01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21
Пераклад кс. Уладзіслава Чарняўскага Паводле: Новы Запавет, 1999 Рэдактар перакладу: Антоні Бокун Электронная версія: Антоні Бокун
1
Уступ
1. На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
2. Яно было на пачатку ў Бога.
3. Усё праз Яго сталася, і без Яго ня сталася нічога, з таго што сталася.
4. У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей.
5. І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.
6. Быў чалавек, пасланы Богам, якому імя было Ян.
7. Ён прыйшоў на сьведчаньне, каб даць сьведчаньне аб Сьвятле, каб усе верылі праз яго.
8. Ня быў ён Сьвятлом, але каб даць сьведчаньне аб Сьвятле.
9. Было праўдзівае Сьвятло, каторае асьвятляе кожнага чалавека, прыходзячага на гэты сьвет.
10. На сьвеце было, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў.
11. Прыйшло да сваіх, і свае Яго не прынялі.
12. А каторыя Яго прынялі, дало ім моц стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя Яго,
13. каторыя не з крыві, ані з жаданьня цела, ані з жаданьня мужа, але з Бога нарадзіліся.
14. І Слова сталася целам і жыло паміж намі, - і мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца, - поўнае ласкі і праўды.
15. Ян дае сьведчаньне аб Ім і клікае, кажучы: "Гэта Той, пра каторага я казаў: Каторы па мне мае прыйсьці, перада мною стаўся, бо перш за мяне быў".
16. І з паўнаты Ягонай усе мы ўзялі, і то ласку за ласкай.
17. Бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста.
18. Бога ніхто ніколі ня бачыў. Адзінародны Сын, Каторы ва ўлоньні Айца, Ён заявіў.
Першая Пасха - цуды і знакі
Сьведчаньне Яна Хрысьціцеля
19. І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі з Ерузаліма паслалі да яго сьвятароў і левітаў, каб у яго спыталіся: "Хто ты?"
20. І прызнаўся, і не запярэчыў; і вызнаў: "Я не Хрыстос".
21. Дык пыталіся ў яго: "Дык што? Ты мо Гальяш?" І сказаў: "Не". "Дык ты прарок?" І адказаў: "Не".
22. Дык спыталіся яны ў яго: "Дык хто ж ты, каб мы маглі адказаць тым, што нас паслалі. Што можаш сказаць сам пра сябе?"
23. Ён сказаў: "Я - голас клікаючага ў пустыні: "Прастуйце дарогу Госпаду", як казаў прарок Ісая".
24. А пасланцы былі з фарысэяў;
25. дык пыталіся ў яго: "Чаму тады хрысьціш, калі ты не Хрыстос, не Гальяш, ані прарок?"
26. Дык у адказ сказаў ім Ян: "Я хрышчу вадою, але пасярод вас зьявіўся Той, каго вы ня ведаеце.
27. Гэта Той, што пасьля мяне прыйдзе, якому я ня варты развязаць рамень сандалаў Яго".
28. Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысьціў.
29. Назаўтра ўбачыў Ян Езуса, прыходзячага да Яго, і сказаў: "Вось Ягнё Божае, Той, хто бярэ на сябе грахі сьвету.
30. Гэта Той, пра якога я гаварыў: Пасьля мяне прыйдзе чалавек, які стаўся перада мной, бо быў раней, чым я.
31. І я, што праўда, ня ведаў Яго, але дзеля таго прыйшоў я, хрысьцячы вадой, каб мог Ён аб'явіцца Ізраэлю".
32. Ды даў Ян сьведчаньне, кажучы, :"Бачыў я Духа, зыходзячага з неба як галуб, які сеў на Ім.
33. І я Яго ня ведаў, але Той, хто мяне паслаў хрысьціць вадою, сказаў мне: "На каго ўбачыш, што Дух зыходзіць і застаецца на Ім, гэта Той, хто хрысьціць Духам Сьвятым".
34. І гэта я сам бачыў і сьведчу, што Ён - Сын Божы".
Пакліканьне першых вучняў
35. На другі дзень зноў стаяў Ян і два вучні ягоныя.
36. Гледзячы на праходзячага Езуса, Ян сказаў: "Вось Ягнё Божае".
37. Дык пачулі два вучні, як ён гэта казаў, і пайшлі за Езусам.
38. Езус, павярнуўшыся, убачыў іх, як ішлі за Ім, і спытаўся ў іх: "Што шукаеце?" Яны сказалі Яму: "Раббі, - што значыць Вучыцель, - дзе жывеш?"
39. Кажа ім: "Хадзіце і паглядзіце". Дык пайшлі і паглядзелі, дзе жыў, і засталіся тога дня з Ім, а была блізу гадзіна дзесятая.
40. А адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
41. Ён, спаткаўшы перш брата свайго Сымона, сказаў: "Знайшлі мы Мэсію", што значыць - Хрыста.
42. І прывёў яго да Езуса. А Езус, глянуўшы на яго, сказаў яму: "Ты Сымон, сын Ёны, будзеш называцца Кефас, што значыць Пётар".
43. Назаўтра Езус маніўся ісьці ў Галілею ды напаткаў Філіпа. І сказаў яму Езус: "Ідзі за Мною".
44. А Філіп быў з Бэтсаіды, горада Андрэя і Пятра.
45. Філіп жа напаткаў Натанаэля і сказаў яму: "Мы знайшлі Таго, аб кім пісаў Майсей у Законе і Прарокі: Езуса, сына Язэпа з Назарэту".
46. І сказаў яму Натанаэль: "Ці можа быць што добрага з Назарэту?" Кажа яму Філіп: "Хадзі і паглядзі".
47. Убачыў Езус, што Натанаэль ідзе да Яго, і сказаў пра яго: "Вось праўдзівы Ізраэлец, у якім няма падману".
48. Натанаэль спытаўся ў Езуса: "А скуль жа мяне ведаеш?" У адказ сказаў яму Езус: "Я бачыў цябе перш, чым пазваў цябе Філіп, калі ты быў пад фіговым дрэвам".
49. Адказаў яму Натанаэль: "Раббі, Ты - Сын Божы, Ты - кароль Ізраэля!"
50. Адказаў яму Езус і сказаў: "Таму, што Я табе сказаў: Я цябе бачыў пад фіговым дрэвам, уверыў ты? Болей за гэта ўбачыш".
51. І дадаў: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Убачыце неба адкрытае і анёлаў Божых, узыходзячых і зыходзячых да Сына Чалавечага".
|