Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Адкрыцьцё сьвятога апостала Яна


 

 

Адкрыцьцё сьвятога апостала Яна

Адкрыцьцё сьвятога апостала Яна

 

0102030405060708091011
1213141516171819202122

 

Пераклад кс. Уладзіслава Чарняўскага
Паводле: Новы Запавет, 1999
Рэдакцыя: Антоні Бокун
Электронная версія:  Антоні Бокун

1

Пралог

1. Адкрыцьцё Езуса Хрыста, якое Яму даў Бог, каб выявіў слугам сваім, што павінна стацца ў хуткім часе, і, паслаўшы анёла, паведаміў за дапамогаю знакаў слузе свайму Яну,

2. які сьведчыць аб Слове Божым, і аб Езусе Хрысьце, і аб усім, што бачыў.

3. Шчасьлівы той, хто чытае і чуе словы прароцтва ды захавае тое, што ў іх напісана; час бо блізкі.

Лісты сямі цэрквам у Азіі

Прывітаньне

4. Ян сямі цэрквам у Азіі: Ласка вам і супакой ад Таго, які ёсьць, які быў і які прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад тронам Ягоным,

5. і ад Езуса Хрыста, Сьведкі вернага, Першароднага з памёршых і Валадара каралёў зямных. Яму, які ўзьлюбіў нас і абмыў нас ад грахоў нашых крывёй сваёй,

6. і зрабіў нас каралеўствам і сьвятарамі Богу і Айцу свайму, Яму хвала і валаданьне на вякі вечныя. Амэн.

7. Вось жа прыходзіць у хмарах, і ўбачыць Яго ўсякае вока і тыя, што Яго пракалолі, і залямантуюць над Ім усе плямёны зямлі. Так, амэн.

8. Я -Альфа і Амега, пачатак і канец,-кажа Госпад Бог, які ёсьць, які быў і які прыйдзе, Усемагутны.

Уступная зьява

9. Я, Ян, брат ваш і ўдзельнік у прыгнёце, у каралеўстве і вытрымаласьці ў Хрысьце Езусе, быў на востраве Патмас дзеля Слова Божага і сьведчаньня аб Езусе.

10. Я быў у захапленьні духа ў дзень Госпадаў, і пачуў за сабою зычны голас, быццам трубы,

11.  які казаў: "Што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі цэрквам: у Эфэз, і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыятыру, і ў Сарды,і ў Філядэльфію, і ў Ляодыцэю".

12. Я павярнуўся, каб зірнуць, адкуль быў голас, што да мяне гаварыў; і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых сьвечнікаў,

13. і паміж сьвечнікаў залатых кагосьці падобнага да Сына Чалавечага, адзетага ў доўгую шату і падперазанага пад грудзі залатым паясом;

14. галава ж Ягоная і валасы былі белыя, як белая воўна, быццам сьнег, і вочы Яго як полымя агню,

15. і ногі Яго падобныя да бронзы, распаленай у печы, і голас Ягоны падобны на гук бурных водаў,

16. і Ён трымаў у правай руцэ сваёй сем зорак, з вуснаў жа Яго вытыркаў меч двусечны востры, і твар Ягоны зіхацеў, як сонца ў магутнасьці сваёй.

17. І, убачыўшы Яго, упаў я да ног Яго, быццам нежывы. А Ён паклаў правую руку сваю на мяне, кажучы: "Ня бойся! Я - Першы, і Апошні, і Жывы;

18. і Я быў памёршым, і вось жывы на вякі вечныя, і маю ключы сьмерці і пекла.

19. Дык напішы, што ты ўбачыў, што ёсьць і што павінна стацца пасьля.

20. Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у маёй правай руцэ, і сямі сьвечнікаў залатых вось якая: сем зорак - гэта сем анёлаў сямі цэркваў, а сем сьвечнікаў - гэта сем цэркваў.


Старонка 1 з 22 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст