Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус

22. Гісторыя адной сям’і

Уладыка Чэслаў пісаў 25 ліпеня 1963 году свайму брату Петрусю, які жыў у Польшчы: «Помню я аб усіх маіх родных, асабліва аб Маме, Фэлі, аб братох іншых. Малюся часта за ўсіх вас. Вы, аднак, павінны разумець, што той мой брат, тая мая сястра, хто спаўняе волю Айца нябеснага. Калісь, як спаткаемся ў небе, усе мы будзем родныя, бо ўсе мы дзеці аднаго Айца нябеснага».

У гэтых словах біскуп Сіповіч выказаў сутнасьць сваіх адносінаў з бацькамі i роднымі ў кантэксьце ўсеагульнага пакліканьня Божага ўсынаўленьня. Яны пераклікаюцца з словамі Хрыста: “Маці мая i браты мае ёсьць тыя, што слухаюць Слова Божае i спаўняюць яго”(Лк 8:21). Гэта ніякім чынам не выключае тых сыноўскіх i братніх пачуцьцяў, якія павінны існаваць у кожнай сям’і. Зь іншага боку, яны акрэсьліваюць пэўную мяжу таму, што адзін сямейнік можа патрабаваць ад другога. Згаданы вышэй ліст пісаўся неўзабаве пасьля таго, як Сіповіч стаў генэралам закону марыянаў. Пятрусь гэта зразумеў па-свойму i зьвярнуўся 4 жніўня да Ўладыкі Чэслава, каб той запрасіў яго i ягонага двохгадовага сына Артура ў Рым, бо «ён Цябе i Паўла VІ хацеў бы пабачыць». Адказ, пісаны 23 жніўня 1963 году, быў востры: «Не магу зразумець, як ты асьмельваешся прасіць ад мяне запросінаў цябе і Артура? Я ёсьць законьнік, а ня нейкі мільянер. Я не магу рабіць нейкіх дамоў для дзяцей. А такжа ня маю столькі грошы, каб цябе з хлопчыкам утрымаць у гатэлі. Ты ўсьцяж думаеш катэгорыямі сваімі собскімі аба мне так, як у нас думалі аб сьвятару ў Дзедзінцы: калі будзе ксяндзом, ён паможа ўсім – бацьком, дзядзьком i г. д. Калі ты выбраў такі, а ня іншы стан жыцьця, ты мусіш стаць на ногі сваімі собскімі рукамі i нагамі, a перадусім сваёй собскай галавой!»

Вінцэсь Сіповіч меў 35 гадоў, калі ў 1912 годзе ён ажаніўся з 22-гадовай Ядвігай Тычкай. У 1913 годзе ў ix нарадзілася дачка Алена. Яна i малодшая сястра Амэля памерлі, прастудзіўшыся пад час пажару ў Першую сусьветную вайну, калі ўся іхная вёска згарэла. Такім чынам, Чэслаў, які нарадзіўся 8 сьнежня 1914 году, застаўся найстарэйшым дзіцём у сям’і. У 1919 годзе нарадзіліся блізьняты, Францішак i Янка (Янусь), але выжыў толькі Янка. Пасьля таго, як Заходняя Беларусь апынулася ў межах польскай дзяржавы, у сям’і Сіповічаў прыбыла яшчэ трое: дачка Фэля (Фэліцыя) у 1922 годзе, сын Пятрусь у 1924 годзе і, нарэшце, Вінцусь у 1934 годзе. Бацькі ня мелі ніякай адукацыі. Паводле сьведчаньняў Чэслава i Петруся, бацька ведаў, апрача беларускай, расейскую мову, a маці магла размаўляць таксама па-польску. Аднак пісаць па-польску было ёй, відаць, цяжка. На некаторых лістох, што ў 1938–1939 гадох пісалі Чэславу ў Рым з дому па-польску сястра Фэля або брат Пятрусь, ёсьць кірылічныя ініцыялы “Я. С.” мамы або нават поўны подпіс вялікімі “друкаванымі” літарамі: “MAMA ЯДВИГА СИПОВИЧ”. Калі ў 1957 годзе Пятрусь з Польшчы напісаў дамоў ліст на польскай мове, яму адпісалі, каб надалей пісаў “па-руску”, бо бяз Фэлі, якая пайшла замуж у іншую вёску, не было каму чытаць па-польску.

Пастанова паслаць Чэслава ў гімназію, напэўна, далася бацьком нялёгка. Ад хлопца ў ягоным веку яны маглі чакаць дапамогі ў гаспадарцы. Урэшце, бацьку тады мала не хапала да 50 гадоў, a маці мела на руках трое малалетніх дзетак. Трэба было таксама знайсьці грошы, каб заплаціць за навуку i ўтрыманьне ў Друі. Марыяне давалі бацьком магчымасьць плаціць за навуку дзяцей замест грошай “натурай” (мукой, дрывамі i г.д.) або працай у кляштары. Невядома, які спосаб выбралі бацькі Чэслава. Мусіць, пакуль іншыя дзеці падрасталі, яны плацілі грашмі. Але прыходзілася нялёгка, бо грошай не ставала. Амаль праз трыццаць гадоў, 28 красавіка 1959 году, Чэслаў, тады ўжо сьвятар, пісаў сваёй старэнькай маці: «Я ніколі не забуду Тваёй любові да мяне... Помню такжа, як Ты на сваіх плячах нясла жывога барана 12 вёрст, каб яго прадаць i купіць тое, што нам было неабходнае i каб заплаціць за маю навуку».

Такім чынам, навука Чэслава каштавала ягоным бацьком вялікіх высілкаў. Для двох іншых дзяцей, Януся i Фэлі, відаць, не знайшлося сродкаў ды сілаў, i ім давялося задаволіцца пачатковай школай. У Польшчы існавала “двухпавярховая” сыстэма пачатковай адукацыі. Поўную – даволі грунтоўную – пачатковую адукацыю давала сямігадовая г. зв. “паўшэхная” школа. У многіх вёсках, аднак, існавалі толькі чатырохгадовыя школы, дзе дзеці атрымлівалі элемэнтарныя веды. Школы былі польскія, i таму беларускія дзеці, якія польскай мовы ня ведалі i ў штодзённым жыцьці ёю не карысталіся, скончыўшы навуку, хутка забывалі i тыя драбніцы, якіх там навучыліся. Так адбылося, здаецца, з братам Янусем, калі меркаваць паводле лістоў, што ён стараўся пісаць па-беларуску Чэславу ў Рым. Фэля, калі глядзець зноў па ейных лістох, атрымала крыху лепшую адукацыю, але польская школа зрабіла сваё, i яна пісала па-польску, хоць гэтая польская мова рабілася з кожным годам усё горшай.

У 1934 годзе Чэслаў скончыў навіцыят i склаў першыя законныя шлюбы. Ад гэтага часу ён перастаў знаходзіцца на ўтрыманьні бацькоў. Тады Янусю споўнілася 15 гадоў i ён працаваў з бацькам на гаспадарцы. Фэля таксама была патрэбная ў хаце, асабліва калі ў тым годзе, пасьля дзесяцігадовага перапынку, у сям’і зьявіўся яшчэ адзін сын, Вінцусь. Толькі ў 1936 годзе Сіповічы змаглі паслаць сына Петруся ў Друйскую гімназію. Цяжар ягонага ўтрыманьня i навучаньня лёг на плечы Януся i Фэлі: яны мусілі працаваць за яго ў Друйскім кляштары. Пра гэта можна даведацца зь іхных лістоў да Чэслава ў Рым. Фэля пісала яму 19 сакавіка 1939 году: «Я хацела ў Друі напісаць табе ліст, але ня мела грошы (на паштовую марку. – А.Н.), бо трэба было працаваць за Петруся адзін месяц. Цяпер зарабляю ад 4 студзеня, але ніколі ня бачу грошай і ня маю нават на ліст, бо мамка забірае ад ксяндза Кавальскага. Але 13 сакавіка я пайшла ў Друю, i тата быў у Друі і меў грошы. Я выпрасіла ў яго на ліст... Цяпер да 19 красавіка павінен адрабляць Янка. Ён ужо адрабіў 6 месяцаў, а я 1 месяц». I далей: «Пятрусь пісаў табе, што я вучуся шыць; гэта няпраўда, я не вучуся шыць, бо няма чым плаціць; я казала яму, што можа буду вучыцца, бо Маці Старэйшая (жаночага кляштару. – А.Н.) брала мяне дарам вучыць шыць. Ня трэба было нічога плаціць за памяшканьне i за шыцьцё, але я не вучылася, бо вельмі цяжка з харчамі: трэба было даць адразу наперад дамоўленую суму. А ў хаце цяжка даць мяне (вучыцца. – А.Н.) шыць, бо трэба вучыць Петруся». Дарэчы, Фэля думала стаць законьніцай: «На аплатку (г. зн. на Куцьцю. – А.Н.) я была ў сясьцёр; кожная сястра мне жадала, каб я паступіла ў закон, я была б сястрой, а брат – ксяндзом, i было б вельмі прыгожа ад Пана Бога; i я так думаю папрацаваць усё лета, каб зарабіць на ўбраньне i на добрую пасьцель». Брат Янка таксама напісаў Чэславу ў той самы дзень па-беларуску: «Я жыву ў кляштары, работаю як заўсёды. Ужо адрабіў шэсьць месяцаў, а нада ішчо адзін месяц. Ну i ня знаю, што я за гэта дастану, што так за Петрыка так раблю». Чэслаў адказаў Янку 25 сакавіка: «Пытаешся... што дастанеш за ўсё тое, што так цяжка працаваў i працуеш за Петруся? Пазволь, я цябе таксама запытаю: што я дастану за гэта, што я мазолюся, ня сплю, ламлю галаву i трачу здароўе над кніжкай? Я прыгатаўляюся працаваць як місіянер; можа чакаіць мяне жыцьцё куды цяжэйшае, чым ваша, можа ніколі ня ўвіджу Дзедзінкі, Друі?! Скажы, што я за гэта дастану?.. З тваёй працы можа Пятрусь крышку абаб’ецца, а можа i зусім чалавекам станіць... A калі будзе разумны, адплоціць табе міласьцяй, малітвай, працай. A калі дурны будзе, то вырачэцца цябе i аб усім забудзіць. Але ня думаю я гэтага пра Пятруся... Не забывайма, што мы за сваю цяжкую працу, за каго б яна не была, абы толькі з воляй Божай – можам многа, многа дастаць! Можам i павінны неба атрымаць!.. Многа, аднак, было бяды i будзе. Усё толькі шчасьце, што часта бяда прасьцей вядзе да Бога, чым багацьце. Толькі пэўне ж, дарога бяды ня лёгкая, i сам ты ведаеш, як цяжка бываіць у нас у хаце, як цяжка мне было працаваць i вучыцца, Пятрусю цяпер, як цяжка ты павінен працаваць. I была б гэта праца i труды нашы незразумелымі, каб не было Бога».

