Галоўная > Сьвятыя Тайны > Вянчаньне - новая рэдакцыя
Вянчаньне - новая рэдакцыя17 лістапада 2009. |
(Дадзены тэкст пакуль не прайшоў апрабацыю духоўных уладаў у Рыме)
Тэкст службаў у перакладзе а. Аляксандра Надсана,папраўлены і пашыраны. Тэксты Сьвятога Пісьма ў новым перакладзе з грэцкай мовы. Агульная рэдакцыя і пераклад – а. Сяргей Стасевіч і д-р Ірына Дубянецкая Пасьля Боскае Літургіі на ахвярнік кладуцца пярсьцёнкі (з правага боку). Жаніх і нявеста становяцца ў прытворы перад сьвятымі дзьвярыма царквы: жаніх –з правага боку, нявеста – з левага. Сьвятар тройчы робіць знак крыжа над галовамі маладых і дае ім запаленыя сьвечкі. Пасьля гэтага адводзіць іх на цэнтр храма, і кадзіць крыжападобна. Тады: Дыякан: Блаславі, уладару. Сьвятар: Блаславёны Бог наш на ўсе часы, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Гэтаксама пасьля наступных просьбаў) Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся. Дыякан: За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся. Дыякан: За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся. Дыякан: За Сьвятога Айца нашага ... Папу Рымскага, дастойнага архібіскупа (або багалюбнага біскупа) нашага ..., пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся. Дыякан: За Богам сьцеражонага караля нашага (або каралеву нашу) ... (або За ўлады нашыя) і за ўсіх на дзяржаўнай службе, Госпаду памолімся. Дыякан: За слугаў Божых (імя) і (імя), якія сёньня заручаюцца адно з адным, і за збаўленьне іх, Госпаду памолімся. Дыякан: Каб ім былі дараваныя дзеці дзеля працягу іхняга роду, і споўненыя ўсе іхнія просьбы, што вядуць да збаўленьня, Госпаду памолімся. Дыякан: Каб зышлі на іх дасканалая любоў, мір і дапамога, Госпаду памолімся. Дыякан: Каб захавацца ім ў адзінадумстве і цьвёрдай веры, Госпаду памолімся. Дыякан: Каб былі яны блаславёныя беззаганным жыцьцём, Госпаду памолімся. Дыякан: Каб Госпад Бог наш дараваў ім добры шлюб і ложа чыстае, Госпаду памолімся. Дыякан: Каб нам выбавіцца ад усякага смутку, гневу і нястачы, Госпаду памолімся. Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю. Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Сьвятар: Божа спрадвечны, што адасобленых яднаеш у лучнасьці, і прызначаеш для іх непарушную повязь любові, Ты блаславіў Ісака і Рэбэку, зрабіўшы іх спадкаемцамі Твайго абяцаньня, дык блаславі і гэтых слугаў Тваіх (імя) і (імя), і накіруй іх на ўсякую добрую справу. (Уголас) Бо Ты міласэрны і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Сьвятар: Мір усім. Людзі: І твайму духу. Дыякан: Галовы вашы Госпаду схіліце. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар: Госпадзе Божа наш, што заручыў з сабою Царкву, быццам чыстую дзеву спаміж народаў, блаславі гэтыя заручыны, зьяднай, і захавай гэтых слугаў Тваіх у міры і згодзе. (Уголас) Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Сьвятар бярэ пярсьцёнкі і бласлаўляе імі пару, якая заручаецца, робячы пярсьцёнкам нявесты знак крыжа над жаніхом, і пярсьцёнкам жаніха – над нявестай, гаворачы жаніху: Заручаецца слуга Божы (імя) са слугой Божаю (імя) у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін. І нявесьце: Заручаецца слуга Божая (імя) са слугой Божым (імя) у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін. Пасьля гэтага сьвятар накладае кожнаму з іх пярсьцёнак на палец правай рукі, і заручаныя абменьваюцца імі. Дыякан: Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Госпадзе Божа наш, Ты спадарожнічаў слузе патрыярха Абрагама, калі той быў пасланы ў Мэсапатамію знайсьці нявесту гаспадару свайму Ісаку, і ў чэрпаньні вады аб’явіў, што таму трэба заручыцца з Рэбэкаю. Дык блаславі заручыны і гэтых слугаў Тваіх (імя) і (імя), і замацуй дадзенае імі слова. Усталюй іх у сьвятой еднасьці, якая ад Цябе паходзіць. Бо Ты напачатку зрабіў іх мужчынам і жанчынай, і праз Цябе жанчына была злучаная з мужчынам яму на дапамогу і каб працягваўся род людзкі. Дзеля гэтага, Госпадзе Божа наш, што паслаў праўду тваю на нашчадкаў Тваіх, і запавет твой – на слугаў Тваіх, айцоў нашых, з усіх пакаленьняў абраных Табою, глянь на слугаў Тваіх (імя), і (імя) і замацуй іхнія заручыны ў веры і адзінадумстве, у праўдзе і любові. Бо Ты, Госпадзе, вызначыў, што дадзенае абяцаньне павінна быць нязьменным ва ўсім. Пярсьцёнкам была дадзеная Язэпу ўлада ў Эгіпце; пярсьцёнкам Даніла праславіўся ў краіне Бабілонскай, пярсьцёнкам Тамара была апраўданая; пярсьцёнкам Айцец наш нябесны паказаў спагадлівасьць сыну свайму, калі сказаў: "Дайце пярсьцёнак на правую руку яго; забіце кормнае цялё – і будзем есьці і весяліцца". Сваёй ўласнаю праваю рукою, Госпадзе, Ты ўзброіў Майсея ў Чырвоным Моры. Словам Тваёй праўды былі ўсталяваныя нябёсы і заснаваная зямля. І правыя рукі слугаў Тваіх хай будуць таксама блаславёныя Тваім уладарным словам, і Тваёй ўзьнятаю рукою. Дзеля гэтага цяпер, Госпадзе, блаславі гэтае ўскладаньне пярсьцёнкаў нябесным блаславеньнем, і анёл Твой няхай ідзе паперадзе іх ва ўсе дні жыцьця іхняга. (Уголас) Бо Ты той, хто бласлаўляе і асьвячае ўсё, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Парадак вянчаньня
Людзі: Слава Табе Божа наш, слава Табе. Чытальнік (пс. 127): Блаславёныя ўсе, што баяцца Госпада. Людзі: Слава Табе Божа наш, слава Табе. (Гэтаксама пасьля наступных вершаў) Тыя, што ходзяць па шляхох Ягоных. З працы рук тваіх ты будзеш есьці. Блаславёны Ты і добра табе будзе. Жонка твая будзе, як пладавітая вінаградная лаза па бакох дому твайго. Сыны твае – як аліўныя саджанцы вакол стала твайго. Вось так будзе блаславёны чалавек, які баіцца Госпада. Хай блаславіць цябе Госпад з Сыёну, і каб ты мог бачыць дабро Ерусаліму праз усе дні жыцьця твайго. І каб ты мог бачыць сыноў сыноў тваіх. Мір Ізраілю. Людзі: Слава Табе Божа наш, слава Табе. Апытаньне маладых Сьвятар (зьвяртаючыся да жаніха): ... (імя), ці маеш ты добрую і свабодную волю, і цьвёрды намер узяць сабе за жонку (імя), якую тут перад сабою бачыш? Жаніх: Маю, пачэсны ойча. Сьвятар: Ці не абяцаўся ты іншай нявесьце? Жаніх: Не абяцаўся, пачэсны ойча. Сьвятар (да нявесты): ... (імя), ці маеш ты добрую і свабодную волю, і цьвёрды намер узяць сабе за мужа (імя), якога тут перад сабою бачыш? Нявеста: Маю, пачэсны ойча. Сьвятар: Ці не абяцалася ты іншаму мужчыне? Нявеста: Не абяцалася, пачэсны ойча. Дыякан: Блаславі, уладару. Сьвятар: Блаславёнае валадарства Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Гэтаксама пасьля наступных просьбаў) Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся. Дыякан: За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся. Дыякан: За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся. Дыякан: За Сьвятога Айца нашага ..., Папу Рымскага, дастойнага архібіскупа (або багалюбнага біскупа) нашага ..., пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей, Госпаду памолімся. Дыякан: За Богам сьцеражонага караля нашага (або каралеву нашу) ... (або За ўлады нашыя) і за ўсіх на дзяржаўнай службе, Госпаду памолімся. Дыякан: За слугаў Божых (імя) і (імя), што сёньня злучаюцца адно з адным ў супольнасьці шлюбу, і за збаўленьне іх, Госпаду памолімся. Дыякан: Каб гэты шлюб быў блаславёны, як шлюб у Кане Галілейскай, Госпаду памолімся. Дыякан: Каб ім была дадзеная сужэнская чысьціня і плод улоньня дзеля карысьці іх, Госпаду памолімся. Дыякан: Каб ім бачыць сыноў і дачок і цешыцца, Госпаду памолімся. Дыякан: Каб ім былі дараваныя дабрадзейныя нашчадкі і беззаганнае жыцьцё, Госпаду памолімся Дыякан: Каб былі споўненыя ўсе іхнія і нашыя просьбы, што вядуць да збаўленьня, Госпаду памолімся. Дыякан: Каб ім і нам выбавіцца ад усякага смутку, гневу і нястачы, Госпаду памолімся. Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю. Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар (уголас): Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Дыякан: Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар (уголас): Божа Усячысты і Творча ўсяго, што існуе, у чалавекалюбстве Тваім Ты пераўтварыў рабро праайца нашага Адама ў жанчыну і, блаславіўшы абодвух, сказаў: "Пладзіцеся і памнажайцеся, і пануйце над зямлёю", і зрабіў іх адным цэлым праз зьяднаньне. Дзеля гэтага пакіне мужчына свайго бацьку і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адным целам. Таму тое, што зьвязаў Бог, хай чалавек не разлучыць. Ты блаславіў слугу Твайго Абрагама і, расчыніўшы Сарына ўлоньне, зрабіў яго бацькам многіх народаў. Ты дараваў Рэбэцы Ісака і блаславіў яе дзетараджэньнем. Ты злучыў Якуба з Рахіляй і абвясьціў праз яго дванаццаць патрыярхаў. Ты зьвязаў Язэпа і Асінату, і як плод дзетараджэньня даў ім Эфраіма і Манасію. Ты прыняў Захара і Альжбету і абвясьціў дзіця іхняе Прадвесьнікам. 3 кораня Ясея паводле цела Ты ўзрасьціў Заўсёды Дзеву і, ўцелавіўшыся ад яе, стаўся чалавекам дзеля збаўленьня роду людзкога. Паводле Твайго невыказнага дару і шматлікае дабрыні Ты прыйшоў у Кану Галілейскую і блаславіў там шлюб, каб аб’явіць, што воляю Тваёю ёсьць законнае сужэнства і ў ім дзетараджэньне. Дык Уладару ўсесьвяты, прымі малітвы ад нас, слугаў Тваіх, і як там, будзь прысутны таксама і тут ў Тваёй нябачнай моцы і блаславі гэты шлюб, дай гэтым слугам Тваім (імя) і (імя) спакойнае і доўгае жыцьцё, сужэнскую чысьціню, узаемную любоў у лучнасьці міру, шматлікіх нашчадкаў, блаславенства ў іхніх дзецях і незьвядальны вянец славы. Дай ім бачыць дзяцей дзяцей сваіх, захавай ложа іх бездакорным, пашлі ім нябеснае расы згары і багацьця ад зямлі. Напоўні дом іх збожжам, віном і алеем, і ўсякімі дабротамі, каб яны маглі дзяліцца імі з тымі, хто ў патрэбе; і споўні таксама ўсе просьбы, што вядуць да збаўленьня, тут з імі прысутных. Бо Ты Бог ласкі, шчадротаў і чалавекалюбства, і Табе славу аддаем, з адвечным Тваім Айцом, і з усесьвятым, добрым і жыватворчым Тваім Духам, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Дыякан: Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар (уголас): Блаславёны Ты, Госпадзе Божа наш, таемнага і чыстага шлюбу Сьвятадзею, і цялеснага Заканадаўца, несьмяротнасьці Захавальніку і добры жыцьця Апякуне. Ты сам, Уладару, напачатку зрабіў чалавека, паставіў яго валадаром над стварэньнямі і сказаў: "Нядобра быць чалавеку адному на зямлі: створым памочніка, адпаведнага яму"; і, узяўшы адну з рабрынаў ягоных, зрабіў жанчыну. Убачыўшы яе, Адам сказаў: "Вось косьць ад касьцей маіх, і цела ад цела майго: яна назавецца жанчынай, бо была ўзятая з мужчыны свайго. Таму чалавек пакіне свайго бацьку і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць два адно цела, бо што зьвязаў Бог, хай чалавек не разлучыць". Дык і зараз, Уладару Госпадзе Божа наш, зышлі ласку Тваю нябесную на гэтых слугаў Тваіх (імя) і (імя). І дай гэтай слузе Тваёй быць ува ўсім у згодзе з мужам сваім, а гэтаму слузе Твайму – быць галавою жонкі, каб ім жыць паводле волі Тваёй. Блаславі іх, Госпадзе Божа наш, як Ты блаславіў Абрагама і Сару. Блаславі іх, Госпадзе Божа наш, як Ты блаславіў Ісака і Рэбэку. Блаславі іх, Госпадзе Божа наш, як Ты блаславіў Якуба і ўсіх патрыярхаў. Блаславі іх, Госпадзе Божа наш, як Ты блаславіў Язэпа і Асінату. Блаславі іх, Госпадзе Божа наш, як Ты блаславіў Майсея і Сэпфору. Блаславі іх, Госпадзе Божа наш, як Ты блаславіў Якіма і Ганну. Блаславі іх, Госпадзе Божа наш, як Ты блаславіў Захара і Альжбету. Захавай іх, Госпадзе Божа наш, як ты захаваў Ноя ў каўчэзе. Захавай іх, Госпадзе Божа наш, як Ты захаваў Ёну ў чэраве кіта. Захавай іх, Госпадзе Божа наш, як Ты захаваў трох сьвятых юнакоў ад агню, паслаўшы ім расу з неба. Хай прыдзе да іх такая радасьць, якую зьведала блаславёная Алена, калі яна знайшла пачэсны Крыж. Успамяні іх, Госпадзе, як Ты памятаў Эноха, Сіма, Ільлю. Успамяні іх, Госпадзе, як Ты памятаў сьвятых Тваіх сорак мучанікаў, якім Ты паслаў вянцы з неба. Успамяні, Госпадзе Божа наш, бацькоў, што ўзгадавалі іх, бо малітвы бацькоў умацоўваюць падмуркі дамоў. Успамяні, Госпадзе Божа наш, слугаў Тваіх шафераў, што сабраліся дзеля гэтай радасьці. Успамяні, Госпадзе Божа наш, слугаў Тваіх (імя) і (імя), і блаславі іх. Дай ім плод ўлоньня, добрых дзяцей, суладзьдзе душаў і целаў. Узвысь іх, як кедры лібанскія і як пышную вінаградную лазу. Даруй ім насеньня з іхняга коласу, каб яны, маючы ўсяго ўдосталь, багацелі на справы добрыя і Табе прыемныя; і дай ім бачыць сыноў іхніх сыноў, як аліўныя саджанцы вакол стала іх. І хай, робячы прыемнае Табе, яны зазьзяюць, як сьвяцілы нябесныя, ў Табе, Госпадзе наш, якому належыцца ўсякая слава, улада, пашана і пакланеньне цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Дыякан: Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Божа сьвяты, Ты зрабіў з пылу чалавека, і з рабрыны ягонае ўзнавіў жанчыну і ўпрог яе разам з ім як адпаведную яму дапамогу, бо так было даспадобы Тваёй велічы, каб чалавек быў на зямлі не адзін. Дык зараз, Уладару, працягні руку Тваю са сьвятога жытла Твайго і злучы слугаў Тваіх (імя) і (імя), бо праз Цябе злучаецца з мужчынам жанчына. Упражы іх разам у адзінадумстве, вянчай іх у любоў, спалучы іх у адным целе, даруй ім плод улоньня, дабрадзетную радасьць. Бо Твая ўлада і Тваё валадарства, і сіла, і слава Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Сьвятар бярэ першы вянец і вянчае ім жаніха, кажучы: Сьвятар: Слуга Божы (імя) вянчаецца са слугой Божай (імя) у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін. Тады вянчае нявесту другі вянцом, кажучы: Сьвятар: Слуга Божая (імя) вянчаецца са слугой Божым (імя) ў імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін. Потым бласлаўляе іх тройчы, кажучы: Госпадзе Божа наш, славаю і гонарам вянчай іх. Дыякан: Мудрасьць. Чытальнік (Пракімен, тон 8), (Пс 20: 3б – 4а): Ты ўсклаў на іхнія галовы вянцы з каштоўных каменьняў; жыцьця прасілі ў цябе, і Ты даў ім. Верш (Пс 20: 6): Бо Ты дасі ім блаславеньне навек вякоў, узьвесяліш іх радасьцю аблічча Твайго. Сьвятар: Мудрасьць. Чытальнік: Чытаньне пасланьня сьвятога Апостала Паўлы да Эфесцаў. Дыякан: Будзьма ўважлівыя. Чытальнік: Браты! Дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, слухайцеся адно аднаго ў страху Божым. Жонкі – сваіх мужоў, як Госпада, бо муж ёсьць галавой жонкі, як і Хрыстос – Галава Царквы, Ён жа і Збаўца цела. Але як Царква паслухмяная Хрысту, так і жонкі мужом – ва ўсім. Мужы, любіце жонак вашых, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў сябе за яе, каб асьвяціць яе, ачысьціўшы абмыцьцём вадою праз слова, каб узяць сабе Царкву ўслаўленую, бяз плямы і заганы, ці нечага падобнага, але каб яна была сьвятой і беззаганнай. Гэтак павінны мужы любіць жонак сваіх, як целы свае: хто любіць жонку сваю, самога сябе любіць. Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да свайго цела, але жывіць яго і грэе, як і Госпад Царкву. Бо мы – часткі цела Яго, ад цела Яго і ад касьцей Яго. Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці сваю і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адно цела. Тайна гэтая вялікая; я ж кажу аб Хрысьце і Царкве. Дык няхай жа кожны з вас таксама любіць жонку сваю, як самога сябе; а жонка хай шануе мужа свайго. (Эф 5:20-33) Сьвятар: Мір табе, чытальнік. Чытальнік: І твайму духу. Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя. Людзі: Алілуя, алілуя, алілуя. Верш (Пс 11, 8): Ты, Госпадзе, захаваеш нас і зьберажэш нас ад гэтага роду і давеку. Дыякан: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць сьвятое Эвангельле. Сьвятар: Мір усім. Людзі: І твайму духу. Сьвятар: Чытаньне сьвятога Эвангельля паводле Яна. Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе. Дыякан: Будзьма ўважлівыя. Сьвятар: Таго часу было вясельле ў Кане Галілейскай, і Маці Ісуса была там. Ісус і вучні Ягоныя былі таксама запрошаныя на вясельле. Калі ж не хапіла віна, Маці Ісуса кажа Яму: "Ня маюць больш віна". Але Ісус адказаў ёй: "Што табе і Мне да гэтага, жанчына? Мой час яшчэ не прыйшоў". Тады Маці сказала слугам: "Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа". Там было шэсьць каменных збаноў, прызначаных для гэбрэйскіх ачышчэньняў, кожны з якіх мог зьмясьціць дзьве або тры меры. Ісус сказаў ім: "Напоўніце збаны вадою". Яны напоўнілі даверху. Тады сказаў ім: "Зачарпніце і занясіце вясельнаму старасьце". Яны панесьлі. Калі той пакаштаваў вады, якая сталася віном – бо ён ня ведаў, адкуль яно, хоць слугі, якія чэрпалі ваду, ведалі, – ён паклікаў маладога і сказаў яму: "Кожны чалавек перш дае добрае віно, а калі нап’юцца, тады дае горшае, ты ж захаваў добрае віно аж дагэтуль". Гэты цуд у Кане Галілейскай быў пачаткам цудаў, зробленых Ісусам. Ён явіў славу сваю і вучні Ягоныя ўверылі ў Яго. (Ян 2:1-11) Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе. Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы, ад усяе думкі нашае скажам. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Зьмілуйся над намі Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы) Дыякан: Яшчэ молімся за літасьць, жыцьцё, мір, здароўе, збаўленьне і Боскае наведаньне для новапашлюбаваных слугаў Божых (імя) і (імя). Людзі: Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы) Сьвятар: Бо Ты літасьцівы і чалавекалюбны Бог і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Дыякан: Госпаду, памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Госпадзе Божа наш, Ты ў збавеннай апецы сваёй меў ласку абвясьціць ў Кане Галілейскай высокую годнасьць шлюбу сваім туды прыйсьцем; дык цяпер слугаў тваіх (імя) і (імя), якім Ты паспрыяў зьяднацца адно з адным, захавай у міры і адзінадумстве, абвясьці ім высокую годнасьць шлюбу, зьберажы чысьціню іхняга ложа, паспрыяй ім трываць у беззаганным сужыцьці, і з ласкі сваёй дай ім дасягнуць глыбокае старасьці і з чыстым сэрцам выконваць Твае запаветы. Бо Ты Бог наш, Бог ласкі і збаўленьня, і Табе славу аддаем, з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыватворчым Тваім Духам цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю сваёю. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Дыякан: Каб увесь гэты дзень быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім. Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Гэтаксама пасьля наступных просьбаў). Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душ і целаў нашых у Госпада просім. Дыякан: Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім. Дыякан: Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім. Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім. Дыякан: Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага, і добрага адказу на страшным судзе Хрыстовым просім. Дыякан: Папрасіўшы адзінства веры і супольнасьці Духа Сьвятога, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар: І зрабі нас годнымі, Уладару, з поўным даверам, без асуджэньня сьмець зьвяртацца да Цябе, Бога Нябеснага, як да Айца, і казаць: Людзі: Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Сьвятар: Мір усім. Людзі: І твайму духу. Дыякан: Галовы вашы Госпаду схіліце. Людзі: Табе, Госпадзе. Прыносіцца супольная чаша. Сьвятар бласлаўляе яе і кажа наступную малітву: Дыякан: Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Божа, Ты стварыў усё магутнасьцю сваёю, і ўмацаваў сусьвет, і аздобіў вянец усіх, Табою створаных; і гэтую супольную чашу, якая даецца тым, што злучаюцца ў еднасьці шлюбу, блаславі духоўным блаславеньнем. (Уголас) Бо блаславёнае імя Тваё і праслаўленае валадарства Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Сьвятар бярэ супольную чашу і дае піць з яе тройчы; спачатку жаніху, а потым нявесьце. Пасля абводзіць маладых вакол аналою тройчы, пакрыўшы іхнія зьяднаныя рукі эпітрахілем. Шаферы ідуць за імі (трымаючы вянцы над іхнімі галовамі). У міжчасе людзі сьпяваюць: Людзі (Тон 5): Ісая, радуйся; Дзева мела ў чэраве, і нарадзіла сына Эмануэля, Бога і чалавека, Сьвітанак – імя Яго; узьвялічваючы Яго, Дзеву ўсхваляем. Іншы трапар: (Тон 7): Сьвятыя мучанікі, што добра змагаліся і былі ўвенчаныя, маліцеся Госпаду, каб Ён спагадаў душам нашым. Слава Табе, Хрысьце Божа, апосталаў хвала і радасьць мучанікаў, што прапаведавалі Тройцу адзінасутную. Сьвятар (здымаючы вянец з жаніха, кажа): Будзь узьвялічаны, жаніху, як Абрагам, і блаславёны, як Ісак, і плодны, як Якуб; хадзі ў міры і выконвай у праведнасьці запаветы Божыя. (Здымаючы вянец з нявесты, кажа): І ты, нявеста, будзь узьвялічаная, як Сара; і ўсьцешся, як Рэбэка, і будзь плодная, як Рахіль. Цешся з мужа свайго і захоўвай межы закону, бо так даспадобы Богу. Дыякан: Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Божа, наш Божа, Ты прыйшоў у Кану Галілейскую і блаславіў там шлюб, блаславі і гэтых слугаў Тваіх, якія провідам Тваім злучыліся ў еднасьці шлюбу. Блаславі іхнія ўваходы і выхады, напоўні іхняе жыцьцё ўсялякім дабром, прымі вянцы іхнія ў Тваё валадарства і захавай іх незаплямленымі, беззаганнымі, і бездакорнымі на вякі вякоў. Людзі: Амін. Сьвятар: Мір усім. Людзі: І твайму духу. Дыякан: Галовы вашы Госпаду схіліце. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар: Айцец, Сын, і Сьвяты Дух, усесьвятая, і адзінасутная, і жыцьцядайная Тройца, адзінае Боства і валадарства, хай блаславіць вас і дасьць вам даўгалецьце, дабрадзетнасьць, посьпех ў жыцьці і ў веры; і хай напоўніць вас усякім дабром, што ёсьць на зямлі і зробіць вас годнымі асалоды абяцаных дабротаў; малітвамі сьвятое Багародзіцы і ўсіх сьвятых. Амін. Дыякан: Мудрасьць. Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, цябе мы ўзьвялічваем. Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа наш, надзея наша, слава Табе. Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі. Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які сваім прыйсьцем ў Кану аб’явіў высокую годнасьць шлюбу, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў, сьвятых богавенчаных і роўных апосталам валадароў Канстантына і Алены, сьвятога вялікамучаніка Пракопа і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец. Людзі: Амін. Вярнуцца назад |