Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус

18. Экумэнізм па-беларуску

У 1969 годзе біскуп Сіповіч вярнуўся “дамоў” у Лёндан, дзе 22 гады раней пачынаў сваю пастырскую дзейнасьць. Вольны ад абавязкаў генэрала марыянаў, ён мог прысьвяціць больш часу беларускім справам, царкоўным i грамадзкім.

Марыян Гаўз з двума іншымі дамамі i Бібліятэкай Ф. Скарыны стаў значным беларускім рэлігійна-культурным цэнтрам, вядомым далёка за межамі Англіі. Там месьцілася капліца сьв. Пятра i Паўла, дзе праходзілі рэгулярныя штодзённыя багаслужбы i малітвы, рэдакцыя часопісу Божым шляхам i інтэрнат для беларускіх хлапцоў. Вялікая заля ў Доме сьв. Пятра на 39 Гольдэн Роўд была месцам культурных i грамадзкіх імпрэзаў. Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі праводзіла там свае зборкі; Англа-Беларускае Таварыства ладзіла свае гадавыя курсы лекцыяў па беларускай культуры. Ладзіліся i адмысловыя падзеі, як, напрыклад, вечар паэзіі Янкі Купалы i Якуба Коласа ў ангельскім перакладзе Веры Рыч увосень 1972 году, канфэрэнцыя пра сярэднявечную культуру Ўсходняй Эўропы ў сакавіку 1976 году ці прэзэнтацыя кнігі праф. МакМіліна Гісторыя беларускай літаратуры ў траўні 1977 году. Бібліятэка прыцягвала славістаў з усяго сьвету, ня кажучы пра літаральна сотні беларускіх наведнікаў.

Біскуп Сіповіч ды іншыя беларускія сьвятары выяўлялі шчырую зацікаўленасьць у захаваньні i разьвіцьці беларускае культуры. Дзякуючы іхнаму ўдзелу ў беларускім культурным i грамадзкім жыцьці беларусы “прызвычаіліся” бачыць у сваім асяродзьдзі грэка-каталіцкіх сьвятароў. Гэта было вельмі важна. Расейцы, зьнішчыўшы ў 1839 годзе Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву, павялі супраць яе прапаганду як пра польска-ватыканскую інтрыгу для “паняволеньня” праваслаўных беларусаў. Вынікі дзесяцігодзьдзяў гэтай прапаганды адчуваліся нават сярод сьведамых беларусаў, якіх ніяк не западозрыш у прарасейскіх сымпатыях. Уваходзіць зь імі ў спрэчку, iмкнуцца давесьці адваротнае было бескарысна – гэта магло толькі пагоршыць сытуацыю. Грэка-каталіцкім сьвятаром заставалася адно – даказаць сваю беларускасьць на справе. Сваімі паводзінамі i поўным павагі стаўленьнем да праваслаўных беларусаў, a таксама сваёй працаю яны зрабілі шмат, каб разбурыць стэрэатыпы i падазрэньні. Як прыклад можна прывесьці выпадак зь Віктарам Астроўскім, сынам Прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага, які жыў у Лёндане. Шмат гадоў свайго жыцьця ён прысьвяціў вывучэньню картаграфіі Беларусі i меў вялікую калекцыю старых картаў – арыгіналаў i копіяў. У 1971 годзе ў Лёндане выйшла ягоная кніга The Ancient Names and Early Cartography of Byelorussia (Старыя назовы i раньняя картаграфія Беларусі). Гэта першая праца ў дадзенай галіне, напісаная беларусам. Віктар таксама непрыхільна ставіўся да Каталіцкае Царквы i асабліва да Беларускай Каталіцкай Місіі ў Лёндане. Ён напісаў i выдаў некалькі антыкаталіцкіх памфлетаў з такімі “пікантнымі” тытуламі, як Польскі Вуніяцкі Касьцёл для Беларусаў, або Ubrał się diabeł w komżę i ogonem na Mszy dzwoni (чорт надзеў стыхар i хвастом да Імшы звоніць). Нехта сказаў яму, што ў фондах Бібліятэкі Ф. Скарыны ёсьць вельмі багатая калекцыя старых картаў Беларусі (Вялікага Княства Літоўскага). Доўга ён не адважваўся завітаць, але нарэшце цікаўнасьць перамагла. Прыйшоў увесь насьцярожаны, але сыходзіў прыяцелем. Ад таго часу ён стаў частым наведнікам бібліятэкі i нават зрабіў каталёг картаў у ейных фондах. Памёр Віктар 31 жніўня 1975 году, па-кінуўшы Бібліятэцы Ф. Скарыны ўсе свае кнігі i карты. На ягоным пахаваньні біскуп Сіповіч на просьбу праваслаўнага сьвятара прачытаў Апостала.

29 жніўня 1971 году прыехаў з Амэрыкі ў Англію на кананічную візытацыю беларускіх праваслаўных асяродкаў архібіскуп Андрэй Крыт, галава Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы i стары знаёмы біскупа Сіповіча з часоў, калі яны абодва былі яшчэ сьвятарамі. Уладыка Андрэй перш-наперш паехаў у Брадфард, дзе ён некалі служыў сьвятаром, i там пасьвяціў на сьвятара Яна Пякарскага. Тады ён адведаў Манчэстар, Бірмінгам i Нотынгам. 25 верасьня прыехаў у Лёндан i ўвечары таго дня прыйшоў зь візытам у Марыян Гаўз. Найперш усе пайшлі ў капліцу сьв. Пятра i Паўла, дзе Ўладыка Андрэй пры адчыненых райскіх дзьвярох блаславіў усіх сьвятароў, вучняў інтэрнату сьв. Кірылы i прысутных беларусаў, a Ўладыка Чэслаў прывітаў госьця. Пасьля адбылася вячэра, у часе якой Уладыка Чэслаў зноў прывітаў Уладыку Андрэя i павіншаваў новага сьвятара а. Яна Пякарскага. Назаўтра, у нядзелю, Уладыка Крыт служыў сьвятую Літургію ў царкве непадалёк ад Беларускага Дому (уласнасьць ЗБВБ), на якой сьпяваў хор вучняў інтэрнату сьв. Кірылы. У наступныя дні Ўладыка Андрэй быў частым госьцем Бібліятэкі Ф. Скарыны i абедаў разам з усімі айцамі i вучнямі. Біскуп Сіповіч напісаў у сваім дзёньніку 30 верасьня: «Дзякуй Богу! Лепш супольна маліцца, чым сварыцца».

У лістападаўскім нумары газэты Беларус, што выходзіла ў Нью-Ёрку, пад подпісам “Назіральнік” зьявілася доўгая справаздача пра паездку архібіскупа Крыта ў Англію[144]. Але ў ёй нават ня згадвалася пра Марыян Гаўз i Бібліятэку. Перад Калядамі Ўладыка Чэслаў атрымаў ліст за 10 сьнежня ад Уладыкі Крыта, у якім той пісаў: «Думаю, што атрымалі ўжо Беларуса i, прачытаўшы карэспандэнцыю аб маёй кананічнай візытацыі, загневаліся на мяне, што нічога ня ўспомніў пра пабыт у вас. Ca шчырасьцю магу вам сказаць, што ў тым артыкуле аб маім пабыце ў Лёндане было зьмешчана вельмі шмат, асабліва аб бібліятэцы Скарыны. Але рэдактары i нашыя вялікія дзеячы, даведаўшыся, паднялі цэлую шумавіну, што ізноў даем у рукі матар’ял для “зарубежнікаў” i падобных. Таму змушаны быў напісаць, каб значную частку не друкавалі. Ветліва прашу ня гневацца, бо не ад мяне залежала. Вам ведама, у якіх абставінах мы жывем».

Уладыка Чэслаў адказаў 25 лютага: «Шчыра Вам дзякую за выясьненьне, чаму ў Беларусе не было ўспаміну аб Вашай візыце ў Марыян Гауз i ў Бібліятэцы. Сумна, але праўдзіва! Нашы сьвецкія дзеячы думаюць, што яны разумней робяць, чымся нашыя сьвятары ці біскупы. Часам магчыма так, але ў большасьці выпадкаў яны памыляюцца. У імя Хрыста праўды ня трэба баяцца. Ваша візытацыя ў Ангельшчыне беларускіх праваслаўных асяродкаў была вельмі карысная. Каталікі таксама былі задаволеныя. Як Вы маглі заўважыць, тут перамаглася большасьць розных упярэджаньняў, тады як у Зл. Штатах паўтараюць да нуды розныя даўным засьнядзелыя цьверджаньні. Канцы-канцоў, еднасьць між каталікамі i праваслаўнымі мусіць прыйсьці, інакш ня споўніцца воля Хрыста “Каб усе былі адно!”. Пэўне ж ня нам ведаць, калі яна прыйдзе, але нашым абавязкам ёсьць зрабіць усё магчымае, каб яна як найхутчэй прыйшла. Калісь каталікі моцна грашылі, заганяючы насільна ў сваю аўчарню людзей іншых веравызнаньняў. Падобна паступала Расея царская. Няхай нас Бог бароніць ад падобных часоў i мэтадаў. Сяньня дасьпеў чалавек вырашыць сам аб сваім пераконаньні, i калі б не было розных націскаў на хрысьціянаў, яны куды хутчэй злучыліся б».

Як відаць, многія беларусы заставаліся яшчэ ў далечыні ад экумэнічнага духу. У 1972 годзе праваслаўныя беларусы ў Манчэстары купілі сваю царкву. Яе пасьвяціў 12 лістапада протаерэй (старэйшы сьвятар) Аўген Смаршчок, які прыехаў дзеля гэтага з Бэльгіі. Вяртаючыся назад, ён затрымаўся ў Лёндане ў Марыян Гаўз i, як запісаў у сваім дзёньніку Ўладыка Чэслаў, «тлумачыўся перад біскупам, чаму а. Абабурка “не пасьмеў” запрасіць біскупа ці каго іншага з каталікоў на ўрачыстасьць у Манчэстар. Казаў, што а. Абабурку было вельмі прыкра, але ж ягоныя супрацоўнікі... прастэча i не дарасьлі да сучасных часоў».

Безумоўна, экумэнізм – паняцьце даволі складанае, i розныя людзі разумеюць яго па-рознаму. Другі беларускі праваслаўны герарх, біскуп Мікалай (Мацукевіч) з Таронта, пісаў біскупу Сіповічу 24 лістапада 1970 году: «Мы ўвесь час молімся Богу, каб Ён, Многаміласьцівы, памог Рыма-Каталіцкай Царкве вярнуцца на Праваслаўную Хрыстовую Веру. I мы радыя з кожнага кроку Рыма-Каталіцкае Царквы, які вядзе да малітоўнага яднаньня з Праваслаўнай Усяленскай Хрыстоваю Царквой. Цяпер ужо ня трэба ўламлівацца, бо Атэнагор I, Усяленскі Канстантынопальскі Патрыярх, шырака адчыніў дзьверы для Рымскай Царквы. Ці паслухаюцца Божага голасу пастыры Рыма-Каталіцкай Царквы, гэта будзе залежыць выключна ад ix».

Няведама, што i як адказаў біскуп Сіповіч на гэты ліст. Але калі Ўладыка Мікалай (ужо ў годнасьці архібіскупа) прыехаў у 1979 годзе ў Лёндан, яго прымалі з усёй цеплынёй i сардэчнасьцю. 24 ліпеня ладзіўся прыём у гонар Уладыкі Мікалая ў Доме сьв. Пятра на 39 Гольдэн Роўд. Віталі яго старшыня Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі Янка Міхалюк i Ўладыка Чэслаў. У дзёньніку біскупа Сіповіча знаходзім наступны запіс: «Я назваў гэтую нагоду гістарычнай, бо сяньня спаткаліся два беларускія біскупы, каталіцкі i праваслаўны, якія ў працы для свайго народу знайшлі супольную мову». Архібіскуп Мікалай Мацукевіч (1917–2002) быў сапраўды вялікім беларускім патрыётам i ахвярным сьвятаром, хоць i не адзначаўся шырынёю поглядаў. Ён, дарэчы, адным зь першых пачаў рабіць пераклады літургічных тэкстаў на беларускую мову.

Біскуп Сіповіч усім сэрцам жадаў еднасьці ўсіх хрысьціянаў, асабліва каталікоў i праваслаўных. Аднак для сапраўднай еднасьці патрэбныя чысьціня намераў i адсутнасьць якога-колечы вонкавага націску, фізычнага ці маральнага, а таксама пашана людзкой годнасьці. У прыватнасьці, ён ніколі не прымаў празэлітызму, або “навяртаньня” любымі сродкамі, незалежна ад таго, чаму чалавек вырашыў зьмяніць веравызнаньне. Бывалі выпадкі, калі прынцыпы, якімі кіраваўся Ўладыка Чэслаў у дачыненьні да праваслаўных, мусілі праходзіць выпрабаваньне. Так, у нядзелю 14 траўня 1972 году біскупа адведаў стары знаёмы (яшчэ з Італіі) Кастусь Мярляк. Цяпер ён жыў у Нью-Ёрку, вельмі актыўна ўдзельнічаў у беларускім грамадзкім i рэлігійным жыцьці. У яго – праваслаўнага – чамусьці ўзьнік канфлікт з вышэйшымі ўладамі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Замест таго, каб старацца палагодзіць непаразуменьне, сп. Мярляк разам з сваімі аднадумцамі намерыўся збудаваць сваю царкву i нават знайшоў праваслаўнага сьвятара, гатовага служыць у ёй. Але, відаць, такі варыянт не зусім яго задавальняў. Вось што занатаваў Уладыка Чэслаў у сваім дзёньніку: «Пасьля абеду (Мярляк. – А.Н.) зажадаў спэцыяльна пагутарыць са мной. Я ніяк ня мог дагадацца, што ён мае на думцы? Аказалася, што калі б a. Коўш (праваслаўны сьвятар. – А.Н.) адрокся ад таго прыходу, дзе яны будуюць новую царкву (выдалі ўжо 65 000 доляраў), праваслаўныя беларусы гатовы зьвярнуцца да мяне, каб абняў прыход. Я сказаў, што гэта немагчыма i мусяць знайсьці праваслаўнага сьвятара. Як бы яно ў будучыне ня здарылася, гэта было для мяне вялікай неспадзеўкай. Праваслаўныя, ня могучы між сабой згаварыцца, гатовы зьвярнуцца да вуніятаў, якіх нядаўна абкідвалі балотам! Але гэта магчыма толькі там, дзе праваслаўныя ёсьць ня толькі сьведамыя беларусы, але i патрыёты».

Біскуп Сіповіч ніколі не сьпяшаўся прымаць тых, хто выказаў жаданьне стаць каталіком, не праверыўшы прычынаў, якія схілілі іх да гэтага кроку. Калі ў 1975 годзе адна асоба зьвярнулася да яго з такой просьбай, ён напісаў у сваім дзёньніку 9 кастрычніка: «Ня ведаю, дзе гэтакіх думак ці плянаў прычына, але магчыма i тыя адносіны з Уладыкам Мікалаем. Прыняцьце поўнасьцю каталіцкае веры – гэта акт ласкі Божае i ўласнай працы над сабой. Магчыма ў душы Н.Н. дасьпее адно i другое».

Ён, аднак, ніколі не вагаўся рабіць тое, што ўважаў патрэбным для душы дадзенай асобы. Увесну 1970 году ў Парыжы паміраў хворы на рак Мікола Абрамчык, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён быў хрышчаны праваслаўным. Уладыка Чэслаў паехаў адведаць яго. Вось як ён апісвае іхную сустрэчу 5 траўня: «Прыгожы дзень. Ізноў гутару з Прэзыдэнтам (Абрамчыкам. – А.Н.). Ён кажа, што вельмі цьвёрда верыць у Бога, у несьмяротнасьць душы. Спавядаецца. Пасьля ўдзяляю яму такжа тайну сьв. памазаньня. Усё гэта прымае з вялікай паслухмянасьцю i пабожнасьцю. De facto (на справе) сп. M. Абрамчык уважае сябе за уніята i кажа, што такім быў яго бацька заўсёды. Гэтых пару дзён майго прабываньня з Абрамчыкамі астануцца ў маёй памяці заўсёды. Сам Мікола даведзены хваробай да выгляду шкілету, аднак глыбока задуманы, сканцэнтраваны. Калі гаворыць, голас, хаця i прытушаны, кідае быццам маланкі... Я маліў Бога, каб дапамог мне дапамагчы духова Абрамчыку. Ён страшэнна церпіць фізычна. Таму нэрвовыя ўзрывы».

Абрамчык памёр 29 траўня. Ha пахаваньне 4 чэрвеня прыехалі біскуп Сіповіч i праваслаўны сьвятар айцец Аўген Смаршчок. Калі дамаўляліся пра парадак пахаваньня, «Спадарыня Абрамчык заявіла: “Мікола быў праваслаўным i я жадаю, каб служыў праваслаўны сьвятар”. Я маўчаў, а а. Смаршчок сказаў: “Мы з Уладыкам ведаем, што i як нам рабіць. Мы ўжо разам служылі па пакойным Марговічу ў Мюнхэне”. Факт аднак ёсьць, што Абрамчык сябе за праваслаўнага не лічыў, хіба толькі па мэтрыцы. Для яго кожны беларус сьвятар быў аднолькава цэнны. Вунію ён уважаў за беларускую нацыянальную рэлігію».

Увосень 1975 году Ўладыка Чэслаў, які тады знаходзіўся ў Амэрыцы, на просьбу беларусаў зь Нью-Ёрку i ваколіцаў згадзіўся адслужыць 5 кастрычніка перад Помнікам Герояў на беларускім могільніку ў Нью -Брансўіку службу за ўсіх беларусаў, што памерлі за Бацькаўшчыну або сталіся ахвярамі перасьледу. 2 кастрычніка ён наведаў Кліўлэнд i зайшоў да мітрапаліта Андрэя Крыта, галавы Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Біскуп запісаў у сваім дзёньніку: «У гутарцы з Мітрапалітам хутка я пачуў гэткі сказ: “Вось да мяне звоняць i звоняць, i пытаюць, чаму гэта біскуп Сіповіч мае ўжо высьвячаны мною перасьвячваць помнік герояў на могілках у Нью Брансўік?” Я аб гэтым нават i ня думаў з Мітрапалітам гутарыць. Калі мяне запрасіў С. Гутырчык памаліцца перад помнікам, дык я прыняў гэта ахвотна, i зь перакананьнем, што за ўвесь парадак адказваюць арганізатары. A памаліцца перад агульнабеларускім помнікам на беларускіх могілках я ня меў намеру ў нікога прасіць дазволу. Добра аднак сталася, што мітрапаліт Андрэй успомніў аб гэтым. Тады я выясьніў, што не зьбіраюся высьвячанага помніка перасьвячваць; таксама папрасіў Мітрапаліта адказаць тым, што да яго тэлефануюць, так, як трэба ўсім гэта разумець». 

Прыйшоў дзень 5 кастрычніка: «Едзем на беларускія могілкі... Прыгожы дзень. На могілках даволі шмат людзей i старэнькі Родзька з хорам. Вэтэраны на чале з камандзірам Гутырчыкам трымаюць строй... Аблачаюся каля помніка, асыстуе Фр. Бартуль. Казань. На пачатку я сказаў, што там, дзе беларусы мяне запрашаюць, – іду да ix, i ніколі яшчэ ня здарылася выпадку, каб я меў з боку беларусаў пэўныя цяжкасьці. Далей я сказаў, за каго маемо маліцца i назваў шмат імёнаў, пачынаючы ад К. Каліноўскага аж да апошніх мучанікаў за веру i бацькаўшчыну. Наступна разьвіў думку паводле motto Гётэ “Die Marmoren sprechen” (мармуры гавораць. – А.Н.). Помнік герояў – гэта сымбаль нашых пакут i нашай славы. Але гэты сымбаль трэба ажывіць, пазнаючы нашу мінуўшчыну i гледзячы ў будучыню... Абед-прыняцьце пад царквой (праваслаўнай. – А.Н.)... Прамаўляюць: Кажура, Стома, Адамцэвіч (паляк), Сокал, Уладзімір Русак, інж. Васіль Русак. Усе прамовы спакойныя, поўныя прыхільнасьці да маёй асобы, чуваць словы “Бог i Бацькаўшчына”, часта паўтараныя. Уладзімір Русак успамінае сцэну з часоў нямецкіх табараў, калі беларускі праваслаўны сьвятар прат(аерэй) Сьцяпанаў пацалаваўся з дзек(анам) Міхасём Маскалікам. Ён дадае: “Магло б штосьці падобнае быць i сяньня...” Гэта намёк на тое, што ані на могілках, ані ў залі не было праваслаўнага сьвятара. Запраўды гэта сумна i для мяне... Адказваючы ўсім, я шчыра падзякаваў i папрасіў, каб мой прыезд сюды ня стаўся новым нейкім штуршком да нязгоды... Як на могілках, так i ў залі я адчуў дабрату нашых людзей. Каб яны мелі разумнейшых сьвятароў, само сабой прышло б да еднасьці. “I папоўскае закляцьце, i ксяндзоўскі нагавор” хутка зьніклі б. Тымчасам аднак цярпліва, тактычна i з Божай помаччу трэба далей гнаць першую баразну...»

