Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Ютрань штодзённая


 

 

Ютрань штодзённая

Шэсьць псалмаў і малітвы сьвятара


Чытальнік: Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Слава сьвятой, і адзінасутнай, і жыватворчай, і неразьдзельнай Тройцы, спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

Слава на вышынях Богу, супакой на зямлі, добрая воля сярод людзей. (Тройчы)

Госпадзе, адчыні мае вусны, і яны будуць абвяшчаць хвалу Тваю. (Двойчы)


Падчас чытаньня шасьці псалмаў сьвятар чытае ціха ранішнія малітвы (гл. напрыканцы).

Чытальнік у гэты час:

Псалом 3

Госпадзе, як размножыліся ворагі мае, як шмат тых, што паўстаюць супраць мяне.

Многа тых, што кажуць мне: “Няма яму збаўленьня ў Бога”.

Але Ты, Госпадзе, – мой шчыт і слава мая: Ты падымаеш галаву маю.

Я голасна клікаў Бога, і Ён пачуў мяне з гары сьвятой сваёй.

Я лёг і заснуў, і прачнуўся, бо Госпад сьцеражэ мяне.

Не баюся безьлічы людзей, што мяне абступілі.

Устань, Госпадзе, збаў мяне, Божа мой! Бо Ты ўдарыў усіх праціўнікаў маіх і зубы грэшнікаў скрышыў.

У Госпада збаўленьне ёсьць, і на людзях Тваіх – блаславеньне Тваё.

Я лёг і заснуў, і прачнуўся, бо Госпад сьцеражэ мяне.

Псалом 37

Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі мяне і ў гневе Тваім не карай мяне.

Бо стрэлы Твае працялі мяне, і рука Твая на мяне лягла.

Няма здаровага месца на целе маім ад гневу Твайго; няма супакою касьцям маім з прычыны грэху майго.

Бо правіны мае перавысілі галаву маю, як цяжкае бярэмя, прыгнятаюць мяне бяз меры.

Тхнуць, загніўшы, раны мае з прычыны маёй неразумнасьці.

Прыніжаны, я сагнуўся вельмі, увесь дзень сумны хаджу.

Паясьніца мая поўная жару, і няма здаровага месца на целе маім.

Аслаб я, разьбіты звыш меры, і стогне сэрца маё.

Госпадзе, перад Табою ўсе мае жаданьні, і ўздыханьні мае ня скрытыя.

Сэрца маё трапеча, сіла пакінула мяне, і няма больш сьвятла ў вачох маіх.

Бо кажу: “Няхай ня цешацца, калі мая нага спатыкнецца, няхай не вывышаюцца нада мною”.

Сябры мае і прыяцелі староняцца маёй хваробы, і сваякі мае трымаюцца здалёку.

Паставілі сеці на мяне, пасягаючы на жыцьцё маё; тыя, што жадаюць мне зла, абмяркоўваюць ліхое ўвесь час.

Я ж, быццам глухі, ня чую і, быццам нямы, не адчыняю вуснаў маіх.

На Цябе, Госпадзе, спадзяюся: Ты, Госпадзе Божа мой, выслухаеш мяне.

Я вось-вось ужо падаю, і боль мой заўсёды са мною.

Прызнаюся ў віне маёй і сумую з прычыны граху майго.

А тыя, што без прычыны працівяцца мне, растуць у сілу: многа тых, што без падставы ненавідзяць мяне,

Тых, што злом плоцяць за дабро, якія супраць мяне за тое, што я пра дабро дбаю.

Не пакідай мяне, Госпадзе Божа мой, не аддаляйся ад мяне.

Пасьпяшы на дапамогу мне, Госпадзе мой, збаўленьне маё!

Псалом 62

Божа, Ты – Бог мой! Цябе пільна шукаю.

Душа мае жадае Цябе, Цябе шукае цела маё, высахлае як зямля сасмаглая і бязводная.

Я выглядаю Цябе ў сьвятыні, каб убачыць сілу Тваю і славу Тваю.

Бо міласьць Твая лепшая за жыцьцё; вусны мае будуць славіць Цябе.

Буду хваліць Цябе, пакуль буду жыць, і ў імя Тваё буду ўздымаць рукі мае.

Душа мая насыціцца, быццам тлушчам і аліваю, вусны мае вясёлым голасам хваліць Цябе будуць.

Згадаю Цябе на маёй пасьцелі: думаць пра Цябе буду падчас начных чуваньняў.

Бо Ты прыйшоў мне на дапамогу, і ў цені крылаў Тваіх цешуся.

Да Цябе імкнецца душа мая, правая рука Твая падтрымлівае мяне.

Тыя ж, што жадаюць загубіць душу маю, зыйдуць у бездань апраметную.

Будуць аддадзеныя пад меч, стануцца здабычаю шакалаў.

А ўладар будзе радавацца ў Богу; хваліцца будзе кожны, хто Ім клянецца; а вусны тых, што кажуць бясчынствы, будуць замкнёныя.

Думаць пра Цябе буду падчас начных чуваньняў, бо Ты прыйшоў мне на дапамогу, і ў ценю крылаў Тваіх цешуся.

Да Цябе імкнецца душа мая, правая рука Твая падтрымлівае мяне.

 

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя: Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Псалом 87

Госпадзе, Божа збаўленьня майго, я клічу ўдзень і ўночы жалюся перад Табою.

Няхай дойдзе да Цябе малітва мая: прыхілі вуха Тваё да просьбаў маіх.

Душа мая сытая горам, жыцьцё маё наблізілася да бездані.

Мяне залічаюць да тых, што зыходзяць у магілу; я стаўся чалавекам бездапаможным.

