Галоўная > Сьветлы тыдзень > Сьветлы Панядзелак
Сьветлы Панядзелак24 красавіка 2008. |
|
ЮТРАНЬ Усё, як на Вялікдзень аж да пахвальных псалмаў. Падчас канону
малыя літаніі толькі
Пахвальныя псалмы (Тон 2). Усё, што жыве і ўсякае стварэньне пяе хвалу Табе, Госпадзе, бо Ты зьнішчыў крыжом сьмерць, каб явіць людзям Тваё з мёртвых устаньне, адзіны Чалавекалюбча. Хай скажуць гэбрэі, як яны не ўпільнавалі Ўладара? Чаму камень не зьбярог Каменя жыцьця? Хай аддадуць Пахаванага, або хай паклоняцца Ўваскросламу і скажуць з намі: "Слава велічы дабротаў Тваіх, Збавіцелю наш, слава Табе!" Радуйцеся, людзі, і весяліцеся, бо анёл зьявіўся на магільным камяні, і дабравесьціў, кажучы: "Хрыстос уваскрос з мёртвых, Збаўца сьвету, поўны ўсялякай духмянасьці. Дык радуйцеся, людзі, і весяліцеся!" Перад Тваім зачацьцем, Госпадзе, анёл прынёс Поўнай ласкі прывітаньне: "Радуйся!" Анёл таксама адваліў камень ад Тваёй слаўнай магілы ў час уваскрасеньня Твайго. Першы сум перамяніў на радасьць; другі замест сьмерці абвясьціў нам Уладара Жыцьцядаўца. Таму мы клічам: "Госпадзе, Дабрачынца наш, слава Табе!" Верш: Хай уваскрэсьне Бог... і г.д. (гл. вершапесьні вячэрні нядзелі Вялікадня).
Пасьля пахвальных псалмаў адразу літанія "Дапоўнім ранішнюю малітву..." і ўсё да канца, як на Велікоднай ютрані.
ЛІТУРГІЯ Пачатак, антыфаны, трапары і г. д. як на Вялікдзень.
Пракімен: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх. Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл
Чытаньне Апостальскіх дзеяньняў У той час апосталы вярнуліся ў Ерусалім з гары, названае Аліўнаю, што непадалёк ад Ерусаліму, за дзень суботняе хады. Вярнуўшыся, яны ўзышлі ў сьвятліцу. Там былі Пётра і Якуб, Ян і Андрэй, Піліп і Тамаш, Баўтрамей і Мацьвей, Якуб Альфеявы і Сымон Зэлёт, і Юда Якубаў. Усе яны трывалі аднадушна ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Ісуса, і з Ягонымі братамі. Тады Пётра ўстаў сярод вучняў, – а сабралася іх разам каля ста дваццацёх людзей, – і сказаў: "Браты! Трэба было, каб споўнілася тое пісаньне, у якім Дух Сьвяты вуснамі Давіда прадказаў пра Юду, які быў правадыром тых, што схапілі Ісуса. Ён лічыўся адным з нас і меў частку ў нашым служэньні. Дык трэба, каб адзін з тых мужоў, што былі з намі праз увесь час, калі Госпад Ісус быў з намі, пачынаючы ад хрышчэньня Янавага аж да дня, калі Ён узьнёсься (на неба), стаўся разам з намі сьведкам Ягонага ўваскрасеньня". I паставілі двух: Язэпа, названага Варсаваю, які меў мянушку Юст, і Масея. I, памаліўшыся, сказалі: "Ты, Госпадзе, які ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы, каго з гэтых двух Ты выбраў, каб узяў частку апостальскага служэньня, ад якога адпаў Юда, каб ісьці на сваё месца". I кінулі жэрабя аб іх, і выпала жэрабя на Масея, і ён быў далучаны да адзінаццацёх апосталаў. (Дз 1:12-17, 21-26)
Алілуя: Нябёсы славяць цуды Твае, Госпадзе, і вернасьць Тваю – хоры сьвятых. Верш: Бог праслаўлены ў мностве сьвятых.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна Бога ніхто ня бачыў ніколі. Адзінародны Сын, што ёсьць ва ўлоньні Айца, Ён паказаў. А вось сьведчаньне Яна, калі паслалі да яго юдэі з Ерусаліму сьвятароў і левітаў, каб спыталіся ў яго: "Хто ты?" I ён вызнаў і не запярэчыў, а вызнаў: "Я не Хрыстос". Тады спыталіся ў яго: "Што ж? Можа ты Ільля?" А ён адказаў: "Не!"; "Ты прарок?" А ён на гэта: "Не!" Тады сказалі яму: "Хто ты, каб нам даць адказ тым, што паслалі нас? Што ты скажаш сам пра сябе?" Ён адказаў: "Я голас таго, хто гукае ў пустыні: Рабіце простаю дарогу Гасподнюю, як сказаў прарок Ісая". А пасланыя былі з фарысэяў. I пыталіся ў яго, кажучы яму: "Дык чаму ты хрысьціш, калі ты не Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?"Ян адказаў ім: "Я хрышчу вадою, (але) сярод вас стаіць Той, каго вы ня ведаеце, хто ідзе за мною і каму я ня годны разьвязаць рамень ягонага абутку". Гэта адбылося ў Бэтаніі, на тым баку Ярдану, дзе Ян хрысьціў. (Ян 1:18-28)
Далей усё, як на Вялікдзень.
ВЯЧЭРНЯ Пачатак як у Велікодную нядзелю вечарам. На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 3). Крыжом Тваім, Хрысьце, сьмерці ўлада зьнішчаная была, і зьніштожаныя хітрасьці д'ябальскія, і род людзкі, збаўляючыся вераю, безупынна Цябе ў песьнях славіць. Прасьвятлілася ўсё ўваскрасеньнем Тваім, Госпадзе, і рай быў зноў адчынены, і ўсякае стварэньне безупынна Цябе ў песьнях славіць. Слаўлю Айца і Сына сілу, і Духа Сьвятога ўладу, пяю хвалу непадзельнаму Боству, Тройцы адзінасутнай, што пануе вечна. Пакланяемся пачэснаму крыжу Твайму, Хрысьце, і ўваскрасеньне Тваё ў песьнях славім: ранамі Тваімі мы ацаліліся. Славім у песьнях Збавіцеля, які прыняў цела ад Дзевы, бо Ён дзеля нас быў расьпяты і на трэці дзень уваскрос, даруючы нам багацьце свайго зьмілаваньня. Зышоўшы ў пекла, Хрыстос абвясьціў тым, што былі там, радасную вестку, кажучы: "Будзьце добрай думкі, сёньня Я перамог; Я – уваскрасеньне, Я выведу вас адсюль, разбурыўшы браму сьмерці". Слава...: Стоячы пакорліва ў доме ўсячыстым Тваім, вячэрнюю песьню пяём Табе з глыбіні душы, Хрысьце Божа, бо Ты, Чалавекалюбча, прасьвятліў усіх уваскрасеньнем і выбавіў ад ворагаў людзей Тваіх. Цяпер...: (Дагматык). Як нам не дзівіцца богачалавечаму мацярынству Твайму, Усячыстая? Ня ведаючы мужа, Ты, бязьвінная, нарадзіла ў целе без Айца Сына – народжанага спрадвеку без маці ад Айца, – які не пацярпеў ніякай зьмены ці разьдзяленьня, але поўнасьцю зьбярог прыкметы дзьвюх прыродаў. Дык малі Яго, Дзева Маці ўладарная, каб Ён збавіў душы тых, што верна вызнаюць Цябе Багародзіцай.
Вярнуцца назад |