Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус

17. Справы марыянскія ды іншыя

Як ужо згадвалася вышэй, у Марыян Гаўз месьціліся дзьве ўстановы. Адна зь ix – законны дом (кляштар) беларускіх марыянаў. Яго заснаваў у чэрвені 1962 году генэрал марыянаў з дазволу пантыфіка i згоды архібіскупа Ўэстмінстэрскага. Ад імя Апостальскага Пасаду дазвол дала Кангрэгацыя для Ўсходніх Цэркваў, бо кляштар меў быць усходняга абраду. Першым супэрыёрам стаў айцец Гарошка, а пасьля ягонага выезду ў Парыж – айцец Германовіч. Апрача іх, пры кляштары жылі таксама айцы марыяне Тамаш Падзява i Фэлікс Журня, хоць апошні належаў да рымскага (лацінскага) абраду.

Другая ўстанова – Беларуская Каталіцкая Місія бізантыйскага абраду. Яе заснавала ў 1947 годзе Ўсходняя Кангрэгацыя. Першым рэктарам Місіі стаў айцец Сіповіч, а пасьля таго, як ён атрымаў біскупскую годнасьць, – айцец Гарошка. Да Місіі належалі таксама сьвятары не-марыяне – айцы Надсан i Тамушанскі. Айцец Журня, як “лаціньнік”, да Місіі ня меў дачыненьня.

Пасьля 1970 году абавязкі рэктара Місіі выконваў біскуп Сіповіч, а ягоным намесьнікам быў айцец Надсан.

Дзьве ўстановы, хоць i розныя, цесна супрацоўнічалі між сабою. Звычайна супрацоўніцтва ладзілася, хоць адчувалася, што марыяне, калі б маглі, хацелі б мець усё ў сваіх руках. У 1962 годзе генэрал марыянаў Станіслаў Шкутанс выказаўся датычна інтэрнату для хлопцаў, што было б лепей, каб марыяне кіравалі ім ня толькі фармальна, але й на справе. Гэтыя словы паўтарыў біскуп Сіповіч у 1965 годзе пад час сваёй візытацыі. У 1971 годзе ягоны наступнік Я. Сельскі (паляк ці польскі амэрыканец) удакладніў: «Дзеля гэтага патрэбны прынамсі яшчэ адзін малодшы марыянін». У 1974 годзе Сельскі ў сваёй справаздачы зь візытацыі пісаў: «Пытаньне будучыні “марыянскага” аспэкту гэтай Місіі i розных формаў ейнага апасталяту выклікае трывогу»[134].

Між іншага, калі яшчэ ў 1962 годзе ў сваёй справаздачы Шкутанс пісаў, што а. Надсан “прызначаны (addictus) для Беларускай Місіі”, для Сельскага два не-марыянскія сьвятары, Надсан i Тамушанскі, былі “прыпісаныя да Лёнданскага Дому II” (Domui Londinensi II adscripti). Праўда, гэтыя айцы нічога ня ведалі аб іхнай “прыпісцы” ў марыянскім доме – неістотна, які яго нумар, – i ў сваёй наіўнасьці шчыра верылі, што яны сьвятары Беларускай Каталіцкай Місіі. Узьнікла даволі далікатная сытуацыя, калі Сельскі захацеў “візытаваць” айцоў не-марыянаў. Біскуп Сіповіч якісьці зьніякавелы прыйшоў да айца Надсана i сказаў, што “Айцец генэрал” хацеў бы зь ім убачыцца. Айцец Надсан з павагі да біскупа адказаў, што будзе рады прыняць генэрала, калі той прыйдзе да яго. Сустрэча адбылася ў працоўным пакоі айца Надсана. Ён прыняў генэрала ветліва, як кожнага іншага госьця, але ня больш.

“Марыянскі аспэкт”, калі ён меў нейкі сэнс, мог азначаць толькі адно : жаданьне марыянаў утрымаць Беларускую Каталіцкую Місію ў Англіі ў сваіх руках. Гэта стасавалася з думкамі біскупа Сіповіча і зь ягонай ідэяй “Новай Друі”. Аднак ён ніколі не забываўся i пра “беларускі аспэкт”, які для Сельскага i яму падобных быў пустым гукам. 19 лютага 1977 году Сельскі, наведаўшы Бібліятэку Ф. Скарыны, пакінуў такі запіс у кнізе наведнікаў: «May God bless the work of Marian Fathers and this apostolate among the White Russian people» (Хай Бог блаславіць працу айцоў марыянаў i гэтае апостальства сярод беларускага люду). Як кажуць, далейшыя камэнтары лішнія.

“Новая Друя” мела патрэбу ў беларускіх сьвятарах-марыянах. A ix на Захадзе не было. На пакліканьні сярод моладзі разьлічваць не даводзілася. Заставаліся колішнія друйскія марыяне ў Польшчы. Ад старэйшых айцоў, бадай, не выпадала чакаць нейкай дапамогі. Дашута пісаў Сіповічу 17 ліпеня 1961 году: «Сяджу тут з Казюком (Смулькам. – А.Н) і збліжаемся да прыстані, гдзе спаткаемся з нашымі айцамі, Андрэем i Фабіянам (Цікотам i Абрантовічам. – А.Н.). Старасьць i недамаганьне што раз лепей даецца адчуваць. Але я яшчэ трымаюся, a вось а. Казімір ледзь дзержыцца. З трудом перасоўваецца na пакоі i сьв. Службу спраўляець седзячы ды па амацку (вобмацкам. – А.Н.). Трэба яму памагаць». Ім было маркотна, што цяпер, калі ўзьнікла магчымасьць зноў працаваць сярод беларусаў, яны нічым не маглі дапамагчы. Той самы Дашута пісаў біскупу Сіповічу 15 ліпеня 1963 году: «Жутка нам, што ня можам працаваць сярод сваіх i вам памагаць, але затое працуем цэлай душой для нашых братоў поль(скіх)».

З “малодшымі” друйскімі айцамі паўставалі свае цяжкасьці. Справа прыезду Антона Лося, пра якога так шмат гаварылі раней, неяк зусім заглухла. Дашута ў згаданым лісьце пісаў: «На Антоняга не надзейцеся, каб да вас прыехаў, бо папсуў сам сабе». Цяжка сказаць, што гэта мела значыць, але вядома, што Лося разглядалі як кандыдата на вышэйшыя пасады ў марыянскай польскай правінцыі. Дый сам ён ня рваўся на Захад. У лісьце за 5 чэрвеня 1969 году ён пісаў біскупу Сіповічу, што жадаў бы прысьвяціць рэшту свайго жыцьця працы «сярод братоў на ўсходзе» (wśród braci na wschodzie) i што «было б карысна выехаць заграніцу, каб набыць шырэйшы погляд, але ніколі да працы» (korzystnie byłoby wyjechać zagranicę, aby nabrać szerszego spojrzenia – ale nigdy do pracy).

Нечаканасьцю для біскупа Сіповіча стаўся ліст за 10 сьнежня 1961 году айца Францішка Апячонка з Варшавы. Пасьля прыкрага абмену думкамі ў 1957 годзе Сіповіч не спадзяваўся, што той калі-небудзь яму напіша. Але тады Апячонак ня ведаў, што праз тры гады Сіповіч будзе біскупам, зь якім лепш жыць у згодзе. Ён пісаў: «Пра ліст, які я некалі пісаў да Вашай Эксцэленцыі з Скурца, таксама заўсёды памятаю. Прашу прабачыць мне. Я пісаў глупствы. Вашая Эксцэленцыя ў ніякай меры не заслугоўвае таго, што я там пісаў... У кожным выпадку, мне сорамна за той ліст, перапрашаю за прыкрасьць i прашу забыцца пра яго»[135]. Безумоўна, такое публічнае “вызнаньне грахоў” сталася невыпадковым. Далей Апячонак пісаў: «А цяпер просьба: каб Эксцэленцыя дапамог нам выбрацца адсюль. Прынамсі нам, беларусам. Мы тут задыхаемся. Ня маем чаго рабіць... Я ахвотна дапамог бы вам у вашай працы. Стварылі б мы другую Друю»[136].

