На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Пагасіўшы полымя нязбожнасьці крывёю сваёю, вы, мучанікі, запалілі набожнасьці сьветач, і перамогшы ілжывых ідалаў і іхнія сьвятыні разбурыўшы, зазьзялі сапраўдным сьвятлом на ўвесь сьвет. Прасьветленыя ім, мы ўцякаем ад цемры нязбожнасьці і спакусы ідальскай і прыбягаем да Хрыста, які дае сьвету веліч зьмілаваньня.
Засланіўшыя шчытам веры і ўмацаваўшы сябе знакам крыжа, сьвятыя Твае, Госпадзе, адважна выйшлі на змаганьне і перамаглі д'ябальскую гордасьць і ману; малітвамі іх, Божа ўсемагутны, даруй сьвету супакой і душам нашым багацьце Твайго зьмілаваньня. (Двойчы)
Ня дбаючы пра дачаснае і наважыўшыся мужна на мукі, вы, слаўныя мучанікі, ня страцілі надзеі блаславёных, і атрымалі ў спадчыне нябеснае валадарства. Маючы сьмеласьць у чалавекалюбнага Бога, выпрасіце сьвету супакой і душам нашым веліч зьмілаваньня.
Дагматык. У Чырвоным моры вобраз Дзевы Маці быў нам некалі дадзены. Там Майсей ваду разьдзяліў: тут Габрыель цуду паслужыў; тады Ізраіль перайшоў глыбіню марскую быццам сушу; цяпер Дезва нарадзіла бяз семя Хрыста; мора пасьля пераходу Ізраіля было зноў непраходным: Бязьвінная, нарадзіўшы Эмануэля, засталася Дзеваю. Божа спрадвечны, што зьявіўся дзеля нас у целе, як чалавек, зьмілуйся над намі.
Вершапесьні
Маліцеся за нас, сьвятыя мучанікі, каб нам вызваліцца ад беззаконьняў нашых, бо вам дадзеная ласка маліцца за нас.
Верш. Шчасьлівыя, каго Ты выбраў і прыняў, Госпадзе.
У бязьмежнай любові, вы, сьвятыя мучанікі, ня выракліся Хрыста: пацярпеўшы розныя мукі і раны, вы перамаглі дзёрзкасьць мучыцеляў і, захаваўшы чыстай і непашкоджанай веру, пераставіліся да неба. Цяпер, маючы ласку ў Бога, прасіце Яго дараваць нам веліч зьмілаваньня.
Верш. Душы іх у шчасьці жыць будуць.
Памёрлым. Я ўспомніў словы прарока: “Я – зямля і попел”; заглянуў у магілы і, убачыўшы там голыя косьці, сказаў у сабе: “Дзе тут уладар, дзе вой, дзе багач і ўбогі, дзе жабрак, дзе праведнік і грэшнік?” Але Ты, Госпадзе Чалавекалюбча, супакой разам з праведнымі слуг Тваіх. |