Сьвятар узяўшы дзіця, робіць ім знак крыжа прад брамаю храма, кажучы:
Увацаркаўляецца слуга Божы (Божая) ..., у імя Айца і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.
Таксама ўносіць дзіця ў храм, кажучы:
Увойдзе ў дом Твой, паклоніцца сьвятому храму Твайму.
Потым сьвятар выходзіць на сярэдзіну храма разам з дзіцём, кажучы:
Увацаркаўляецца слуга Божы (Божая) ..., у імя Айца і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.
Пасярод царквы сьпяваць Табе будзе.
Сьвятар ідзе з дзіцём, спыняецца перад сьвятымі дзьвярмі і кажа:
Увацаркаўляецца слуга Божы (Божая) ..., у імя Айца і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.
І, калі дзіця – хлопчык, то ўваходзіць у алтарную частку, калі ж дзяўчынка, то падносіць яе ўгору перад сьвятымі дзьвярмі, у абодзьвух выпадках кажучы:
Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго (Тваю) ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. (пар. Лк 2, 29-32)
Пасля гэтай малітвы сьвятар кладзе дзіця перад сьвятымі дзьвярмі, а хростны бацька (ці сьведка, калі няма хростных бацькоў), зрабіўшы тры паклоны, бярэ яго і зыходзіць. Сьвятар робіць водпуст.
|