Ложа маё між памерлых, што, як забітыя, ляжаць у магілах, аб якіх Ты больш ня памятаеш, якія выпалі з-пад апекі Тваёй.

Паклаў Ты мяне ў роў глыбокі, у цемру і бездань.

Гнеў Твой ляжыць на мне, і Твае хвалі прыгнятаюць мяне.

Ты аддаліў мяне ад прыяцеляў маіх, зрабіў мяне прыкрым для іх, я зачынены ў сабе і ня бачу выхаду.

Вочы мае зьнемагліся ад суму; Цябе, Госпадзе, штодня клічу, да Цябе ўздымаю рукі мае.

Хіба ж для памерлых чыніш цуды? Ці ж мёртвыя ўстануць, каб славіць Цябе?

Ці ж аб міласэрнасьці Тваёй расказваюць у магілах, аб вернасьці Тваёй – у бездані?

Хіба ж цуды Твае стануцца бачнымі ў цемры, і ласка Твая – на зямлі забыцьця?

Вось чаму, Госпадзе, Цябе клічу, і зранку малітва мая да Цябе ўзносіцца.

Чаму, Госпадзе, Ты адкінуў душу маю, чаму хаваеш твар Твой ад мяне?

Бедны я, і змалку знаходжуся на парозе сьмерці; я адчуў гнеў Твой і млею.

Нада мною прайшоў гнеў Твой, пагрозы Твае згубілі мяне.

Абкружаюць яны мяне безустанку, быццам вада, усе разам мяне абступілі.

Ты аддаліў ад мяне сябра і прыяцеля, толькі цемра – знаёмая мая.

Госпадзе, Божа збаўленьня майго, я клічу ўдзень і ўночы жалюся перад Табою.

Няхай дойдзе да Цябе малітва мая: прыхілі вуха Тваё да просьбаў маіх.

Псалом 102

Блаславі, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё хай славіць імя сьвятое Яго.

Блаславі, душа мая, Госпада, і не забывай усіх дабрадзействаў Яго.

Ён адпускае ўсе правіны твае, і аздараўляе ўсе немачы твае.

Ён вызваляе жыцьцё тваё ад згубы, вянчае цябе ласкаю і міласэрнасьцю.

Ён напаўняе тваё жыцьцё дабром: абнаўляецца, як арол, маладосьць твая.

Госпад чыніць справядлівасьць і суд усім пакрыўджаным.

Ён паказаў Майсею шляхі свае, сыном Ізраіля ўчынкі свае.

Шчодры Госпад і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку.

Ня будзе вечна сварыцца Ён і ня будзе гневацца давеку.

Не паводле грахоў нашых учыніў Ён нам і не паводле правінаў нашых заплаціў Ён нам.

Бо як высока неба ад зямлі, так вялікая міласэрнасьць Яго для тых, што баяцца Яго.

Як далёка ўсход ад захаду, так аддаліў Ён ад нас нашыя злачынствы.

Як бацька літуецца над сынамі, так літуецца Госпад над пабожнымі.

Ён ведае, з чаго мы створаныя, Ён знае, што мы – пыл.

Дні чалавека падобныя да травы: цьвіце ён, быццам кветка ў полі.

Але вось павее вецер – і няма больш яго, і месца, дзе быў, яго не пазнае.

А міласэрнасьць Гасподняя вечная і на век вякоў для тых, што баяцца Яго; і справядлівасьць Ягоная над сынамі сыноў тых, што захоўваюць саюз Ягоны, памятаюць запаветы Ягоныя і выконваюць іх.

Госпад на небе ўстанавіў пасад свой і валадарства сваё над усім сусьветам.

Блаславіце Госпада, усе анёлы Яго, слугі Яго, што спаўняеце загады Яго.

Блаславіце Госпада, усе творы Яго, на кожным месцы Яго панаваньня!

Блаславі, душа мая, Госпада!

На кожным месцы Яго панаваньня, блаславі, душа мая, Госпада!

Псалом 142

Пачуй, Госпадзе, малітву маю, у вернасьці Тваёй нахілі вуха Тваё да маленьня майго, выслухай мяне ў Тваёй справядлівасьці.

І не ўваходзь у суд са слугой Тваім, бо ніхто жывы не апраўдаецца перад Табою.

Бо вораг перасьледуе душу маю, жыцьцё мае топча ў зямлю, у цемры патапіў мяне, быццам памерлага.

Дух мой млее ўва мне, і сэрца маё поўнае жаху.

Успамінаю даўнія дні, разважаю над усімі ўчынкамі Тваімі і над творамі рук Тваіх задумваюся.

Да Цябе працягваю рукі мае: душа мая, быццам высахлая зямля, прагне Цябе.

Выслухай мяне хутка, Госпадзе, бо дух мой зьнемагае. Не хавай твару Твайго ад мяне, каб мне ня стацца падобным да тых, што зыходзяць у магілу.

Дай мне хутка адчуць ласку Тваю, бо на Цябе спадзяюся. Пакажы мне шлях, па якім мне трэба ісьці, бо да Цябе ўзношу душу маю.

Збаў мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх, бо да Цябе прыбягаю.

Навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой. Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху.

Дзеля імя Твайго, Госпадзе, захавай жыцьцё маё; у дабрыні Тваёй выведзі з бяды душу маю.

У гневе Тваім зьнішчы ворагаў маіх і выгубі ўсіх, што перасьледуюць душу маю, бо я – слуга Твой.

Выслухай мяне, Госпадзе, у Тваёй справядлівасьці і не ўваходзь у суд са слугою Тваім.

Выслухай мяне, Госпадзе, у Тваёй справядлівасьці і не ўваходзь у суд са слугою Тваім.

Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст