Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Каноны нядзельныя крыжаўваскросныя і багародзічныя - Тон 3


 

 

Каноны нядзельныя крыжаўваскросныя і багародзічныя - Тон 3

Песьня 1

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Сьпявайма, людзі, новую песьню Таму, хто для нашага збаўленьня нарадзіўся ад Дзевы і зьяднаў зямное з нябесным, бо Ён праславіўся.

Хрыстос выкупіў сваёй боскаю крывёю род людзкі, паняволены грахоўным мучыцелем; і абагавіў, і абнавіў, і праславіўся.

Хрыстос, ахоўнік жыцьця, захацеў пакаштаваць сьмерці, быццам сьмяротны. Несьмяротны прыродаю, Ён ажывіў памёрлых і праславіўся.


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Усё стварэньне на небе, зямлі і ў апраметнай зхіляе калені перад Тым, хто прыняў цела ад Цябе, Дзева, бо Ён праславіўся.

Мы атрымалі праз Цябе, Дзева, прымірэньне: Крыніца ўсяго добрага, Бог, які даў нам Духа боскага, прыняў цела ад Цябе і праславіўся.


Песьня 3

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Ты скрышыў лук ворага, зламаў шчыт ягонае сілы, Хрысьце, наша абарона. Сьвяты Ты, Госпадзе!

Ты, пачэсны Крыжу, явіўся ачышчэньнем ад ідальскіх нячыстасьцяў, бо Боскі Ісус на табе рукі свае распасьцёр.

Хай усе верныя пакланяюцца табе, жыцьцядайная магіла, бо ў табе быў пахаваны і ўваскрос Хрыстос, існы Бог наш.


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Жэзл з кораня Ясеевага зацьвіў, як было прадказана; Дзева ўзрасьціла нам кветку – Цябе, Хрысьце. Сьвяты Ты, Госпадзе!

Ты прыняў нашае цела ад Дзевы і стаўся ўбогім, каб зямных зрабіць удзельнікамі боскага. Сьвяты Ты, Госпадзе!


Песьня 4

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Я пачуў дзівосную і невыказную тайну Твайго нараджэньня і спалохаўся. Радасна клічу: "Слава сіле Тваёй, Чалавекалюбча!"

Ты, Чалавекалюбча, стварыў чалавека на вобраз Твой, і калі ён зграшыў і памёр, Ты даў сябе ўкрыжаваць на месцы чэрапу і збавіў яго.

Сьмерць аддала памёрлых, якіх яна паглынула, і тлятворнае валадарства пякельнае было разбуранае, калі Ты, Госпадзе, уваскрос з магілы.

Багародзічны. Марыя чыстая, залатая Кадзільніца, адзін з Тройцы, Бог Слова, зышоў і прыняў цела ад Цябе, і сьвет напоўніў ласкаю.


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Ты, Уладару, які меркаю Боскага розуму Твайго адмерыў месца горам, быў адсечаны ад Дзевы, быццам камень, без дапамогі рук. Слава сіле Тваёй, Чалавекалюбча.

Ты, Уладару, ацаліў нашую немачную прыроду, прыгатаваўшы ў Дзеве надзейныя лекі – Тваё ўсячыстае, Слова, Боства.

Ты – мая Частка, Госпадзе, і жаданая спадчына: зьяднаўшы ў Дзеве мяне з Тваёй асобаю, Ты сам, Слова, стаўся асобаю ў целе.


Песьня 5

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Нябачны, Ты зьявіўся на зямлі; Недасяжны, ты захацеў пажыць з людзямі. Зранку пяём славу Тваю, Чалавекалюбча.

Ты, мой Хрысьце, быў прабіты кап'ём у рабро, і зтвораную з рабра Адама віноўніцу згубы ўсіх людзей ад праклёну вызваліў.

Роўны існасьцю з Айцом, Ты, Хрысьце Спасе наш, сьвятыню Твайго найчыстага і найпачэснага цела з мёртвых узьняў.


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Слова Божае, Сын Твой, Творца першастворанага Адама, ня ёсьць стварэньнем, хоць і стварыў сабе ў Табе, Багародзіца, адухоўленае цела.

Сын Твой, Дзева – Слова Божае, роўны Айцу, суцэльная асоба ў дзьвюх прыродах, Госпад Ісус, дасканалы Бог і Чалавек.


Песьня 6

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Ёна, які патрапіў у глыбіні апраметнае, быў вобразам людзкой прыроды. Ён усклікнуў: "Узьнімі ад тленнасьці жыцьцё маё, Чалавекалюбча!"

