Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Каноны нядзельныя крыжаўваскросныя і багародзічныя - Тон 4


 

 

Каноны нядзельныя крыжаўваскросныя і багародзічныя - Тон 4

Песьня 1

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Адчыню вусны мае, і напоўняцца Духам; слова скажу ў гонар Уладаркі Маці і стану сьвяткаваць сьветлую ўрачыстасьць, і славіць радасна ў песьнях цуды Яе.

Ты, Госпадзе, ацаліў немачы чалавецтва і абнавіў яго Тваёю боскаю крывёю; сілаю Тваёю Ты скрышыў моц таго, хто некалі скалечыў тварэньне Тваё.

Аддадзены на сьмерць, Ты стаўся ўваскрасеньнем для памёрлых, бо моц сьмерці была зьнішчаная, калі яна ўступіла ў бой з Жыцьцём вечным, уцелаўлёным Богам і Ўладаром усіх.

Багародзічны. Адухоўленая сьвятыня Твая, Дзева, больш прыгожая за нябесныя харомы, бо Ты, Гара сьвятая, насіла ва ўлоньні Бога нашага.


Канон Багародзіцы. Ірмас. Ты, што нарадзіўся ад Дзевы, вызвалі маю ўпартую душу ад пажаданьняў, каб мне пяяць Табе песьню перамогі.

Людзі затрэсьліся, народы сумеліся, дзяржавы ўскалыхнуліся, Чыстая, у страху перад Тваім сынараджэньнем: бо вось прыйшоў мой Уладар і перамог мучыцеля, і выбавіў сьвет ад тленнасьці.

Хрыстос, што жыве на вышыні, зышоў да людзей і асьвяціў сабе жытло, што не пахісьнецца: Ты адзіная, Скарбніца Дзявоцтва, пасьля нараджэньня Збавіцеля засталася Дзеваю.


Песьня 3

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. У боскай славе Тваёй, Багародзіца, жывая і невычэрпная Крыніца, умацуй аднадушны хор песьняроў Тваіх і зрабі іх дастойнымі вянцоў славы.

Атрутны зьмей зубы свае ў мяне ўпіў, Збавіцелю; але Ты, усемагутны Ўладару, зламаў іх цьвікамі ў руках Тваіх. Бо сярод сьвятых няма Сьвятога як Ты, Чалавекалюбча.

Калі Ты, Жыцьцядаўча, быў мёртвы як у магіле, Ты адчыніў вароты пекла душам, што там былі адвеку. Бо сярод сьвятых няма Сьвятога як Ты, Чалавекалюбча.

Багародзічны. Ты, неўзараная Баразна, нарадзіла Колас жыцьця, Хадайніка несьмяротнасьці для ўсіх, што прыходзяць да Яго, Сьвятога, што сярод сьвятых спачывае.


Канон Багародзіцы. Ірмас. Ты зышоў з вышыні з уласнай волі на зямлю, Найвышэйшы Ўладару, і ўзьняў людзкую саслаблую прыроду з бездані апраметнай. Ніхто не сьвяты, апроч Цябе, Чалавекалюбча.

Ачышчаецца чалавечая прырода, зьяднаная Табою з нясьцерпным Боскім агнём. У Табе, Усячыстая Дзева, сьпёкся таемна Хлеб, пакінуўшы Цябе непарушнаю.

Хто гэта блізка Бога, вышэйшая за ўсе анельскія сілы? Гэта адзіная Маці Ўсемагутнага, што зьзяе красою дзявоцтва.


Песьня 4

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Авакум убачыў недасьледны провід Усявышняга Бога, – уцелаўленьне ад Дзевы, – і ўсклікнуў: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"

Беззаконны Ізраіль не пазнаў у Табе, Хрысьце, Бога, які закон устанавіў. Нягодны гэтага закону, ён зламаў яго і прыбіў Цябе да Крыжа.

Абагаўлёная душа Твая, Збавіцелю, пекла паланіла, і ўзьняла душы тых, што былі там адвеку; з жыцьцядайнага ж цела Твайго пацякла ўсім нятленнасьць.

Багародзічны. Мы ўсе славім Цябе як заўсёды Дзеву і існую Багародзіцу: Майсею было дадзена бачыць вобраз Твой, Усячыстая, у выглядзе куста, што быў абняты агнём і не згараў.


Канон Багародзіцы. Ірмас. Хрыстос, Бог спрадвечны, што сядзіць у славе на боскім пасадзе, прыходзіць на хуткай хмары і нятленнай рукою збаўляе тых, што клічуць: "Слава, Хрысьце, сіле Тваёй!"

Той, хто ёсьць спрадвеку, недасяжны і нябачны Бог, стаўся бачным і жыў сярод людзей, узяўшы ад Цябе, Дзева, тое, што неўласьцівае Яму. Ён збаўляе ўсіх, што шануюць Цябе як Божую Маці.

Дзева прыняла ў целе Бесьцялеснага, і злучыла Яго з целам; таму Дзіця, што нарадзілася ад Яе – у дзьвюх прыродах адзіны Бог уцелаўлёны і звышпрыродны чалавек.

Той, хто пасяліўся ў Табе, Дзева, і нарадзіўся бяз семя, – Слова і Бог, – захаваў Цябе Дзеваю пасьля родаў, бо Ён Уладар і Творца ўсяго, што існуе.


Песьня 5

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Усё стварэньне сумелася, убачыўшы боскую славу Тваю: Ты, Дзева, што мужа ня знала, мела ва ўлоньні Бога ўсіх і нарадзіла спрадвечнага Сына, які дае супакой усім, што славяць Цябе.

Бязглуздае пекла паглынула Цябе: бачыўшы Цябе, Бога жывога, прыбітага да крыжа і прабітага кап'ём, яно думала, што Ты звычайны чалавек; але сутыкнулася з Табою і пазнала моц Боскасьці Тваёй.

Калі была разбураная сьвятыня цела Твайго, Чалавекалюбча, пекла і магіла змушаныя былі даць выкуп: першае – душы сьвятых Тваіх, Несьмяротны, а другая –целы.

Багародзічны. Сёньня спраўдзілася прароцкае прадказаньне: Ты, што мужа ня знала, мела ва ўлоньні Тваім Бога ўсіх, і нарадзіла спрадвечнага Сына, які дае супакой усім, што славяць Цябе.


Канон Багародзіцы. Ірмас. Сёньня ўстану, кажа Госпад праз прарока, сёньня буду ўзьняты, сёньня буду праслаўлены і, узяўшы заняпалага чалавека з улоньня Дзевы, узьніму яго да невыказнага сьвятла боскасьці.

Сын Божы пасяліўся ў Табе, Чыстая Нявеста, і зрабіў Цябе для нас Домам славы, гарою Божаю сьвятою, хорамам, асвячанай сьвятыняй і раем вечнае радасьці.

Ты, Хрысьце, прыняў цела бяз семя ад дзявочае крыві, – чыстае, існае, адухоўленае і разумнае, дзейнае, адоранае свабоднай воляй.

Дзявочае ўлоньне пасароміла намеры мучыцеля: Сын Яе рану душагубную зьмяіную выпрабаваў рукою, перамог гордага адступніка і паклаў яго пад ногі верным.


Песьня 6

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Я трапіў у глыбіню марскую, і бура грахоўная паглынае мяне. Але Ты, шматлітасьцівы Божа, выхапі жыцьцё маё ад тленнасьці.

Пекла адчыніла пашчу і паглынула мяне, і я, неразумны, душу сваю аддаў; але Хрыстос Чалавекалюбец, зышоўшы, вярнуў мне жыцьцё.

Сьмерць пераможаная сьмерцю, бо Памёрлы ўваскрос, даючы мне нятленнасьць; Несьмяротны явіўся жанчынам і абвясьціў ім радасьць.

Багародзічны. Тваё чыстае ўлоньне, Багародзіца, зьмясьціла нясьцерпнае Боства, на якое анельскія хоры бяз страху глянуць ня сьмеюць.


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Некалі зьмей спакусіў мяне праз маю прамаці Эву і ўмярцьвіў мяне; сёньня ж, Чыстая, Той, што стварыў мяне, праз Цябе паклікаў мяне ад тленнасьці.

Бездань добрасардэчнасьці невыказна паказала Цябе, Дзева, як абраную бездань цудаў; бо дыямант – Хрыстос, быццам Боская маланка, зазьзяў з Цябе.


Песьня 7

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Мужныя і багамудрыя юнакі не захацелі служыць стварэньню замест Творцы і, вогненнае выпрабаваньне за нішто палічыўшы, радасна сьпявалі: "Усяхвальны Госпад і Бог айцоў, блаславёны Ты".

Узьнесены на Крыж, Ты ўпакорыў высакамернае вока, гордага да зямлі панізіў і збавіў чалавека. Усяслаўны Госпадзе і Божа айцоў, блаславёны Ты!

Уладару, што ўваскрос з мёртвых і пекла багацьце спустошыў, узвысі рог тых, што служаць Табе. Усяслаўны Госпадзе і Божа айцоў, блаславёны Ты!

Траечны. Сьледам за боскім навучаньнем, славім адзінае Боства, тры Сьвятлы, што зьзяюць нязьлітна і неразьдзельна, Полымя вечнае, што прасьвятляе кожнае стварэньне, якое ўсклікае: "Блаславёны Ты!"


Канон Багародзіцы. Ірмас. Тры юнакі ў Бабілёне загад мучыцеля за нішто палічылі і ўсклікнулі на ўвесь голас сярод полымя: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"

Чыстая любоў, што як агонь гарыць у сэрцы маім, заахвочвае мяне пяяць Табе, Маці і Дзева, і клікаць: "Блаславёная Ты, Госпад сілаў з Табою!"