Сіповіч адказаў 10 лютага 1962 году: «Вітаю тваю думку аб стварэньні новай Друі. Заўважу толькі, што яна крыху спозьненая. Пачатак той Друі ўжо існуе, i каб ты адгукнуўся тады, калі я да цябе напісаў першы раз, то сяньня справа выглядала б інакш. Нягледзячы на ўсё, будзем рабіць паводле пасловіцы: “Лепш позна, чым ніколі”... Цяпер дазволю табе зьвярнуць увагу на адно: каб ты безадкладна заняўся сваёй роднай мовай, літаратурай, гісторыяй. Беларусы ж не бушмэны ці іншыя паўдзікія, да каторых, аднак, калі едзецца на працу, дык у першую чаргу вывучаецца іхнюю мову, абычаі etc. Калі маеш запраўды добрую волю працаваць сярод сваіх суродзічаў, дык падгатоўся да гэтага. Беларусы на чужыне маюць зарганізаванае жыцьцё як кожны іншы культурны народ: свае арганізацыі, свае школы, свае цэрквы i касьцёлы».

Апячонак, відаць, не чакаў такога адказу. 24 сакавіка ён пісаў Сіповічу: «Ліст Эксцэленцыі такі паважны, што па прачытаньні мяне аж дрыжыкі схапілі (po przeczytaniu go aż mnie ciarki obleciały). Вашая Эксцэленцыя кажа мне вывучаць мову, літаратуру, звычаі i г. д. беларускага народу... Баюся, каб не прыйшлося Вашай Эксцэленцыі расчаравацца ў сваіх спадзяваньнях. З моваю, спадзяюся, ня буду мець большых цяжкасьцяў, але ўсё іншае, дык яно хіба ўжо не для мяне... Нягледзячы на ўсё аднак пасьля сьвятаў зьбіраюся ў Варшаву i буду шукаць беларускія газэты i кнігі».

Цяжка сказаць, ці Апячонак сапраўды ўзяўся за вывучэньне беларускае мовы, ня кажучы пра літаратуру й гісторыю, бо ўсе лісты да Сіповіча пісаў па-польску. Сам Сіповіч прасіў свайго брата Петруся, які жыў у Польшчы, 10 сьнежня 1962 году: «Перадай залучаны тут ліст а. Франуку (Апячонку. – А.Н.). Я вельмі цешуся, што ён надумаўся напісаць гэтакі ліст, але калі ён сапраўды мае добрую волю, дык ён усюды можа быць са сваімі. Стыдна мне за яго, што ён ня ўмее склеіць нават аднаго сказу ў сваёй роднай мове». Таму, магчыма, не вялікая шкода, што ўсе ягоныя стараньні прыехаць y Лёндан засталіся бяз вынікаў.

Калі айцец Апячонак сам прасіўся ў Англію, дык айцоў Тамаша Падзяву i Фэлікса Журню хацелі бачыць айцец Германовіч i біскуп Сіповіч. Але й іхны прыезд напаткаў вялікія цяжкасьці з боку як дзяржаўных, так i духоўных уладаў. Айцу Журню двойчы адмовілі ў замежным пашпарце, i ён пастанавіў ужо болей не старацца. Айцец Гарошка неяк даведаўся ад тых, што прыяжджалі з Польшчы, што для атрыманьня пашпарту важныя, як ён пісаў біскупу Сіповічу 6 лістапада 1962 году, «не дакумэнты, якія ім высылалі адгэтуль, але спрытныя людзі ў міністэрствах, якія дзейнічалі, атрымаўшы паважнае “куку ў руку”». Пасьля айцец Германовіч любіў казаць, што айца Журню “купілі” ад палякаў. Паўставалі таксама i нутраныя цяжкасьці. Айцец Дашута пісаў біскупу Сіповічу на Каляды 1962 году: «Нам здаецца, што вашы запросіны нашых айцоў нічога тут не памогуць, a нават зашкодзяць. Такі ўжо тут клімат y адносінах да вашай працы». 15 ліпеня 1963 году ён зноў пісаў: «Фаму i Фэлька (Падзяву i Журню. – А.Н.) тож ня пусьцяць: думаю, што даведаліся чаму». Як ужо гаварылася вышэй, айцец Журня прыехаў y Лёндан y 1966 годзе, a Падзява – на тры гады пазьней. Такім чынам, y другой палове 1969 году ў Марыян Гаўз жылі, апрача біскупа, чатыры айцы марыяне i два законныя браты. Гэта быў пэрыяд найвышэйшага росквіту “Новай Друі”. Пасьля пачаўся працэс павольнага, але непазьбежнага заняпаду.

Будучыня “Новай Друі” ў Марыян Гаўз ад самага пачатку выглядала няпэўна, бо ня склалася адпаведных умоваў для ейнага нармальнага існаваньня i разьвіцьця. Перадусім не было свайго асяродзьдзя, зь якога маглі б прыходзіць новыя кандыдаты. Марыян Гаўз ня мог таксама існаваць без матар’яльнай дапамогі звонку. Пытаньне новых пакліканьняў, на жаль, да канца засталося нявырашаным, a справу матар’яльнай базы для Марыян Гаўз біскуп Сіповіч разьвязаў па-свойму.

Усходняя Кангрэгацыя дала ў 1960 годзе біскупу Сіповічу як апостальскаму візытатару для беларусаў 10 тысяч фунтаў на куплю дому на 41 Гольдэн Роўд пад інтэрнат сьв. Кірылы Тураўскага. Пра гэта біскуп пісаў 20 кастрычніка 1960 году архібіскупу Ўэстмінстэрскаму кардыналу Годфрэю: «Дзейнасьць Беларускай Каталіцкай Місіі паволі разрастаецца, i цяпер, каб задаволіць новыя патрэбы, зьявілася неабходнасьць купіць другі дом... Мы ўжо знайшлі адпаведны дом, што знаходзіцца на 41 Гольдэн Роўд N.12, насупраць Марыян Гаўз»[137]. Праз два месяцы, 20 сьнежня Сіповіч зноў пісаў кардыналу: «Далучаю копію ліста Ўсходняй Кангрэгацыі да мяне датычна дому на 41 Гольдэн Роўд, Лёндан N.12, які, з вашай дапамогай, Беларуская Каталіцкая Місія купляе на інтэрнат для беларускіх дзяцей»[138].

Такім чынам, дом на 41 Гольдэн Роўд не належаў марыянам. Гэта ясна адзначыў таксама іхны генэрал айцец Шкутанс y пратаколе кананічнай візытацыі ў жніўні 1962 году, дзе сказана, што «Інтэрнат i дом, што знаходзіцца на вуліцы Гольдэн Роўд 41 – уласнасьць С. Кангрэгацыі для Ўсходніх Цэркваў, дадзены для ўжытку беларускіх айцоў марыянаў»[139]. Гэтае апошняе цьверджаньне не зусім адпавядае праўдзе, бо дом даваўся не “для ўжытку... айцоў марыянаў”, a для Беларускай Каталіцкай Місіі. У сакавіку 1965 году біскуп Сіповіч, ужо як генэрал марыянскага закону, праводзіў кананічную візытацыю Марыян Гаўз. У пратаколе візытацыі за 27 сакавіка 1965 году ён напісаў даслоўна: «Інтэрнат для хлапцоў знаходзіцца ў двух асобных дамах, 39 i 41 Гольдэн Роўд N.12, недалёка ад Марыян Гаўз... Абодва дамы былі купленыя за грошы сабраныя або пазычаныя ніжэй падпісаным (г. зн. Сіповічам. – А.Н). Гэтыя грошы не належаць марыянам (вылучана мною. – А.Н.), але былі дадзеныя ў распараджэньне ніжэй падпісанаму як Візытатару для беларусаў. Таму абодва дамы, дзе цяпер жывуць i ўзгадоўваюцца беларускія хлопцы, ня ёсьць уласнасьць марыянаў (вылучана мною. – А.Н.), хоць могуць служыць для пашырэньня марыянскай дзейнасьці»[140]. Тут усё ясна сказана, з той толькі заўвагай, што грошы на куплю дому 41 Гольдэн Роўд былі не “сабраныя ці пазычаныя”, а дадзеныя Ўсходняй Кангрэгацыяй.

