, сярод народаў
сьвету адных беларусаў пазбавілі магчымасьці слухаць Слова Божае i славіць
Усявышняга на роднай мове. Адзіны праменьчык надзеі сьвяціў у Вішневе, дзе
працаваў марыянін айцец Уладыслаў Чарняўскі (1916–2001). Скончыўшы Друйскую
гімназію ў 1937 годзе, пасьля навіцыяту ён працягваў вучыцца ў Летуве,
пасьля сьвячаньняў у 1944 годзе працаваў там нейкі час сьвятаром. Аднак яго
прыцягвала Беларусь, i ў 1953 годзе ён пераехаў на Бацькаўшчыну, асеўшы на
ўсё жыцьцё ў Вішневе, што каля Валожыну. Перад Калядамі 1965 году ён пісаў
біскупу Сіповічу: «Працую на гэтым месцы 12 год. Перабраўся з Літвы на
Беларусь, бо хацелася хаця раз у жыцьці (ня думаў доўга жыць) прагаварыць да
народу родным слаўцом. Так сяк прывык да людзей, a яны прывыклі да мяне і
зразумелі. Маю на думцы сьвятарскую працу i беларускасьць. Сьпярша крывіліся
і ўсяк гаварылі, але не ад сябе, але ад тых, што ix палохалі. З часам
пабачылі, што нічога страшнага, што можна гаварыць у касьцеле i слухаць аб
Богу па беларуску». У сваёй працы ён сутыкаўся з мноствам перашкодаў ад
савецкіх уладаў, але найбольш ад сваіх братоў-сьвятароў. У лісьце за 26
лютага 1966 году ён разважае: «Некаторыя духоўнікі (выхадцы са шляхты)
арыентуюцца i далей на Варшаву i Беласток, ды праводзяць гэту лінію ў сваёй
пастырскай працы, тым самым калечаць i нішчаць нацыянальную сьведамасьць i
пачуцьці i дастойнасьць нашых родных братоў i сясьцёр веручых, i гэтак
калечаць ix духова. Яны бо пазбаўлены магчымасьці маліцца i слухаць Слова
Божае на роднай мове. У свой час i я многа перацярпеў, пачынаючы як-што
маліцца i навучаць на беларускай мове».
Біскуп Сіповіч упершыню пачуў пра айца Чарняўскага ад летувіскіх біскупаў, якія прыехалі ў Рым на Сабор. У сярэдзіне 1965 году яму ўдалося наладзіць
зь ім лістоўную сувязь. Але яшчэ раней, 18 лістапада 1964 году, у гутарцы з
архібіскупам Антоніо Самарэ зь Дзяржаўнага Сакратарыяту, ён узьняў справу
апостальскага адміністратара для Беларусі i прапанаваў кандыдатам а.
Чарняўскага.
У Дзяржаўным Сакратарыяце да прапановы біскупа Сіповіча паставіліся
сур’ёзна. Адказным за справу прызначылі мансіньёра Габрыеля Мантальву
(Gabriel Montalvo), маладога прафэсійнага ватыканскага дыплямата. Пасьля
вывучэньня пытаньня, што заняло даволі шмат часу, Дзяржаўны Сакратарыят
згадзіўся на прапанову Сіповіча. 6 сьнежня 1965 году айцу Чарняўскаму
выслалі ліст, падпісаны дзяржаўным сакратаром кардыналам Амлета Чыканьяні з
запытаньнем, ці ён згодзіцца быць, калі дазволяць умовы, апостальскім
адміністратарам для Беларусі. Не атрымаўшы ад айца Чарняўскага адказу
(здаецца, адрас быў недакладны), 20 сьнежня яму выслалі другі ліст таго ж
зьместу. Дарэчы, абодва лісты ён атрымаў 28 сьнежня.
Атрымаўшы лісты, Чарняўскі не сьпяшаўся з адказам. Толькі 26 лютага
напісаў ён біскупу Сіповічу: «28/ХІІ 65 атрымаў адразу 2 аднолькавыя пісьмы
з Рыма, ад Эксцэленцыі Яго Сьвятасьці Сакратара кардынала Чыканьяні з
прапановаю заняць становішча апостальскага адміністратара на Беларусі для
каталікоў лацінскага абраду – калі на гэта пазволяць умовы. Гэтае пісьмо i
прапанова былі для мяне вялікай нечаканасьцю... Усю ноч ня спаў,
застанаўляючыся... Радаваўся магчымасьці дастойнай працы для веручых
каталікоў свайго народа, але разам i трывожыўся адказнасьцю прынятага
абавязку i магчымымі цяжкасьцямі ў гэтай працы... У сваім духоўным,
рэлігійным жыцьці мы беларусы-каталікі напатыкаем многа розных перашкод з
боку польскага духавенства, якія лічаць нас падпарадкаванымі сваёй
правінцыі. З гэтае прычыны i гэтае назначэньне таксама спаткае вялікія
цяжкасьці з боку эпіскапатаў Варшавы i Беластока, бо яны па ранейшаму хацелі
б утрымаць status quo (так як ёсьць. – А.Н.) i ранейшую лінію ў адносінах да
каталікоў беларусаў... Таму, каб пачатая справа Вамі мела посьпех для
беларусаў-каталікоў, трэба каб як-небудзь з Вашай, Ойча, дапамогай падказаць
Прымасу ў Варшаве i іншым яго біскупам, каб яны ня толькі не стаўлялі
перашкод нам у гэтай справе, але i каб пры станоўчым рашэньні пытаньня аб
адміністрацыі Касьцёла ў Беларусі падпарадкаваліся адміністрацыі і не
перашкаджалі паступенна ўводзіць беларускую мову ў казаньні i літургію, як
хочуць гэтага i рашылі Айцы Сабору. Калі гэта не правядзецца, то, нягледзячы
на ўвядзеньне адміністрацыі – усё астанецца па старому. Я пакуль што думаю,
а па атрыманьні Вашае, Ойча, рады па гэтай справе, дам адказ Эксцэленцыі
Кард. Чыканьяні, Сакратару Яго Сьвятасьці».
У Рыме гэты ліст айца Чарняўскага ацанілі як згоду, хоць i ўмоўную, і на
гэтай падставе Дзяржаўны Сакратарыят пачаў далейшыя захады. 2 красавіка
біскупа Сіповіча выклікалі ў Сакратарыят. Там, як апісвае ён у сваім
дзёньніку, манс. Мантальва паведаміў яму: «“Маю для вас добрую новасьць... У
справе Апостальскай Адміністрацыі быў паінфармаваны Айцец Сьвяты Павал VI, i
ён сказаў: La lettera mandata dal Segretario dello Stato a P. Carniauski si
deve considerare come il fatto compiuto (ліст дзяржаўнага сакратара да a.
Чарняўскага павінен разглядацца як зроблены факт. – А.Н.). Айцец Чарняўскі
мае зьвярнуцца да адпаведных уладаў у Менск.” Пытаю: “Ці я маю яго аб гэтым
паведаміць?” “Так” – кажа монс. Мантальва. Астаецца быць вельмі асьцярожным,
пішучы да яго ліст. Трэба ўзяць пад увагу ня толькі, што яго мае чытаць i
разумець а. Ул. Чарняўскі, але i ўлады савецкія. Айцец Сьвяты не ўважае за
патрэбнае, каб а. Чарняўскі цяпер ехаў у Польшчу адведаць сваю сястру i
марыянаў з Друі. Гэта можа спрычыніць у савецкіх уладаў розныя падазрэньні».
Папа, навучаны горкім досьведам Дэрбіньі, не хацеў рабіць нічога таемна
ад сьвецкіх уладаў, нават калі гэтыя ўлады – ня толькі сьвецкія, але i
савецкія. Зь іншага боку, ён не хацеў прасіць ix. Гэта нядвухсэнсоўна
патлумачылі біскупу Сіповічу ў Дзяржаўным Сакратарыяце 15 красавіка: «Доўга
гутарым з монс. Мантальва аб справах уладжаньня Царквы ў БССР. Сяньня ён мне
сказаў, што Айцец Сьв. уласнаручна (con proprio pugno) напісаў “Annunciare,
non chiedere” (паведаміць, не прасіць). Гэтакая лінія паступаньня айца
Ўладыслава Чарняўскага ў адносінах да савецкае ўлады. Атрымаўшы ён ліст ад
Кард. Чыканьяні, павінен паведаміць аб гэтым савецкія ўлады, але не прасіць
іхнай апрабаты».
У тым часе ў Ватыкане рыхтаваліся да сустрэчы папы зь міністрам замежных
справаў СССР Андрэем Грамыкам. Біскуп Сіповіч спадзяваўся, што на перамовах
будзе ўзьнімацца пытаньне апостальскага адміністратара ў Беларусі. Ён
падрыхтаваў мэмарыял “Considerationes de Negotiis Ecclesiae Catholicae Ritus
Latini in Bielorussia ordinandas” (Заўвагі, як упарадкаваць справы
Каталіцкай Царквы лацінскага абраду ў Беларусі) i перадаў яго 16 красавіка ў
Дзяржаўны Сакратарыят. Папа прыняў Грамыку 27 красавіка. Біскуп Сіповіч
напісаў у сваім дзёньніку: «Спадзяюся, што ў гутарцы з Грамыкам была
парушаная i справа Апостальскай Адміністрацыі ў Беларусі». 30 красавіка
манс. Мантальва сказаў біскупу Сіповічу: «Газэты шмат пішуць аб спатканьні
Айца Сьв. з Грамыкам, а мы тут ведаем толькі тое, што было на стале ў Айца
Сьв. перад гэтым спатканьнем. Паміж іншым – сказаў – была i справа Апост.
Адміністрацыі ў Беларусі згодна з тым, што я пісаў у “Considerationes...”».
Пазьней, 2 верасьня, кардынал Сьліпый сказаў біскупу Сіповічу, быццам “ca
спатканьня Папы з Грамыкам нічога ня выйшла”. Кардынал, які меў у той дзень
аўдыенцыю ў папы, спытаўся ў яго, што чуваць з назначэньнем Адміністратара
Ап. для Беларусі? Папа адказаў: «Учора гутарыў з монс. Казаролі аб тым, як
трэба рабіць». Такім чынам, на справу апостальскага адміністратара не
забыліся, хоць i рухалася яна паволі.
6 кастрычніка 1966 году біскуп Сіповіч меў доўгую гутарку з архібіскупам
Антоніё Самарэ зь Дзяржаўнага Сакратарыяту. Той раіў склікаць паседжаньне
камісіі “Pro Russia”, запрасіўшы яшчэ некалькі асобаў збоку, каб разгледзець
справу i знайсьці спосаб яе паскорыць. Біскуп Сіповіч застаўся ня вельмі
задаволены i сказаў, што пара ўжо зьмяніць назву камісіі. Самарэ не пярэчыў,
але заўважыў, што цяпер ня час i што “важная справа, а не назовы”. На гэтым
і пагадзіліся. 17 кастрычніка адбылося паседжаньне ў Дзяржаўным
Сакратарыяце. Вось як апісаў яго біскуп Сіповіч: «Прысутныя: Ix Дастойнасьці
біскупы Самарэ, Дэль’Аква, Брыні, Віллебрандс, Бразыс і Сіповіч. Монс.
Мантальва сакратаром за аддзельным столікам. Я. Д. Самарэ выясьняе мэту
зборкі: разважыць патрэбы вернікаў каталікоў лацінскага абраду ў Савецкім
Саюзе, асабліва справу Апостальскага Адміністратара для Беларусі. Усе
прысутныя згаджаюцца, што даўней створаная (1926 г.) Commissio pro Russia
павінна быць пашырана i яе назоў неадпаведны, але каб рабіць справу больш
дыскрэтна, пакуль што лепш ня рухаць гэтай камісіі... Я. Д. Самарэ інфармуе
аб Апост. Адміністратару ў Беларусі, пасьля перадае слова біскупу Сіповічу.
Гэты адчытвае (па лаціне) апошні ліст айца Ул. Чарняўскага i кажа, што цяпер
ідзе толькі аб тое, якім спосабам назначыць яго Ап. Адміністратарам i
кансэкраваць Біскупам, каб пасьля ён мог спаўняць свае абавязкі? Монс.
Самарэ зьвяртаецца да монс. Віллебрандс з пытаньнем, ці мог бы ён гэта
выканаць, выехаўшы пад іншым прэтэкстам у Маскву. Монс. Дэль’Аква кажа, каб
айца Чарняўскага заклікаць у Рым. З гэтым усе згаджаюцца».
19 лістапада манс. Мантальва быў на вячэры ў біскупа Сіповіча. Як Сіповіч
запісаў у сваім дзёньніку, «адносна назначэньня айца У. Чарняўскага
Адміністратарам Беларусі, ён высказаўся, што часам мае сумнівы, ці не зашмат
праз асьцярожнасьць зацягваецца гэта справа».