(21 лістапада - 31 сьнежня)
1. Хрыстос родзіцца: слаўце Яго; Хрыстос зыходзіць з нябёсаў: сустракайце Яго; Хрыстос на зямлі: цешцеся! Сьпявай Госпаду, уся зямля, людзі, радасна вітайце Яго, бо Ён праславіўся.
3. Спрадвеку ад Айца народжанаму нятленнаму Сыну, што ў апошнія дні ад Дзевы бяз семя прыняў цела, Хрысту Богу пяём: "Ты наша сіла. Сьвяты Ты, Госпадзе!"
4. Як жэзл з кораня Ясеевага і кветка, што на ім зацьвіла, Ты, Хрысьце, расквітнеў ад Дзевы. Ты, Божа, непадуладны законам прыроды, прыйшоў з гары, ацененай лесам, прыняў цела ад Тае, што мужа ня знала. Слава сіле Тваёй, Госпадзе!
5. Бог міру і Айцец ласкаў, Ты паслаў нам Анёла вялікай Рады, каб Ён нам прынёс супакой. Скіраваныя Ім да сьвятла, сярод нядрэмнай ночы славім Цябе, Чалавекалюбча.
6. Зьвер марскі выкінуў з нутра свайго Ёну, які быў там, быццам дзіця ва ўлоньні. Слова, што было ва ўлоньні Дзевы і ўзяло цела ад Яе, выйшла адтуль, захаваўшы Яе някранутаю. Сам непадуладны тленнасьці, Хрыстос захаваў нязьменнаю Маці сваю.
7. Адкінуўшы з пагардаю нязбожны загад, узгадаваныя ў дабрадзейнасьці юнакі не збаяліся пагрозы агню, але сярод полымя сьпявалі: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!"
8. Печ, мокрая ад расы, была вобразам надпрыроднага цуду. Як яна не спаліла ў сабе юнакоў, так агонь Боства не пашкодзіў Дзявочага ўлоньня. Дзеля гэтага пяем: "Усе стварэньні хай славяць Госпада і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!"
9. Дзіўную і слаўную бачу тайну: пячора – неба, Дзева – пасад хэрувімскі, ясьлі – жыльлё, дзе зьмясьціўся Незьмяшчальны Хрыстос, якога мы ў песьнях славім. |