01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 - 15 - 16
Пераклад кс. Уладзіслава Чарняўскага Паводле: Новы Запавет, 1999 Рэдакцыя: Антоні Бокун Электронная версія: Антоні Бокун
1
Пачатак служэньня
Ян Хрысьціцель
1. Пачатак Эвангельля Езуса Хрыста, Сына Божага.
2. Як напісана ў Ісаі прарока: "Вось Я пасылаю анёла Майго перад воблікам Тваім, які прыгатуе дарогу Табе.
3. Голас клічучага ў пустыні: Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму".
4. Паявіўся Ян у пустыні, хрысьцячы і вешчучы хрост пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў.
5. І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерузалімцы, і, вызнаючы грахі свае, былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан.
6. Ян жа быў адзеты ў вярблюдавы волас ды падперазаны скураным поясам па сваіх бёдрах, і еў шаранчу і дзікі мёд.
7. І навучаў ён, кажучы: "Ідзе за мной дужэйшы за мяне, Якому я ня варты, упаўшы на зямлю, разьвязаць рамень сандалаў Ягоных.
8. Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым".
Хрост Езуса
9. І здарылася, што ў тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам ў Ярдане.
10. І як толькі выходзіў з вады, убачыў адкрытыя нябёсы, ды Духа як галуба, зыходзячага на Яго.
11. І азваўся голас з неба: "Ты - Сын Мой улюблены, упадабаў Я Цябе".
Спакушэньне ў пустыні
12. І зараз вядзе Яго Дух у пустыню.
13. І Ён прабываў у пустыні сорак дзён, спакушаны шатанам; і жыў між зьвяроў, і анёлы паслугавалі Яму.
Пачатак навучаньня
14. А пасьля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Езус у Галілею, вешчучы Эвангельле Божае
15. і кажучы: "Споўніўся час, і наблізілася Каралеўства Божае. Навярніцеся і верце Эвангельлю!"
Пакліканьне першых вучняў
16. І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і брата ягонага Андрэя, закідаючых сеткі ў мора; былі бо яны рыбакамі.
17. І сказаў ім Езус: "Хадзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей".
18. І адразу, пакінуўшы сеці, яны пайшлі за Ім.
19. І, адыйшоўшыся адтуль недалёка, убачыў Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, калі яны парадкавалі сеткі свае ў лодцы.
20. І зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зэбэдэя з нанятымі работнікамі, пайшлі за Ім.
Навучаньне ў Кафарнаўме
21. І ўваходзяць у Кафарнаўм. І адразу у суботу, увайшоўшы ў сынагогу, стаў навучаць.
22. І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
Аздараўленьне апанаванага ліхім
23. І акурат у сынагозе быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і крычаў,
24. кажучы: "Што Табе да нас, Езус Назарэец? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, хто Ты: Сьвяты Божы".
25. Але прыгразіў яму Езус, кажучы: "Замаўчы і выйдзі з чалавека!"
26. І нячысты дух, тузаючы ім і крычучы моцным голасам, пакінуў яго.
27. І аслупянелі ўсе ды пыталіся адзін аднаго, кажучы: "Хто гэта такі? Ды што за навука гэта новая з уладаю, што загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?"
28. Ды хутка разыйшлася вестка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне.
Аздараўленьне цёшчы Пятра
29. І, выйшаўшы з сынагогі, прыбылі ў дом Сымона і Андрэя разам з Якубам і Янам.
30. Цёшча ж Пятра ляжала ў гарачцы. І адразу кажуць Яму пра яе.
31. І, падыйшоўшы, Езус падняў яе, узяўшы за руку, і пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.
Аздараўленьне многіх хворых
32. А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар, прыносілі да Яго ўсіх блага чуючыхся і маючых дэманаў;
33. ды так увесь горад сабраўся ля дзьвярэй.
34. І аздаравіў многіх, якіх розныя хваробы мучылі, і многіх дэманаў выгнаў, ды не дазваляў дэманам гаварыць, бо ведалі, хто Ён.
Пропаведзь у Галілеі
35. І раніцай, дужа рана ўстаўшы, выйшаў, і падаўся ў пустыннае месца, і тамака маліўся.
36. Сымон жа ды тыя, што з ім былі, пайшлі за Ім.
37. І калі знайшлі Яго, кажуць Яму: "Усе Цябе шукаюць".
38. А Ён кажа ім: "Хадзем ў бліжэйшыя вёскі і гарады, каб і там вясьціць; бо Я дзеля таго прыйшоў".
39. Ды абвяшчаў у сынагогах па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
Аздараўленьне пракажанага
40. І прыступіўся да Яго пракажаны і маліў Яго, упаўшы на калені, кажучы Яму: "Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць".
41. І Езус пашкадаваў яго і, працягнуўшы руку сваю, дакрануўся да яго і кажа яму: "Хачу, будзь ачышчаны".
42. Ды калі гэта сказаў, адразу зыйшла з яго праказа і стаў ачышчаны.
43. І, грозна глянуўшы на яго, адправіў яго адразу,
44. кажучы: "Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і за ачышчэньне сваё складзі ахвяру, як загадаў Майсей на сьведчаньне ім".
45. Але ён, адыйшоўшыся, пачаў расказваць ды шырыць пра гэта словы так, што ўжо (Езус) ня мог адкрыта пайсьці ў горад, але быў вонкі ў бязьлюдных мясьцінах. І зусюль зыходзіліся да Яго.
|