Песьня 1
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Той, хто перамагае ў бітве, патапіў фараона і ягоныя калясьніцы ў марской глыбіні. Дык сьпявайма Яму, бо Ён праславіўся.
Дзьве жыцьцядайныя крыніцы пацяклі з прабітага боку Збаўцы на Крыжы, і мы пяём Яму, бо Ён праславіўся.
Хрыстос пасяліўся ў магіле і ўваскрос на трэці дзень, даючы чаканую нятленнасьць сьмяротным. Таму пяём Яму, бо Ён праславіўся.
Багародзічны. Ты адзіная засталася Дзеваю пасьля родаў, бо Ты нарадзіла ў целе Творцу сьвету; дзеля гэтага ўсклікаем Табе "Радуйся!"
Канон Багародзіцы. Ірмас канону ўваскроснага: На загад Твой, Госпадзе...
Дзева, што нарадзіла Бездань добрасардэчнасьці, прасьвятлі душу маю сьветлым зьзяньнем Тваім, каб я мог належна славіць бездань цудаў Тваіх.
Бог-Слова ўбачыў нас, параненых стралою грахоўную, і, як Дабрачынца, зжаліўся. І вось Бог Усявышні невыказна злучыўся з целам у Табе, Усячыстая.
Людзкая прырода, сьмяротная і тленная, была ў палоне сьмерці; але Ты, Уладарка, зачала Жыцьцё і ад тленнасьці да жыцьця ўзьняла яе.
Песьня 3
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Словам Тваім Ты ўмацаваў нябёсы і ўстанавіў над водамі асновы зямлі: умацуй мой розум у волі Тваёй, адзіны Чалавекалюбча!
Ты, што на крыжы мукі цярпеў і як Бог і Дабрачынца разбойніку рай адчыніў, умацуй мой розум у волі Тваёй, адзіны Чалавекалюбча!
Ты, што ўваскрос на трэці дзень з магілы, і як Жыцьцядаўца і Бог жыцьцё сьвету дараваў, умацуй мой розум у волі Тваёй, адзіны Чалавекалюбча!
Багародзічны. Дзева Маці, што бяз семя зачала Бога і Эву ад праклёну вызваліла, малі Бога, які прыняў цела ад Цябе, збавіць статак Твой.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Госпадзе Збавіцелю...
Зьмей, што прыпоўз і спакусіў мяне жаданьнем быць як Бог, выгнаў мяне з раю і кінуў на зямлю. Але, Дзева Маці, Той, каму прыродныя спагадлівасьць і добрасардэчнасьць, пасяліўся ва ўлоньні Тваім, прыняў мой вобраз і абагавіў мяне.
Блаславёны Плод улоньня Твайго, Багародзіца Дзева, радасьць усіх: Ты, Нявеста Божая, нарадзіла Радасьць усяму сьвету і весялосьць, што разганяе сум грахоўны.
Багародзічны. Ты, Багародзіца Дзева, нарадзіла нам Жыцьцё вечнае, Сьвятло і Супакой, што вераю і ласкаю сунімае ранейшую варожасьць між чалавекам і Богам Айцом.
Песьня 4
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Прарок прадбачыў Тваё, Хрысьце, прыйсьце ў апошні час і ўсклікнуў: "Я чуў пра сілу Тваю, Госпадзе, бо Ты прыйшоў збавіць памазаньнікаў Тваіх!"
Ты, Госпадзе, што ня знаеш граху, з-за граху стаўся, кім ня быў, і прыняў неўласьцівы Табе вобраз, каб збавіць сьвет і зьнішчыць спакусу тырана.
Узьнесены на Крыж, Ты разьвязаў грэх прабацькі Адама, і Эву напоўніў радасьцю, бо Ты прыйшоў збавіць памазаньнікаў Тваіх.
Багародзічны. Ты нарадзіўся ад Дзевы і, памёршы, ажывіў Адама, які спакусіўся і зблудзіў; сьмерць спалохалася сілы Тваёй, бо Ты прыйшоў збавіць усіх, падлеглых сьмяротнай тленнасьці.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Не пакідаючы ўлоньня Айца...
Абраная і беззаганная, Ты явілася Богу ў сьветлым зьзяньні раней стварэньня. Прасьвятлі сьвятлом Тваім нас, які славім Цябе.
Ты, Чыстая, нарадзіла людзям Бога, які прыняў цела ад чыстай крыві Тваёй. Ён выбаўляе ад шматлікіх правінаў тых, што з любоўю славяць Цябе і аддаюць пашану Табе, Маці Дзева.
Усё разумнае стварэньне, навучанае невыказнай Тайне Твайго сынараджэньня, сьвяткуе і пакланяецца Таму, хто зазьзяў з Цябе, Усяслаўная і Блаславёная.
Песьня 5
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Госпадзе Божа мой, устаўшы зранку, прашу прабачэньня маіх правінаў і малю Цябе зрабіць простым мой шлях да сьвятла запаветаў Тваіх.
Калі Ты быў залічаны да беззаконных і ўзьнесены на Крыжы, сьветачы нябесныя схаваліся і зямля захісталася, а царкоўная заслона разарвалася на знак адступства выбранага народу.
Славім у песьнях Цябе, які разбурыў моц тырана сілаю недасяжнага Боства Твайго, і мёртвых узьняў уваскрасеньнем Тваім.
Багародзічны. Маці Ўладара і Бога, усяслаўная Багародзіца, малітвамі Тваімі пашлі ачышчэньне правінаў для тых, што з вераю і любоўю вечна славяць Цябе.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Слодыч Боскіх словаў Тваіх, Хрысьце...
Якуб убачыў у лесьвіцы, што дасягала да неба, вобраз Цябе, што мужа ня знала: Табою, усепачэсная Ўладарка, Бог зьяднаўся з людзямі.
Атрымаўшы вечнае збаўленьне праз Цябе, Дзева, горача ўсклікаем Табе, Боганявеста: "Радуйся!", і, усьцешаныя Тваім сьвятлом, славім Цябе ў песьнях, Усяслаўная.
Жаніх знайшоў Цябе адзіную, Дзева, што, быцам лілея сярод церняў, зьзяла чысьцінёю і дзявоцтвам, і зрабіў Цябе, Усебеззаганная, сваёй нявестаю.
Песьня 6
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Ёна ў нутры кіта ўсклікнуў: "Выратуй мяне ад тленнасьці!"; і мы таксама клічам: "Усемагутны Збавіцелю, зьмілуйся над намі!"
Укрыжаваны з уласнай волі, Ты, Добры Спасе, паланіў варожую дзяржаву і да Крыжа прыбіў прысуд за грэх.
Уваскросшы з мёртвых, Ты, Спасе, уладаю сваёю ўзьняў з сабою род людзкі, і жыцьцё і нятленнасьць дараваў нам у чалавекалюбстве Тваім.
Багародзічны. Малі няспынна, Багародзіца, Бога, якога Ты нарадзіла, збавіць ад бедаў тых, што славяць у песьнях Цябе, Чыстая заўсёды Дзева.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Я плыву па моры жыцьцёвых клопатаў...
Вобразы Закону і прароцтвы ясна прадказалі пра Цябе, Чыстая, што Ты маеш нарадзіць Дабрачынца ўсяго стварэньня, які шматразова і розным чынам яўляе сваю дабрыню тым, што з вераю славяць Цябе.
Ты, што мужа ня знала, нарадзіла Таго, хто збавіў нас ад правіны і зноў узьняў Адама, які паслухаўся чалавеказабойцы і быў пазбаўлены раю.
Той, хто з уласнай волі творчай сілаю сваёю ўсё з нічога стварыў, выйшаў з улоньня Твайго, Усячыстая, і тых, што былі ў сьмяротнай цемры, прасьвятліў зьзяньнем Боскасьці сваёй.
Песьня 7
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Тры пабожныя юнакі, укінутыя ў печ, агонь на расу перамянілі і запяялі: "Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых!"
Ты прытупіў на крыжы джала граху, і асуджэньне праступку Адама адмяніў прабітым бокам Тваім. Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!
Багародзічны. Ты, Багародзіца, нарадзіла сьвету сьвятло, што было раней за сонца – Хрыста, які разганяе цемру і ўсіх прасьвятляе богапазнаньнем. Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!
Канон Багародзіцы. Ірмас. Роснаю паказалася некалі юнаком распаленая печ...
Цябе, Дзева, апранутую ў шматколерную пазалочаную вопратку, палюбіў Твой Творца і Госпад, усяхвальны і слаўны Бог айцоў нашых.
Ісая некалі атрымаў вугаль і быў ачышчаны. У гэтым, Дзева, ён бачыў знак нараджэньня ад Цябе ўсяхвальнага і слаўнага Бога айцоў нашых.
Боскія прарокі некалі бачылі вобразы і знакі Твайго боскага мацярынства і радасна сьпявалі і клікалі: "Усяхвальны і слаўны Бог айцоў нашых!"
Песьня 8
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Госпада славы, адзінага і вечнага, якога бласлаўляюць усе сілы, і перад якім дрыжаць анельскія хоры, сьвятары, слаўце; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!
Таго, хто з уласнай волі пацярпеў, быў прыбіты да Крыжа, і зьнішчыў пекла ўладу, сьвятары, слаўце; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!
Таго, хто адмяніў уладу сьмерці, уваскрос у славе з магілы і збавіў род людзкі, сьвятары, слаўце; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!
Багародзічны. Адзінага добрасардэчнага, – Слова спрадвечнае, – што ў апошні час нарадзіўся ад Дзевы і адмяніў першы праклён, сьвятары, слаўце; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!
Канон Багародзіцы. Ірмас. Ахоплены агнём куст, што не згараў...
Сьвятлом сынараджэньня Твайго, Маці Божая, Ты дзівосна прасьвятліла сусьвет: Ты насіла на руках Тваіх існага Бога, які прасьвятляе ўсіх, што клічуць: "Усе творы Гасподнія, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"
Славім, Усячыстая, пачэснае ўлоньне Тваё, што зьмясьціла Бога ўцелаўлёнага, які даў сьвятло богаразуменьня ўсім, што заўсёды клічуць: "Усе творы Гасподнія, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"
Зьзяньнем сьвятла Твайго ты зрабіла сьветлымі тых, што славяць Цябе, Багародзіца чыстая, Маці Сьвятла. Ты была селішчам Сьвятла, якое прасьвятляе тых, што клічуць: "Усе творы Гасподнія, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"
Песьня 9
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Маці Бога і Дзева, Ты нарадзіла Сына і пасьля родаў засталася Дзеваю. Бог, што зышоў на зямлю, быў Той, хто нарадзіўся ад Цябе. Дзеля гэтага Цябе, як адзіную годную такога Боскага цуду, належна ўзьвялічваем.
Сьвятло ад Сьвятла, спрадвечнае зьзяньне славы Айца, Хрыстос прасьвятліў зьзяньнем сваім жыцьцё людзей і разагнаў цемру, што панавала. Дзеля гэтага мы, верныя, Яго няспынна ўзьвялічваем.
Хай пасаромеюцца ўсе тыя, што бачаць цялесныя цярпеньні і сілу Боства ў Хрысьце, як праяву адной складанай прыроды: Ён памірае як чалавек, але як Творца ўсіх устае з мёртвых.
Міра мёртвым, Жывому хвала: сьлёзы памёрлым, але Жыцьцю ўсіх прынясіце, міраносіцы, песьню хвалы, як казаў вястун устаньня, дабравесьцячы Хрыстовае ўваскрасеньне.
Багародзічны. Апроч Цябе іншага бога ня знаю – кліча Царква. – Ты, Слова, што выбраў мяне свёй нявестаю сярод народаў, дай усім верным збаўленьне малітвамі Маці Тваёй у добрасардэчнасьці Тваёй.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Маці Бога і Дзева... (гл. вышэй)
Ты, Заўсёды Дзева, явілася нам хадайніцаю вечнае радасьці і весялосьці, бо Ты нарадзіла Адкупіцеля для тых, што ў веры і Боскім духу аддаюць хвалу Яму як Богу, які збаўляе.
Давід, Твой прабацька, Усячыстая, у песьні назваў Цябе Каўчэгам Боскай сьвятасьці, бо Ты звышпрыродна зьмясьціла Бога, які заўсёды ёсьць у нетрах Айца, і якога мы, верныя, няспынна ўзьвялічваем.
Ты, Дзева, сапраўды вышэйшая за ўсе стварэньні, бо Ты нарадзіла нам у целе Творцу ўсіх. Таму, як Маці адзінага Ўладара, Ты пераможна ўзвышаешся над усімі. |