Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Пасланьне да Каласянаў сьв. ап. Паўлы


 

 

Пасланьне да Каласянаў сьв. ап. Паўлы

01020304

 

Пераклад Лукі Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча
Паводле: Новы Запавет і Псальмы, 1931
Алічбоўваньне:  кс. С. Сурыновіч, Н. Васілевіч
(група па алічб. тэкстаў Сьв. Пісьма, каард. кс. С. Сурыновіча)

Разьдзел 1

1 Паўла, воляй Божаю Апостал Ісуса Хрыста, і Цімахвей, брат,

2 сьвятым і верным братом у Хрысьце, што ў Калосах: Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

3 Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся аб вас,

4 пачуўшы аб веры вашай у Хрыста Ісуса і аб любві да ўсіх сьвятых,

5 дзеля надзеі, што прыгатавана вам у нябёсах, аб якой вы раней чулі ў слове праўды Эвангельля,

6 што ёсьць у вас, як і ў-ва ўсім сьвеце, і прыносіць плод, як і між вамі, з таго дня, як вы пачулі і пазналі ласку Божую ў праўдзе,

7 як і навучыліся ад Эпафра, умілаванага супрацоўніка нашага, які ёсьць верным за вас слугой Хрыста,

8 які і апавясьціў нас аб вашай любві ў Духу.

9 Дзеля гэтага і мы, з таго дня, як пачулі, не пакідалі маліцца за вас і прасіць, каб вы напаўняліся пазнаньнем волі Яго ў-ва ўсякай мудрасьці і разуменьні духоўным,

10 каб паступалі дастойна Бога, у-ва ўсім дагаджаючы Яму, прыносячы плод у кожнай добрай справе і узрастаючы ў пазнаньні Бога,

11 дужэючы ўсякаю сілаю па магутнасьці славы Яго на ўсякую цярплівасьць і вялікадушнасьць з радасьцяй,

12 дзякуючы Айцу, што паклікаў нас да ўчасьця ў спадчыне сьвятых у сьветласьці,

13 вызваліў нас ад улады цемры і перанёс у Царства Сына любві Сваей,

14 у Якім мы маем адкупленьне крывёю Яго і дараваньне грахоў,

15 Які есьць абраз Бога нявідомага, пяршак усякага стварэньня;

16 бо Ім створана ўсе, што на нябесах і што на зямлі, бачнае і нябачнае: ці то пасады, ці дзяржавы, ці начальства, ці ўлады, — усе Ім і для Яго створана;

17 і Ён перш за ўсё, і ўсё ў Ім стаіць.

18 I Ён ёсьць галава цела, Царквы; Ён — пачатак, пяршак із мёртвых, каб быць Яму ўва ўсім першым;

19 бо ўгодна было (Айцу), каб у Ім жыла ўсякая поўня,

20 і каб праз Яго пагадзіць з сабою ўсё, уціхамірыўшы праз Яго, крывёю крыжа Яго, ці тое, што на зямлі, ці тое, што ў нябёсах.

21 Дый вас, што былі калісь чужымі і ворагамі праз склоннасьць да благіх дзел,

22 цяпер пагадзіў у целе плоці Яго праз сьмерць, каб паставіць вас сьвятымі й беззаганнымі і бязьвіннымі перад абліччам Сваім,

23 калі трываеце ў веры цьвёрда і непарушна і не адпадаеце ад надзеі Эвангельля, якое вы чулі, якое абвяшчаеца ўсяму стварэньню пад небам, якога я, Паўла, слуга.

24 Цяпер радуюся ў муках маіх за вас і дапаўняю недахват у целе маім сумаваньняў Хрыстовых за Яго цела, якое есьць Царква,

25 якой я стаўся служкаю паводле распарадку Божага, даручанага мне для вас, каб выпаўніць слова Божае,

26 тайну, укрытую ад вякоў і ад родаў, цяпер жа выяўленую сьвятым Яго,

27 якім схацеў Бог даць пазнаньне, што за багацьце славы ў тайне гэнай сярод паганаў, якое ёсьць Хрыстос у вас, надзея славы,

28 Якога мы абвяшчаем, навучаючы кожнага чалавека і вучачы ўсякае мудрасьці, каб нам прадставіць усякага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе,

29 дзеля чаго я і працую, змагаючыся сілаю Яго, што дзеець у-ва мне магутна.


Старонка 1 з 4 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст