Песьня 1
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Сьпявайма Збавіцелю Богу, які правёў бясьпечна народ свой праз мора, быццам па сушы, а фараона з ягоным войскам патапіў, бо Ён праславіўся.
Сьпявайма Таму, хто з уласнай волі целам быў прыбіты да крыжа і адмяніў прысуд таго, хто некалі зграшыў праз дрэва, бо Ён праславіўся.
Сьпявайма адзінаму ўваскросламу з магілы Хрысту, які ўзьняў заняпалага чалавека і ўпрыгожыў яго, пасадзіўшы разам з сабою поруч з Айцом, бо Ён праславіўся.
Багародзічны. Усячыстая Маці Божая, маліся няспынна Таму, хто, не разлучыўшыся з Богам Айцом, прыняў цела ад Цябе, каб ад усіх нягодаў выбавіць тых, каго стварыў.
Канон Багародзіцы. Ірмас увакроснага канону: Каня і вершніка...
Малі, Усячыстая, Хрыста – Сьвятло, што пасялілася ў Табе і прасьвятліла сьвет промнямі Боства, – прасьвятліць усіх, што славяць Цябе, Дзева Маці.
Ты, Поўная ласкі Ўсячыстая, упрыгожаная дабрадзейнасьцямі і ацененая дабратворным зьзяньнем Духа, насіла Таго, хто дае красу і дабрыню ўсяму стварэньню.
Некалі куст на Сынаі, які, абняты агнём, не згараў, быў вобразам Тваім, Дзева: вышэй за розум Ты, Маці і Дзева, дзеваю была падчас родаў і дзеваю засталася.
Песьня 3
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Сілаю Крыжа Твайго, Хрысьце, умацуй мой розум, каб мне аддаваць хвалу Твайму дабравольнаму расьпяцьцю.
Ты ўваскрос з магілы, Хрысьце, і выбавіў ад тленнасьці тых, што славяць, Жыцьцядаўча, дабравольнае Тваё расьпяцьце.
Міраносіцы сьпяшаліся памазаць мірам цела Тваё, Хрысьце, і, не знайшоўшы яго, вярнуліся і ўславілі Тваё ўваскрасеньне.
Багародзічны. Малі няспынна, Чыстая, Таго, хто прыняў цела ва ўлоньні Тваім, вызваліць ад д'ябальскай спакусы тых, што славяць Цябе як Багародзіцу.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Ты, Хрысьце...
Ты, Чыстая, явілася лесьвіцай, па якой Усявышні зышоў да нас, каб направіць сатлелую нашую прыроду. Праз Цябе Ўсядобры Бог захацеў прыйсьці на сьвет.
Даўно прадказаная тайна, вядомая спрадвеку Богу, які ўсё ведае, апошнім часам споўнілася, Усебеззаганная, ва ўлоньні Тваім.
Асуджэньне даўняга праклёну было адмененае Тваім хадайніцтвам, чыстая Дзева. З Цябе, адзіная пахвала зьнямоглых людзей, зьявіўся Госпад, які ў дабрыні сваёй дае ўсім блаславеньне.
Песьня 4
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Я пачуў вестку пра сілу Крыжа Твайго, Госпадзе, і ўславіў Тваю, Чалавекалюбча, невыказную моц.
Калі Крыж быў пастаўлены на зямлі на месцы пакараньня, брамы пякельныя былі разбураныя, а іхнія вартаўнікі ўсклікнулі: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"
Збавіцель, быццам мёртвы, зышоў у пекла да вязьняў, і ўсе адвеку памёрлыя ўваскросьлі разам з Ім і ўсклікнулі: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"
Багародзічны. Дзева нарадзіла, ня ведаючы болю, і як Маці засталася Дзеваю; таму мы славім Яе ў песьнях і клічам "Радуйся!"
Канон Багародзіцы. Ірмас. Прарок Авакум прадбачыў...
Сэрцам і розумам, душою і вуснамі вызнаю пабожна Цябе як існую Багародзіцу, Чыстая, і малітвамі Тваімі атрымліваю збаўленьне.
