Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Абрад прадхрышчальнага ўвацаркаўленьня


 

 

Абрад прадхрышчальнага ўвацаркаўленьня

Абрад прадхрышчальнага ўвацаркаўленьня нованароджанага дзіця і яго маці на саракавы дзень яго нараджэньня


 

Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава... цяпер...

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Тваго імя.

Госпадзе, змілуйся. (Тройчы)

Слава... цяпер...

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

Людзі сьпяваюць адпушчальныя песьні (трапары) дня або сьвята.

Слава... цяпер...

Малітвамі ўсіх сьвятых і Багародзіцы даруй, Госпадзе, супакой нам і змілуйся над намі, бо Ты адзіны міласэрны.

Сьвятар схіляе галаву маці разам з дзіцём, робіць знак крыжа і дакранаецца галавы дзіця, кажучы наступную малітву над маці:

Сьвятар: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, змілуйся.

Сьвятар (1-я малітва): Госпадзе Божа ўсемагутны, Ойча Госпада нашага Ісуса Хрыста, Ты ўсё бачнае і нябачнае словам Тваім стварыў, і ўсё што ёсьць да быцця прывёў; Табе молімся і просім Цябе: волею Тваёю збаў слугу Тваю ..., ачысьці яе ад усялякага граху, і ад усякага бруду тую, што прыходзіць да сьвятой Тваёй Царквы, каб ёй без асуджэньня прымаць Твае сьвятыя Тайны. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Калі дзіця нарадзілася жывым, тады чытаюцца таксама наступная малітва над дзіцём:

(2-я малітва): І народжанае ёй дзіця блаславі, узгадуй, асьвяці, навучы, ды дай чысьціню і мудрасьць, бо Ты прывёў яго і паказаў яму нябачнае святло. Дык зрабі гэтае немаўля быць годным Твайго святла, ды ў час што Ты вызначыў хай будзе годным злучыцца з Тваім сьвятым статкам, праз Сына Твайго Адзінароднага; з Ім жа блаславёны Ты, з усесьвятым добрым і жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Сьвятар: Галовы вашы Госпаду схіліце.

Людзі: Табе, Госпадзе.

(Яшчэ адна малітва над маці, што нарадзіла дзіця):

(3-я малітва) Госпадзе Божа наш, што прыйшоў збавіць род людзкі, зыйдзі і на слугу Тваю ..., і зрабі яе праз сьвятарства Тваё найкаштоўнае, годнай увайсьці ў храм славы Тваёй. Ачысьці яе ад усялякай нячыстасьці цялеснай і духоўнай у саракавы дзень пасля таго як нардзіла яна, і зрабі яе годнай прымаць Цела Тваё і пачэсную Кроў.

Каб яны разам з намі славілі Тваё пачэснае і велічнае імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

(Яшчэ адна малітва над дзіцём, над якім сьвятар робіць знак крыжа, кажучы:)

(4-я малітва): Госпадзе Божа наш, Ты як саракадзённае дзіцё ў законную сьвятыню быў прынесены Маці-Дзеваю. Спачыўшы некалі на руках праведнага Сямёна, Ты сам Уладару ўсемагутны і Творца, прымі гэтае прынесеннае дзіця: блаславі яго атрымаць узгадаваньне ад Цябе на кожную добрую справу Табе мілую і адгані ад яго ўсялякую варожую сілу вобразам крыжа Твайго.

Бо Ты, Госпадзе, той, хто ахоўваеш немаўляці, каб сталіся яны годнымі сьвятога хросту, і атрымалі ўдзел быць выбранамі да Валадарства Твайго; захавай іх разам з намі, ласкаю сьвятой і нераздзельнай Тройцы.

Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Сьвятар: Галовы вашы Госпаду схіліце.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Божа Ойча Ўсемагутны, Ты праз праслаўленага прарока Ісаю прадвясьціў нам, што ў апошнія дні, волею сваёю ды ласкаю Сьвятога Духа, ад Дзевы народзіш Адзінароднага Сына Твайго і Бога нашага.

Ён дзеля нас людзей і дзеля нашага збаўленьня, праз сваю бязмерную міласэрнасць захацеў стацца дзіцяткам; і паводле звычаю Твайго сьвятога закону, пасля спаўненьня дзён ачышчэньня, павінен Ён быў у сьвятыню быць прынесеным, будучы сам заканадаўцам закону; і на руках праведнага Сямёна захацеў спачыць той, чыя таямніца перамяненьня была прадвешчана прарокам, што адкрылася яму праз распалены вугаль, Серафімам у абцугах прынесеным з ахвярніка, які і мы веруючыя ў Яго, трымаем ласкаю наследваньня.

Вось жа сам сёньня, Ты што ахоўваеш немаўлятаў, Госпадзе, блаславі і гэтае дзіця, разам з бацькамі ды хростнымі, і зрабі яго годным у час стасоўны нарадзіцца ад вады і духа, і злучы яго са святым сваім статкам духоўных авечак, якія называюцца імем Хрыста Твайго.

Бо Ты на вышынях жывы Бог, што схіляецца да пакорных, і Табе славу аддаем, Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін.

 

[Калі дзіця ўжо пахрышчана, то сьвятар чыніць абрад прынясеньня ў храм (у прынцыпе гэты абрад з’яўляецца заключнай часткай абраду хросту). Калі не – ў гэтым мейсцу сьвятар робіць водпуст, або хрысьціць дзіцё.]


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст