Галоўная > Сьветлы тыдзень > Уваскрасеньне Госпада Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Вялікдзень) - Ютрань

Уваскрасеньне Госпада Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Вялікдзень) - Ютрань


24 красавіка 2008.

Адчыняюцца райскія дзьверы (якія, разам з бакавымі, застаюцца адчыненымі праз увесь Велікодны тыдзень). Раздаюцца ўсім сьвечкі. Сьвятар з трысьвечнікам і крыжом у руцэ, у суправаджэньні дыякана, кадзіць аўтар. Пасьля абодва выходзяць праз райскія дзьверы.

Сьвятар (уголас, тон 6): Уваскрасеньню Твайму, Хрысьце Спасе, анёлы ў небе пяюць песьню хвалы: дай і нам тут на зямлі з чыстым сэрцам славіць Цябе.

Людзі: Уваскрасеньню Твайму... (паўтараюць шмат разоў)

Усе ідуць на працэсію. Вярнуўшыся, затрымліваюцца перад зачыненымі дзьвярыма царквы. Згодна з грэцкім звычаем сьвятар чытае перад зачыненымі дзьвярыма наступнае Евангельле:


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Марка

Калі мінула субота, Марыя Магдалена і Марыя Якубава, і Саламея купілі духмяныя алейкі, каб, прыйшоўшы, памазаць Ісуса. I вельмі рана ў першы дзень тыдня прыйшлі да магілы, калі ўзыходзіла сонца. I казалі між сабою: "Хто нам адваліць камень ад уваходу ў магілу?" Але, паглядзеўшы, бачаць, што камень адвалены, а ён быў вельмі вялікі. I, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, які сядзеў з правага боку і быў адзеты ў белую вопратку, і жахнуліся. А ён ім кажа: "Ня бойцеся. Вы шукаеце Ісуса Назараніна ўкрыжаванага; Ён уваскрос, Яго няма тут. Вось месца, дзе паклалі Яго. Але ідзіце і скажыце Ягоным вучням і Пятру, што Ён іх апярэдзіць у Галілеі. Там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам". I, выйшаўшы з магілы, яны пабеглі, дрыжучы ад страху. I нікому нічога не сказалі, бо баяліся. (16:1-8)

Скончыўшы, прагалошвае:

Сьвятар: Слава сьвятой, адзінасутнай, жыватворчай і неразьдзельнай Тройцы спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар (сьпявае): Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых... (Тройчы)

Сьвятар кадзіць і вітае людзей: ХРЫСТОС УВАСКРОС!

Людзі адказваюць: САПРАЎДЫ ЎВАСКРОС!

Гэта паўтараецца шмат разоў падчас усёй службы.

Сьвятар: Хай уваскрэсьне Бог і разьбягуцца ворагі Яго, і хай уцякуць ад Яго ўсе ненавісьнікі Яго.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых... (Адзін раз)

Сьвятар: Хай зьнікнуць так, як зьнікае дым, і як тае воск ад агню.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых...

Сьвятар: Так хай згінуць грэшнікі ад аблічча Божага, а праведнікі хай узрадуюцца.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых...

Сьвятар: Вось дзень, што Госпад стварыў, дзень радасьці і вясельля для ўсіх нас.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых...

Сьвятар: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых...

Сьвятар: Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых...

Сьвятар: Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў.

Людзі: I тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.

Дзьверы адчыняюцца, і ўсе ўваходзяць у царкву.


Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.

– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

– За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа ... Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ..., пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

– За ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны, Госпаду памолімся.

– За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.

– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе гарады і краіны, і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

– За добрае надвор'е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.

– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.

– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку, Госпаду памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

І пачынаюць Велікодны канон.

КАНОН (Тон 1)

Падчас кожнай песьні сьвятар (або сьвятары, калі іх больш) і дыякан па чарзе кадзяць і вітаюць людзей словамі "Хрыстос уваскрос!", на што людзі адказваюць "Сапраўды ўваскрос!"

Песьня 1

Ірмас: Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся, людзі: Пасха Гасподняя, Пасха! Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі на неба Хрыстос Бог узьняў нас, якія пяём песьню перамогі.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Ачысьцім нашыя пачуцьці, каб нам убачыць Хрыста ў невымоўным зьзяньні ўваскрасеньня, і пачуць, як Ён кажа: Радуйцеся ўсе, што пяеце песьню перамогі.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Нябёсы хай дастойна весяляцца, і хай радуецца зямля, хай увесь сьвет, бачны і нябачны, сьвяткуе, бо ўваскрос Хрыстос, наша радасьць вечная.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся, людзі: Пасха Гасподняя, Пасха! Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі на неба Хрыстос Бог узьняў нас, якія пяём песьню перамогі.

Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)


Малая літанія:

Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Песьня 3

Ірмас: Хадзеце, будзем піць пітво новае, не з каменя бясплоднага цудам атрыманае, але тое, што б'е жывой крыніцай з магілы Хрыста, які нас умацоўвае.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Сёньня мы напоўніліся сьвятлом – неба, зямля і апраметная. Хай усё стварэньне сьвяткуе ўваскрасеньне Хрыста, які нас умацоўвае.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Учора я быў пахаваны з Табою, Хрысьце – сёньня Ты ўваскрос і я ўстаў; учора я быў укрыжаваны з Табою – услаў мяне сёньня ў валадарстве Тваім.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Хадзеце, будзем піць пітво новае, не з каменя бясплоднага цудам атрыманае, але тое, што б'е жывой крыніцай з магілы Хрыста, які нас умацоўвае.

Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)


Малая літанія "Яшчэ і яшчэ..." і г.д.

Вокліч: Бо Ты Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.


Гіпакоі (Тон 4): Устаўшы да сьвітаньня, жанчыны, што былі з Марыяй, убачылі камень, адвалены ад магілы, і пачулі ад анёла: "Нашто шукаеце сярод мёртвых, быццам чалавека, Таго, хто жыве ў вечным сьвятле? Гляньце, вось пахавальныя покрывы; дык ідзіце і сьвету абвяшчайце, што Госпад уваскрос і зьнішчыў сьмерць, бо Ён Сын Бога, які збаўляе род людзкі".


Песьня 4

Ірмас: На боскай варце Богам натхнёны Авакум хай стане разам з намі і пакажа анёла прамяністага, які нам кажа: Сёньня збаўленьне сьвету, бо ўваскрос Хрыстос усемагутны.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Хрыстос зьявіўся нам, як сьмяротны чалавек, з дзявочага ўлоньня; Ён наша Пасха, што, як ягнё бязьвіннае, граху ня ведае; як Бог праўдзівы, Ён дасканалы.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Быццам аднагадовае ягнятка, Хрыстос – наш блаславёны вянец і Пасха ачышчальная – быў дабравольна прынесены ў ахвяру за ўсіх, і вось з магілы зазьзяла нам Сонца справядлівасьці.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Богаайцец Давід радасна танцаваў перад каўчэгам Запавету, што быў правобразам; мы ж, сьвяты народ Божы і сьведкі зьдзейсьненага, радуемся ў Богу, бо ўваскрос Хрыстос усемагутны.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

На боскай варце Богам натхнёны Авакум хай стане разам з намі і пакажа анёла прамяністага, які нам кажа: Сёньня збаўленьне сьвету, бо ўваскрос Хрыстос усемагутны.

Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)


Малая літанія "Яшчэ і яшчэ..." .

Вокліч: Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.


Песьня 5

Ірмас: Устанем рана да сьвітаньня і, замест духмянасьцяў, песьню Ўладару прынясем, і ўбачым Хрыста, Сонца справядлівасьці, што асьвятляе ўсім жыцьцё.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Убачыўшы бязьмежную міласэрнасьць Тваю, Хрысьце, усе, зьвязаныя путамі пякельнымі, вясёлымі крокамі пасьпяшылі да сьвятла і ўславілі Пасху вечную.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Са сьвечкамі ў рукох выйдзем насустрач Хрысту, які, быццам жаніх, з магілы выходзіць, і разам са сьвяточным натоўпам уславім Пасху Божую, збавенную.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Устанем рана да сьвітаньня і, замест духмянасьцяў, песьню Ўладару прынясем, і ўбачым Хрыста, Сонца справядлівасьці, што асьвятляе ўсім жыцьцё.

Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)


Малая літанія "Яшчэ і яшчэ..."

Вокліч: Бо Тваё пачэснае і велічнае імя, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, поўнае сьвятасьці і славы цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.


Песьня 6

Ірмас: Ты, Хрысьце, зышоў ў глыбіні падземныя і разьбіў вечныя путы, што трымалі вязьняў, і на трэці дзень, быццам Ёна з нутра кіта, устаў з магілы.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Захаваўшы цэлымі пячаці, Ты, Хрысьце, што не парушыў дзявоцтва нараджэньнем Тваім, уваскрос з магілы і адчыніў нам райскія вароты.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Спасе мой, жывая і несьмяротная ахвяра, Ты як Бог дабравольна прынёс сябе ў ахвяру Айцу і, уваскросшы з магілы, узьняў з сабою праайца Адама і ўвесь род людзкі.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Ты, Хрысьце, зышоў ў глыбіні падземныя і разьбіў вечныя путы, што трымалі вязьняў, і на трэці дзень, быццам Ёна з нутра кіта, устаў з магілы.

Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)


Малая літанія "Яшчэ і яшчэ...".

Вокліч: Бо Ты – Уладар сьвету і Збаўца душ нашых, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.


Кандак (Тон 8): Хоць Ты, Несьмяротны, і зышоў у магілу, Ты зьнішчыў пекла ўладу і ўваскрос пераможна, Хрысьце Божа, жанчынам міраносіцам кажучы "Радуйцеся!", і Тваім апосталам супакой даруючы, Ты, што даеш памерлым уваскрасеньне.

Ікас: Устаўшы да сьвітаньня, жанчыны выйшлі шукаць, быццам дня, Сонца, што было раней за сонца і зайшло ў магілу, і казалі адна адной: "Хадзем, сяброўкі, памажам духмянымі алейкамі ў магіле жыцьцядайнае цела Таго, хто ўваскрасіў памерлага Адама; пойдзем хутка і, як некалі мудрацы, прынясем у дар духмянае міра Таму, хто ляжыць, спавіты не ў пялёны, але ў пахавальнае палатно; заплачам і ўсклікнем: Устань, Уладару, Ты, што даеш памерлым уваскрасеньне!"

(Тон 6). Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова, паклонімся сьвятому Госпаду Ісусу, адзінаму бязгрэшнаму. Крыжу Твайму пакланяемся, Хрысьце, і сьвятое ўваскрасеньне Тваё ў песьнях славім. Ты – Бог наш, апроч Цябе іншага бога ня знаем, імя Тваё клічам. Прыйдзіце, усе верныя, паклонімся сьвятому ўваскрасеньню Хрыстоваму, бо праз крыж прыйшла радасьць усяму сьвету. Заўжды бласлаўляючы Госпада, славім уваскрасеньне Яго, бо Ён, пацярпеўшы ўкрыжаваньне, сьмерцю сьмерць зваяваў. (Тройчы)

(Тон 6). Уваскрос Ісус з магілы, як абяцаў, даючы нам жыцьцё вечнае і багацьце свайго зьмілаваньня. (Тройчы)


Песьня 7

Ірмас: Той, хто выбавіў юнакоў з агню, стаўшыся чалавекам, церпіць, як сьмяротны, і цярпеньнем сваім сьмяротнае апранае ў красу несьмяротнасьці – адзіны найблаславёны Бог Айцоў і ўсемагутны.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Багамудрыя жанчыны-міраносіцыз духмянымі алейкамі пасьпяшылі сьледам за Табою і, шукаючы са сьлязьмі памерлага, радасна пакланіліся Богу, і Пасху тайную вучням Тваім, Хрысьце, абвясьцілі.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Сьвяткуем сьмерці сьмерць, пекла зьнішчэньне і новага, вечнага жыцьця пачатак і, радуючыся, славім Прычыну ўсяго, што здарылася, адзінага блаславёнага Бога Айцоў і ўсяслаўнага.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Сапраўды сьвятая і ўрачыстая гэтая збавенная ноч, і прамяністая прадвесьніца сьветлага дня ўваскрасеньня, у які Спрадвечнае Сьвятло цялесна ўсім з магілы зазьзяла.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Той, хто выбавіў юнакоў з агню, стаўшыся чалавекам, церпіць, як сьмяротны, і цярпеньнем сваім сьмяротнае апранае ў красу несьмяротнасьці – адзіны найблаславёны Бог Айцоў і ўсемагутны.

Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)


Малая літанія "Яшчэ і яшчэ...".

Вокліч: Хай моц валадарства Твайго, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.


Песьня 8

Ірмас: Гэты асаблівы і сьвяты дзень, адзіны з усіх суботаў, уладарны і гасподні, сьвята над сьвятамі і ўрачыстасьць над урачыстасьцямі: у гэты дзень бласлаўляем Хрыста на ўсе вякі.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Хадзеце, у гэты ўрачысты дзень Уваскрасеньня, пакаштуем новага плоду вінаграднага, радасьці Божай і валадарства Хрыстовага і ўславім Яго на ўсе вякі.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Глянь навокал, Сыёне, і бач: вось прыйшлі да цябе, быццам боскія сьветачы, з захаду і поўначы, з поўдня і ўсходу дзеці твае, бласлаўляючы Хрыста на ўсе вякі.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Усесьвятая Тройца, Божа наш, слава Табе!

Ойча ўсемагутны, і Сыне, і Духу, адзіная ў трох асобах існасьць, надпрыродная і найвышэйшая Боскасьць, у Цябе мы ахрысьціліся і Цябе бласлаўляем на ўсе вякі.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Гэты асаблівы і сьвяты дзень, адзіны з усіх суботаў, уладарны і гасподні, сьвята над сьвятамі і ўрачыстасьць над урачыстасьцямі: у гэты дзень бласлаўляем Хрыста на ўсе вякі.

Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)


Малая літанія "Яшчэ і яшчэ...".

Вокліч: Хай будзе блаславёнае імя Тваё і праслаўленае валадарства Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.


Дыякан, стаўшы з кадзілам перад іконай Уваскрасеньня, кажа ўголас:

Узьвялічвай, душа мая, Хрыста Жыцьцядаўца, што ўваскрос на трэці дзень з магілы!

Людзі сьпяваюць адразу 9 песьню.

Песьня 9

Ірмас: Сьвяціся, сьвяціся, Новы Ерусаліме, бо слава Гасподняя зазьзяла над табой. Радуйся сёньня і весяліся, Сыёне. Ты ж, Чыстая, красуйся, Багародзіца, бо Той, каго Ты нарадзіла, з мёртвых устаў.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

О Боскае, о любае, о найсьвятое слова Тваё: Ты, Хрысьце, абяцаў быць з намі да канца сьвету. Мы ж, што жывем з гэтай надзеяю, радуемся.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Ты, Хрысьце, наша вялікая і сьвятая Пасха, Слова Божае, Мудрасьць і Сіла. Дай нам больш дасканала зьяднацца з Табою ў незаходны дзень валадарства Твайго.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Анёл усклікнуў Поўнай ласкі: Чыстая Дзева, радуйся! I зноў кажу: Радуйся, бо Твой Сын уваскрос на трэці дзень з магілы і мёртвых узьняў з сабою. Людзі, весяліцеся!

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Сьвяціся, сьвяціся, Новы Ерусаліме, бо слава Гасподняя зазьзяла над табой. Радуйся сёньня і весяліся, Сыёне. Ты ж, Чыстая, красуйся, Багародзіца, бо Той, каго Ты нарадзіла, з мёртвых устаў.

Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)


Малая літанія "Яшчэ і яшчэ...".

Вокліч: Бо Цябе хваляць усе сілы нябесныя, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, і Табе славу аддаюць, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


І сьпяваюць "Экзапастылар": Целам заснуўшы як мёртвы, Уладару і Госпадзе, на трэці дзень Ты ўваскрос і Адама ад тленнасьці ўзьняў, перамогшы сьмерць. Пасха нятленная, сьвету збаўленьне! (Тройчы)


Пахвальныя псальмы

(Тон 1). Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.

Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях: Табе належыцца хвала, Божа.

Хваліце Яго, усе анёлы Яго, хваліце Яго, усе сілы Яго: Табе належыцца хвала, Божа.

Верш: Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, хваліце Яго ў бязьмежнай велічы Яго.

Хвалім у песьнях Твае збавенныя цярпеньні, Хрысьце, і славім Тваё ўваскрасеньне.

Верш: Хваліце Яго граньнем рогу, хваліце Яго на ліры і гусьлях.

Госпадзе, што пацярпеў на крыжы і зьнішчыў сьмерць, і ўваскрос з мёртвых, даруй нам супакой, бо Ты адзіны ўсемагутны.

Верш: Хваліце Яго на бубнах і ў карагодах, хваліце Яго на струнах і жалейках.

Хрысьце, што Тваім уваскрасеньнем спустошыў пекла і чалавека ўваскрасіў, дазволь нам з чыстым сэрцам Цябе хваліць і славіць.

Верш: Хваліце Яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.

Славім Тваю Боскую спагаду і хвалім Цябе ў песьнях, Хрысьце: Ты, неразьдзельны ад Айца, нарадзіўся ад Дзевы і цярпеў, як чалавек, дабравольна аддаўшы сябе на крыжовыя мукі; і, уваскросшы, выйшаў з магілы, быццам з хораму, каб збавіць сьвет. Госпадзе, слава Табе!

І адразу песьні Велікодныя (Тон 5):

Верш: Хай уваскрэсьне Бог і разьбягуцца ворагі Яго, і хай уцякуць ад Яго ўсе ненавісьнікі Яго.

Пасха сьветлая нам сёньня зьявілася, / Пасха новая, сьвятая, Пасха тайная, / Пасха ўсяслаўная, Пасха – Хрыстос Збавіцель, / Пасха чыстая, Пасха вялікая, / Пасха верных, Пасха, што дзьверы райскія нам адчыняе, / Пасха – асьвячэньне ўсіх верных.

Верш: Хай зьнікнуць так, як зьнікае дым, і як тае воск ад агню.

Ідзіце, жанчыны-дабравесьніцы, і, што бачылі, Сыёну скажыце: / Прымі ад нас радасную вестку пра ўваскрасеньне Хрыстовае; / весяліся, сьвяткуй і радуйся, Ерусаліме, / бачачы Ўладара Хрыста / які, быццам жаніх, з магілы выходзіць.

Верш: Так хай згінуць грэшнікі ад аблічча Божага, а праведнікі хай узрадуюцца.

Жанчыны-міраносіцы, што прыйшлі на досьвітку да магілы Жыцьцядаўцы, / знайшлі анёла, які сядзеў на камяні, / і той абвясьціў ім, кажучы: / Чаму шукаеце Жывога сярод мёртвых, / чаму плачаце па Несьмяротным, быццам Ён сьмяротны? / Ідзіце, занясеце добрую вестку вучням Яго.

Верш: Вось дзень, што Госпад стварыў, дзень радасьці і вясельля для ўсіх нас.

Пасха красная, Пасха Гасподняя, Пасха; / Пасха ўсяслаўная сёньня зазьзяла нам. / Пасха – радасна адзін аднаго абдымем! / О, Пасха – вызваленьне ад суму, / бо сёньня з магілы, быццам з хораму, зазьзяў Хрыстос, / і жанчынаў напоўніў радасьцю, кажучы ім: / Нясеце добрую вестку апосталам.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся ўрачыстасьцю / і адзін аднаго абдымем; / скажам “Браты” і тым, што ненавідзяць нас, /прабачыўшы ўсё дзеля ўваскрасеньня; / і ўсклікнем вось так:

Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)

Падчас сьпеву "Уваскрасеньня дзень..." сьвятар (сьвятары) і дыякан вітаюць адзін аднаго словамі "Хрыстос уваскрос", "Сапраўды ўваскрос". Пасьля выходзяць з аўтара і вітаюць вернікаў. Скончыўшы, сьвятар чытае Слова Яна Залатавуснага:

