Песьня 1
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Хрыстос родзіцца: слаўце Яго; Хрыстос зыходзіць з нябёсаў: сустракайце Яго; Хрыстос на зямлі: цешцеся! Сьпявай Госпаду, уся зямля, людзі, радасна вітайце Яго, бо Ён праславіўся.
Хрыстос прымае цела і абагаўляе мяне; Хрыстос упакорваецца і ўзьнімае мяне; Хрыстос Жыцьцядаўца церпіць мукі ў целе сваім і вызваляе мяне ад цярпеньняў. Пяю Яму песьню ўдзячнасьці, бо Ён праславіўся.
Хрыстос укрыжаваны ўзносіць мяне; Хрыстос памёрлы ўваскрашае мяне; Хрыстос дае мне жыцьцё. Радасна пляскаю ў далоні і пяю Збавіцелю пераможную песьню, бо Ён праславіўся.
Багародзічны. Ты, Дзева ўсячыстая, зачала Бога, і, застаўшыся дзеваю, нарадзіла Хрыста, які прыняў цела ад Цябе, – адзінага асобаю але ў дзьвюх прыродах Сына, які праславіўся.
Канон Багародзіцы. Ірмас канону ўваскроснага: Твая пераможная правая рука...
Якую песьню, годную Цябе, прынясем Табе мы, нямоглыя? Хіба тую, радасную, якой Габрыель нас таемна навучыў: "Радуйся, Багародзіца Дзева, Маці, што мужа ня знала!"
З чыстым сэрцам усклікнем у духу, верныя, заўсёды Дзеве і Маці Ўладара анельскіх сілаў: "Радуйся, Багародзіца Дзева, Маці, што мужа ня знала!"
Нязьведаная глыбіня Твайго недасяжнага сынараджэньня, Усячыстая! Дзеля гэтага з непахіснай вераю песьню прыносім Табе і кажам: "Радуйся, Багародзіца Дзева, Маці, што мужа ня знала!"
Песьня 3
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Спрадвеку ад Айца народжанаму нятленнаму Сыну, што ў апошнія дні ад Дзевы бяз семя прыняў цела, Хрысту Богу пяём: "Ты наша сіла. Сьвяты Ты, Госпадзе!"
Хрысту Богу, які ўзяў на плечы заблуднае ягнё і дрэвам крыжовым зьнішчыў грэх, усклікнем: "Сьвяты Ты, Госпадзе, што ўзьнёс рог наш!"
Паклонімся, верныя, Таму, хто вялікага Пастыра Хрыста вывеў з апраметнай, і Ягонай сьвятарскай уладай і Боскім Духам праз апосталаў пасьвіў у праўдзе ўсе народы.
Багародзічны. Сыну, які бяз семя прыняў цела і нарадзіўся ад Дзевы, і пасьля нараджэньня захаваў Яе Дзеваю боскай сілаю сваёю, Усявышняму Богу ўсклікнем: "Сьвяты Ты, Госпадзе!"
Канон Багародзіцы. Ірмас. Ты, Сьвяты, што, ведаючы слабасьць людзкой істоты...
Разам з прарокамі называем справядліва Цябе, Дзева, лёгкай Хмараю, на якой Госпад прыйшоў, каб зьнішчыць спакусу ягіпскіх ідалаў і прасьвятліць тых, што служылі ім.
Прарокі называлі Цябе існай Крыніцай запячатанай і Брамай зачыненай, калі казалі пра Тваё дзявоцтва, якое Ты захавала пасьля родаў.
Габрыель, якому было дадзена, наколькі магчыма, пазнаць Боскі провід, прынёс Табе, Дзева беззаганная, радасную вестку: ён ясна абвясьціў зачацьце Слова і прапаведаваў Ягонае невыказнае нараджэньне.
Песьня 4
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Як жэзл з кораня Ясеевага і кветка, што на ім зацьвіла, Ты, Хрысьце, заквітнеў ад Дзевы. Непадуладны законам прыроды, Ты, Божа, прыйшоў з гары, ацененай лесам, і прыняў цела ад Тае, што мужа ня знала. Слава сіле Тваёй, Госпадзе!
Хто той, што ідзе з Эдому, у вопратцы, чырвонай ад вінаграду басорскага, прыгожы як Бог? Як чалавек, Ён носіць вопратку, чырвоную ад крыві. Дык пяем яму, верныя: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"
Хрыстос явіўся як першасьвятар будучых дабротаў. Ён разбурыў наш грэх, адчыніў сваёй крывёю новы, няведамы дасюль, шлях, і апярэдзіў нас, увайшоўшы ў лепшую і больш дасканалую скінію, у сьвятое месца.
Багародзічны. Ты, Усяхвальная, выпрасіла ў новага Адама пагасіць стары доўг Эвы, калі нарадзіла Хрыста, адзінага ў дзьвюх прыродах Госпада, які ў чыстым зачацьці Тваім зьяднаў з сабою разумнае адухоўленае цела.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Як гару, ацененую ласкай Божаю...
