1. Зрабіўшы на вадзе сваім кіем знак Крыжа, Майсей разьдзяліў Чырвонае мора і вызначыў просты шлях для пераходу Ізраіля. Тады ён зрабіў другі раз знак на вадзе і злучыў яе ў адно, патапіўшы калясьніцы фараона. Дзеля гэтага пяём Хрысту Богу нашаму, бо Ён праславіўся.
3. Кій Аарона быў вобразам тайны: зацьвіўшы, ён паказаў, хто павінен быць сьвятаром. Гэтаксама ў раней няплоднай Царкве зацьвіло дрэва крыжовае, напаўняючы сілаю і ўмацоўваючы яе.
4. Я пачуў тайну провіду Твайго, Госпадзе, разважаў над Тваімі дзеямі і ўславіў Боскасьць Тваю.
5. Табою, тройчы сьвятое Дрэва, на якім быў расьпяты Хрыстос, Уладар і Госпад, быў пераможаны той, хто дрэвам спакусіў чалавека. Ён патрапіў у пастку, калі Бог быў прыбіты целам да цябе, даючы сьвету веліч зьмілаваньня.
6. Ёна ў нутры кіта працягнуў крыжом рукі свае, даючы вобраз збавенных мукаў; выкінуты адтуль пасьля трох дзён, ён прадвяшчаў цудоўнае ўваскрасеньне Хрыста Бога нашага, які быў укрыжаваны ў целе і прасьвятліў сьвет уваскрасеньнем сваім на трэці дзень.
7. Бязглузды загад злоснага мучыцеля, поўны пагрозаў і боганенавісных блюзьнерстваў, прывёў людзей у зман; але тры юнакі не спалохаліся зьверскай лютасьці, ані агню, што паліў усё: стоячы сярод полымя, асьвежаныя росным ветрам, яны пяялі: "Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых!"
8. Блаславіце, юнакі, роўныя лікам з Тройцай, Творцу Бога Айца, і Слова, што зышло на зямлю і перамяніла агонь на расу; і ўзьвялічвайце над усім Духа ўсесьвятога, які дае ўсім жыцьцё, праз усе вякі.
9. Багародзіца, Ты – таемны рай, бо Ты бяз высілку ўзрасьціла нам Хрыста, які пасадзіў пасярод зямлі жыцьцядайнае дрэва крыжовае. Бачачы яго сёньня ўзьнесеным, пакланяемся яму і Цябе славім. |