Галоўная > Сьветлы тыдзень > Сьветлая Субота
Сьветлая Субота24 красавіка 2008. |
|
ЮТРАНЬ
Пахвальныя псалмы (Тон 7). Уваскрос Хрыстос з мёртвых і разарваў аковы сьмерці. Дабравясьці, зямля, вялікую радасьць, сьпявайце, нябёсы, Божую славу! Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстовае, паклонімся сьвятому Госпаду Ісусу, адзінаму бязгрэшнаму. Хрыстоваму ўваскрасеньню нястомна пакланяемся, бо Ён збавіў нас ад беззаконьняў нашых. Сьвяты Госпад Ісус, што явіў нам уваскрасеньне. Што дамо Госпаду за ўсё, што Ён даў нам? Дзеля нас зьявіўся Ён сярод людзей; Слова сталася целам і пасялілася між нас; для ўдзячных Ён дабрачынца і вызваліцель палонных; для тых, што ў цемры – Сонца праўды. Ён на крыжы бясстрасны, у пекле Ён – сьвятло, жыцьцё ў сьмерці і ўваскрасеньне для тых, што ўпалі. Дык усклікнем Яму: "Божа наш, слава Табе!" Хай уваскрэсьне Бог...і г. д. (Гл. вершапесьні вячэрні нядзелі Вялікадня).
ЛІТУРГІЯ
Пракімен: Госпад – сьвятло маё і збаўленьне: каго мне баяцца? Верш: Госпад – абарона жыцьця майго: перад кім мне дрыжэць?
Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў У той час, так як аздароўлены трымаўся Пётры і Яна, увесь народ, зьдзіўлены, прыбег да іх у прысенак, які называўся Саламонавым, Убачыўшы гэта, Пётра прамовіў да народу: "Мужы ізраільскія! Чаму дзівіцеся з гэтага? Чаму глядзіце на нас, быццам мы ўласнай сілаю і пабожнасьцю зрабілі, што ён ходзіць? Бог Абрагама, Ісаака і Якуба, Бог айцоў нашых, праславіў слугу свайго Ісуса, якога вы выдалі і ад якога адракліся перад Пілатам, калі той жадаў адпусьціць Яго. Вы адракліся ад Сьвятога і Праведнага і прасілі даць вам забойцу, а Жыцьцядаўца забілі. Бог узьняў Яго з мёртвых, і мы сьведкі гэтага. I вось праз веру ў Ягонае Імя, гэтаму чалавеку, якога вы бачыце і ведаеце, Імя гэтае вярнула сілы, а вера ў Яго аздаравіла яго на вашых вачох". (Дз 3:11-16)
Алілуя: Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Верш: Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна У той час Ісус пайшоў з вучнямі сваімі ў краіну юдэйскую, і там затрымаўся і хрысьціў. А Ян хрысьціў у Эноне, паблізу Саліму, таму што там было шмат вады, і людзі прыходзілі туды і хрысьціліся. Бо Яна яшчэ не пасадзілі ў вязьніцу. I узьнялася спрэчка між вучнямі Яна і адным юдэем пра ачышчэньне. Яны прыйшлі да Яна і кажуць яму: "Настаўнік, Той, хто быў з табою па той бок Ярдану і пра каго Ты сьведчыў, хрысьціць цяпер, і ўсе ідуць да Яго". Ян сказаў у адказ: "Чалавек ня можа прымаць на сябе нічога, што б яму не было дадзенае з неба. Вы самі сьведкі мне, што я казаў: Я не Хрыстос, а толькі быў пасланы перад Ім. Хто мае нявесту, той жаніх, а прыяцель жаніха, што стаіць і слухае, цешыцца з голасу жаніха. Вось і мая радасьць споўнілася. Яму трэба расьці, а мне – малець. Хто з вышыні прыходзіць, той вышэй за ўсіх; а хто ад зямлі, той зямны і па-зямному гаворыць. Хто з неба, той над усімі. Што бачыў і што чуў, пра тое сьведчыць, але сьведчаньня Ягонага ніхто не прымае. Хто ж прыняў Ягонае сьведчаньне, той пацьвердзіў, што Бог праўдзівы. Каго паслаў Бог, той словы Божыя гаворыць, бо з бязьмернага багацьця Бог дае Яму Духа. Айцец любіць Сына і ўсё даў Яму ў рукі". (Ян 3:22-35)
Малітва на раздрабленьне хлеба ў Сьветлую Суботу Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, Ты – хлеб анельскі, хлеб жыцьця вечнага, што зышоў з неба і накарміў нас у гэтыя сьвятыя дні страваю духоўнаю Тваіх Боскіх дабрадзействаў дзеля Твайго трохдзённага ўваскрасеньня. Глянь цяпер, пакорліва просім Цябе, на нашыя ўдзячныя малітвы і, як некалі блаславіў пяць хлябоў у пустыні, блаславі цяпер гэты хлеб, каб усе, хто будзе спажываць яго, удастоіліся блаславеньня і аздараўленьня душы і цела, ласкаю і міласэрнасьцю Твайго чалавекалюбства. Бо Ты – асьвячэньне нашае, і Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом, і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Вярнуцца назад |