Ты – вышэйшая за ўсе стварэньні, бо Ты нарадзіла Творцу і Госпада. Дзеля гэтага гукаю Табе, Дзева: "Блаславёная Ты, Госпад сілаў з Табою!"

Траечны. Аддаю пашану адзінай і неразьдзельнай у трох сьвятых асобах Уладзе, слаўлю трохасабовую існасьць, і клічу: "Блаславёны Ты, што ўсім кіруеш!"


Песьня 8

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Народжаны ад Багародзіцы набожных юнакоў у печы выбавіў; тады вобразна, а цяпер дзейсна натхняе Ён увесь сьвет пяяць: "Слаўце, усе стварэньні, Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі".

Убачыўшы няправеднае забойства Тваё, стварэньне спахмурнела і заплакала, зямля затрэслся, і сонца пакрылася змрокам, быццам чорнай вопраткаю. А мы няспынна славім у песьнях Цябе, Хрысьце, і ўзьвялічваем праз усе вякі.

Ты зышоў да мяне аж да апраметнай і, адчыніўшы ўсім шлях да ўваскрасеньня, прывёў да Айца. Дзеля гэтага ўсклікаю Табе: "Усе творы, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

Траечны. Славім першасны Розум і Віноўніка ўсяго, што існуе, Айца адзінага безпрычыннага, Слова спрадвечнае і Духа Суцяшальніка, адзінага Бога ўсіх. Тройцы адной прыродаю пакланяемся і ўзьвялічваем Яе праз усе вякі.


Канон Багародзіцы. Ірмас. Усемагутны Збаўца ўсіх зышоў да юнакоў пабожных сярод полымя, асьвяжыў іх расою і навучыў пяяць: "Усе творы, блаславіце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

Уладар усіх зрабіў Цябе з рабра Адамавага, і ад дзявочага ўлоньня Твайго прыняў цела. Яго мы славім у песьнях і ўсклікаем: "Усе творы, блаславіце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

У сваёй палатцы Абрагам бачыў Тваю, Багародзіца, тайніцу, бо прыняў як госьця яшчэ не ўцелаўлёнага Сына Твайго, і ўсклікнуў: "Усе творы, блаславіце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

Вобраз дзявоцтва Твайго ў юнаках, роўных лікам з Тройцаю, збавіў іх. Захаваўшы чысьціню цялесную, яны патапталі агонь і пяялі: "Усе творы, блаславіце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"


Песьня 9

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Усе народжаныя на зямлі хай усьцешацца, прасьветленыя Духам. Хай сьвяткуюць бесьцялесныя анельскія хоры і ўшануюць урачыстасьць Божае Маці, і хай пяюць: "Радуйся, усеблаславёная Багародзіца, чыстая заўсёды Дзева!"

Зьмей прыпоўз у рай і хітрасьцю ўзяў мяне ў палон. Але ўсемагутны Госпад разьбіў яго, быццам дзіця, аб цьвёрды камень на месцы пакараньня, і крыжом адкрыў мне зноў уваход у рай.

Магутнай рукою Тваёю, Хрысьце, Ты разьбіў абарону ворага і спустошыў ягонае багацьце; і з глыбіні пякельнай узьняў мяне разам з сабою, а таго, хто здаўна нязьмерна хваліўся сілаю сваёю, Ты выставіў на сьмех усім.

Прыйдзі, чалавекалюбны Хрысьце, вызваль ад бедаў людзей Тваіх, міласэрнаю і магутнаю рукою ўмацуй прававерных хрысьціянаў супраць ворагаў, што блюзьняць, і захавай і збаў набытак Твой.


Канон Багародзіцы. Ірмас. Тайна схаваная, чыстая, боская ў Табе споўнілася, Чыстая Дзева, бо ў добрасардэчнасьці сваёй Бог прыняў цела ад Цябе. Дзеля гэтага мы ўзьвялічваем Цябе як Маці Божую.

Мы бачым Цябе, Дзева чыстая, як лілею, што зьзяе сярод церняў, у пурпуровай вопратцы, упрыгожаную Духам Сьвятым. Ты напаўняеш салодкім пахам тых, што шчыра ўзьвялічваюць Цябе.

У добрасардэчнасьці сваёй Несьмяротны прыняў тленнае нашае людзкое цела ва ўлоньні Тваім, Усячыстая, і зрабіў яго нятленным. Дзеля гэтага мы ўсе ўзьвялічваем Цябе як Багародзіцу.

Уладарка ўсяго стварэньня, даруй людзям Тваім перамогу, а ворагам прымірэньне з Царквою, каб мы Цябе як Багародзіцу ўзьвялічвалі.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст