На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Мучанікі Твае, Госпадзе, не выракліся Цябе, і не адступілі ад запаветаў Тваіх. Малітвамі іх зьмілуйся над намі.
Мучанікі Твае, Хрысьце, шмат за Цябе пацярпелі і перанесьлі незьлічоныя мукі: малітвамі іх усіх нас захавай. (Двойчы)
Пакутныя мучанікі, нябесныя грамадзяне, перанёсшы незьлічоныя мукі і пацярпеўшы на зямлі, у небе атрымалі нятленны вянец перамогі і моляцца за душы нашыя.
Дагматык. Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева, хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Будучы праўдзівым Богам, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.
Вершапесьні
Мучанікам. Крыж Твой, Госпадзе, быў для мучанікаў непераможнай зброяю: бачыўшы сьмерць перад сабою і прадбачыўшы будучае жыцьцё, яны ўмацоўваліся надзеяю ў Цябе. Малітвамі іх зьмілуйся над намі.
Верш. Шчасьлівыя, каго Ты выбраў і прыняў, Госпадзе.
Памёрлым. Ты ўшанаваў мяне – твор рук Тваіх, – вобразам Тваім, учыніўшы ў рэчыўным целе маім адбітак духоўнай істоты, саўдзельнікам якое зрабіў Ты мяне, даўшы мне пад уладу ўсе стварэньні зямныя. Дзеля гэтага, Збавіцелю мой, у сялібах праведных, у краіне жывых, слуг Тваіх супакой.
Верш. Душы іх у шчасьці жыць будуць.
Госпадзе, што даў мне перш у спадчыне сад райскі, поўны ўсякага дабра, зрабіўшы мяне вольным ад суму і клопату, а пасьля ўчыніў мяне ўдзельнікам Боскага жыцьця, роўным анёлам на зямлі, супакой слуг Тваіх у краіне жывых, у сялібах праведных. |