Той, хто стварыў усё з нічога, захацеў як Дабрачынца нарадзіцца ад Цябе, Чыстая, для збаўленьня тых, што з вераю і любоўю славяць Цябе, Беззаганная.
Славяць Тваё сынараджэньне, Усебеззаганная, сусьветныя хоры і цешацца са збаўленьня тых, што вызнаюць Цябе, Чыстая Дзева, існаю Багародзіцаю.
Ісая назваў цябе жэзлам, з якога вырасла цудоўная кветка, Хрыстос Бог, для збаўленьня тых, хто з вераю прыбягае пад покрыва Тваё.
Песьня 5
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Устаўшы зранку, клічам: "Збаў нас, Госпадзе, бо Ты Бог наш і апроч Цябе іншага бога ня знаем".
Ты, Збавіцелю наш, распасьцёр рукі Твае на крыжы і ў чалавекалюбстве Тваім паклікаў усіх нас да сябе.
Пахаваньнем Тваім, Спасе мой, ты паланіў пекла, і ўваскрасеньнем Тваім Ты напоўніў усіх радасьцю.
Ты, Жыцьцядаўча, уваскрос на трэці дзень і ўсім дараваў несьмяротнасьць.
Багародзічны. Славім Цябе, Багародзіца, якая засталася пасьля родаў Дзеваю, нарадзіўшы сьвету ў целе Бога Слова.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Зранку імкнуся да Цябе...
Усе прарокі прадказалі пра Цябе, Багародзіца, што маеш быць Божаю Маці, бо Ты адзіная была Чыстаю і Беззаганнаю.
Пабожна вызнаем Цябе, Чыстая, як сьветлую Хмару жыцьцядайнае вады, што праліла нам, няшчасным, Хмару нятленнасьці – Хрыста.
Бог, адзіны добрасардэчны, які пасяліўся ў Табе, палюбіў Цябе, усю добрую і беззаганную, і непарушную Дзеву.
Песьня 6
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Бездань бязьмежная ахінула мяне, зьвер марскі стаўся мне магілаю. Я паклікаў Цябе, чалавекалюбны Госпадзе, і Твая правая рука збавіла мяне.
У чалавекалюбстве Тваім Ты, Хрысьце Божа наш, распасьцёр рукі свае на жыцьцядайным Крыжы, каб сабраць усе Твае расьцярушаныя народы.
Ты паланіў сьмерць і брамы пякельныя скрышыў; Адам, вызвалены ад путаў, усклікнуў Табе: "Правая рука Твая збавіла мяне, Госпадзе!"
Канон Багародзіцы. Ірмас. Разьюшаныя хвалі...
Мы славім Цябе як Куст незгаральны, Гару і Лесьвіцу духоўную, і Браму да неба, Марыя слаўная, прававерных хрысьціянаў пахвала!
Мы ведаем Цябе, Уладарка Беззаганная, як душакарысную крыніцу ацаленьняў для тых, што з вераю прыбягаюць да добраслаўнага покрыва Твайго.
Ты нарадзіла нам Крыніцу збаўленьня нашага і Жыцьцядаўца, які дае вечнае збаўленьне ўсім, хто вызнае Цябе існаю Багародзіцаю.
Песьня 7
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. У вогненнай печы Ты збавіў юнакоў, якія славілі Цябе і пяялі: "Блаславёны Бог айцоў нашых!"
Дрэвам крыжовым ідальскую спакусу зьнішчыў блаславёны Бог айцоў нашых.
Уваскрос з мёртвых і тых, што былі ў пекле, уваскрасіў з сабою блаславёны Бог айцоў нашых.
Сьмерцю Тваёю Ты разбурыў сьмерці дзяржаву, Хрысьце, блаславёны Божа айцоў нашых.
Багародзічны. Нарадзіўшыся ад Дзевы, явіў Яе Багародзіцаю блаславёны Бог айцоў нашых.
Багародзічны. Ірмас. Праслаўлены Госпад...
Бясконцы і Нязьменны ў Табе, Усесьвятая, злучыў цела са сваёй Асобаю ў добрасардэчнасьці сваёй, адзіны блаславёны Бог айцоў нашых.
Славім Цябе суладна, Уладарка Багародзіца, як беззаганную Нявесту і пасад Творцы Твайго, якому ўсе пяем: "Блаславёны Ты, Божа!"
Ты, Маці Ўладара ўсіх, Дзева, была ачышчаная Духам Творцы Твайго, якому ўсе пяём: "Блаславёны Ты, Божа!"
Госпад, які ад Цябе прыняў вопратку цялесную, Усячыстая Маці Божая, збавіў мяне. Таму ўсе пяём Яму: "Блаславёны Ты, Божа!"
Песьня 8
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Сын Божы, народжаны ад Айца перад усімі вякамі, у апошнія дні прыняў цела ад Дзевы Марыі. Сьвятары, слаўце Яго; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!
Хрыста Бога, які на крыжы рукі распасьцёр і путы сьмерці разарваў, сьвятары, слаўце, людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!
Хрыста Бога, што, быццам жаніх, з магілы зазьзяў, міраносіцам явіўся і радасьць ім абвясьціў, сьвятары, слаўце, людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!
Багародзічны. Ты, Багародзіца чыстая, явілася вышэйшаю за хэрувімаў, бо Той, каго яны носяць, пасяліўся ва ўлоньні Тваім. Мы ж разам з анельскімі сіламі славім Яго праз усе вякі.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Табе, Творцу ўсяго...
Сёньня сум прабацькоў адмяняецца, бо радасьць прыйшла ад Цябе, Маці Божая. Дзеля гэтага няспынна славім Цябе і ўзьвялічваем праз усе вякі.
Сёньня хоры анельскія разам з намі аднадушна з любоўю славяць, Дзева, неспасьціглае сынараджэньне Тваё і ўзьвялічваюць яго праз усе вякі.
Струмень сьветлы несьмяротнасьці – Госпад усіх, – пацёк з Цябе, Дзева; Ён абмывае брыдоту тых, што славяць Цябе і ўзьвялічваюць праз усе вякі.
Мы вызнаем Цябе, Дзева, як Боскі сьветлы Пасад і Скрыжаль ласкі, бо Ты мела ў сабе Слова Айца, якога мы ўзьвялічваем праз усе вякі.
Песьня 9
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Ты, Маці Божая, вышэй за розум і слова нарадзіла ў часе Спрадвечнага. Таму мы, верныя, Цябе аднадушна ўзьвялічваем.
Цябе, які на Крыжы сьмерць пацярпеў і скрышыў сілу пекла, мы, верныя, пабожна ўзьвялічваем.
Цябе, які ўваскрос на трэці дзень з магілы, пекла паланіў і сьвет прасьвятліў, мы, верныя, аднадушна ўзьвялічваем.
Багародзічны. Радуйся, Багародзіца, Маці Хрыста Бога, якога Ты нарадзіла! Малі Яго даць адпушчэньне грахоў тым, што з вераю славяць Цябе.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Ісая, радуйся...
З чыстай крыві Тваёй, Багародзіца Заўсёды Дзева, было складзенае звышпрыродна, бяз мужа, бяз семя, разумнае і адухоўленае цела Творцу ўсіх, адзінароднаму Сыну Айца.
Усесьвятая Маці Дзева, Ты супыніла нястрымныя напады сьмерці, нарадзіўшы ў целе існа вышэй за розум Вечнае Жыцьцё, сутыкнуўшыся з якім, пекла зьнішчанае было.
Сын Твой, які сядзіць уладарна на пасадзе, паставіў Цябе, Усебеззаганная, апранутую ў золата, усю прасьветленую зьзяньнем дабрадзейнасьцяў, па правай руцэ сваёй, аддаючы Табе пашану як Маці сваёй.
Вышэй за розум сынараджэньне Тваё, Маці Божая: Ты зачала бяз мужа, і пасьля родаў засталася Дзеваю. Бог быў той, хто нарадзіўся ад Цябе, і мы ўзьвялічваем Яго і Цябе шчасьліваю завем. |