Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Каноны нядзельныя крыжаўваскросныя і багародзічныя - Тон 6


 

 

Каноны нядзельныя крыжаўваскросныя і багародзічныя - Тон 6

Песьня 1

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Таго, хто некалі хваляю марскою патапіў перасьледавальніка і мучыцеля, нашчадкі збаўленых паклалі ў зямлю. Мы ж, як тады жанчыны, пяём Госпаду, бо Ён праславіўся.

Перад Пілатам стаіць Судзьдзя і асуджаецца беззаконным судом; атрымлівае аплявухі ад неправеднае рукі Той, перад кім дрыжаць неба і зямля.

Ты, Спасе, распасьцёр боскія рукі Твае на ўсячыстым Тваім і жыцьцядайным крыжы, і сабраў народы, каб яны пазналі Цябе, Госпадзе Ўладару, і пакланіліся Твайму слаўнаму расьпяцьцю.

Багародзічны. Калі Ўсебеззаганная, што стаяла ля крыжа, убачыла кроплі крыві з боку Твайго, Хрысьце Спасе, Яна залілася сьлязьмі і ўславіла Тваю беспрыкладную міласэрнасьць.


Канон Багародзіцы. Ірмас канону ўваскроснага: Ізраіль, ідучы па дне марскім...

Эва пакаштавала плоду з забароненага дрэва і наклікала на сябе праклён; але Ты, Усячыстая, звольніла яе, нарадзіўшы пачатак блаславеньня – Хрыста.

Ты, Чыстая, што нарадзіла Хрыста – дыямант ад Боскай маланкі, – разьвей туман маіх пажаданьняў і сорам правінаў зьзяньнем сьветласьці Тваёй.

Якуб духоўнымі вачыма бачыў, Усячыстая, спадзяваньне народаў – Бога, які збаўляе нас Тваім заступніцтвам.

Калі ня стала князёў з калена Юды, Усячыстая, прыйшоў Сын Твой і Бог і ўстанавіў панаваньне сваё над усёй зямлёй.


Песьня 3

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Цябе, які на водах павесіў непарушна зямлю, стварэньне з жахам убачыла павешаным на крыжы і ўсклікнула: "Ніхто не сьвяты, апроч Цябе, Госпадзе!"

Ты прабыў тры дні ў магіле і жыцьцядайным устаньнем Тваім уваскрасіў раней памёрлых, і яны, вызваленыя ад праклёну, усьцешыліся і ўсклікнулі: "Ты прыйшоў, Госпадзе, наша збаўленьне!"

Слава Твайму ўстаньню, Госпадзе, якім Ты, Усемагутны, нас вызваліў ад пекла, тленнасьці і сьмерці. Таму мы пяем і клічам: "Ніхто не сьвяты, апроч Цябе, чалавекалюбны Госпадзе!"

Багародзічны. Сэрца Тваё, Усячыстая і Беззаганная, было параненае, калі Ты ўбачыла Народжанага ад Цябе прабітага кап'ём, і Ты ў жаху ўсклікнула: "Вось як адплацілі Табе, Сыне мой, людзі беззаконныя!"


Канон Багародзіцы. Ірмас. Ніхто не сьвяты, апроч Цябе, Госпадзе...

Тленную і сьмяротную маю прыроду, Усячыстая Маці Божая, Усядобры прыняў невыказна ва ўлоньні Тваім, зрабіў яе нятленнаю і навекі злучыў з сабою.

Анельскія хоры жахнуліся, калі ўбачылі, як Бог прымае цела ад Цябе. Несьціханымі галасамі яны славяць Цябе як Маці Божую.

Прарок Даніла жахнуўся, калі ўбачыў Цябе, Маці Божая, як Гару духоўную, ад якой адкалоўся нерукатворны Камень і дэманскія капішчы скрышыў.

Ніякае чалавечае слова ані язык ня можа належна аддаць хвалу Табе, Усячыстая, бо ад Цябе Жыцьцядаўца Хрыстос захацеў прыняць цела з добрае волі сваёй.


Песьня 4

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Прадбачыўшы Тваё Боскае спусташэньне на Крыжы, Авакум жахнуўся і ўсклікнуў: "Ты, Добры, зышоў да тых, што ў пекле, і зьнішчыў уладу моцных, бо Ты ўсемагутны".

Шануем пачэсны Крыж Твой, Хрысьце, і сьвятое кап'ё з трысьцінаю, і цярновы вянок, якімі мы былі вызваленыя ад пякельнай тленнасьці.

Магіла, Спасе, прыняла Цябе, калі Ты з уласнай волі памёр за нас, але ня здолела ўтрымаць Цябе, Слова: Ты ўваскрос як Бог і збавіў наш род.

Багародзічны. Багародзіца Заўсёды Дзева, што нарадзіла людзям Збавіцеля Хрыста, выбаў ад бедаў і мукаў нас, якія прыбягаем з вераю да боскага покрыва Твайго.


Канон Багародзіцы. Ірмас. Хрыстос - мая Сіла, Бог і Госпад!...

Збаўленыя Табою, Усячыстая, славім у песьнях Цябе, Беззаганная, і пабожна клічам: "Блаславёная Ты, заўсёды Дзева, што нарадзіла Бога!"

Дзева найблаславёная, Ты нарадзіла незаходнае Сьвятло, што зазьзяла з цела Твайго для тых, што жылі ў цемры, і прынесла радасьць тым, што славяць Цябе.

Ласка зацьвіла, дзе быў закон, праз Цябе, Усесьвятая: Ты, Чыстая Заўсёды Дзева, нарадзіла Госпада, які дае нам адпушчэньне грахоў.

Пакаштаваўшы плоду з дрэва райскага, я памёр; Дрэва Жыцьця, што ад Цябе явілася, Усячыстая, уваскрасіла мяне і зрабіла спадкаемцам райскай асалоды.


Песьня 5

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Ісая ўбачыў незаходнае сьвятло Твайго літасьцівага богазьяўленьня дзеля нас, і сярод ночы нядрэмнай усклікнуў: "Устануць тыя, што ў магілах, і ўсе людзі ўсьцешацца!".

Першы чалавек не паслухаўся, усядобры Госпадзе, Твайго загаду, спакусіўся плодам дрэва райскага і ўпаў у тленнасьць. Але Ты, Збавіцелю, паслухмяны Айцу, Крыжом зноў узьняў яго да былога блаславёнага стану.

Сьмерцю Тваёю, Добры, была зьнішчаная сьмерці ўлада: Ты адкрыў нам крыніцу жыцьця і дараваў несьмяротнасьць. Дзеля гэтага пакланяемся Твайму пахаваньню і ўваскрасеньню, якімі Ты як Бог прасьвятліў увесь сьвет.

Багародзічны. Творца ўсіх і Госпад, які жыве на нябёсах, невыказна пасяліўся ва ўлоньні Тваім, Усебеззаганная, і праславіў Цябе, вышэйшую за нябёсы і сьвяцейшую за анёлаў. Дзеля гэтага сёньня ўся зямля бласлаўляе Цябе.


Канон Багародзіцы. Ірмас. Малюся Табе, Добры...

Ты, што зьзяеш чысьцінёю, годная ўсялякай пахвалы, бо Ты сталася жыльлём Уладара: Ты адзіная сталася Маці Бога і насіла Яго як немаўля на руках Тваіх.

Адораная красой і дабрынёй духоўнаю, запячатаная дзявоцтвам, Ты, Нявеста Божая, прасьвятляеш сьвет зьзяньнем чысьціні.

Хай плачуць усе зламысьнікі, што не прызнаюць Цябе яўна Чыстаю Маці Божаю. Ты явілася нам як Брама Божага сьвятла, што разганяе змрок правінаў.


Песьня 6

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Паглынуты, але не ўтрыманы ў нутры кіта, Ёна даў нам вобраз Твайго цярпеньня і пахаваньня. Ён, быццам з хораму, выйшаў з нутра зьвера і крыкнуў вартаўніком: "Гэй, вы, што пакінулі міласэрнасьць, дарэмна і бескарысна трымаеце варту!"

Хрыстазабойцам і прароказабойцам стаўся выбраны народ: як некалі прарокаў, што былі тайнымі промнямі праўды, не збаяўся забіць, так цяпер, агорнуты зайздрасьцю, аддаў на сьмерць Госпада, якога прарокі прадказалі. Але для нас сьмерць Ягоная сталася жыцьцём.

Ты, Спасе, быў пакладзены ў магілу, але не затрыманы ў ёй; хоць з уласнай волі Ты, Слова, пакаштаваў сьмерці, але ўваскрос як Бог несьмяротны, узьняў з сабою вязьняў, што былі ў пекле, і жанчынам ранейшы сум на радасьць перамяніў.

Багародзічны. "Бясслаўны і годны жалю быў выгляд Твой перад людзьмі ў часе пакутаў Тваіх, Сыне і Божа мой – Усячыстая казала. – Ты явіўся некалі Давіду ў красе і велічы Боства. Але ўстань з магілы і жэзлам валадарства Твайго скрышы моц ворагаў Тваіх!"


Канон Багародзіцы. Ірмас. Уведаўшы жыцьцёвае мора...

Вялікі сярод прарокаў Майсей некалі пісаў пра Цябе, як пра Каўчэг і Стол, і Сьвечнік, і Посуд залаты. Гэта былі вобразы прыйсьця ў целе Ўсявышняга ад Цябе, Дзева Маці.

Сьмерць гіне, і тленнасьць – праклён Адама, – адмяняецца, пераможаныя Сынам Тваім, Уладарка. Ты нарадзіла Жыцьцё, якое збаўляе ад тленнасьці ўсіх, што славяць Цябе.

Закон страціў сілу, і цень ягоны мінуў, калі вышэй за розум явілася мне ласка Бога і Збацы, народжанага ад Цябе, Дзева ўсяхвальная.


Песьня 7

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Невыказны цуд: Той, хто выбавіў ад полымя ў печы пабожных юнакоў, у магілу мёртвы кладзецца для збаўленьня нас, якія пяём: "Збавіцелю Божа, блаславёны Ты!"

Дзіўны ход здарэньняў! Той, хто выбавіў Ізраіля з фараонавай няволі, з уласнай волі церпіць расьпяцьце і разьвязвае путы правінаў. Дык пяем Яму з вераю: "Вызваліцелю Божа, блаславёны Ты!"

Бязбожныя сыны беззаконных бацькоў укрыжавалі на месцы пакараньня Цябе, Збавіцелю, які зламаў брамы пекла, каб збавіць тых, што пяюць: "Вызваліцелю Божа, блаславёны Ты!"

Багародзічны. Ты, Дзева Чыстая, нарадзіла Вызваленьне Эвы і адмяніла ранейшы праклён Адама. Дзеля гэтага разам з анёламі пяем і ўсклікаем Сыну Твайму: "Вызваліцелю Божа, блаславёны Ты!"


Канон Багародзіцы. Ірмас. Анёл арасіў печ для юнакоў...

Полымя ў печы не пашкодзіла тром юнаком, якія былі вобразам сынараджэньня Твайго: Боскі агонь, які пасяліўся ў Табе, не спаліў Цябе. Ён навучыў усіх пяяць: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"

Як Ты, усепачэсная Маці, сама прадказала, усе куткі зямлі называюць Цябе блаславёнаю і, прасьветленыя зьзяньнем Тваім, з удзячнасьцю пяюць і клічуць: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"

Хітры зьмей уеўся ў мяне сваімі атрутнымі зубамі, але Твой Сын, Маці Божая, скрышыў іх і даў мне сілу клікаць: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"

Ты, адзіная Богаблаславёная, – ачышчэньне ўсяго, што існуе, бо Ты насіла на руках Бога, які сядзіць на хэрувімах, што ўсклікаюць: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"


Песьня 8

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Жахніся ў страху, неба, хай ускалыхнуцца асновы зямлі, бо вось Той, хто жыве на вышынях, залічаецца да мёртвых. У магілу пакладзены Той, каго юнакі бласлаўляюць, сьвятары славяць у песьнях, людзі ўзьвялічваюць праз усе вякі.

Усё жахнулася, калі пачула, як Усявышні з уласнай волі зышоў на зямлю, разбурыў моц пекла Крыжом і пахаваньнем сваім, і ўзьняў усіх, каб клікалі: "Юнакі, бласлаўляйце; сьвятары, слаўце; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!"

