Галоўная > Акафіснік > Акафіст Найсьвяцейшай Багародзіцы
Акафіст Найсьвяцейшай Багародзіцы12 лістапада 2009. |
Кандак 1 Магутная Ўладарка Багародзіца, мы, верныя слугі Твае, выбаўленыя Табою ад бедаў, песьні ўдзячнасьці і перамогі Табе прыносім. Ты ж, маючы сілу непераможную, ад усякіх напасьцяў выратуй нас, каб нам усклікнуць: “Радуйся, Дзева Маці!” Ікас 1 Князь анёлаў быў пасланы з неба сказаць Багародзіцы “Радуйся.” Убачыўшы, як Ты, Госпадзе, прыняў цела ад Яе, калі яшчэ ня сьціх бесьцялесны гук ягоных словаў, ён сумеўся і ўсклікнуў: Радуйся, бо дзякуючы Табе радасьць зазьзяе! Радуйся, бо праз Цябе згіне праклён! Радуйся, Узьняцьце з падзеньня Адама! Радуйся, Вызваленьне Эвы ад сьлёзаў! Радуйся, недасяжная Вышыня думак людзкіх! Радуйся, Глыбіня непранікальная нават для анёлаў! Радуйся, Пасад Уладара! Радуйся, Носьбітка Таго, хто носіць усё! Радуйся, Зорка, праз якую сонца зазьзяла! Радуйся, Улоньне Божага ўцелаўленьня! Радуйся, бо праз Цябе абнаўляецца ўсё стварэньне! Радуйся, бо праз Цябе пакланяемся Творцы! Радуйся, Дзева Маці! Кандак 2 Ведаючы сваё чыстае дзявоцтва, сьвятая сьмела адказвае Габрыэлю: “Дзіўнымі і цяжкімі да ўспрыняцьця для душы маёй здаюцца словы твае: што гэта ты кажаш мне пра нараджэньне бяз семя зачатага і клічаш: Алілуя!” Ікас 2 Хочучы спазнаць непазнавальнае, Дзева сказала анёлу: “Скажы мне, як можа сын нарадзіцца ад дзевы?” А той у адказ са страхам усклікнуў: Радуйся, Удзельніца тайніцы провіду Божага! Радуйся, Вера ў тое, што застаецца таемным! Радуйся, Пачатак цудаў Хрыстовых! Радуйся, Спаўненьне навучаньняў Ягоных! Радуйся, Лесьвіца нябесная, па якой Бог зышоў! Радуйся, Мост, які вядзе людзей да неба! Радуйся, Подзіў шматгалосны анёлаў! Радуйся, Плач пераможаных бесаў! Радуйся, бо Ты ў невыказны спосаб народзіш Сьвятло! Радуйся, бо Ты не аб’явіла тайніцы нікому! Радуйся, вышэйшая за мудрасьць усіх вучоных! Радуйся, Заранка, што асьвятляе розумы верных! Радуйся, Дзева Маці! Кандак 3 Сіла Усявышняга ацяніла тады Бязьвінную, і Яна зачала. Ён явіў дабраплоднае ўлоньне Яе, быццам ніву ўрадлівую для ўсіх, што жадаюць жаць збаўленьне і клічуць: Алілуя! Ікас 3 Маючы ва ўлоньні сваім Бога, Дзева сьпешна пасьпяшыла да Альжбеты, сын якое ва ўлоньні яе, пачуўшы прывітаньне, усьцешыўся і ўзварухнуўся, быццам хацеў уславіць Багародзіцу песьняю: Радуйся, Галінка неўвядальнага куста! Радуйся, Набытак несьмяротнага плоду! Радуйся, бо Ты ўзрасьціла чалавекалюбнага Земляроба! Радуйся, бо Ты нарадзіла Садоўніка жыцьця нашага! Радуйся, Ніва, што прыносіць багаты плод ласкаў! Радуйся, Стол, поўны багацьця спагады! Радуйся, бо праз Цябе рай зноў зацьвітае! Радуйся, бо Ты рыхтуеш супакаеньне душам! Радуйся, духмяны Пах малітвы! Радуйся, Ачышчэньне ўсяго сьвету! Радуйся, Божая Спагадлівасьць да людзей! Радуйся, Адвага нас, сьмяротных, зьвяртацца да Бога! Радуйся, Дзева Маці! Кандак 4 Праведны Язэп сумеўся, гледзячы на Цябе, Бязьвінная, і, спакусіўшыся, усумніўся ў Тваім дзявоцтве. Калі ж ён даведаўся, што гэта сталася праз Духа Сьвятога, усклікнуў: Алілуя! Ікас 4 Пастухі пачулі галасы анёлаў, якія славілі прыйсьце Хрыста ў целе, і пабеглі да Яго, як да Пастыра; убачыўшы, як Ён, быццам беззаганнае Ягнё, спачываў на руках Марыі, уславілі Яе, клічучы: Радуйся, Маці Ягняці і Пастыра! Радуйся, Двор статку духоўных авечак! Радуйся Ты, што праганяеш нябачных зьвяроў! Радуйся, Ключ да райскай брамы! Радуйся, бо ў Табе ўсё нябеснае цешыцца з зямным! Радуйся, бо Табе зямля і неба разам пяюць! Радуйся, незмаўкальны Голас апосталаў! Радуйся, непераможная Адвага мучанікаў! Радуйся, непахісная Аснова веры! Радуйся, сьветлае Аб’яўленьне ласкі! Радуйся, бо праз Цябе пекла апусьцела! Радуйся, бо дзякуючы Табе мы апрануліся ў славу! Радуйся, Дзева Маці! Кандак 5 Мудрацы ўгледзелі зорку, што вяла да Бога, і пайшлі за ёю. Зьзяньне яе, быццам ліхтар, асьвятляла ім шлях да магутнага Ўладара, і яны, знайшоўшы Недасяжнага, усклікнулі: Алілуя! Ікас 5 Сыны хальдэйскія убачылі на руках Дзевы Таго, хто рукою сваёю людзей стварыў, і зразумелі, што Ён – Уладар, хоць і прыняў выгляд слугі. Яны пасьпяшылі ўшанаваць Яго падарункамі і ўсклікнулі Блаславёнай: Радуйся, Маці незаходнай зоркі! Радуйся, Сьвітанак таемнага дня! Радуйся, бо Ты патушыла агонь маны! Радуйся, Прасьвятленьне пасьвечаных у тайніцу Тройцы ! Радуйся, бо Ты чалавеканенавісьніка пазбавіла моцы! Радуйся, бо Ты аб’явіла нам Госпада Хрыста Чалавекалюбца! Радуйся, бо Ты выбавіла нас ад ідаласлужэньня! Радуйся, бо Ты ратуеш нас з твані нячыстых справаў! Радуйся, бо Ты пагасіла пакланеньне агню! Радуйся, Вызваленьне ад полымя грэшных думак! Радуйся, Настаўніца і Прыклад чысьціні для верных! Радуйся, Радасьць усіх народаў! Радуйся, Дзева Маці! Кандак 6 Мудрацы вярнуліся ў Бабілён баганоснымі вестунамі і, спаўняючы прароцтва Тваё, прапаведавалі ўсім Цябе як Хрыста. Яны пакінулі бяздумнага Ірада, як пустаслова, што ня ўмеў пяяць: Алілуя! Ікас 6 Ты, Збавіцелю, прасьвятліў Ягіпет сьвятлом праўды і разьвеяў цемру маны; ідалы ягоныя, ня ў змозе ўстаяць перад Тваёю сілаю, упалі; а людзі, выбаўленыя ад іх, уславілі Багародзіцу: Радуйся, Папраўленьне людзей! Радуйся, Упадак бесаў! Радуйся, бо Ты перамагла сілу маны! Радуйся, бо Ты выкрыла ілжу ідалапаклонства! Радуйся, Мора, што патапіла духоўнага Фараона! Радуйся, Скала, з якой цячэ вада для тых, што жадаюць жыцьця! Радуйся, вогненны Слуп, што асьвятляе шлях для тых, што ў цемры! Радуйся, Покрыва сьвету, больш шырокае за неба! Радуйся, Ежа, што замяніла манну! Радуйся, Служка сьвятой радасьці! Радуйся, абяцаная Зямля! Радуйся, Крыніца, з якой цячэ мёд і малако! Радуйся, Дзева Маці! Кандак 7 Да Сямёна, якому настаў час сысьці з гэтага