7 чэрвеня Янка зноў пісаў : «Кажаш, каб чытаў можа ў дзень па два радкі яку небудзь ксёнжку. У нядзелю чытаю патроху; знаеш, што ў кляштары не даюць у будні дзень чытаць. Ужо за Петрыка адрабіў, дзякуй Богу. А цяпер зарабляю 30 злотых у месяц i думаю купіць ровар. Але не знаю, што лепш, чы лінейку новую справіць. I ўжо нада справіць каня лепшага». Праз тры месяцы выбухнула польска-нямецкая вайна. Янку забралі ў войска. Ён трапіў у нямецкі палон і прабыў там да канца вайны. Калі скончылася вайна і Янку вызвалілі з палону, яго адразу ўзялі ў савецкую армію. Вярнуўся ён дамоў толькі ў канцы 1946 году. Такім чынам, у хаце засталіся бацькі з малым Вінцусём, Пятрусь i Фэля, якой давялося ўзяць на сябе ўвесь цяжар працы на гаспадарцы. Чэслаў зрэдку меў ад яе весткі. 19 верасьня 1943 году яна пісала: «Памятаю тыя словы, калі ты пытаўся, ці твая сястра Фэлька выйшла замуж. Не, дарагі брат, яшчэ ня думаю пра замужжа, бо цяпер не такі час. Але я думаю, каб дачакацца брата Янку i заўсёды малюся за ўсіх, a асабліва за брата Янку. Бо я зь ім разам працавала ў кляштары за Петруся. Працаваць нам было цяжка. Затое памятаю тыя дні i мінуты i тыя тры гады, калі працавала з Янкам у кляштары». Ужо ў Лёндане айцец Сіповіч атрымаў ад яе ліст, напісаны 18 траўня 1948 году: «Дарагі брат Чэслаў, Тата яшчэ ходзіць з палкай у руцэ, а мамка добра ходзіць, толькі ў тых цяжкіх часох моліцца за вас (г. зн. за Чэслава i Петруся, які быў у Польшчы. – А.Н.) i за ваша здароўе, каб вы вярнуліся здаровыя i каб злучыліся ў нашай роднай старонцы. А я, Фэля, жыву i працую з бацькамі. Пакуль што Янка дапамагае працаваць. А пяць гадоў я працавала сама адна, i касіла, i рабіла ўсялякую мужчынскую работу. Дарагі брат Чэслаў, калі прыедзеш дамоў, то нас не пазнаеш». Праз год, 27 красавіка 1949 году, Фэля напісала Чэславу яшчэ адзін ліст: «Янка мае намер жаніцца, але чакае, каб уся наша сям’я сабралася ў нашай любай Дзедзінцы. Тата старэнькі ходзіць з палкай i моліцца за ваша здароўе, бо ён мае найбольш часу. Кажа, каб хоць адзін раз пабачыць сына Чэслава i пагутарыць пра жыцьцё, што перажылі за гэтых 11 гадоў; і мамка хоча цябе пабачыць». Відаць, усе спадзяваліся, што Чэславу ўдасца прыехаць адведаць ix. 1 жніўня Фэля пісала брату Петрусю ў Польшчу: «Я зьбіраюся замуж. Дарагі брат Пятрусь, як ты мне параіш. Брат Янка кажа, каб я выходзіла, лепшага не шукала. Мой нарачоны мае 34 гады i жыве з адной мачахай. Я ня маю ніякіх сумніваў, толькі што ён ад нараджэньня мае скалечаную левую руку, усё можа рабіць, кожную работу, мае 10 гэктараў зямлі і вельмі мяне паважае... Калі атрымаеш гэты ліст, то напішы Чэсю... Прашу параіць, ці мне цяпер выходзіць замуж, ці чакаць, калі Чэслаў вернецца ў родную хату». Фэля сапраўды неўзабаве выйшла замуж. Але замужжа не было шчасьлівым: муж доўга хварэў i памёр 8 лістапада 1957 году.

Звольніўшыся з арміі, Янка вярнуўся ў Дзедзінку і, як пісаў малы Вінцэсь Пятру 21 сакавіка 1947 году, “памагаіць сястры Фэлі гараваць”. У тым самым лісьце ён паведамляў, што Янка «ішчо ня жэніцца... кажыць, што як выгадываім сваей кабылы жарабка, i ішчо кажыць, як будзіць цёпла». Сам Янка напісаў Чэславу 6 чэрвеня 1952 году ліст, у якім паведамляў: «Мы жывиом у калхози. Наш калхаз маит зямли да 2 тысяч гактар. Усия зимла панская пирашла у руки крастиян. Ни так как пры панах что ступиш усио ни тваио. Усио наша и никога ни боимся». Ажаніўся Янка толькі ў 1954 годзе. Ён перайшоў у сваю хату, якую дапамаглі набыць бацькі, і працаваў у калгасе, як пісала Фэля, “старшым плотнікам”.

Наймаладзейшы сын, Вінцусь, у 1948/49 навучальным годзе быў у пятай клясе мясцовай беларускай сямігодкі. Добрая Фэля хвалявалася за ягоную будучыню. 27 красавіка 1949 году яна пісала Чэславу i Петрусю: «Мамка i Тата ўжо састарэлі i ня маюць сілы працаваць i вучыць Вінцуся. А мы з братам Янкам i я, вашая сястра Фэля адна ня ведаем, што рабіць, бо Вінцусь вучыцца добра, шкада яго змарнаваць. Янку надакучыла працаваць за Петруся. Працавалі мы ўсёй сям’ёй, то добра было вас дваіх вучыць. А зь Вінцусём горш, бо брат Янка i Пятрусь намерваюцца жаніцца. А братавая, як нам вядома, не захоча вучыць Вінцуся. Дарагі брат Чэслаў, прашу нам дапамагаць, хоць не супольнай сямейнай працай, але малітвай, бо я, твая сястра Фэля, маю менш часу на малітвы. Бо пакуль што ўся праца ляжыць [на мне]. Бо мамка i тата не працуюць, a Вінцусь ходзіць у школу i таксама ня мае часу працаваць». Вінцусь так i застаўся зь сямігодкай i не працягнуў навуку. У 1954 годзе ён пайшоў у савецкую армію, адслужыў тры гады, а потым вярнуўся ў Дзедзінку, пасяліўся ў бацькоўскай хаце, ажаніўся i застаўся працаваць у калгасе. Спачатку ён пісаў лісты да Пятра i Чэслава на даволі прыстойнай беларускай мове, але паступова перайшоў на расейскую. У лісьце за 10 студзеня 1954 году да Петруся ён пісаў даслоўна: «Вы мне извините за мае неграмотное письмо. Иначе я писать не ўмею, потому что я обучался в Совецкай школе, где и окончил 7 класс».

Пятрусь пайшоў у Друйскую гімназію ў 1936 годзе. У тым часе ня толькі ў гімназіі, але i ў кляштары панаваў ужо дух зусім іншы ад таго, што быў дзесяць гадоў раней, калі туды паступаў ягоны брат Чэслаў. Не засталося там ні айца Германовіча, ані Цікоты. Супэрыёр кляштару паляк Уладыслаў Лысік – відавочна, “дэмакрат” – праводзіў сярод вучняў інтэрнату галасаваньне наконт замены беларускай мовы на польскую ў штодзённых малітвах, і ў такі спосаб ліквідаваў тыя нешматлікія праявы беларускасьці, што яшчэ захаваліся. Пасьля таго, як у 1938 годзе польскія ўлады выселілі з Друі беларускіх айцоў i клерыкаў, у кляштары не засталося нічога беларускага. Перамога польскасьці ў Друі атрымала афіцыйнае прызнаньне на Сёмуху 1939 году, калі туды прыехаў сам архібіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. Ha ўрачыстасьць зьявіўся таксама з Сан-Рэма вядомы ксёндз Юзэф Бародзіч, які дзесяць гадоў самаахвярна змагаўся зь беларускімі марыянамі, баронячы “польскіх крэсув”.

Лісты Петруся (пісаныя, зразумела, па -польску) да Чэслава ў Рым робяць уражаньне, што ён адчуваў сябе зусім утульна ў гэтай новай, польскай Друі. У лісьце за 30 лістапада 1938 году ён пісаў: «Жыву цяпер у кляштарным інтэрнаце, у якім ёсьць 15 хлопцаў, маіх калегаў... У інтэрнаце вельмі весела, час бяжыць вельмі хутка» (Żyję teraz w internacie klasztornym, w którym jest 15 chłopców mich kolegów... W internacie jest bardzo wesoło, czas bardzo prędko biegnie). Яго непакоіла толькі адное: што будзе зь ім, калі Янку паклічуць у войска i ня будзе каму працаваць за ягоную навуку. Вучыўся ён наагул ня вельмі добра. У лісьце да Чэслава за 7 чэрвеня 1939 году ён падае свае ацэнкі: двойка з матэматыкі, тройкі з усіх іншых прадметаў, акрамя чацьвёркі з польскай мовы, “з чаго я вельмі цешуся” (z czego bardzo się cieszę). Цешыцца яму давялося нядоўга, бо ў верасьні Польшчы ня стала, i Пятрусь мусіў працягваць навуку ў беларускай савецкай школе. Відаць, ня вельмі шмат ён там навучыўся. 5 траўня 1941 году ён паслаў Чэславу ў Рым паштоўку, якую той атрымаў 21 чэрвеня, за адзін дзень да пачатку савецка-нямецкай вайны. Пятрусь пачаў сказам «У первых словах майго писания перепрашаваю што Тебя ничога не писаў» і скончыў словамі «Чекаю атвёту».

У часе нямецкай акупацыі Беларусі Чэслаў атрымаў дзьве паштоўкі ад Петруся. У першай, з датаю 15 кастрычніка 1942 году, Пятрусь пісаў па-беларуску: «Я цяпер у Глыбокім на вучыцельскіх курсах 6 месячных». 1 чэрвеня 1943 году ён паведамляў: «Я цяпер вучыцелем у беларускае школе ў Робаве ў воласьці Мёрскае». У сярэдзіне 1944 году немцы пакінулі Беларусь перад наступам савецкіх войскаў, i ўсялякае ліставаньне перапынілася да канца вайны. Толькі ў сярэдзіне 1945 году Чэслаў атрымаў ліст ад Петруся зь Дзедзінкі, датаваны 20 траўня 1945 году (г. зн. няпоўныя два тыдні пасьля заканчэньня вайны), у якім той пісаў: «Я на отпуске в дому, как старший сержант... Вам известно что мы освобождены от ненависного звера лутше сейчас поживаем. Я имею окончено среднее образование... Много з наших громили врага – фашистов» (мова i правапіс арыгіналу захаваныя. – А.Н.). Пятрусь служыў не ў савецкай, а ў г. зв. “польскай людовай” арміі, якая разам з савецкай вызваляла Польшчу i ўсталёўвала там камуністычны рэжым. Дзедзінка знаходзілася ў савецкай Беларусі, i таму трапіць у польскую армію Пятрусь мог толькі добраахвотнікам, падаўшы сябе за паляка. Цяжка сказаць, ці тут праявілася жаданьне ўцячы з Савецкага Саюзу, ці ўплыў польскага ўзгадаваньня ў Друі. Звольнены ў канцы 1945 году, Пятрусь застаўся ў Польшчы і паступіў на пэдагагічнае аддзяленьне Пазнаньскага ўнівэрсытэту, а пасьля працягваў навуку ў вышэйшай школе фільму ў Лодзі. Пачынаючы з канца 1945 году ён i Чэслаў вялі ажыўленую перапіску. Чэслаў празь Петруся атрымліваў весткі зь Дзедзінкі i часам пасылаў ім дапамогу. Пятрусь з свайго боку прасіў Чэслава пра розныя, звычайна дарагія, рэчы, быццам неабходныя яму для навукі i працы, якіх нельга было дастаць у Польшчы. У першыя пасьляваенныя гады Пятрусь стараўся сьцягнуць бацькоў у Польшчу, але яны, відаць, не выказвалі вялікай ахвоты. 18 красавіка 1946 году ён пісаў (па-польску) Чэславу ў Рым: «Бацькі яшчэ ў Дзедзінцы, думаюць пераехаць у Польшчу, толькі бацька, – наш дарагі бацька, – ня ведаю, як гэта перажыве».

Трэба сказаць, што Чэслаў непакоіўся за Петруся. 5 траўня 1946 году ён пісаў айцу Хамёнку ў Варшаву: «Наогул прасіў бы вас, Ойча, мець вока над тым маім братам, каб ён ня зьбіўся з добрай дарогі так рэлігійна, як нацыянальна».

Закідаючы брата рознымі просьбамі, Пятрусь заставаўся незадаволены, калі той дапамагаў іншым. Ён пісаў 20 ліпеня 1951 году: «Што гэта за Варанецкія, знаёмыя ермалаўскага швагра? I ці варта быць аж так шчодрым, каб на ўсе бакі высылаць лекі толькі таму, што нехта ёсьць знаёмы? А тымчасам пра экспаномэтар (патрэбны для Петруся. – А.Н.) ці іншыя рэчы не памятаеш? Ці ня лепш было б, каб такія рэчы ты высылаў на мой адрас, а я б ix аддаваў, або магчыма адпрадаваў, бо капеечка заўсёды была б карысная».

31 сьнежня 1951 году Чэслаў атрымаў ад Петруся ліст наступнага зьместу : «Апошнім часам мяне выкрэсьлілі зь сьпісу студэнтаў Дзяржаўнай Вышэйшай Фільмовай Школы. Прычыны:

1) Неадпаведныя паводзіны на тэрыторыі інтэрнату ;

2) Дрэнныя паводзіны ў акадэмічным лягеры.

Але галоўная i асноўная прычына, наколькі мне вядома, гэта тое, што маю цябе за граніцаю, дый да таго ты – сьвятар i супрацоўнічаеш з варожым нам блёкам (Lecz główną przyczyną i zasadniczą o ile wiem, to to, że mam ciebie za granicą, w dodatku jesteś księdzem i współpracujesz z blokiem nam przeciwnym).

Перш як ты дасі нешта ў тваю Бацькаўшчыну, дык з намі ўжо цяпер дрэнна. Падумай аб гэтым. Я напісаў у міністэрства культуры i мастацтва... Веру, што міністэрства мне дапаможа, толькі ты з свайго боку павінен прынамсі напісаць, калі нарэшце вернешся на радзіму i парвеш зносіны з блёкам, які рыхтуе людзям другую вайну (tylko ty z drugiej strony powinieneś napisać przynajmniej, kiedy wreszcie wrócisz do kraju i zerwiesz z blokiem, który szykuje ludziom drugą wojnę). Я быў на вайне, і не жадаю яе нікому, нават ворагу... а вядома, што рыхтуюць амэрыканцы i ангельцы, а ты там сядзіш і займаешся вядзеньнем нейкіх місіяў. Ці гэта абавязкова павінен рабіць ты? Ці Бог загадаў служыць англасаксам? Сядзець у Лёнданскім тумане i гэтым самым рабіць прыкрасьці сваім блізкім? Падумай: што з таго, што там сядзіш? A калі б нават i сядзеў, то ты павінен быць сьвятаром, а ня нейкім прарокам будучыні беларускай дзяржавы, дзеля якой ня хочаш прыехаць i сказаць, што ты сын мужыка, што маеш досыць лордаў i панкоў, у якіх як ты, так i я пасьвілі жывёлу (A jeśli byś nawet siedział to powineneś być księdzem, a nie jakimś prorokiem przyszłości państwa białoruskiego, dla którego nie raczysz przyjechać i powiedzieć, że jesteś synem chłopa, że masz dosyć lordów i panków, u których pasaliśmy bydło jak ty tak i ja). A сёньня, калі я меў сканчаць навуку, якраз ты стаў прычынаю, што мяне выкінулі, бо мне ніколі не рабілі заўвагаў, што захоўваюся дрэнна ці неадпаведна. Хачу, каб ты над гэтым добра падумаў i абшырна напісаў».

Гэты ліст настолькі розьніцца зьместам i тонам ад папярэдніх, што адразу ўзьнікаюць сумневы, ці Пятрусь пісаў яго сам ад сябе. Польскія камуністычныя органы бясьпекі – самі ці разам з сваімі савецкімі калегамі – напэўна сачылі за асобаю i дзейнасьцю айца Чэслава Сіповіча. Калі не зьвяртаць увагу на тыповыя камуністычныя, дарэчы даволі прымітыўныя, прапагандавыя абвінавачаньні ў супрацоўніцтве з “варожым блёкам”, які “рыхтуе людзям другую вайну”, у сваім пісьме Пятрусь спрабаваў змусіць айца Сіповіча перастаць быць “прарокам будучыні беларускай дзяржавы”. Іншымі словамі, камуністы хацелі, каб ён адмовіўся ад беларускай дзейнасьці – рэлігійнай, культурнай, грамадзкай. Пятрусь згадвае пра беларускую незалежніцкую газэту Бацькаўшчына, што з кастрычніка 1947 году выходзіла ў Мюнхэне. У камуністычную Польшчу яна не трапляла, i таму цяжка паверыць, каб Пятрусь яе чытаў, хіба што яму паказалі яе ў органах бясьпекі. Пяць гадоў пазьней, 14 сакавіка 1957 году, калі палітычныя абставіны крыху зьмяніліся на лепшае, ён пісаў Чэславу: «Бацькаўшчыны яшчэ ня бачыў, бо ў Польшчу прыходзіць, здаецца, толькі адзін асобнік». Зрэшты, калі б ён меў нагоду пачытаць гэтую газэту, то ведаў бы, што за першыя чатыры гады існаваньня ў ёй не друкавалася ніводнага артыкулу ці карэспандэнцыі Чэслава Сіповіча.

