Біблійныя пераклады Леаніда Галяка
першая адкрытая публікацыя
Алічбоўваньне паводле машынапісу з архіву бібліятэкі імя Ф. Скарыны, Лёндан
--------------------------------------
Выданьні:
- Пераклады ніколі (!) не друкаваліся. Першая адкрытая публікацыя і (с) - сайт "Часасловец", 16.08.2011.
Каментар да электроннага тэксту:
- Пераклады зробленыя ў 1949-1950-х гадах у Ватэнштэце (Нямеччына). Машынапісы перакладаў былі дасланыя ў верасьні 1973 г. біскупу Сіповічу ў Лёндан у сувязі з паўсталай ідэяй стварэньня новага перакладу Бібліі. - Шэсьць кніг аўтарызавана самім перакладчыкам праз надпісы на тытульнай старонцы машынапісу і праз лісты да б-па Сіповіча - Кніга прарока Сафона не ўзгадваецца ў лістах ад верасьня 1973, і не мае тытульнай старонкі. Тым ня менш далучаная да перакладаў Л. Галяка (прычыны гл. ў канцы перакладу кнігі прарока Сафона)
Увага: У тэкстах былі зробленыя нязначныя карэктуры, што не мяняюць мову аўтара, але толькі прыводзяць аўтарскі стыль да аднастайнасьці і ліквідуюць нязначныя рознапісаньні датычна пунктуацыі і напісаньня "ў", што, магчыма, зьяўлялася звычайнымі тэхнічнымі абдрукамі. Любыя іншыя неадпаведнасьці сучаснаму правапісу пакідаліся ў аўтарскім варыянце. Некалькі разоў для связнасьці было неабходна дадаць слова ці два, што рабілася ў квадратных дужках.
Дадатковая інфармацыя пра пераклад і перакладчыкаў:
- Леанід Галяк - Успаміны - З. Пазьняк - Гутаркі з Антонам Шукелойцам: Успамін пра перакладчыка "Парсіваля"
З успамінаў: "Перакладамі ў Ватэнштэце займаліся ў асноўным В. Тумаш, Хв. Ільяшэвіч і Л. Галяк. Перакладалі Свіфта ("Гулівера") і іншых пісьменьнікаў. У Л.Галяка была думка з Тумашам перакласьці Біблію на беларускую мову. І яны нейкія часткі Бібліі пераклалі. Прыехаўшы сюды, у Нью-Ёрк, яны гэтую задумку далей працягвалі. Навязалі кантакт з выдатным нашым баптысцкім дзеячом Данілам Яськом, таму што патрэбны быў для перакладу Бібліі нехта, хто б ведаў добра габрэйскую мову. І сярод баптыстых быў такі выдатны знаток усходніх моваў, гэта валыняк Марцінкоўскі. Ён быў прафэсарам ці дацэнтам Пецярбургскага ўнівэрсітэту. Марцінкоўскі згадзіўся быў узначаліць пераклад Бібліі. Але ў гэтым часе доктар Янка Станкевіч зьвязаўся таксама зь іншай групай бабтыстых, і тыя яму дапамаглі. Адным словам, забралі ад Галяка і Тумаша гэтую справу і даручылі Янку Станкевічу. Такая вось была канкурэнцыя."
Галяк Леанід (31.10.1910, г. Вільня - 03.04.1980, Стэмфард, штат Канэктыкут), грамадзкі дзеяч, юрыст. Скончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Пад час нямецкай акупацыі жыў у Менску, працаваў юрыстам. Зь лета 1944 г. - на эміграцыі. Жыў у Нямеччыне, заснаваў Беларускае бюро ў ангельскай зоне акупацыі Нямеччыны. Адзін з заснавальнікаў Саюзу беларускіх журналістаў на чужыне і пэрыёдыка «Летапіс Беларускай Эміграцыі». З 1949 г. - у ЗША. Сябар Рады БНР, рэдактар «Беларуса», у 1955 г. пакінуў Раду БНР і спрычыніўся да заснаваньня Камітэту Вызваленьня Беларусі. Пакінуў «Успаміны» (выдрукаваныя ў 2-х тт. па ягонай сьмерці), пазбаўленыя палітычнай ангажаванасьці і поўныя тонкага гумару ў апісаньні побыту ды й характараў беларускіх грамадзкіх дзеячоў як у Беларусі, так і на эміграцыі. Крыніца: Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.. Паводле: http://slounik.org/120371.html |