Наступная кананічная візытацыя, праведзеная таксама біскупам Сіповічам, адбылася ў сакавіку 1968 году. Сярод “дэкрэтаў” у пратаколе візытацыі ёсьць наступны: «Разважыўшы ўсё i спытаўшыся рады ў зацікаўленых асобаў, пастанаўляю i вырашаю, што дом, які носіць імя сьвятога Кірылы Тураўскага на 41 Гольдэн Авэню (памылка: трэба было “Роўд”. – А.Н.), Фінчлей, Лёндан N.12, разам з агародам, гаражом i мэблямі, якія там ёсьць i якія могуць быць набытыя ў будучыні, ёсьць уласнасьцю беларускіх марыянаў (вылучана мною. – А.Н.), роўна як i “Марыян Гаўз”, з усімі юрыдычнымі і практычнымі наступствамі»[141].

Пратакол, у якім знаходзіцца гэты “дэкрэт”, мае тытул “Visitatio canonica Domus Londinensis II (Alboruthenae), Marian House, Holden Avenue, London N.12, diebus 2–7 Martii 1968 peracta” (Кананічная візытацыя Лёнданскага Дому II [беларускага], Марыян Гаўз, Гольдэн Авэню, Лёндан N.12, праведзеная ў днях 2–7 сакавіка 1968 году ). Унізе подпіс “Ceslaus Sipovic, Eppus tit. Mariamitanus, Superior Generalis” i круглая пячатка “Superior Generalis CC. RR. Marianorum”. Такім чынам генэрал закону марыянаў “аддаў” марыянам дом, набыты апостальскім візытатарам для беларусаў на патрэбы Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Toe, што генэрал марыянаў быў адначасова візытатарам для беларусаў, не мяняе сутнасьці справы i толькі паказвае на небясьпеку спалучэньня дзьвюх розных функцыяў у адной асобе. У тым “дэкрэце” біскуп Сіповіч дае юрыдычнае абгрунтаваньне сваёй пастановы: «Я раблю гэтую пастанову на аснове наступнага ліста Пачэснага Спадара А. Рывэрса, фінансавага сакратара Ўэстмінстэрскай Архідыяцэзіі, да мяне ад 11 верасьня 1963 году, у якім ён кажа: “Афіцыйна пацьвярджаю, што Дом сьв. Кірылы, 41 Гольдэн Роўд, Фінчлей N.12, які Вы купілі i за які заплацілі ў студзені 1961 г., зарэгістраваны на імя Ўэстмінстэрскай Рыма-Каталіцкай Дыяцэзіяльнай Даверчай Рады. Гэта наша Дыяцэзальная Даверчая Карпарацыя, упаўнаважаная дзейнічаць як юрыдычная давераная асоба ад імя якой-колечы дабрачыннай арганізацыі ці ўстановы. Яна захоўвае маёмасьць ад Вашага імя i ў кожную хвіліну, згодна з Вашымі інструкцыямі, перадасьць яе таму, каму Вы загадаеце...”»[142]
Дыяцэзіяльная даверчая рада – гэта ўстанова, на імя якой рэгіструецца ўся маёмасьць каталіцкіх арганізацыяў, установаў i фондаў у дыяцэзіі. Яна дзейнічае не ад свайго імя, a згодна з інструкцыямі ўласьнікаў. У гэтым сэнсе яна падобная да банку, які распараджаецца грашыма сваіх кліентаў згодна зь іхнымі інструкцыямі. Такім чынам, ліст каноніка Рывэрса да біскупа Сіповіча ня розьніцца ад ліста дырэктара банку, які дзякуе кліенту за тое, што той адкрыў рахунак у ягоным банку, i чакае ягоных далейшых інструкцыяў. Ліст мае на ўвазе, што кліент – законны ўласьнік. У ніякім выпадку ён ня можа служыць як юрыдычнае пацьверджаньне ўласнасьці.

“Дэкрэт” біскупа Сіповіча закранаў інтарэсы Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы i сьвятароў не-марыянаў, i таму яны мелі поўнае права ведаць пра яго. Аднак ён ніколі не даводзіўся да агульнага ведама i заставаўся толькі запісаны ў марыянскіх кнігах, не даступных для тых, хто не належаў да іхнага закону. Тым ня менш такую справу цяжка ўтрымаць у сакрэце, i зьвесткі пра “дэкрэт” дайшлі да іншых. Можна ўявіць, як адчувалі сябе сьвятары не-марыяне. Затое марыяне ня мелі ніякага сумневу ў законнасьці “дэкрэту”. Той самы айцец Сельскі ў сваім пратаколе з кананічнай візытацыі 20 лютага 1977 году напісаў: «Галоўны будынак (г. зн. Марыян Гаўз. – А.Н.)... i Дом сьв. Кірылы ёсьць уласнасьцю закону айцоў марыянаў» (The main building... and St Cyril House are the property of the Congregation of Marian Fathers). Ён таксама “ахрысьціў” комплекс чатырох будынкаў (разам зь Бібліятэкай Ф. Скарыны) новым, дасюль нечуваным, імем: “Missio Mariana et Alboruthena” (Марыянская і беларуская місія)!

Юрыдычная аснова “дэкрэту” біскупа Сіповіча, далікатна кажучы, сумнеўная, але мэта яго зразумелая: стварыць матар’яльную базу (напрыклад, праз здаваньне ўнаймы пакояў для кватарантаў) для існаваньня беларускага марыянскага кляштару ў Марыян Гаўз. Для Місіі i сьвятароў не-марыянаў пакідаўся Дом сьв. Пятра, 39 Гольдэн Роўд, пра які таксама біскуп гаворыць у сваім “дэкрэце”: «Разважыўшы ўсё i спытаўшыся рады ў зацікаўленых асобаў, пастанаўляю i вырашаю, што дом, які носіць імя Сьвятога Пятра на 39 Гольдэн Роўд, Фінчлей, N.12, разам з агародам i мэблямі, ёсьць уласнасьцю Беларускай Каталіцкай Місіі ў Вялікай Брытаніі. Цяперашні пачэсны Рэктар Місіі ці ягоны наступнік, зможа свабодна распараджацца гэтым домам паводле патрэбаў Місіі»[143]. Але ж рэктарам Місіі заўсёды меў быць марыянін... Нават не дапушчалася магчымасьць, што аднаго дня ў Лёндане можа не застацца ніводнага беларускага марыяніна або што рэктарам можа быць сьвятар не-марыянін. Дый факт, што адзін з дамоў прызначаўся для матар’яльнага забясьпечаньня марыянаў, між тым як сама Місія i сьвятары не-марыяне нічога не атрымлівалі, ня мог служыць базаю мірнага і плённага супрацоўніцтва.

Празь дзевяць гадоў, 22 кастрычніка 1977 году, біскуп Сіповіч напісаў свой “тэстамэнт”, у якім паўтарыў свае ранейшыя распараджэньні наконт дамоў. Яны не належалі яму асабіста, таму “тэстамэнт” ня меў юрыдычнай моцы i мог толькі выказваць ягоныя асабістыя пажаданьні. А яны не зьмяніліся, нягледзячы на зусім інакшыя вонкавыя абставіны.

У 1977 годзе было зразумела, што беларускія марыяне ў Лёндане ня маюць будучыні. Айцец Падзява памёр у 1975 годзе; праз два гады, у ліпені 1977 году, у Парыжы памёр айцец Гарошка. Засталіся 64-гадовы практычна сьляпы айцец Журня i айцец Германовіч, якому мінула 87 гадоў. Біскуп прыняў кандыдатам у марыяны аднаго немца, які спрабаваў шчасьця ўжо ў дзьвюх духоўных сэмінарыях. Гэты вельмі сымпатычны малады чалавек, які хварэў на алергію да працы, доўга не затрымаўся. Прыехаў таксама з Польшчы малады марыянін рымскага абраду Антон Лось (пляменьнік старэйшага Антона Лося, якога некалі біскуп Сіповіч стараўся сьцягнуць на Захад). Айцец Антон добра размаўляў па-беларуску, але заявіў, што ён паляк i не зацікаўлены працаваць сярод беларусаў, дый яшчэ i ва ўсходнім абрадзе. Неўзабаве i ён пайшоў, куды яго вяло сэрца, – у кляштар польскіх марыянаў. Але калі б гэтыя двое засталіся ў Марыян Гаўз, ці была б гэта тая “Новая Друя”, пра якую марыў біскуп Сіповіч?

