01 - 02 - 03 - 04
4.
Змагацца з усякім злом
1. Сьведчу перад Богам і Хрыстом Езусам, які будзе судзіць жывых і памёршых, праз прыход Ягоны і каралеўства Ягонае:
2. Абвяшчай слова, настойвай у час ці ня ў час, дакарай, пагражай, малі з усёй цярплівасьцю і навукай.
3. Надыйдзе бо час, калі здаровай навукі ня сьцерпяць, але па волі сваіх хаценьняў падбяруць сабе настаўнікаў, патураючых вушам іхнім,
4. і адвернуць слых ад праўды, а да баек прыхінуцца.
5. Ты ж пільнуйся ва ўсім, працуй, выконвай справу эвангеліста, службу тваю выпаўняй.
Апостал прадбачыць сьмерць і ўзнагароду
6. Я вось гатовы стацца ахвярай, і час майго адыходу набліжаецца.
7. Змагаўся я ў добрым змаганьні, бег закончыў, веру захаваў.
8. На заканчэньне рыхтуецца мне вянок справядлівасьці, які мне дасьць у той дзень Госпад, справядлівы Суддзя, ды ня толькі мне, але і тым, якія палюбілі прыход Ягоны.
Апошнія даручэньні і весткі
9. Пасьпяшайся прыйсьці да мяне чым хутчэй,
10. бо Дэмас кінуў мяне, палюбіўшы гэты сьвет, і пайшоў у Тэсалоніку, Крэсцэнс - у Галятыю, Ціт - у Дальмацыю.
11. Адзін Лукаш застаўся са мною. Вазьмі Марка і прывядзі яго з сабой, бо ён патрэбны мне для службы.
12. Тыхіка паслаў я ў Эфэз.
13. Як будзеш ісьці, вазьмі з сабою плашч, які пакінуў я ў Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергаміны.
14. Каваль Аляксандар шмат учыніў мне ліха. Няхай аддасьць яму Госпад паводле дзейнасьці ягонай.
15. Яго і ты абмінай, бо ён вельмі працівіцца нашым словам.
16. Пры першай маёй абароне нікога не было пры мне, але ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта ня будзе ім палічана.
17. Госпад жа быў са мною і ўмацаваў мяне, каб навучаньне маё працягвалася і каб яго чулі ўсе народы; і я пазьбегнуў ільвінае пашчы.
18. І вызваліць мяне Госпад ад усякіх ліхіх дзеяньняў, і захавае для свайго нябеснага Каралеўства. Яму хвала на вякі вечныя. Амэн.
Заканчэньне
19. Прывітай Прыску і Аквілю, і разам дом Анэсіфора.
20. Эраст застаўся ў Карыньце, а Трафіма пакінуў я хворым у Мілеце.
21. Пасьпяшайся перад зімой прыйсьці. Вітаюць цябе Эўбуль, і Пудэнс, і Лін, і Кляўдыя, і ўсе браты.
22. Госпад (хай будзе) з тваім духам. Ласка з вамі. |