Галоўная > Сьветлы тыдзень > Вячэрня ў дзень Вялікадня

Вячэрня ў дзень Вялікадня


24 красавіка 2008.

Сьвятар і дыякан апранаюцца ў поўную сьвятарскую вопратку.

Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)

Людзі: Хрыстос уваскросз мёртвых... (Тройчы)


Сьвятар кадзіць і вітае людзей ХРЫСТОС УВАСКРОС!

Людзі адказваюць: САПРАЎДЫ ЎВАСКРОС!

Гэта паўтараецца шматразоў падчас усёй службы.


Сьвятар: Хай уваскрэсьне Бог і разьбягуцца ворагі Яго, і хай уцякуць ад Яго ўсе ненавісьнікі Яго.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых... (Адзін раз)

Сьвятар: Хай зьнікнуць так, як зьнікае дым, і як тае воск ад агню.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых...

Сьвятар: Так хай згінуць грэшнікі ад аблічча Божага, а праведнікі хай узрадуюцца.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых...

Сьвятар: Вось дзень, што Госпад стварыў, дзень радасьці і вясельля для ўсіх нас.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых...

Сьвятар: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых...

Сьвятар: Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых...

Сьвятар: Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў.

Людзі: I тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.


Пасьля:

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.... І ўся мірная літанія.


Пасьля літаніі людзі пяюць вячэрнія псалмы:

(Тон 2). Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне.

Пачуй мяне, Госпадзе!

Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне; будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе.

Пачуй мяне, Госпадзе.

Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, быццам кадзіла, і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх.

Пачуй мяне, Госпадзе.

Верш: Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш, Госпадзе: Госпадзе, хто зможа ўстаяць? Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць.

Прыйдзіце, паклонімся Божаму Слову, народжанаму спрадвеку ад Айца і ад Дзевы цела прыняўшаму. Ён, пацярпеўшы на крыжы і аддаўшы сябе на пахаваньне, як захацеў, уваскрос з мёртвых і збавіў мяне, заблуднага чалавека.

Верш: Дзеля імя Твайго спадзяюся на Цябе, Госпадзе: душа мая чакае слова Твайго. Душа мая спадзяецца на Госпада.

Хрыстос Спас наш адмяніў прысуд на нас, прыбіўшы яго да крыжа, і зьнішчыў сьмерці ўладу. Пакланяемся Ягонаму трохдзённаму ўваскрасеньню.

Верш: Больш чым сьвітаньня чакае страж начны, больш чым сьвітаньня, хай Ізраіль чакае Госпада.

З арханёламі ўславім уваскрасеньне Хрыстова, бо Ён – Збаўца і Вызваліцель душ нашых, і ў славе страшнай і вялікай сіле зноў прыйдзе судзіць сьвет, які Ён стварыў.

Верш: Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго збаўленьне, і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.

Цябе, расьпятага і пахаванага, анёл назваў Уладаром і жанчынам сказаў: "Хадзеце, гляньце, дзе Госпад ляжаў, бо Ён, усемагутны, уваскрос, як прадказаў". Дзеля гэтага пакланяемся Табе, адзінаму несьмяротнаму. Жыцьцядаўча Хрысьце, зьмілуйся над намі.

Верш: Хваліце Госпада, усе народы, слаўце Яго, усе людзі.

Крыжом Тваім Ты адмяніў райскага дрэва праклён і пахаваньнем Тваім Ты зьнішчыў сьмерці ўладу, і ўваскрасеньнем Тваім Ты прасьвятліў род людзкі. Дзеля гэтага ўсклікаем Табе: "Дабрачынца Хрысьце Божа наш, слава Табе!"

Верш: Бо міласэрнасьць Яго ўмацавалася над намі і вернасьць Гасподняя трывае давеку.

Адчыніліся перад Табою, Госпадзе, са страхам вароты сьмерці, і вартаўнікі пякельныя, убачыўшы Цябе, спалохаліся, бо Ты разбурыў медныя вароты і зламаў жалезныя замкі і, разьбіўшы нашы аковы, вывеў нас з цемры і ценю сьмерці.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

З песьняй вызваленьня на вуснах пойдзем усе да дому Гасподняга і паклонімся там, кажучы: "Госпадзе, што быў расьпяты, і з мёртвых уваскрос, і прабываеш ва ўлоньні Айца, ачысьці грахі нашы!"

Цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Дагматык: Цень Закону мінуў з прыйсьцем ласкі: як некалі куст, ахоплены агнём, не згараў, так і Ты, Дзева, пасьля родаў Дзеваю засталася; замест слупа вогненнага Сонца праведнае зазьзяла; замест Майсея – Хрыстос, Збавіцель душ нашых.


Падчас сьпяваньня "Цяпер ...", сьвятар і дыякан з Евангельлем робяць уваход; стаўшы перад райскімі дзьвярыма, дыякан кажа ціха:

Дыякан: Госпаду памолімся.

Сьвятар (ціха): Вечарам, раніцай і ў поўдзень хвалім і бласлаўляем Цябе, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх: накіруй малітву нашу быццам кадзіла перад Табою і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да благіх словаў і думак; але выбаў нас ад усіх, што жадаюць улавіць душы нашы; бо вочы нашы, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе – дык не пасаром нас. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Дыякан: Блаславі, ойча, сьвяты ўваход.

Сьвятар (бласлаўляе ўваход): Блаславёны ўваход сьвятых Тваіх на ўсе часы, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Як толькі скончыцца сьпеў, дыякан кажа ўголас:

Дыякан: Мудрасьць, устаньце!


Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дажыўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойна ёсьць на ўсякі час чыстымі галасамі пяяць хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.

Сьвятар і дыякан уваходзяць у аўтар.


Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: I твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць. Слухайма ўважліва.


Дыякан чытае вялікі пракімен (Пс.76:14,15,11,12):

Які бог роўны веліччу Богу нашаму? Ты – Бог, што чыніш цуды.

Людзі паўтараюць пасьля кожнага першы верш: "Які бог...."

Верш 1: Ты паказаў сярод людзей сілу Тваю.

Верш 2: Я сказаў: цяпер зразумеў я, што гэта зьмена волі Ўсявышняга.

Верш 3: Я прыгадаў усё, што Бог учыніў, ад пачатку прыгадаў цуды Твае.


Пасьля пракімену:

Дыякан: I каб нам быць дастойнымі слухаць Сьвятое Евангельле, Госпада Бога молім.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся;

Сьвятар: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць сьвятое Евангельле. Мір усім.

Людзі: I твайму духу.

Сьвятар: Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Яна.

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: Слухайма ўважліва.

Сьвятар: Вечарам таго самага першага дня тыдня, калі дзьверы дому, дзе сабраліся вучні, былі зачыненыя дзеля страху перад гэбрэямі, прыйшоў Ісус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: "Мір вам". Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі свае і бок. I усьцешыліся вучні, убачыўшы Госпада. А Ісус сказаў ім зноў: "Мір вам! Як паслаў Мяне Айцец, так Я пасылаю вас". Сказаўшы гэта, дыхнуў на іх, кажучы: "Прыміце Духа Сьвятога. Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаныя, а каму затрымаеце, на тым застануцца". Тамаш, адзін з дванаццацёх, званы Блізьнюк, ня быў з імі, калі прыйшоў Ісус. Іншыя вучні сказалі яму: "Мы бачылі Госпада". Але ён адказаў ім: "Калі не пабачу на руках Ягоных ранаў ад цьвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і не ўкладу рукі маёй у Ягоны бок, не паверу". (Ян 20: 19-25)

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.


Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы і ад усяе думкі нашае скажам.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага, сусьветнага біскупа ... Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ... і ўсіх у Хрысьце братоў нашых.

– Яшчэ молімся за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны.

– Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.

– Яшчэ молімся за братоў нашых сьвятароў, дыяканаў і манахаў і ўсіх братоў і сёстраў нашых у Хрысьце.

– Яшчэ молімся за годных памяці заснавальнікаў гэтай сьвятой царквы і за ўсіх раней адышоўшых айцоў і братоў нашых, якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць.

– Яшчэ молімся за дабрачынцаў гэтай сьвятой царквы, за тых, што прыносяць дары, працуюць і сьпяваюць у ёй, і за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Бо Ты міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


Чытальнік: Дай, Госпадзе, у гэты вечар захавацца нам без граху.

Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.

Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваім запаветам.

Блаславёны Ты, Уладару, дай мне зразумець Твае запаветы.

Блаславёны Ты, Сьвяты, прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.

Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: не пагардзі творамі рук Тваіх.

Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня, Табе слава належыцца, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашу Госпаду.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб увесь гэты вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.

Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душ і целаў нашых у Госпада просім.

– Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.

– Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім.

– Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім.

– Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага, і добрага адказу на страшным судзе Хрыстовым просім.

Людзі: Дай нам, Госпадзе.

Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей)

Людзі: I твайму духу.

Дыякан: Галовы нашы Госпаду схілім.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар (ціха): Госпадзе Божа наш, які нахіліў неба і зышоў для збаўленьня роду людзкога, глянь на слугаў Тваіх і на набытак Твой; бо вось слугі Твае схілілі галовы і сагнулі шыі свае перад Табою, страшным і чалавекалюбным Судзьдзёю, чакаючы дапамогі не ад людзей, але спадзеючыся на Тваю міласэрнасьць і жадаючы Твайго збаўленьня. Дык ахоўвай нас паўсякчасна – і ў гэты вечар, і ў ноч, што надыходзіць, – ад усякага непрыяцеля і варожага дзеяньня, ад думак марных і благіх успамінаў.

(Уголас): Хай моц валадарства Твайго, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

I пяюць вершапесьні

Вершапесьні

(Тон 2). Уваскрасеньнем Тваім, Хрысьце, Ты прасьвятліў увесь сусьвет і паклікаў да сябе ўсё стварэньне. Госпадзе ўсемагутны, слава Табе!

Наступныя вершапесьні сьпяваюцца кожны дзень Сьветлага тыдня на вячэрні

Верш: (Тон 3). Хай уваскрэсьне Бог і разьбягуцца ворагі Яго, і хай уцякуць ад Яго ўсе ненавісьнікі Яго.

Пасха сьветлая нам сёньня зьявілася, / Пасха новая, сьвятая, Пасха тайная, / Пасха ўсяслаўная, Пасха – Хрыстос Збавіцель, / Пасха чыстая, Пасха вялікая, / Пасха верных, Пасха, што дзьверы райскія нам адчыняе, / Пасха – асьвячэньне ўсіх верных.

Верш: Хай зьнікнуць так, як зьнікае дым, і як тае воск ад агню. Ідзіце, жанчыны-дабравесьніцы, і, што бачылі, Сыёну скажыце: / Прымі ад нас радасную вестку пра ўваскрасеньне Хрыстовае; / весяліся, сьвяткуй і радуйся, Ерусаліме, / бачачы Ўладара Хрыста / які, быццам жаніх, з магілы выходзіць.

Верш: Так хай згінуць грэшнікі ад аблічча Божага, а праведнікі хай узрадуюцца.

Жанчыны-міраносіцы, што прыйшлі на досьвітку да магілы Жыцьцядаўцы, / знайшлі анёла, які сядзеў на камяні, / і той абвясьціў ім, кажучы: / Чаму шукаеце Жывога сярод мёртвых, / чаму плачаце па Несьмяротным, быццам Ён сьмяротны? / Ідзіце, занясеце добрую вестку вучням Яго.

Верш: Вось дзень, што Госпад стварыў, дзень радасьці і вясельля для ўсіх нас.

Пасха красная, Пасха Гасподняя, Пасха; / Пасха ўсяслаўная сёньня зазьзяла нам. / Пасха – радасна адзін аднаго абдымем! / О, Пасха – вызваленьне ад суму, / бо сёньня з магілы, быццам з хораму, зазьзяў Хрыстос, / і жанчынаў напоўніў радасьцю, кажучы ім: / Нясеце добрую вестку апосталам.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся ўрачыстасьцю / і адзін аднаго абдымем; / скажам “Браты” і тым, што ненавідзяць нас, / прабачыўшы ўсё дзеля ўваскрасеньня; / і ўсклікнем вось так:

Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)


Пасьля:

Сьвятар: Мудрасьць.

Людзі: Ойча, блаславі.

Сьвятар: Блаславёны сапраўды Хрыстос Бог наш на ўсе часы цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. Умацуй, Божа, сьвятую хрысьціянскую веру і ўсіх прававерных хрысьціян на век вякоў.

Сьвятар: Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў.

Людзі: I тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.

Сьвятар робіць водпуст: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які ўваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў, малітвамі ўсячыстае свае Маці і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Тады кажа ўголас: Хрыстос Уваскрос!

Людзі адказваюць: Сапраўды ўваскрос!

Гэта паўтараецца тройчы. Пасьля.

Людзі (сьпяваюць): Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)

I нам дараваў жыцьцё вечнае: пакланяемся Ягонаму трохдзённаму ўваскрасеньню.

Хрыстос Уваскрос!


Вярнуцца назад