Тыранія пекла скончылася, і ўлада яго згінула, бо яе разбурыў над усімі Бог, які быў узьняты ад зямлі на Крыжы. Юнакі, бласлаўляйце Яго; сьвятары, слаўце; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!

Якое бязьмернае Тваё чалавекалюбства, Хрысьце, і невыказная дабрыня! Убачыўшы, што я гіну ў пякельнай вязьніцы, Ты сам пацярпеў, каб вызваліць мяне. Дзеля гэта бласлаўляем Цябе, Уладару ўсіх, і ўзьвялічваем праз усе вякі.


Канон Багародзіцы. Ірмас. З полымя Ты даў расу для набожных юнакоў...

Сын Твой, Усячыстая, прасьвятліў Цябе зьзяньнем Духа, у пазалочаную вопратку апрануў і паставіў па правай руцэ сваёй. Мы ўзьвялічваем Яго праз усе вякі.

Той, хто воляю сваёю сьвет стварыў, прымае ва ўсячыстым Тваім улоньні цела, каб аднавіць яго. Мы ўзьвялічваем Яго праз усе вякі.

Праз злучэньне Слова са мною, чалавекам, Ты, Усячыстая, сталася Божым жыльлём, што зьзяе сьветласьцю дзявоцтва. Дзеля гэтага мы славім Цябе праз усе вякі.

Залаты сьвечнік быў вобразам Цябе, якая невыказна прыняла Сьвятло недасяжнае, што асьвятляе ўсіх сваім пазнаньнем. Дзеля гэтага мы славім Цябе, Чыстая, праз усе вякі.


Песьня 9

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Ня плач па мне, Маці, бачачы ў магіле Мяне, Сына Твайго, якога Ты зачала бяз семя. Я ўстану і праслаўлюся і, як Бог, уздыму з моцаю тых, хто з вераю і любоўю ўзьвялічвае Цябе.

Хоць Ты, Жыцьцядаўча Хрысьце, зышоў у магілу як мёртвы, Ты знішчыў моц пекла і ўзьняў з сабою мёртвых, якіх яно раней паглынула, і як Бог уваскрасіў тых, што з вераю і любоўю ўзьвялічваюць Цябе.

Хай усё стварэньне ўсьцешыцца, і расьцьвіце як лілея, бо Хрыстос з мёртвых устаў як Бог. Усклікнем: "Дзе цяпер тваё, сьмерць, джала? Дзе твая, пекла, перамога? Добрасардэчны ўзьняў рог наш і скінуў на зямлю цябе".

Багародзічны. Ты, Усячыстая Ўладарка, насіла Таго, хто носіць усё; і на руках трымала як немаўля Таго, хто выбаўляе нас ад рукі злоснага ворага; Ты бачыла, як узьнімаецца на Крыж Той, хто ўзьняў нас з гібельнай бездані.


Канон Багародзіцы. Ірмас. Бога людзям немагчыма бачыць...

Зорка ўзышла ад Якуба і прасьвятліла зьзяньнем Боства тых, што ў цемры: ад Цябе, Усячыстая, Хрыстос Бог-Слова прыняў цела, і мы, прасьветленыя Ім, разам з анельскімі хорамі Цябе шчасьліваю завем.

Умацаваны сілаю Тваёю і ласкаю, Табе песьню ад шчырага сэрца прыношу: прымі яе, Чыстая Дзева, і дай мне ўзамен шматсьветлую ласку з Тваёй нятленнай скарбніцы, Богаблаславёная.

Ты, Дзева, явілася Боскімі кроснамі, на якіх Слова саткала сабе цялесную вопратку, абагавіўшы мой вобраз. Апрануўшыся ў яе, Ён збавіў усіх, хто з чыстым розумам узьвялічвае Цябе.

Тваім невыказным і цудоўным сынараджэньнем, Багародзіца ўсячыстая, мёртвым даецца ўваскрасеньне. Жыцьцё апранулася ў цела ад Цябе і зазьзяла ўсім, і тлен сьмяротны зьнішчыла.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст