19. Цяжкая біскупская мітра
Вышэй ужо згадвалася, што біскуп Сіповіч як апостальскі візытатар меў
даволі абмежаваныя правы. Тым ня менш, як першы i адзіны за паўтара
стагодзьдзя беларускі каталіцкі біскуп, ён адчуваў маральную адказнасьць за
ўсіх беларускіх каталікоў на Бацькаўшчыне i на чужыне. Беларускія каталікі,
з свайго боку, глядзелі на яго як на свайго рэлігійнага правадыра i чакалі
ад Яго, магчыма, больш, чым ён мог зрабіць. Такім чынам, яму даводзілася
нялёгка, асабліва калі прыняць пад увагу, што цягам шасьці гадоў ён
узначальваў і закон марыянаў.
У Лёндане, свабодны ад абавязкаў у марыянскім законе, Уладыка Чэслаў
зноў апынуўся ў цэнтры беларускага жыцьця, якога яму не ставала ў Рыме. Ён
кінуўся з галавой у беларускія справы. Біскуп прысутнічаў на ўсіх беларускіх
імпрэзах – зборках, канфэрэнцыях, сьвяткаваньнях, якія звычайна адбываліся ў
вялікай залі Дому сьв. Пятра або ў бібліятэцы. Ён любіў прымаць гасьцей –
сьвятароў, вучоных-славістаў, беларусаў з усяго сьвету, у тым ліку з Польшчы
i савецкай Беларусі. Зь вядомых прычынаў апошнія не хацелі ніякага
розгаласу. Для ix, прывучаных, што “каталік” i “паляк” – тое самае, роўна як
“праваслаўны” i “рускі”, сустрэча зь беларускім каталіцкім біскупам, які
гаварыў у царкве i па-за царквою па-беларуску, паходзіла на аб’яўленьне.
Адным з найбольш выдатных гасьцей беларускага асяродку быў кардынал Язэп
Сьліпый. Ён адведаў Марыян Гаўз 12 траўня 1970 году. У капліцы сьв. Пятра i
Паўла ён адслужыў сьвятую Літургію разам зь біскупамі Аўгустынам Горнякам,
украінскім экзархам у Англіі, i Чэславам Сіповічам. У казані кардынал
Сьліпый зьвярнуўся да беларусаў з заклікам шанаваць i захоўваць сваю
рэлігійную i нацыянальную спадчыну.
Біскуп Сіповіч ведаў кардынала Сьліпога ад 1963 году, калі той прыехаў у
Рым. Біскуп меў да яго вялікую павагу, але не заўсёды згаджаўся зь ім. У
прыватнасьці, біскуп Сіповіч крытычна ставіўся да ідэі Ўкраінскага або
Кіева-Галіцкага Патрыярхату. Згодна з канцэпцыяй ягоных прыхільнікаў, ён меў
абымаць ня толькі ўкраінскія, але й беларускія землі, што даўней уваходзілі
ў склад Кіеўскай Мітраполіі. Пераважная бальшыня ўкраінскіх біскупаў
падтрымлівала ідэю патрыярхату, але некаторыя зь ix мелі сур’ёзныя сумневы.
Такім быў Аўгустын Горняк, украінскі экзарх у Англіі. 30 лістапада 1971 году
ён паказаў біскупу Сіповічу, які ў яго абедаў, лісты ад Усходняй Кангрэгацыі
i самога Сьвятога Айца зь ветлівым, але адмоўным адказам адносна
Кіева-Галіцкага Патрыярхату. Адмова тлумачылася прычынамі кананічнага,
пастырскага i экумэнічнага характару.
Нягледзячы на такое стаўленьне Рыму, Сьліпый не закінуў ідэі патрыярхату.
2 чэрвеня 1972 году ён пісаў біскупу Сіповічу: «Абапіраючыся на даўнюю
гісторыю, пытаюся, ці Вы жадалі бы належаць да нашага Патрыярхату,
канстытуцыю якога мы цяпер канчаткова апрацоўваем, зразумела з сваёй
аўтаноміяй, ці не? Прашу ласкавага хуткага адказу»[145].
Біскуп Сіповіч адказаў доўгім лістом 30 чэрвеня: «У вашым кароткім лісьце
Вы парушылі вельмі важную справу : справу належаньня Беларускай Каталіцкай
Царквы да Ўкраінскага Патрыярхату. Дагэтуль я ня меў нагоды забіраць голасу
ў справе Ўкраінскага Патрыярхату, хаця ўжо ў часе апошняга Экумэнічнага
Сабору да мяне зьвяртаўся адзін з украінскіх Біскупаў з пытаньнем, ці я
згодны падпісаць супольную просьбу да Апост. Пасаду. Я ўважаў, што
беларускаму Біскупу ў сучасных абставінах не выпадае ўваходзіць у сьцісла
ўнутраныя справы ўкраінскай Царквы.
Што датычыць беларускага Патрыярхату – бо толькі аб такім магла б быць
мова – магу высказаць мой собскі погляд, які магчыма ня будзе розьніцца з
тым, што думае беларускае каталіцкае духавенства на эміграцыі.
Аб беларускім патрыярхаце можа быць гутарка толькі тады, калі б былі
гэтакія ўмовы:
1) Калі настане рэлігійная еднасьць у беларускім народзе i калі ён увесь,
або прынамсі яго большая частка, прызнае Наступніка Сьв. Апостала Пятра
сваёй Галавой.
2) Справа Беларускага Патрыярхату ёсьць зусім неактуальнай на чужыне. Яна
павінна вырашацца пры адпаведных умовах на Беларусі.
3) Гістарычныя сувязі беларусаў i ўкраінцаў у адной Кіеўскай Мітраполіі
не зьяўляюцца de jure divino (з Божага ўстанаўленьня. – A.H.) i ў зьмененых
сучасных абставінах немагчыма трымацца даўніх арганізацыйных рамак, бо i
Хрыстос ня радзіць уліваць новага віна ў старыя мяхі.
4) Беларускім Патрыярхатам можа заняцца або Экумэнічны Сабор або
Апостальскі Пасад.
З усяго тут сказанага вынікае мая пакорная просьба да Вашай Дастойнасьці,
да якой маю асаблівую пашану i любоў, каб у той прыгатоўвыванай констытуцыі
Ўкраінскага Патрыярхату Беларускі Патрыярхат у такой ці іншай форме быў
абмінуты».
Калі хто заслугоўваў пашаны i гонару, дык гэта Ўкраінская Каталіцкая
Царква за сваю рашучую i сьмелую пазыцыю ў абароне сваёй веры. Тым ня менш
ідэя Ўкраінскага Патрыярхату выглядала даволі спрэчнай, не абавязкова сама ў
сабе, а таму, што яна ўзьнікла ў неадпаведны час, калі Ўкраіна не была
свабоднаю, i ў неадпаведным месцы: не на Ўкраіне, а на эміграцыі. Сіповіч
заняў наагул слушную пазыцыю, бо ён ня меў мандату гаварыць ад імя ўсёй
Беларускай Вуніяцкай Царквы. Можна шкадаваць пра рэзкі тон, што не дапускаў
пярэчаньняў; але магчыма, ён выкліканы “рэакцыяй у адказ” на вельмі ж
кароткі ліст Сьліпога, які ставіў пытаньне рубам: “так” або “не”. Сумна тое,
што пасьля такога абмену лістамі адносіны між двума герархамі значна
пахаладалі.
Адну з найбольшых цяжкасьцяў пастырскай працы сярод беларусаў на
эміграцыі складала вялікая расьцярушанасьць вернікаў i недахоп сьвятароў. У
абавязкі біскупа Сіповіча як апостальскага візытатара, згодна з інструкцыяй
Усходняй Кангрэгацыі 1960 году, уваходзіла адведваць беларускія асяродкі
прынамсі раз на год. У час, калі ён узначальваў закон марыянаў, біскуп
Сіповіч імкнуўся спалучаць кананічныя візытацыі марыянскіх кляштараў з
адведваньнем беларусаў. Гэта давалася яму нялёгка, але іншага выйсьця не
было. Толькі пасьля 1969 году падарожжы біскупа набылі чыста “беларускі”
характар. Цягам 1970–1978 гадоў ён ня толькі наведаў эўрапейскія краіны –
Нямеччыну, Францыю, Бэльгію, але й зрабіў шэсьць доўгіх падарожжаў у
Злучаныя Штаты Амэрыкі i Канаду.
