СЕРАДА РАНІЦАЙ
Сядальная песьня 1. Збаўленьне ўчыніў Ты сярод зямлі, Хрысьце Божа...
Як вораг паланіў Адама дрэвам спажыўным, так і Ты, Хрысьце, паланіў ворага дрэвам крыжовым і сваімі цярпеньнямі: на гэта ж Ты прыйшоў, як другі Адам, каб знайсьці заблудных і ажывіць памёрлых. Божа, слава Табе!
Слава... цяпер...
"Новы цуд!" – усклікнула Ўсебеззаганная, калі ўбачыла павешанага на Крыжы Сына, што трымае ўсё ў сваёй руцэ, які прыняў цярепеньні. Асудзілі Судзьдзю, які дае ўсім прабачэньне.
Сядальная песьня 2. Жыцьцядайны крыж ласкі Тваёй, які Ты, Госпадзе, дараваў нам, нягодным, прыносім Табе ў малітве: збаў Царкву і людзей Тваіх, дай усім супакой, дзеля Багародзіцы, Чалавекалюбны.
Добры Пастыру, які прасьвятліў зямлю Крыжом і паклікаў грэшных да пакаяньня, не адлучы мяне ад Твайго статку, Уладару, але знайдзі мяне, заблуднага, і залічы мяне да Твайго сьвятога статку, як адзіны добры і чалавекалюбны.
Верш. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх...
Ты, Хрысьце Божа, даў сьвятым Тваім зазьзяць ярчэй за золата, і ў дабрыні Тваёй праславіў блаславёных Тваіх. Малітвамі іх кіруй нашым жыцьцём, Чалавекалюбны, і зрабі, каб нашая малітва ўзьнялася быццам кадзіла, бо Ты адзіны, што спачываеш сярод сьвятых Тваіх.
Слава... цяпер...
Калі Дзева і Маці Твая, Хрысьце, убачыла Цябе, павешанага на крыжы, яна горка заплакала і сказала: "Што гэта за страшная тайна, Сыне Мой? Як гэта Ты, які даеш усім вечнае жыцьцё, паміраеш дабравольна на Крыжы ганебнай сьмерцю?"
Вершапесьні
Дрэва Крыжа Твайго, Хрысьце Божа, Ты явіў жыцьцядайным для нас, якія верым у Цябе. Ты зьнішчыў ім уладу таго, хто мае ўладу над сьмерцю, і ажывіў нас, амярцьвелых грахом. Таму ўсклікаем Табе: "Дабрачынца ўсіх, Госпадзе, слава Табе!"
Ты стаўся з уласнай волі ўбогім, Хрысьце Божа. Ты прыйшоў на зямлю, прыняў цела ад Дзевы і быў укрыжаваны, каб вызваліць нас з варожай няволі. Госпадзе, слава Табе!
Кожнае места і краіна шануюць вашыя мошчы, пакутныя мучанікі, бо вы, пацярпеўшы законна, прынялі нябесныя вянцы і сталіся пахвалою сьвятаначальнікаў, перамогаю для ўладароў, і аздобаю Царквы.
Слава... цяпер...
Калі Ты, Дзева, убачыла на крыжы Таго, каго Ты бяз сема нарадзіла, Ты аддала хвалу Ягонай невыказнай міласэрнасьці. |