Ты пакаштаваў ранаў, і мукамі сваімі крыжовымі параненых пеклам уваскрасіў з сабою. Таму клічу: "Узьнімі ад тленнасьці жыцьцё маё, Чалавекалюбча!"

Адкрываюцца са страхам перад Табою, Хрысьце, брамы пекла, і багацьце ворага гіне, а жанчыны, што сустрэлі Цябе, замест суму абвяшчаюць радасьць.


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Ад нятленнае Дзевы стаецца чалавекам, выглядам і сутнасьцю падобным да нас, нязьменны Бог.

Ад бездані грахоў і буры пажаданьняў выбаў мяне, Усячыстая: Ты наш прытулак і безбездань цудаў для тых, што з вераю прыбягаюць да Цябе.


Песьня 7

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Люты мучыцель стаўся сьмяхоцьцем для юнакоў, якія патапталі сямікротнае полымя і засьпявалі: "Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых!"

Сонца памеркла, калі ўбачыла на крыжы не проста чалавека, але ўцелаўлёнага Бога, якому пяём: "Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых!"

Пекла, спалоханае, прыняла Моцнага Боствам, Даўцу нятленнасьці, які збавіў душы праведных, што клікалі: "Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых!"

Багародзічны. Ты, Усячыстая, явілася шматкаштоўнаю скарбніцаю блаславеньня для тых, што з вераю вызнаюць Цябе Багародзіцаю, бо ад Цябе прыняў цела Бог айцоў нашых.


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Дзева носіць на руках Госпада славы, Уладара нябесных сілаў, што сядзіць разам з Айцом. Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых!

Той, хто апрануў у цела ад Дзевы сваю Боскую існасьць, увайшоў у барацьбу з лютай сьмерцю і зьнішчыў яе. Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых!

Мы ведаем Цябе як Багародзіцу, што нарадзіла аднаго з Тройцы, Бога, які прыняў цела ад Цябе. Блаславёны Плод улоньня Твайго, Усячыстая!


Песьня 8

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Багамудрыя юнакі загасілі рэчыўнае полымя нярэчыўным, і пяялі: "Блаславіце, усе творы Гасподнія, Госпада!"

Слова ня церпіць мукаў, бо Боства непадуладнае цярпеньням, але Бог у целе церпіць, і мы пяем Яму: "Блаславіце, усе творы Гасподнія, Госпада, і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

Ты, Збавіцелю, заснуў, быццам сьмяротны, і ўваскрос як несьмяротны, і збаўляеш тых, што пяюць: "Блаславіце, усе творы Гасподнія, Госпада, і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

Траечны. Служым пабожна Богу ў трох асобах, невыказна зьяднаных, і пяем: "Блаславіце, усе творы Гасподнія, Госпада, сьпявайце і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Ты, Маці, – вышэйшая за ўсе анельскія хоры і стаіш бліжэй за ўсіх да Бога. Бласлаўляем, Блаславёная Дзева, Твайго Сына і ўзьвялічваем Яго праз усе вякі!

Ты паказала нам красу, большую за ўсю прыроду – зьзяньне Боства ў целе. Бласлаўляем, Блаславёная Дзева, Твайго Сына і ўзьвялічваем Яго праз усе вякі!


Песьня 9

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Параненыя салодкаю стралою Ўсячыстага Сына Твайго, Усячыстая, гледзячы з подзівам на красу, годную нашай любові, песьнямі анельскімі ўзьвялічваем Цябе як маці Божую.

Ганебнаю сьмерцю Ты ўшанаваў усіх людзей: пакаштаваўшы яе ў расьпяцьці Тваім, Ты, Хрысьце Спасе, даў мне, прыродаю сьмяротнаму, нятленнасьць у чалавекалюбстве Тваім.

Уваскросшы з магілы, Ты, Госпадзе Хрысьце, узьняў і збавіў мяне, прывёў да Айца Твайго і пасадзіў з сабою па правай руцэ Яго ў велічы Твайго зьмілаваньня.


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Пабожным верным Тваім ніколі ня досыць песьняў у Твой гонар, Дзева: у жаданьні боскага і духоўнага мы ўзьвялічваем Цябе як Маці Божую.

Ты даў нам надзейную Заступніцу, Маці Тваю, Хрысьце: малітвамі Яе даеш нам міласэрнага Духа, Падаўца ўсяго добрага, які ад Айца разам з Табою паходзіць.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст