01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
Пераклад кс. Уладзіслава Чарняўскага Паводле: Новы Запавет, 1999 Рэдактар перакладу: Антоні Бокун Электронная версія: Антоні Бокун
1
Уступ
Прадмова
1. Перш, Тэафілю, пісаў я аб усім, што Езус рабіў і што навучаў ад пачатку
2. аж да дня, у якім быў узяты ў неба, даўшы даручэньні праз Духа Сьвятога выбраным сабою апосталам.
3. Па сваёй сьмерці даў Ён ім многа доказаў, што Ён жыве, на працягу сарака дзён паказваючыся ім ды навучаючы іх пра Каралеўства Божае.
4. І пры супольным пасілку загадаў ім не выходзіць з Ерузаліму, але чакаць абяцаньня Айца: "Аб чым вы чулі ад Мяне,
5. што Ян хрысьціў вадою, а вось вы за некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым".
Дзень ушэсьця
6. Пыталіся ў Яго тыя, што былі сабраўшыся: "Госпадзе, ці ня ў гэты час адновіш каралеўства Ізраэля?"
7. Ён жа сказаў ім: "Ня ваша справа ведаць час і хвіліну, якія ўстанавіў Айцец сваёй уладаю.
8. Але калі атрымаеце моц зыйшоўшага на вас Духа Сьвятога, тады будзеце Мне сьведкамі ў Ерузаліме, і ва ўсёй Юдэі ды Самарыі, і аж па скрай зямлі".
9. І калі гэта сказаў, на вачах іхніх падняўся ўгору, і воблака ўзяло Яго ад іх вачэй.
10. Калі яны так углядаліся на Яго, падымаючагася ў неба, вось жа два мужы ў белых шатах станулі каля іх,
11. і сказалі яны: "Мужы Галілейскія, чаго стаіцё, углядаючыся ў неба? Гэты Езус, узяты ад вас у неба, так прыйдзе, як бачылі Яго ўзыходзячага ў неба".
Дзеі Царквы ў Ерузаліме
Вучні ў Ерузаліме
12. Тады вярнуліся яны з гары, званай Аліўнай, каторая каля Ерузаліма, за дзень суботні ходу.
13. І, прыйшоўшы, сабраліся яны ў сьвятліцу, дзе і прабывалі, Пётар і Ян, Якуб і Андрэй, Філіп і Тамаш, Баўтарамей і Мэтэвуш, Якуб Альфеяў і Сымон Зэлёт ды Юда Якубаў.
14. Яны ўсе аднадушна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маткаю Езуса, ды братамі Яго.
Выбар Мацея апосталам
15. У тыя дні, стануўшы пасярод братоў, - а там было сабраўшыся каля ста дваццаці чалавек, - Пётар сказаў:
16. "Мужы браты, споўнілася тое, што ў Пісаньні прадказаў Дух Сьвяты вуснамі Давіда пра Юду, каторы быў правадыром тых, што ўзялі Езуса.
17. Ён быў залічаны да нас і меў удзел у гэтым служэньні.
18. Ён вось атрымаў зямлю як заплату за злачынства і, рынуўшыся, разьдзёрся напалам ды вылілася ўсё нутро яго.
19. І даведаліся пра гэта ўсе жыхары Ерузаліма, так што гэтае поле ў іхняй мове было названа Акельдамах, значыць Поле крыві.
20. Бо ў кнізе Псальмаў напісана: "Хай яго панадворак будзе пустым, ды хай ніхто на ім не жыве", ды: "Хай урад яго возьме хто іншы".
21. Дык трэба, каб адзін з гэтых мужоў, што з намі хадзілі ўвесь час, пакуль Госпад Езус быў з намі,
22. пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня, у каторым Ён быў узяты ад нас, быў разам з намі сьведкам ўваскрасеньня Ягонага".
23. І выставілі двух: Язэпа, называнага Барсабай, па мянушцы Справядлівы, ды Мацея.
24. І ў малітве прасілі: "Ты, Госпадзе, што ведаеш сэрцы усіх, пакажы, каторага з гэтых двух выбраў
25. заняць месца паслугі і апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб заняць належнае сваё месца".
26. І кінулі жэрабя, і жэрабя выпала на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў.
|