Другім важным спосабам трымаць сувязь i разьвязваць важныя пытаньні
мусілі стаць зьезды сьвятароў. Ha зьезьдзе ў 1960 годзе пастанавілі
праводзіць іх раз на некалькі гадоў. На жаль, доўгі час гэтае рашэньне
заставалася нявыкананым. Зьезды 1961 году ў Кэнігштайне i 1962 году ў Рыме
былі хутчэй прынагоднымі зборкамі. Калі біскуп Сіповіч стаў генэралам
марыянаў, пра зьезд не магло весьціся нават гутаркі. Наступны сапраўдны
зьезд беларускіх сьвятароў прайшоў толькі 2–7 жніўня 1972 году ў Лёндане. Ён
распачаўся ў аўторак 2 жніўня ўвечары малітваю i духоўнай гутаркай Уладыкі
пра месца сьвятара ў царкве ў пасьлясаборны пэрыяд. Гэтую гутарку можна
назваць праграмнай. Вось галоўныя думкі:
«Ад часу заканчэньня апошняга Сыноду Хрыстова Царква перажывае глыбокі
працэс аднаўленьня... Кіруючыся дэкрэтамі апошняга Сабору, а такжа апошніх
біскупскіх сынодаў, мы пастараемся правесьці працу нашага зьезду ў духу
Эвангельля... Пасланство, місія, заданьне сьвятара ёсьць аднолькавым з
пасланством Царквы, якой даручыў Хрыстос. Яно ня ёсьць палітычнае,
эканамічнае, грамадзкае, але рэлігійнае... Сьвятар павінен весьці людзей да
збаўленьня, a іншага практычнага Царква шляху да гэтай мэты ня знае, як
толькі праз навучаньне (Божае слова), праз удзеляньне сьвятых тайнаў. Божае
слова, якое падае з вуснаў сьвятара, павінна весьці да сакрамантаў (тайнаў),
бо яны маюць быць пажывай хрысьціянскага жыцьця. Сьвятар у сваім служэньні
ёсьць цэнтрам той царкоўнай клетачкі, якую называем парахвіяй, місіяй,
капэляніяй ці як інакш. Сяньня Царква жадае, каб народ як найбольш
праяўляўся ў жыцьці Царквы... Аднак ніколі ўдзел сьвецкіх людзей у
літургічным жыцьці не заступіць сьвятарства i сьвятара. Toe тайнае ўнутранае
жыцьцё ў Царкве, якое адбываецца праз сакраманты, яно не ад людзей, а ад
Бога. Сакраманты няма сэнсу прымаць дзеля прывычкі, горш – бяз веры. Таму
трэба прыгатаваньня да ix кожнага хрысьціяніна, вялікай веры з боку
сьвятара. Сяньня Царква дапускае вернікаў бліжэй да аўтара, дазваляе
забіраць ім голас у шматлікіх царкоўных або зьвязаных зь імі справах.
Невядома чаму некаторыя сьвятары зрабілі з гэтага выснаў, што яны павінны
прыблізіцца да народу. Але ў чым i як? Ня толькі ў вонкавым выглядзе, але i
ў жыцьці сьвецкім. Пачаўся страшэнны крызіс сярод нашай брацьці... Ва ўсіх
краінах сьвету адчуваецца недахоп прызваньняў. Пачаліся вялікія цяжкасьці ў
адносінах паміж біскупамі i сьвятарамі... Факт астаецца фактам, што i тут
трэба глыбокай веры, каб сьвятар у асобе біскупа бачыў апостала, a біскуп у
асобе сьвятара бачыў зроджанага сына праз ласку Духа Сьвятога, праз
узлажэньне сваіх рук. Таксама адносіны сьвятароў між сабой бяз веры ў
надпрыродную місію, без цярплівасьці i любові ня змогуць існаваць так, каб
былі прыкладам для сьвецкіх i каб ix апасталят быў багаты пладамі.
Дагэтуль я парушыў некалькі пытаньняў агульнага парадку, якія, аднак,
настолькі сутныя, што без усьведамленьня ix... цяжка прыступаць да разгляду
асаблівага паложаньня беларускага сьвятара... Перадусім, хто мы ёсьць самі?
Хто нас вучыў, узгадоўваў? Хаця ўсе мы былі забавязаныя студыяваць
хрысьціянскую філязофію, тое самае багаслоўе, але блізу кожны з нас быў у
іншай сэмінарыі... Ніхто з нас ня меў шчасьця студыяваць у сваёй собскай
мове... Мы былі нават у такіх умовах, што аб нашай беларускай культуры ў
прошлым сьведама нашы прафэсары замоўчвалі або рабілі з яе капітал сваёй,
але для нас чужой, культуры... Калі апошняя вайна выкінула... масы людзей за
межы Бацькаўшчыны, знайшлося сярод ix i пару беларускіх сьвятароў. Так ці
інакш дайшлі іншыя. Усе мы трымалі між сабой лучнасьць, доказам гэтага ня
толькі нашы прынагодныя спатканьні, але такжа зьезды... Усе нашы зьезды
займаліся беларускім душпастырствам на чужыне. Найважнейшай справай была
справа герархіі. Тады ўсе мы прасілі Апостальскі Пасад аб двух біскупаў: для
каталікоў лацінскага абраду i ўсходняга. Чаму i як яно сталася, што
Апостальскі Пасад даў беларусам толькі аднаго, i то ўсходняга абраду, ня тут
мейсца разглядаць гэтае пытаньне... Трэба было згадзіцца з воляй
Апостальскага Пасаду i весьці далей працу ў скамплікаваных абставінах
чужыны.
Наша беларуская эміграцыя першая ў гісторыі сьведамая. Гэты гонар
“першая” невялікі, бо тысячы беларусаў улілося ў чужыя эміграцыі i назаўсёды
страчаныя для Беларусі. Наша арганізаванае рэлігійнае жыцьцё такжа першы раз
у гісторыі. У кожнай краіне, дзе знайшоўся беларускі сьведамы сьвятар
патрыёт, ён гоніць першую баразну... Якая, аднак, наша эміграцыя не была,
толькі таму, што сьведамая, прыняла нас, сваіх сьвятароў... 25 гадоў нашага
эміграцыйнага жыцьця многа чаго навучыла нас. Прыйшла нейкая стабілізацыя
жыцьця, пачаўся тварыцца характар нашай эміграцыі ў кожнай краіне. Вось усё
нам трэба разглядзець, разважыць, каб унікнуць памылак, каб працаваць
пазытыўна. У нас вялікія цяжкасьці, але ці большыя, чымся былі для
Апосталаў? Для Апостала Паўла?»
Гутарка Ўладыкі Чэслава надала тон усяму зьезду, які распачаў сваю працу
наступнага дня. Перш за ўсё сьвятары падзяліліся сваім досьведам пастырскай
працы ў розных краінах. Пасьля пачаліся дыскусіі i нарады, у якіх
закраналіся пытаньні душпастырскай дзейнасьці сярод беларусаў i
задавальненьня іхных рэлігійных патрэбаў. Зьезд прызнаў, што неабходна
ўзнавіць высілкі ў справе прызначэньня каталіцкага біскупа ў Беларусі.
Разглядаліся таксама: пытаньне сьвятарскіх пакліканьняў і магчымасьць мець
жанатых сьвятароў; патрэба беларускай рэлігійнай літаратуры i перакладу
Сьвятога Пісаньня i літургічных тэкстаў на беларускую мову; роля беларускай
рэлігійнай прэсы як сродку сувязі зь вернікамі; патрэба бліжэйшага
супрацоўніцтва з праваслаўнымі беларусамі ў духу любові i ўзаемнай пашаны,
не заплюшчваючы вочы на наяўныя адрозьненьні; роля сьвецкіх вернікаў у
жыцьці царкоўным.
Гэта быў вельмі важны зьезд, прысьвечаны пытаньням душпастырскага
характару. Ha аснове ягоных пастановаў біскуп Сіповіч распрацаваў мэмарыял
да Святога Айца Паўла VI, які i перадаў яму на прыватнай аўдыенцыі 22 лютага
1973 году. Адносна прызначэньня біскупа ў Беларусі Сьвяты Айцец сказаў:
«Tutto riconsideremo di nuovo e lo faremo tutto ch’e possibile» (Перагледзім
усё нанова і зробім усё магчымае). Біскуп Сіповіч узняў пытаньне пастырскай
апекі над беларусамі каталікамі рымскага абраду на чужыне. Папа адказаў:
«Fate tutto come fin’ora. Occupatevi di loro» (Рабіце ўсё як дагэтуль.
Займайцеся імі). У сувязі з гэтым біскуп зрабіў такую заўвагу ў сваім
дзёньніку: «Гэта Айцец Сьв. сказаў так выразна, што без сумніву я зразумеў,
што ён не жадае гуляць у нейкія фармальнасьці, а проста жадае, каб я імі
апекаваўся».
Гэтым разам біскуп Сіповіч ня мог пабачыцца з архібіскупам Казаролі,
ватыканскім “міністрам замежных справаў”, бо той знаходзіўся ў
Чэхаславаччыне. Казаролі быў галоўным прадстаўніком Ватыканскай “Ostpolitik”
(Усходняй палітыкі). Адрозна ад папы Пія XII, які бескрампрамісна ставіўся
да камунізму, Павал VI імкнуўся палегчыць лёс каталікоў у камуністычных
краінах i не абвастраць сытуацыі. Ён дзейнічаў адкрыта i вёў перамовы з
камуністычнымі ўладамі. Ватыканскія дыпляматы, каб не пагоршыць справу,
стараліся не ўздымаць далікатных пытаньняў, такіх, як зьнішчэньне Ўкраінскай
Грэка-Каталіцкай Царквы ў 1946 годзе або савецкая акупацыя Чэхаславаччыны ў
1968 годзе. Гэта, безумоўна, многім не падабалася. У бок Ватыкану загучалі
абвінавачаньні ў прасавецкіх сымпатыях. Уражаньне ўзмацнялася тым, што
Ватыкан сваёй палітыкай амаль нічога не выйграваў (прынамсі, так выглядала),
a камуністы, ня робячы ніякіх саступак, здабывалі імідж “прыстойных людзей”,
зь якімі нават Каталіцкая Царква размаўляла.
У сераду 7 сакавіка 1973 году біскуп Сіповіч меў аўдыенцыю ў кардынала
Віё (Jean Villot), Ватыканскага Дзяржаўнага Сакратара (наступніка кардынала
Чыканьяні ). Ідучы на аўдыенцыю, Сіповіч сустрэўся з кардыналам Допфнэрам
(Julius Doepfner), архібіскупам Мюнхэнскім. Той, піша ў сваім дзёньніку
Сіповіч, «пытае аб Беларусі, аб маёй працы. Пытае: “Ці Вы задаволены з
дзейнасьці ў Сав. Саюзе архіепіскапа Казаролі?” Кажу: “Так, бо робіць, што
можа”. У яго пытаньні я адчуў быццам сумніў ці незадаволеньне з паездкі
монс. Казаролі ў Усходнюю Нямеччыну”. Пытаньне “Ostpolitik” закраналася
таксама на аўдыенцыі з кардыналам Віё: “Тут мы даткнулі такжа праблему
савецкай рэлігійнай палітыкі. Я заўважыў, што звычайна людзі ўважаюць кожную
паездку Арцбпа Казаролі ў Савецкі Саюз за прасавецкую палітыку Ватыкану. Ha
гэта Я. Эмінэнцыя: “Мы імкнёмся пашырыць, узмоцніць ужо існуючыя рэлігійныя
вогнішчы ў Савецкім Саюзе”».
У Рыме 4 сакавіка Ўладыка Чэслаў размаўляў з марыянінам айцом Баляславам
Якімовічам на беларускія тэмы. Вось як ён апісвае ў сваім дзёньніку:
«Гутарым з а. Якімовічам аб справах недаразуменьняў польска-беларускіх. Ён
сам лічыць сябе палякам, гутарыць па-беларуску, бацька яго з вуніятаў,
радзіўся на Гродзеншчыне (22 лютага 1969 г. Уладыка так пісаў пра бацьку
Якімовіча: “Яго бацька быў праваслаўным i напэўна ж беларусам”. – А.Н.).
Айца Я. Германовіча ён называе нацыяналістам... Пры гэтай нагодзе я таксама
сказаў аб адносінах некаторых польскіх марыянаў да беларусаў: палілі
беларускія рэлігійныя кнігі, не дазволілі прыехаць малодшым у Рым на студыі,
жадалі пасьля вывязеньня друйскіх айцоў інкардынаваць (далучыць. – А.Н.)
друйскі дом у сваю правінцыю, чаму супрацівіліся айцы Абрантовіч i Цікота».
У чэрвені біскупа Сіповіча зноў паклікалі ў Рым. 4 чэрвеня ён
сустракаўся
з архібіскупам Казаролі. У дзёньніку Сіповіч пакінуў апісаньне гэтай
сустрэчы: «Я. Д. Казаролі выясьняе: Айцец Сьвяты ў прынцыпе згадзіўся
распачаць ізноў справу біскупства ў Беларусі. Пакінуў да развагі мэтад
заладжаньня справы: або выслаць у Савецкі Саюз Бпа Сіповіча дзеля
перагавораў, або заклікаць айца Ул. Чарняўскага. Ня можна прыймаць усё з
поўнай даверанасьцю, што Саветы кажуць, але будзем рабіць. Я падзякаваў Айцу
Сьвятому i Я. Д. Казаролі.
Са свайго боку я падаў коратка прычыны, якія прамаўляюць за тым, каб лепш
я быў у “цені” i не высоўваўся ў перагаворах з Саветамі. Тыя прычыны
наступныя:
1) Ліст айца Ул. Чарняўскага, які піша, што, калі няма магчымасьці майго
прыезду, дык выклікаць яго.
2) Каб не скампрамітаваць маёй працы сярод эміграцыі.
3) Трэба адказаць на пытаньне: чаму савецкі ўрад жадаў бы, каб я прыехаў
у Саветы? Каб атрымаць ад мяне як найбольш інфармацыяў аб Ватыкане. Аб
Беларусі яны знаюць больш, чым я. Маё паложаньне ў Саветах было б вельмі
цяжкім, бо яны мяне ўважалі б за “усёведаючага”; пры іхным недаверы да ўсіх
i да ўся я ня хочучы мог бы скампрамітаваць Ап. Пасад. Зрэшты Саветы павінны
ведаць, што кожны біскуп залежыць ад Айца Сьвятога i таму, калі трэба, Айцец
Сьв. можа паслугоўвацца такжа i мной.
Усё гэта выслухаўшы, Арцбп Казаролі згадзіўся са мной».
Увесну 1974 году Ўладыка зноў у Рыме. Адной з прычынаў паездкі было
паседжаньне Камісіі для перагляду ўсходняга кананічнага права, у якую ён
уваходзіў. Ha паседжаньнях камісіі прысутнічалі таксама назіральнікі, сярод
ix – прадстаўнік Маскоўскага Патрыярхату біскуп Герман. На паседжаньні 20
сакавіка пытаньне пра назіральнікаў, як апісвае біскуп Сіповіч, выйшла
наверх: «Дыскутуецца справа ўдзелу абсэрватараў у нашай працы. Я стаўлю
пытаньне: якія крытэрыі трэба тасаваць у запросінах ix? Ці як прадстаўнікоў
цэркваў, ці як спэцыялістаў? Дыскусія ажывілася. Мітрап. Германюк (украінец
з Канады) кажа, што не заўсёды ёсьць патрэбным заклікаць абсэрватараў,
асабліва тых цэркваў, якія афіцыяльна згадзіліся на ліквідацыю братніх
цэркваў. Toe самае паўтарае румунскі біскуп Крыстэа. Румунскі патрыярх
(праваслаўны. – А.Н.), калі быў у Італіі, калі яго запыталі, што сталася з
каталіцкай усходняй Царквой, заявіў, што разьвязалася (e stata sciolta) i
ўжо яе ня лічыць за існуючую! Патрыярхі бабілёнскі i армянскі ўважаюць
непатрэбным запрашаць абсэрватараў, бо наша камісія мае выпрацаваць права
для ўсходніх каталіцкіх цэркваў. Кардынал Вільлебрандс уважае, што варта
запрашаць спэцыялістаў i няшмат. Таксама Кард. Фэлічы. Айцец Жужэк кажа, што
трэба ўзяць пад увагу такжа карысьць абсэрватараў, а ня толькі нашу». Гэтая
гісторыя мела працяг на апошнім паседжаньні камісіі 23 сакавіка: «Працы
Камісіі. Галасаваньне над “modi propositi”. Пасьля – пры канцы паседжаньня –
румынскі біскуп Крыстэа ад свайго імя i біскупаў Германюка i Сапэляка
прачытаў заяву аб стане цэркваў Украінскай i Румынскай. Мне здавалася, што
а. Рэжач, езуіт, які ўсё перакладаў біскупу Гэрману, у час гэтай заявы
маўчаў i не перакладаў яе».
20 сакавіка біскуп Сіповіч меў таксама сустрэчу з манс. Мантальвам у
Дзяржаўным Сакратарыяце. Як ён напісаў у дзёньніку, «гутарка аб спатканьні
Айца Сьв. Паўла VI з Грамыкам. Гэтым разам Папа вельмі выразна i моцна
сказаў Грамыку, што на яго нападаюць за яго “Ostpolitik”, a Савецкі Саюз не
ідзе на спатканьне пэўных канечных вымогаў з боку Папы, каторыя трэба
задаволіць. I так Папа яшчэ раз сказаў аб патрэбе для Беларусі біскупа,
такжа не прамінуў незаладжанай праблемы ўкраінскай. Калі я заўважыў, што
газэты пісалі, быццам Грамыка паставіў пэўныя ўмовы для Апост. Пасаду
(украінскую царк. справу лічыць зачыненай etc.), монс. Монтальва сказаў,
гэта няпраўда. На днях Архібіскуп Казаролі мае спаткацца з савецкім
прадстаўніком, каб больш канкрэтна абгаварыць такжа справу назначэньня
біскупа для Беларусі. Гутарылі такжа наагул аб сучасным палажэньні Царквы.
Монс. Мантальва сказаў, што Монс. Казаролі крыху прыгноблены рознымі
нападкамі на Айца Сьв., на яго асабіста. Тут прычынай слаўныя кардыналы
Сьліпый i Міндсэнты, але ня столькі кардыналы, паколькі тыя палітыканы, што
каля ix круцяцца».
Палітыка вялася ня толькі ў атачэньні Сьліпога i Міндсэнты. 27 сакавіка
біскуп Сіповіч сустрэў у Дзяржаўным Сакратарыяце архібіскупа Дамэніко
Энрычы, былога апостальскага дэлегата ў Вялікай Брытаніі, які ў 1971 годзе
пасьвячаў Бібліятэку Ф. Скарыны. Разгаварыліся. Піша біскуп Сіповіч: «Вельмі
мілы чалавек. Гутарым аб сучасных падзеях на сьвеце i ў Царкве. Калі я
заўважыў, што здарылася некалькі асаблівых падзеяў у апошнім часе, зь якімі
ня можна не лічыцца (украінскія дамаганьні, Кард. Міндсэнты, Салжаніцын), ён
папрасіў гэта напісаць, каб пазьней перадаць Арцбпу Бэнэльлі. Абяцаў
зрабіць, вярнуўшыся ў Лёндан... Спатканьне з Монс. Мантальва... Перайшлі да
беларускіх царкоўных справаў. Монс. Мантальва паўтарыў яшчэ раз, што Айцец
Сьв. вельмі ўпрама сказаў міністру Грамыку аб патрэбе ў Беларусі біскупа, i
што даў яму пазнаць, калі ў далейшым будзе з боку Саветаў маўчаньне, або
лепш сказаць, калі яны ня выйдуць на спатканьне жаданьням Ап. Пасаду, гэтым
ставяць Ап. Пасад у цяжкое паложаньне... Гэта ўсё ўсьцешыла мяне, але я
заўважыў, што сяньня атрыманьне біскупа для Беларусі азначала б такжа нейкі
посьпех ватыканскай “Ostpolitik”, a гэта важна, калі Апостальскі Пасад, можа
больш як калісьці, ёсьць праз рознага роду ворагаў атакаваны».
Уладыка Чэслаў не забыўся пра сваё абяцаньне архібіскупу Энрычы i ўжо ў
Рыме зрабіў чарнавы накід сваіх заўвагаў, якім даў тытул “Le annotazioni su
alcuni problemi d’oggi” (Заўвагі пра некаторыя сёньняшнія праблемы). 29
сакавіка ён зноў меў сустрэчу з манс. Мантальвам і між іншага прачытаў яму
свае “annotazioni”. Далейшае апісвае біскуп Сіповіч: «Ён (Мантальва. – А.Н.)
ix вельмі ўважна слухаў. Пасьля папрасіў копію для Я. Д. Казаролі. Пры гэтым
вывязалася гутарка, у якой ён дыскрэтна, але выказаўся наступна: калі б мае
зацемкі перад Вялікаднем трапілі ў рукі Яго Сьвятасьці Папы – што ёсьць
вельмі магчымым – ён мог бы ў пасхальнай прамове сказаць пэўныя рэчы, якія
маглі б шмат гдзе нарабіць клопату, асабліва калі б не было часу ўсяго
абдумаць i належна абгаварыць. У папскай курыі ёсьць таксама праціўнікі г.
зв. “Ostpolitik” Я. Дастойнасьці Арцбпа Казаролі, а некаторыя мае зацемкі
былі б вадой на ix млын... Калі шырэй мы ўсё разважылі, мне стала сумна,
цяжка на сэрцы: усё ж палітыка ёсьць палітыкай. I мне здалося, што яна
прысланяе самога Хрыста. У маіх зацемках я жадаю паказаць на тое, што
ўмяншае аўтарытэт Апост. Сталіцы, асобу Паўла VІ, асабліва калі гэтак ярка
ўспыхнулі гэтакія постаці, як Сьліпый, Міндсэнты, Салжаніцын. Гэты апошні
сказаў праўду, якую, здавалася б, павінен перш i перадусім гаварыць сам
Айцец Сьвяты. А тут баяцца яму нават паказаць некаторыя факты.
Пасьля гэтакай гутаркі я абяцаў яшчэ раз перагледзець мае “annotazioni”,
выслаць ix крыху пазьней з Лёндану. Я прывык слухаць маіх зьверхнікаў. Тут я
зусім свабодны, але ў маёй душы нейкая каламуць: куды я ўлез? I ці сапраўды
ўсё тое, што я напісаў, патрэбнае? Але ж i мне, маленькаму, апошняму з
апосталаў, хацелася б дапамагчы добраму Паўлу VI, які нясе страшэнны цяжар
на сваіх плячох. О, Духу Сьвяты, асьвяці мой розум!»
Невядома, ці Ўладыка Чэслаў выслаў зь Лёндану свае “заўвагі”, бо ў ягоных
паперах няма копіі. Калі, аднак, гэты выпадак пакінуў на ім нейкі сьлед, у
сваёй далейшай дзейнасьці ён гэтага не паказаў i застаўся, якім быў. У
верасьні 1975 году яго запрасілі весьці рэкалекцыі для сьвятароў
карпатарускай эпархіі Пассаік у Амэрыцы. 16 верасьня адбылася агульная
дыскусія, якую ён апісаў: «А гадз. 10, пасьля сьнеданьня, у залі
дыялёг-дыскусія. Былі парушаныя тэмы: жыды, да якіх адчуваецца агульная
нелюбоў... адносіны Ватыкану да ўсходніх каталіцкіх цэркваў: чаму ва Усх.
Кангрэгацыі няма ўсходнікаў? “Ostpolitik” i ігра Ватыкану з Масквой. Адзін
са сьвятароў выступіў з пытаньнем: “У 1968 г. Вы, Эксцэленцыя, былі ў Новай
Зэляндыі i заявілі, што ў Беларусі няма ані аднаго біскупа. Што ў гэтай
справе зрабіў дагэтуль Ватыкан?” Зьдзівіла мяне не самое пытаньне, але што
знайшоўся сьвятар, які сьлядзіць нашыя царкоўныя справы. Усе мае адказы былі
ў духу “sentire cum Ecclesia” (быць заадно з Царквой), i адзін са сьвятароў
назваў мяне непапраўным аптымістам».
Notes
[145] «Опираючись на давню
історію, запитую, чи Ви бажали б належати до нашого Патріярхату, якого
Конституцію ми тепер дефінітивно формулюемо, очевидно зі своею автономіею,
чи ні? Прохаю про ласкаву скору відповідь».