У 1979 годзе 25 сакавіка, сьвята Дабравешчаньня (Зьвеставаньня) i дзень незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, выпаў у нядзелю. Біскуп напісаў у сваім дзёньніку: «У капліцы вельмі мала людзей. Сумна ў душы, бо ж гэта сьвята Багародзіцы i наша нацыянальнае. Прычына, чаму некаторыя не прыйшлі на Багаслужбу, бо а гадз. 4 рм (“post meridiem” г. зн. папаўдні. – А.Н.) мае быць акадэмія i прыняцьце ў доме сьв. Пятра, 39 Гольдэн Роад, N.12. Мне прышла думка такая, каб усіх перад зборкай-акадэміяй заклікаць у нашу капліцу i памаліцца, хаця коратка, за Беларусь. Пагаварыў я з Я. Міхалюком, з Я. Сяўковічам, a. Пякарскім (праваслаўны сьвятар БАПЦ). Усе згадзіліся. Усе сабраліся ў капліцу. Адсьпявалі “Ойча наш” i “Магутны Божа”. Сьпеў быў вельмі вялы, нягучны, але маем надзею, што Бог прыняў малітву. У залі зборкай кіраваў Алесь Зданковіч. Кароткі вельмі даклад прачытаў у анг. мове Янка Сяўковіч. Пасьля я гаварыў. Тры тэмы парушыў: 1) сяньняшняе сьвята царкоўнае Благавешчаньня; 2) сэнс нашага нацыянальнага сьвята; 3) дзень маткі. Магчыма, гаварыў я крыху задоўга... У запраўднасьці я жадаў “надрабіць” у залі, чаго дзеля адсутнасьці людзей ня мог зрабіць у капліцы. Як часта i як горка адчуваецца наш рэлігійны падзел! Хаця i мілыя добрыя людзі, але імі не пакіруеш, бо паміж намі ёсьць яшчэ перагароды, калі не нацыянальнага, дык рэлігійнага парадку. Божа, дай нам еднасьць!»

Позна ўночы 1 жніўня 1979 году на парозе Марыян Гаўз зьявіліся двое маладых людзей. Гэта былі праваслаўныя сэмінарысты з Варшавы, беларусы зь Беласточчыны. Параіўшыся з айцом Надсанам, Уладыка Чэслаў вырашыў даць ім гасьціну i аплаціць курсы ангельскай мовы. Яны прабылі ў Марыян Гаўз шэсьць тыдняў i пакінулі па сабе як найлепшае ўражаньне. Уладыка Чэслаў меркаваў прыняць іншых праваслаўных сэмінарыстаў на наступнае лета, але праваслаўны мітрапаліт Варшаўскі Базыль (сам беларус) ня даў згоды.

19 жніўня 1979 году ў агародзе Марыян Гаўз моладзь ладзіла пікнік. Сабраліся там i старэйшыя. Адзін зь ix, праваслаўны, як апісаў пасьля сам Уладыка, «падышоў да мяне... i кажа: “Мы жадалі б, каб Папа зрабіў вас, Уладыка, архіепіскапам ці нават кардыналам, але мы не хацелі б памыліцца ў нашых просьбах...” Ці мог бы я ім штось парадзіць!.. Я на гэта сказаў: “Толькі да Папы належыць павышаць у Кат. Царкве герархаў. Я вам не даю ніякай рады...” Усе беларусы праваслаўныя адносяцца да мяне куды лепш, чымся на пачатку маёй працы тут у Вялікай Брытаніі».

Біскуп Сіповіч добра ведаў, што беларускае грамадзтва ў цэлым яшчэ не дасьпела да экумэнічнага дыялёгу. Таму ён стараўся заўсёды тактоўна i абачліва ставіцца да праваслаўных, перадусім да тых асобных людзей, якія прыходзілі да яго з пытаньнямі веры. Не шукаючы лёгкіх часовых “посьпехаў”, Сіповіч кіраваўся старым i добра выпрабаваным правілам: “Salus animarum suprema lex” (збаўленьне душаў – найвышэйшы закон).

Notes

[144] Назіральнік. “Кананічная візытацыя Ўладыкі Андрэя ў Ангельшчыне”, Беларус, № 177, Нью-Ёрк, лістапад 1971, с. 5.


 


 


 

 

 

Напісаць ліст