СЛОВА МІЖ СЬВЯТЫМІ АЙЦА НАШАГА ЯНА ЗАЛАТАВУСНАГА

НА ВЯЛІКДЗЕНЬ

Хай усе пабожныя і багалюбцы цешацца ў дзень гэтай вялікай і сьветлай урачыстасьці; хай усе разумныя слугі ўвойдуць у радасьць гаспадара свайго. Хай усе, хто пасьціўся, атрымаюць сёньня ўзнагароду. Калі хто працаваў ад першай гадзіны, хай прыме належную яму заплату. Калі ж хто прыйшоў а трэцяй гадзіне, хай сьвяткуе з падзякай. А калі хто далучыўся толькі пасьля шостай гадзіны, хай не сумняецца, бо ня будзе пазбаўлены нічога. Калі хто спозьніцца да дзевятай гадзіны, хай падыходзіць, нічога не баіцца, ні ў чым не сумняецца. А калі хто прыйдзе аб адзінаццатай гадзіне, хай не баіцца, што спазьніўся. Уладар любіць рабіць прыемнасьць усім, Ён прымае апошняга, як і першага, задавальняе патрэбы таго, хто прыйшоў аб адзінаццатай гадзіне, як і таго, хто працаваў ад гадзіны першай: апошняга мілуе, першаму дагаджае; гэтаму дае і таго абдорвае; Ён прымае працу і падтрымлівае намеры, шануе высілкі і добрыя жаданьні хваліць. Дзеля гэтага прыйдзіце ўсе да радасьці Гаспадара нашага: першыя і апошнія, усе атрымаеце заплату. Багатыя і бедныя, цешцеся разам. Працавітыя і лянівыя, ушануйце гэты дзень. Тыя, што пасьцілі, і тыя, што не пасьцілі, радуйцеся сёньня. Стол багаты – усім хопіць з дастаткам. Цялё кормнае вялікае, ніхто не адыдзе галодны, – усе напоўніцеся ў асалоду на застольлі веры; усе атрымаеце багацьце ласкі. Ніхто хай не наракае на сваю беднасьць. Ніхто хай не плача аб сваіх правінах, бо прабачэньне зазьзяла з магілы. Ніхто хай не баіцца сьмерці, бо сьмерць Збавіцеля вызваліла нас. Пакаштаваўшы сьмерці, Ён зьнішчыў сьмерць. Зышоўшы ў пекла, Ён паланіў яго. Ісая, што прадбачыў гэта, усклікае: Пекла, – кажа – сумелася, сустрэўшы Цябе ўнізе. Сумелася, бо было адмененае; сумелася, бо было абсьмяянае; сумелася, бо было зьнішчанае; сумелася, бо было зьвержанае; сумелася, бо было зьвязанае. Схапіла мёртвае цела і сутыкнулася з Богам. Прыняла зямлю і сустрэлася з небам; прыняла бачнае, і ўпала ў тое, чаго ня бачыла. Сьмерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога? Уваскрос Хрыстос, – і ты было спустошанае; Уваскрос Хрыстос, – і дэманы ўпалі; Уваскрос Хрыстос, – і анёлы радуюцца; Уваскрос Хрыстос, – і жыцьцё запанавала. Уваскрос Хрыстос, – і ніводнага мёртвага не засталося ў магіле. Хрыстос уваскрос з мёртвых, пачатак тых, што заснулі. Яму слава і ўлада на вякі вякоў. Амін.


Людзі сьпяваюць Трапар сьвятога Яна Залатавуснага (Тон 8):

Ласка, што з вуснаў тваіх, быццам полымя, зазьзяла, сусьвет асьвяціла, скарбы бескарысьлівасьці сьвету здабыла, вышыню пакоры паказала. Навучаючы нас словамі тваімі, ойча Яне Залатавусны, малі Слова Хрыста Бога збавіць душы нашыя.


Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага, сусьветнага біскупа ... Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ... і ўсіх у Хрысьце братоў нашых.

– Яшчэ молімся за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны.

– Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.

– Яшчэ молімся за братоў нашых сьвятароў, дыяканаў і манахаў, і ўсіх братоў і сёстраў нашых у Хрысьце.

– Яшчэ молімся за годных памяці заснавальнікаў гэтай сьвятой царквы і за ўсіх раней адышоўшых айцоў і братоў нашых, якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць.

– Яшчэ молімся за дабрачынцаў гэтай сьвятой царквы, за тых, што прыносяць дары, працуюць і сьпяваюць у ёй, і за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Бо Ты міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


Дыякан: Дапоўнім ранішнюю малітву нашу Госпаду.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб увесь гэты дзень быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.

Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душ і целаў нашых у Госпада просім.

– Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.

– Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім.

– Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім.

– Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага, і добрага адказу на страшным судзе Хрыстовым просім.

Людзі: Дай нам, Госпадзе.

Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Ты міласэрны, шчодры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


Сьвятар: Мір усім.

Людзі: I твайму духу.

Дыякан: Галовы нашы Госпаду схілім.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар (Ціха): Сьвяты Госпадзе, які жывеш на вышынях і глядзіш на пакорных, які сваім усевідушчым вокам бачыш усе стварэньні! Вось мы схіляем нашы сэрцы і целы перад Табою І молімся Табе: працягні нябачную руку Тваю з жыльля Твайго сьвятога і блаславі нас усіх; і калі мы што зграшылі, сьведама ці нясьведама, Ты, як добры і чалавекалюбны Бог, прабач нам, даруючы нам Твае зямныя і нябесныя даброты.

(Уголас): Бо Ты Бог наш, які мілуе і збаўляе нас, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: Мудрасьць.

Людзі: Ойча, блаславі.

Сьвятар: Блаславёны сапраўды Хрыстос Бог наш на ўсе часы, цяпер, і заўседы, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. Умацуй, Божа, сьвятую хрысьціянскую веру і ўсіх прававерных хрысьціян на век вякоў.

Сьвятар: Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў.

Людзі: I тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.


Вярнуцца назад