зманлівага сьвету, прынесьлі Цябе як дзіцятка; але ён спазнаў у Табе дасканалага Бога і, дзівячыся з Тваёй невыказнай мудрасьці, усклікнуў: Алілуя! Ікас 7 Творца зьявіўся і паказаў нам, стварэньням сваім, новы твор: Ён выйшаў з бясьсеменнага ўлоньня Дзевы, захаваўшы Яе непарушнаю, каб мы, бачачы гэты цуд, уславілі Яе: Радуйся, Кветка нятленнасьці! Радуйся, Вянец устрыманасьці! Радуйся, сьветлы Вобраз уваскрасеньня! Радуйся, Прыклад жыцьця анёльскага! Радуйся, Дрэва салодкаплоднае, з якога верныя кормяцца! Радуйся, Куст, у цені лісьцяў якога многія знаходзяць прыпынак! Радуйся, бо Ты нарадзіла Правадніка тых, што зблудзілі! Радуйся, бо Ты насіла ва ўлоньні Выкупіцеля палонных! Радуйся, Уміласьціўленьне праведнага Судзьдзі! Радуйся, Прабачэньне многіх грэшнікаў! Радуйся, Вопратка зьнявераных! Радуйся, Любоў, што ўсякае жаданьне пераўзыходзіць! Радуйся, Дзева Маці! Кандак 8 Бачачы дзівоснае нараджэньне, аддалімся ад сьвету і перанясемся думкаю на неба: вось Найвышэйшы Бог зьявіўся на зямлі як чалавек, каб узьняць да нябеснай вышыні тых, што клічуць: Алілуя! Ікас 8 Неўмяшчальнае Слова было поўнасьцю прысутнае на зямлі, не пакінуўшы неба: бо гэта было не перамяшчэньне, але Божая спагада, што нарадзілася ад Дзевы, якая прыняла Бога і пачула такое ўсхваленьне: Радуйся, Умяшчальня неўмяшчальнага Бога! Радуйся, Брама сьвятой тайніцы! Радуйся, Зьбянтэжанасьць няверных! Радуйся, несумненная Слава верных! Радуйся, сьвятая Калясьніца Таго, хто сядзіць на хэрувімах! Радуйся, слаўнае Селішча Таго, хто спачывае на сэрафімах! Радуйся, бо Ты зьяднала супрацьлеглае! Радуйся, бо Ты спалучыла дзявоцтва і мацярынства! Радуйся, бо праз Цябе наш грэх быў адкуплены! Радуйся, бо праз Цябе рай быў адчынены! Радуйся, Ключ Хрыстовага валадарства! Радуйся, Надзея вечных дабротаў! Радуйся, Дзева Маці! Кандак 9 Усе анёлы зьдзівіліся, угледзеўшы веліч уцелаўленьня Твайго: Недаступны Бог, Ты стаўся даступным для людзей, жыў сярод іх і чуў, як яны ўсклікаюць: Алілуя! Ікас 9 Шматслоўныя красамоўцы моўкнуць, быццам рыбы, перад Табою, Багародзіца: яны ня ў змозе растлумачыць, як Ты сталася маці, застаўшыся дзеваю. Мы ж, дзівячыся гэтай тайніцы, з вераю клічам: Радуйся, Сховішча мудрасьці Божай! Радуйся, Скарбніца Ягонага провіду! Радуйся, бо Ты паказваеш нямудрасьць мудрых! Радуйся, бо Ты вучоных бязмоўнымі чыніш! Радуйся, бо Ты дапытлівых у замяшаньне прыводзіш! Радуйся, бо Ты змушаеш змоўкнуць казачнікаў! Радуйся, бо Ты разбурыла разважаньні атэнцаў! Радуйся, бо Ты напаўняеш сеці рыбакоў! Радуйся, бо Ты ратуеш людзей з глыбіні няведаньня! Радуйся, бо Ты прасьвятляеш усіх ведаю! Радуйся, Карабель для тых, што жадаюць збаўленьня! Радуйся, Прыстанішча для тых, што плывуць па моры жыцьця! Радуйся, Дзева Маці! Кандак 10 Творца ўсяго прыйшоў з уласнай волі на сьвет, каб збавіць яго. Бог і Пастыр, Ён зьявіўся дзеля нас, авечак сваіх, як чалавек. Паклікаўшы падобнае падобным, як Бог Ён пачуў: Алілуя! Ікас 10 Багародзіца Дзева, Ты – абаронная сьцяна для дзеваў і ўсіх, хто прыбягае да Цябе. Творца неба і зямлі ўпрыгожыў Цябе, пасяліўшыся ва ўлоньні Тваім, Усячыстая, і навучыўшы нас клікаць: Радуйся, Стоўп дзявоцтва! Радуйся, Брама збаўленьня! Радуйся, Пачатак духоўнага адраджэньня! Радуйся, Крыніца Божай міласэрнасьці! Радуйся, бо Ты абнавіла народжаных у граху! Радуйся, бо Ты неразумных да розуму прыводзіш! Радуйся, бо Ты скрышыла таго, хто разбэшчвае думкі! Радуйся, бо Ты нарадзіла Сейбіта чысьціні! Радуйся, вясельны Пакой духоўнага шлюбу! Радуйся, бо Ты зьяднала верных з Госпадам! Радуйся, ласкавая Ўзгадавальніца дзеваў! Радуйся, надзейная Ахоўніца сьвятых душаў! Радуйся, Дзева Маці! Кандак 11 Усіх песьняў замала, каб належна ўславіць безьліч ласкаў Тваіх. Калі б, Уладару сьвяты, нашых песьняў было як пяшчынак на беразе мора, то і гэта – як нішто ў параўнаньні з тым, што Ты ўчыніў для нас, якія клічам: Алілуя! Ікас 11 Мы бачым Сьвятую Дзеву, што, быццам ясны сьветач, сьвеціць тым, што ў цемры. Запаліўшы духоўны агонь, Яна прыводзіць усіх да пазнаньня Бога і прасьвятляе розум. Дзеля гэтага славім Яе і пяем: Радуйся, Прамень нябачнага духоўнага сонца! Радуйся, Блістаньне незаходнага сьвятла! Радуйся, Маланка, што асьвятляе душы нашыя! Радуйся, Гром, страшны для ворагаў! Радуйся, Заранка, што прадвяшчае вялікае Сьвятло! Радуйся, Крыніца, з якой цячэ шматструменная рака! Радуйся, Правобраз ачышчальнага хросту! Радуйся, бо Ты адымаеш агіду граху! Радуйся, Вада, што абмывае сумленьне! Радуйся, Чаша, поўная радасьці! Радуйся, Пах Хрыстовай духмянасьці! Радуйся, Ажыцьцяўленьне тайнай радасьці! Радуйся, Дзева Маці! Кандак 12 Каб даць вызваленьне ад старых даўгоў, Той, хто сплочвае даўгі ўсіх людзей, сам зышоў да тых, што адышлі ад Ягонай ласкі; разарваўшы сьведчаньне віны, Ён пачуў ад усіх: Алілуя! Ікас 12 Славім Тваё мацярынства і аддаем хвалу Табе, Багародзіца, як адухаўлёнай сьвятыні, бо ў Тваім улоньні пасяліўся Госпад, які трымае ўсё ў сваёй руцэ. Ён асьвяціў і ўславіў Цябе, і навучыў нас пяяць Табе: Радуйся, Селішча Бога-Слова! Радуйся, Вышэйшая за сьвятое сьвятых! Радуйся, Ківот, пазалочаны Духам! Радуйся, невычэрпная Скарбніца жыцьця! Радуйся, шмакаштоўны Вянец добрых уладароў! Радуйся, Пахвала пабожных сьвятароў! Радуйся, непарушны Стоўп Царквы! Радуйся, незьнішчальная Сьцяна Валадарства! Радуйся, бо праз Цябе сьцяг перамогі ўзносіцца! Радуйся, бо Табою ворагі перамагаюцца! Радуйся, Лекарка цела майго! Радуйся, Збаўленьне душы маёй! Радуйся, Дзева Маці! Кандак 13 Усяхвальная Маці, што нарадзіла Слова, сьвяцейшае за ўсіх сьвятых! Прымі гэтыя нашы малітвы, выбаў ад усякіх бедаў, і вызваль ад будучых мукаў тых, што пяюць Табе: Алілуя! Вярнуцца назад |