Мэта Царквы – пашыраць Валадарства Божае сярод людзей. Гэта не азначае, што ейныя прадстаўнікі дасьведчаныя ва ўсіх людзкіх справах або што яны вольныя ад абавязку трымацца тых агульных законаў i правілаў, якімі кіруецца грамадзтва. Калі б царкоўныя ўлады памяталі пра гэта, можна было б пазьбегнуць шмат якіх непаразуменьняў. Што да біскупа Сіповіча, то, не сумняваючыся ў ягоных добрых намерах, нельга аднак пазбыцца ўражаньня, што яму часам пайшла б на карысьць парада добрага юрыста. Застаецца яшчэ адна акалічнасьць – сакрэтнасьць. Кожная арганізацыя ці ўстанова мае свае нутраныя сакрэты. Аднак нельга трымаць у сакрэце пастановы, якія наўпрост закранаюць інтарэсы іншых асобаў, бо гэта можа прывесьці толькі да нездаровых падазрэньняў i недаверу.

Notes

[134] «The problem of the future of the “Marian” aspect of this Mission and its varied apostolate is a preoccupying one».

[135] «O tym liscie, który kiedyś pisałem do Ekscelencji ze Skórca, też zawsze pamiętam. Proszę mi wybaczyć. Pisałem głupstwa. W najmniejszym stopniu nie zasłużył Wasza Ekscelencja na to – co tam pisałem... W każdym bądź razie wstydzę się tamtego listu, przepraszam za przykrość i proszę mnie to zapomnieć».

[136] «A teraz prośba: aby Ekscelencja dopomógł się nam stąd wydostać. Przynajmniej nam, Białorusinom. My się tu dusimy. Nie mamy co robić... Chętnie bym Wam dopomógł w pracy. Stworzylibyśmy drugą Druję».

[137] «The work of the Byelorussian Catholic Mission is expanding slowly and now, to meet new requirements, the necessity arose to buy another house... We have already found a suitable house, situated at 41 Holden Road, N. 12, opposite Marian House».

[138] «I am enclosing a copy of the letter of the Oriental Congregation to me concerning the House No. 41 Holden Rd., London, N. 12, which, with your assistance, the Byelorussian Catholic Mission is buying as a boarding house for Byelorussian children».

[139] «Convictus et Domus, quae ad viam Holden Road 41 invenitur proprietatemquae S. Congregationis pro Ecclesia Orientali constituit et ad usum Marianorum Alboruthenorum concessa est».

[140] «Convictus pro pueris in duabus separatis domibus vicine ad “Marian House” positis ad plateam 39 et 41 Holden Road, London N. 12, invenitur... Utraque domus pro pueris pro pecunia ab infra scripto collecta vel qua debitum contracta empta est. Pecunia haec non est Marianorum, sed data erat infra scripto ad dispositionem qua Visitatori Alboruthenorum. Ergo ambae domus in quibus nunc pueri alborutheni vivunt et educantur non sunt proprietas Marianorum etsi ad operam Marianorum extendendam inservire possunt».

[141] «Omnibus consideratis consilioque accepto ab illis quorum interest hoc statuo ac decerno, ut domus sub nomine Sancti Cirilli Turoviensis ad plateam 41 Holden Avenue, Finchley, London N. 12, simul cum horto, “garage” et inventario, quod habet vel in futuro acquisiverit, sit proprietas Marianorum Alboruthenorum simul ac “Marian House” cum omnibus effectibus iuridicis et practicis».

[142] «Decisionem istam seu decretum facio vi litterarum Illustrissimi Domini A. Rivers, secretarii pro negotiis pecuniae Archidioceseos Westminsteriensis, ad me die 11 Septembris 1963, in quibus dicitur: “My Dear Lord, I formally cofirm that St Cyril’s House, 41, Holden Road, Finchley, N. 12, which you purchased and paid for in January 1961, is registered in the name of the Westminster Roman Catholic Diocese Trustee. This is our Diocesan Trustee Corporation which is empowered to act as Trustee for any Charity. It holds the property on your behalf and at any time, on your instructions the property would be transferred to any person whom you may direct”».

[143] «Omnibus consideratis consilioque ab illis quorum interest accepto, statuo ac decerno, ut domus sub nomine Sancti Petri ad plateam 39 Holden Road, Finchley, N. 12, simul cum horto et inventario, sit proprietas Missionis Alboruthenae Catholicae in Magna Britania. Rev.mus Rector laudatae Missionis actualis vel eius successor de eadem domo iuxta Missionis necessitates disponere libere poterit».


 


 


 

 

 

Напісаць ліст