Слухай, неба, пра цуд, і зразумей, зямля, бо вось Дачка смяротнага заняпалага Адама абяцаецца Богу і стаецца Маці свайго Творцы для нашага збаўленьня і аднаўленьня.
Славім у песьнях Тваю вялікую і страшную тайну, схаваную ад анёлаў, бо на Цябе, Усяхвальная, зышоў Той, хто ёсьць, як дождж на руна, для збаўленьня тых, што славяць Цябе.
Усяхвальная Багародзіца, надзея народаў і збаўленьне верных, Ты больш сьвятая за ўсіх сьвятых, бо з Цябе зазьзяў Збавіцель і Жыцьцядаўца Госпад. Малі Яго за збаўленьне слугаў Тваіх.
Песьня 5
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Бог міру і Айцец ласкаў, Ты паслаў нам Анёла вялікай Рады, каб Ён нам прынёс супакой. Скіраваныя Ім да сьвятла, сярод нядрэмнай ночы славім Цябе, Чалавекалюбча.
Якое багацьце і глыбіня мудрасьці Божае! Госпад злавіў мудрых у іхнія сеці і выбавіў нас ад іхняй маны. Пацярпеўшы з уласнай волі ў слабасьці цела, Ён сілаю сваёю мёртвых ажывіў і ўваскрасіў.
Хрыстос Бог прымае цела дзеля нас і памірае на Крыжы; пахаваны, Ён зноў уваскрасае і ўзыходзіць з целам да Айца, адкуль мае зноў прыйсці ў целе, каб збавіць тых, што набожна служаць Яму.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Хрысьце, што прасьвятліў зьзяньнем прыйсьця Твайго...
Анельскія хоры цешацца, гледзячы на Цябе, Багародзіца Дзева, а з імі радуюцца і людзі, бо сынараджэньнем Тваім Ты іх злучыла ў адно. Дзеля гэтага мы Цябе дастойна хвалім.
Хай вусны і думкі нашыя няспынна славяць сапраўдную Пахвалу роду людзкога. Дзева стаіць разам з намі і ўслаўляе тых, што славяць Яе.
Кожная песьня і хвала мудрых у гонар Дзевы і Маці Божае годная пахвалы, бо Тая, якую славім, сталася сьвятыняю славы Бога найвышэйшага.
Песьня 6
Канон Крыжаўваскросны. Ірмас. Зьвер марскі выкінуў з нутра свайго Ёну, які быў там, быццам дзіця ва ўлоньні. Слова, што было ва ўлоньні Дзевы і ўзяло цела ад Яе, выйшла адтуль, захаваўшы Яе някранутаю. Непадуладны тленнасьці, Хрыстос захаваў нязьменнаю Маці сваю.
Хрыстос Бог, розум нярэчыўны і непадуладны цярпеньням, прымешваецца да чалавечага розуму, і злучае Боскую прыроду са слабым целам. Застаўшыся нязьменным, Ён зьядноўваецца са мною, каб праз Крыж дараваць мне збаўленьне.
Адам спакусіўся, спатыкнуўся і ўпаў, і быў ашуканы ў надзеі стацца як бог. Але вось ён узьнімаецца і абагаўляецца праз зьяднаньне са Словам, і праз мукі стаецца непадуладным цярпеньням, і праслаўляецца як Сын на пасадзе разам з Айцом і Духам.
Багародзічны. Неразьдзельны са спрадвечным Айцом, Бог праведнасьці, што нарадзіўся раней бяз маці, пасяляецца без айца ва ўлоньні Дзевы. Род Ягоны страшны і невыказны.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Агарнула нас безвыходная бездань...
Анельскія хоры стаяць у подзіве перад Тваім бясьсеменным зачацьцем, Заўсёды Дзева: Ты засталася Дзеваю перад родамі і пасьля іх.
Ад Цябе, Усячыстая, прыняла цела бесьцялеснае Слова, што загадам сваім усё стварыла і прывяло да быцьця хоры бесьцялесных анёлаў.
Вораг быў пераможаны Тваім жыцьцядайным Плодам, Поўная ласкі, і пекла было патаптанае, і мы вызваліліся ад путаў няволі. Клічу: "Суцішы пажаданьні сэрца майго!"
Песьня 7
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Адкінуўшы з пагардаю нязбожны загад, узгадаваныя ў дабрадзейнасьці юнакі не збаяліся пагрозы агню, але сярод полымя сьпявалі: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!"
Зямля, чырвоная ад крыві Авеля, забітага рукою брата, была праклятаю. Акропленая Тваёю пачэснаю крывёю, яна атрымала блаславеньне, і радасна ўсклікае: "Божа айцоў, блаславёны Ты!"
Хай галосяць богапраціўныя людзі, што асьмеліліся забіць Хрыста; а народы хай весяляцца, пляскаюць у далоні і клічуць: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!"
Анёл зазьзяў і ўсклікнуў міраносіцам: "Хадзіце, гляньце на доказы ўваскрасеньня Хрыстовага – покрыва і магілу, – і ўсклікніце: Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!"
Канон Багародзіцы. Ірмас. Цябе, Багародзіца, мы, верныя, бачым, як духоўную печ...
Якуб па-прароцку бачыў Цябе, Багародзіца, лесьвіцаю, якою захацеў зысьці на зямлю Ўсявышні, каб пажыць з людзямі – блаславёны Бог айцоў і ўсяхвальны.
Радуйся, Чыстая, бо ў добрасардэчнасьці сваёй з Цябе выйшаў Пастыр, апрануты ў Адамавую скуру і ва ўсяго мяне, чалавека, – блаславёны Бог айцоў і ўсяхвальны.
Новы Адам, які выйшаў з чыстага ўлоньня Твайго, быў адвечным Богам. Малі Яго цяпер аднавіць мяне, састарэлага грахамі, які клічу: "Блаславёны Бог айцоў і ўсяхвальны!"
Песьня 8
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Печ, мокрая ад расы, была вобразам надпрыроднага цуду. Як яна не спаліла ў сабе юнакоў, так агонь Боства не пашкодзіў Дзявочага ўлоньня. Дзеля гэтага пяём: "Хай усе стварэньні хваляць Госпада і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!"
Хадзеце, людзі, паклонімся месцу, дзе стаялі ўсячыстыя ногі; і Крыжу, на якім былі распасьцёртыя жыцьцядайныя Боскія Хрыстовыя рукі для збаўленьня ўсіх людзей; станем вакол магілы і засьпявайма: "Хай усе стварэньні хваляць Госпада і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!"
Выявілася беззаконная хлусьня богазабойцаў: Той, каго яны назвалі ашуканцам, устаў у сіле, насьмяяўшыся з іхніх пячацяў. Дык з радасьцю запяём: "Хай усе стварэньні хваляць Госпада, і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!"
Траечны. Чыстыя сэрафімы бласлаўляюць Тры Сьвятасьці і пяюць хвалу адзінай Уладзе, і са страхам славяць Боства ў трох Асобах. З імі разам і мы набожна запяем: "Хай усе стварэньні хваляць Госпада, і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!"
Канон Багародзіцы. Ірмас. У печы юнакі ізраільскія...
Усхвалім у песьнях Хорам сьветлы, з якога Ўладар усіх Хрыстос выйшаў; запяём голасна: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"
Радуйся, Пасад слаўны Божы; радуйся, верных Сьцяна абаронная, з якое зазьзяў Сьветач-Хрыстос для тых, што ў цемры сядзяць і клічуць: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"
Дзева ўсяхвальная, што нарадзіла Прычыну збаўленьня ўсіх Госпада, малі Яго за ўсіх, якія клічуць: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"
Песьня 9
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Дзіўную і слаўную бачу тайну: пячора – неба, Дзева – пасад хэрувімскі, ясьлі – жыльлё, дзе зьмясьціўся Незьмяшчальны Хрыстос, якога мы ў песьнях славім.
Крыж Твой, Госпадзе, праславіўся веліччу магутнасьці Тваёй, бо на ім слабасьць Твая явілася мацнейшай за ўсе сілы. Крыжом моцныя былі паваленыя на зямлю, а бедныя ўзьнесеныя да нябёсаў.
Сьмерць была пераможаная Тваім уваскрасеньнем з мёртвых, Хрысьце: Ты явіўся тым, што ў апраметнай, і дараваў ім жыцьцё. Таму Цябе як увасобленае Жыцьцё і Ўваскрасеньне, і Сьвятло ў песьнях узьвялічваем.
Траечны. Беспачатная і бязьмежная існасьць пазнаецца ў трох адзінствах, адзінае Боства ў трох богапачатных асобах, – у Айцу, і Сыне, і Духу. Багамудрыя, што спадзеюцца на Яго, атрымліваюць збаўленьне.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Вобразам чыстага сынараджэньня Твайго...
Ты, Багародзіца, вырасла з прароцкага кораня Давідавага, і Давіда праславіла, бо Ты нарадзіла прадказанага Госпада славы, якога мы належна ўзьвялічваем.
Ніякая пахвала ня здольная перадаць веліч славы Твае, Усячыстая. Але, Уладарка Багародзіца, прымі ад нягодных слугаў Тваіх песьню хвалы, якую мы Табе з любоўю прыносім.
Вышэй за розум цуды Твае, Дзева Чыстая! Ты, ясьнейшая за сонца, адзіная явіла найнавейшы цуд Твайго неспасьцігальнага дзетараджэньня. Таму мы ўсе ўзьвялічваем Цябе. |