Ня толькі польскім камуністам дзейнасьць айца Сіповіча не давала спакойна спаць. Паўгоду раней, у вышэй згаданым лісьце за 20 ліпеня 1951 году, Пятрусь пісаў: «Вось ужо два разы быў я на Бялянах (частка Варшавы, дзе знаходзіцца марыянскі кляштар. – А.Н.), размаўляў з ксяндзом Лысікам i Хамёнкам... Ксёндз Лысік уважае, што ты, як сьвятар, непатрэбна займаешся палітыкай i таму не аддаешся поўнасьцю душпастырскай працы і, што горш, можаш наклікаць бяду на ўсю сям’ю, у тым ліку i на мяне. Ці ж ня лепш, нават калі ўжо сядзіш за мяжою, працаваць ціха ў пастырскай галіне, a іншыя справы пакінуць у спакоі; або папрасіць айца генэрала, каб цябе прыслаў у Польшчу, дзе ёсьць шмат працы. Найважнейшае, каб не працаваць для тых, хто нас ніколі не лічыў за людзей».

Уражвае супадзеньне думак i дамаганьняў у двох лістох. З словаў Лысіка выглядае, што марыяне нешта ведалі ўжо больш за паўгоду наперад i што згадка пра магчымыя прыкрасьці для сям’і магла быць перасьцярогаю. У абодвух лістох робіцца спроба націснуць на айца Сіповіча, каб ён прыехаў у Польшчу, “дзе ёсьць шмат працы». Пятрусь ужывае слова “вярнуцца”, а не “прыехаць”, хоць айцец Сіповіч ня быў палякам, не лічыў Польшчу сваёй Бацькаўшчынай і ніколі там ня жыў. У Польшчы айцец Чэслаў меў бы гэткія ж магчымасьці працы сярод беларусаў, як i іншыя былыя друйскія марыяне, іншымі словамі – ніякіх. Відаць, гэтага й хацелі польскія марыяне i камуністы.

Айцец Сіповіч зрэагаваў на ліст Петруся ў адзіны магчымы спосаб: пакінуў яго без адказу. Перапіска між братамі на нейкі час спынілася. Нарэшце 14 ліпеня 1952 году Пятрусь раптам напісаў... па-беларуску: «Даўно ты да мяне не пісаў. Як на брата, то мог бы я пагневацца. Не атрымаў я ад цябе нават віншаваньняў у дзень Пятра i Паўла, ужо за намі. Браток, папраўся... Калі ты ад’яжджаў (з Друі. – А. Н.), дык я быў небальшым хлапцом i ня верыў, што ты паедзеш на так доўга... А сёньня ты ня хочаш нават напісаць да нас пісьма i да радных. Пішы сьмела. Добра ведаюць аб табе, што ёсьць за граніцай, бо пісаў ня раз, дык чаму цяпер ня хочаш? Рабі, што хочаш, толькі помні, што нам нельга забыць, што мы мужыкі i свой гонар маем». Зь лістом была віншавальная картка з нагоды імянінаў Чэслава; яна сканчалася наступнымі радкамі: «Люблю мой край i ycix радных, люблю я думаць аб сваіх, калі вярнуся я дамоў, колькі міне шэрых гадоў? Чаго сяджу я на чужыне?.. Чэсю – Пятрусь».

Такім чынам, спроба націснуць на Чэслава Сіповіча праз брата не ўдалася. Але прайшло яшчэ сем гадоў, пакуль Пятрусь напісаў 18 лістапада 1959 году: «Думаю, што ты ідзеш па добра вызначаным праз сябе шляху; няхай жа твой шлях будзе падобны да асфальтавых дарогаў, а не да нашых i польскіх трактаў».

Органы бясьпекі, не дасягнуўшы сваёй мэты, пакінулі Петруся ў спакоі. Ён меў нейкія цяжкасьці, але, здаецца, шмат не пацярпеў. Недзе ў 1957 годзе ён пераехаў у Беласток, там ажаніўся. Ягоная жонка Ядвіга, лекар па прафэсіі, пісала Чэславу 27 студзеня 1959 году: «Я пазнаёмілася з Пятром два гады таму назад... Ты павінен ведаць, што тады ён быў вялікай асобай, сакратаром ЦК Саюзу Сацыялістычнай Моладзі (польскі “камсамол”. – А.Н.), меў шмат грошай, жанчын i самаўпэўненасьці, a таксама вялікія пляны на будучыню. Мне каштавала шмат сілаў i здароўя, каб ён пакінуў стары “фільмова-фотарэпартэрскі” стыль жыцьця».

У лютым 1956 году ў Маскве адбыўся вядомы XX зьезд камуністычнай партыі Савецкага Саюзу, на якім Мікіта Хрушчоў першы раз публічна сказаў пра злачынствы Сталіна, памёрлага тры гады раней. Ніякіх вялікіх пераменаў у камуністычным рэжыме не адбылося, але адчулася некаторая палёгка. Пятрусь скарыстаў з гэтага i ў траўні паехаў у Беларусь у Дзедзінку адведаць бацькоў – яны ня бачыліся 12 гадоў. Вярнуўшыся, напісаў Чэславу 16 чэрвеня: «Янка ажаніўся, маець сына i жыве з жонкай асобна... Фэля жыве каля Мёр, бо вышла замуж. Замужжа яе вельмі няўдачнае. Маці жыве ў сваёй хаце з татам. Тата, калі я прыехаў, крыху палепшаў i хадзіў. Іграў са мною ў шашкі i кажу табе, браток, што абыгрываў мяне. Мама іграла ў дурака падкіднога таксама вельмі добра. Быў я ў Ідолце ў касьцеле. Маліліся Богу. Мшу адпраўляў табе вядомы з Варшавы Заяц». Пасьля другой паездкі ў ліпені ён пісаў зноў 23 кастрычніка: «Хачу сказаць, што ў Дзедзіне ўсе жывуць пака і чакаюць, калі ты прыедзеш у госьці. Тата вельмі хворы, ужо з ложка не ўстае. Мама сама ходзіць каля гаспадаркі. Я што мог то зрабіў, но думаю, брат, што i ты зьяўляешся сынам. Мне не хапае сіл усім больш памагаць, а яны ня маюць нават на хлеб, бо Вінцусь у войску, Янка жыве асобна, мае жонку i сына». Браты дамовіліся разам дапамагаць бацькам, прычым Чэслаў, каб не наклікаць на ix непатрэбныя прыкрасьці з боку ўладаў, рабіў гэта спачатку празь Петруся.

2 красавіка 1957 году Чэслаў атрымаў ад Петруся ліст, у якім той пісаў: «З болем у сэрцы табе хачу паведаміць, што наш найдаражэйшы тата ўжо ад нас адышоў. Памёр ён дня 13 сакавіка а гадз. 15 дня... Хавалі тату 16 сакавіка вечарам... Ha пахаваньні быў кс. Заяц з Ідолты... Я сваю схіляю галаву перад татай. Ён быў так вялікім сваёю працай i скромнасьцю, што сапраўды я яго буду ўсё жыцьцё помніць i сваёю працай буду старацца яму выставіць памятнік». Чэслаў адказаў 3 траўня: «Вестка пра сьмерць нашага таты ўскалыхнула мяне да глыбіні. Вельмі мне падабаліся твае словы пра яго: ён сапраўды быў вялікім чалавекам, i ня толькі працаю i скромнасьцю, але таксама разуменьнем патрэбы нашай адукацыі, пабожнасьцю i цярплівасьцю Ёва ў пераношаньні цярпеньняў. Ён ужо гадамі хварэў, i я памятаю прычыны ягоных хваробаў: перапрацаваньне. Я адслужыў сьвятую Імшу за ягоную душу i амаль штодня малюся за яго».

Сьмерць бацькі сталася для ўсёй сям’і балючай стратай, але не раптоўнай, бо ён доўга хварэў. Маці не засталася сама, бо Вінцусь вярнуўся з арміі i пасяліўся зь ёй у бацькоўскім доме. У канцы 1957 году Фэля, аўдавеўшы, таксама вярнулася дамоў. Вінцусь пайшоў працаваць у калгас, а мама з Фэляй займаліся гаспадаркай каля хаты. Спачатку даводзілася цяжкавата. 18 чэрвеня 1958 году Вінцусь пісаў Петрусю: «Час ідзе хутка i весела. Праўда, пакуль што цяжкавата, сам ведаеш, што я быў не на заработках». Фэля ў сваім лісьце апісала крыху іхную гаспадарку: «Маем карову, 5 авечак i сьвінаматку, якая апарасілася i мае 10 маленькіх парасятаў. Калі Вінцусь вярнуўся з арміі, мы купілі ровар. Маем крыху даўгоў. Ровар каштуе 650 рублёў, а парася 50 рублёў. Усе пчолы нашыя памерлі, нам даюць 90 рублёў за вулей, будзем прадаваць».

Між іншага, Пятрусь зноў пачаў налягаць, каб мама i Фэля, а магчыма i Вінцусь, прыехалі ў Польшчу. Пакуль жыў бацька, пра гэта не вялося гаворкі. А цяпер Фэля была б ня супраць выехаць. Але тут выявілася нечаканая цяжкасьць: няма ніякіх дакумэнтаў, каб даказаць іх “польскасьць”. У вышэй згаданым лісьце яна пісала: «Мы ня маем ніякіх польскіх дакумэнтаў. Ад нас шмат хто выехаў да вас. Але мы, беларусы, ня можам выехаць».

Вінцусь, наймалодшы ў сям’і, быў, відаць, найлепш прыстасаваны да жыцьця ў савецкай Беларусі, бо іншага ён ня ведаў. Наагул ён не наракаў на свой лёс. Калі Пятрусь пісаў яму, каб больш заняўся кнігамі, ён 9 красавіка 1962 году яму адказаў: «Ты мне раіш, каб я чытаў кнігі, а ведаеш, браток, кнігі мяне не накормяць i я імі сыты ня буду. А мне трэба тое чытаць, як лепш пражыць, апрануцца ня горш за іншых і, само сабой разумеецца, паесьці». Год пасьля, 23 лютага 1963 году ён зноў пісаў Петрусю: «Доўгі час я марыў пра такую машыну як напрыклад матацыкль ИЖ.56. I вось прыйшоў час, я яго купіў. Каштуе ён прыстойныя грошы, 6 тысяч рублёў. У нашым жыцьці, каб сабраць ix, прыйшлося падумаць, папрацаваць нямала галавой. Але гэта яшчэ мала, каб мець на чым да людзей паехаць, трэба быць прыстойна апранутым. Але нічога, як небудзь зьбяром».

Вінцусь быў моцна прывязаны да сям’і i хацеў, каб усе трымаліся разам. 9 красавіка 1962 году ён пісаў Петрусю на трасянцы: «Надходит великий праздник Пасха. Было бы очень хорошо если б вся наша семья собралась за один отцовский стол, и запели б Аллелюя. Может это и будет, но не знаю когда, потому что нам разные счастье даны от Бога. Но всёже если будем в Бога ласки варты, то мы соберемся i многа аб чым пагутарыць, бо выезжая із роднай хаты, гаварылі, калі будзем жыць то зберомся пад гэту бацькаву страху i пагаворым аб усім пражытым. Вот так, братцы маі... Привет всем... Выпьем за вас всех по сто грам вина, а вы за нас по двесте ликёру». У тым часе Вінцусь працаваў брыгадзірам у калгасе, ужо ажаніўся i, як ён пісаў у лісьце: «У маёй жонкі знайшоўся насьледнік, завецца ён Балеслаў i 3 красавіка яму пайшоў другі месяц».

Жыцьцё Янкі склалася зусім інакш. Падлеткам ён мусіў дапамагаць бацьку ў гаспадарцы, каб мог вучыцца Чэслаў; пасьля працаваў у кляштары ў Друі за Петруся. Прыйшла вайна, i Янка сем гадоў правёў у войску i ў палоне. Калі вярнуўся, трэба было зноў займацца гаспадаркай у хаце, аж пакуль не пайшоў у калгас. Нарэшце ажаніўся i аддзяліўся ад бацькоў. Але й тады жыцьцё ягонае ня стала лягчэйшым. 25 лютага 1963 году ён пісаў Петрусю: «Пётра, разбярыся ў гэтай справе. Вінцусь справіў матацыкл, ты на самалёце пракатваешся. Ну, мой лёс такой цяжкой, ад малых лет я б’юсь на кусок хлеба, i здароўе паціраў аж сэрца нарушыў, i так чуствую што з каждым днём слабну. Прашу цібя памажы маім дзецям. Пётр, я прашу цібя, пірашлі мае пісьмо Чэсіку, можа ён что паможыт у маей цяжолай жызьні».

Доўгі час Пятрусь націскаў на Чэслава, каб той запрасіў яго ў Лёндан. Спачатку гэта было немагчыма, але пасьля 1956 году выехаць з Польшчы за мяжу стала лягчэй. Айцец Чэслаў зрабіў усё належнае, каб Пятрусь мог прыехаць. У 1958 годзе той атрымаў дазвол на выезд, але не скарыстаў зь яго, не сказаўшы нічога Чэславу. Чэслаў даведаўся пра гэта зь ліста Петрусёвай жонкі Ядвігі. Ён пісаў ім 21 студзеня 1959 году: «Пятрусь зрабіў дрэнна, што меў дазвол на прыезд сюды i не прыехаў. Мне таксама не падабаецца, што ён не сказаў мне праўды. Я не найгоршы брат: магу зразумець i апраўдаць, таму няма патрэбы перада мною некаторыя рэчы замоўчваць або хаваць».

5 сакавіка 1959 году Пятрусь з сумам паведамляў Чэславу пра сьмерць Ядвігі і дачушкі, якую тая толькі што нарадзіла. Думку пра прыезд у Лёндан давялося адкласьці.

Пятрусь сумаваў нядоўга: неўзабаве знайшоў іншую, таксама Ядвігу i таксама лекара, i 8 сакавіка 1960 году ў ix нарадзілася дачка Альдона.

Нарэшце 7 верасьня 1961 году Пятрусь прыехаў у Лёндан. Адбылася доўгачаканая сустрэча братоў. Чэслаў зрабіў усё магчымае, каб час Петруся ў Лёндане прайшоў прыемна i карысна. У прыватнасьці, ён дапамог Петрусю наладзіць кантакты і знайсьці матар’ялы для ягонай доктарскай працы. 26 верасьня яны абодва вылецелі ў Рым. Паглядзеўшы Вечны Горад i пабыўшы 30 верасьня на папскай аўдыенцыі, Пятрусь 1 кастрычніка выехаў у Польшчу.

Уладыку не ўдалося больш пабачыць нікога з сваёй сям’і, але 9 ліпеня 1966 году ён меў магчымасьць пагутарыць па тэлефоне з мамай, якая прыехала ў госьці да Петруся. У ягоным дзёньніку ёсьць такі запіс: «Вось толькі што скончыў гутарыць з маёй мамай i братам Петрусём... Распачалі мы гутарку з мамай ад “Пахвалёны Езус” i на гэтым скончылі... “Я цябе вучыла быць добрым... Маліся за нас!.. Чаму пісьмы ня пішаш? За гэта гнеўная на цябе...” Вось сказы маёй Маці. Голас Мамы даволі моцны, але гаворыць, як усе старыкі, або людзі, што ня маюць зубоў... Цяжка паверыць, што пасьля 28 гадоў сёньня я гутарыў з Мамай! Чыстая яе беларуская мова, тая самая заботлівасьць аб нас, каб мы – дзеці – былі добрыя! Вялікая ласка Божая мець добрую Маці! Дзякую Табе, Божа, за гэтую ласку. Божа, дапамажы мне быць добрым! Няхай гэты дзень будзе новым маім нараджэньнем ці адраджэньнем!»

Маці адчувала сябе ня вельмі ўтульна ў гасьцёх у Петруся. Недзе на пачатку кастрычніка Чэслаў атрымаў ад яе ліст, пісаны ейнай пляменьніцай Касяй: «Слава Icycy! Дарагі сынок! Яшчэ дасюль у Мрангове. Як доўга, ня ведаю, але ўжо сёньня гатовая ехаць, бо маю аж па самыя вушы гэтай гасьціннасьці... Я выяжджаю ў кастрычніку, калі зможаш нечым дапамагчы, то (шлі) на Дзедзінку, я падзялюся з сынамі, напэўна не пакрыўджу ix так, як гэта ўмее Пятрусь... Сынок, мусіць я ўжо не дачакаюся гэтага шчасьлівага дня, каб цябе пабачыць. Я ехала з той думкай, што пабачу цябе, але Бог мне таго ня даў. Ня ведаю сапраўды, ці Пётра вельмі хацеў, каб ты прыехаў, бо як я даведалася, за шмат мае грахоў за сабою, а не жадае, каб ты пра гэта даведаўся, хоча быць перад табою ў ясным сьвятле. Паказваў мне, што мае ад цябе; сынку, ён ня варты гэтага, але хай шчасьліва карыстае». Ліст быў пісаны па-польску, але маці падпісалася па-беларуску кірыліцай: “Твая мама”.

2 лютага 1969 году адбылася іншая тэлефонная гутарка: «Тэлефон з Польшчы ад маіх братоў Петруся i Вінцуся, які прыехаў з Беларусі, каб адведаць свайго брата. Петруся па голасе я пазнаў, але ніколі не пазнаў бы Вінцуся. Яго голас больш востры i мацнейшы, чымся Петруся, але прыемны. Ён мяне пытаў: скуль я гавару па радыё, бо яны мяне чуюць даволі часта? Адказаў: праз Ватыканскае. Мама i іншыя сваякі ў Дзедзінцы жывыя i здаровыя. Пераслаў прывет i багаславенства... З Вінцусём, маім наймалодшым братам, гутару пасьля больш 30 гадоў!»


 


 


 

 

 

Напісаць ліст