Пераклад кс. Уладзіслава Чарняўскага Паводле: Новы Запавет, 1999 Рэдакцыя: Антоні Бокун Электронная версія: Антоні Бокун
1
Уступныя прывітаньні
1. Старшы - дарагому Гаю, каторага люблю ў праўдзе.
2. Умілаваны, прагну табе ва ўсім пасьпяховасьці і здароўя так, як шчасьліва чуецца душа твая.
Пахвала Гая
3. Вельмі ўзрадаваўся я з прыбыцьця братоў, якія засьведчылі праўду тваю ды што ты жывеш справядліва.
4. Для мяне няма большай радасьці, як пачуць, што дзеці мае ходзяць у праўдзе.
5. Ты, умілаваны, вернае робіш, калі дапамагаеш братам, а асабліва падарожным,
6. якія засьведчылі тваю любоў перад царквою. Ты добра зробіш, заагледзеўшы іх на дарогу па-Божаму.
7. Бо выбраліся яны ў дарогу ў імя Яго, не прыймаючы нічога ад паганаў.
8. Таму мусім гасьцінна прыймаць такіх людзей для супольнай працы з імі для праўды.
Нагана для Дыятрэфа
9. Я напісаў крыху царкве, але Дыятрэф, каторы хоча быць кіраўніком іхнім, не прыймае нас.
10. Таму вось, калі прыбуду пасваруся за яго паводзіны ды за злосныя словы супраць нас. А прытым, як бы яму яшчэ гэтага не хапала, і сам не прыймае братоў, ды хочучых гэта зрабіць выганяе з царквы.
11. Улюблены, не ідзі за ліхім, але рабі дабро. Хто добрае робіць, ёсьць ад Бога, а хто робіць благое, той ня бачыў Бога.
Пахвала Дэмэтра
12. Пра Дэмэтра ўсе добра сьведчаць, і нават сама праўда. Такое самае сьведчаньне даём і мы, і ведаем, што сьведчаньне нашае праўдзівае.
Заканчэньне і вітаньні
13. Шмат я меў бы табе напісаць, але не хачу пяром і атрамантам.
14. Спадзяюся, што хутка цябе ўбачу і тады пагаворым вуснамі ў вусны.
15. Супакой табе. Вітаюць цябе сябры. Прывітай сяброў пайменна. |