Галоўная > Мінэя - Сьнежань > Нядзеля перад Нараджэньнем Г.Н. Ісуса Хрыста (Нядзеля Айцоў) - калі 24 сьнежня
Нядзеля перад Нараджэньнем Г.Н. Ісуса Хрыста (Нядзеля Айцоў) - калі 24 сьнежня5 чэрвеня 2008. |
|
ВЯЧЭРНЯ
На "Госпадзе, Цябе клічу...": айцоў на 6 і перадсьвяцьця на 4 (нядзельныя песьні не сьпяваюцца) Айцоў (тон 8). Памяць сьвятых праайцоў зьявілася ўсяму сьвету, поўная праўдзівага сьвятла, зьзяючы промнямі ласкі; бо Хрыстос – Сонца яснае – зазьзяў здалёку і вядзе з сабою грамаду сьветлых зорак. Богачалавечае нараджэньне аб'яўляецца ў Бэтлееме, і мы радасна пляскаем у далоні і аддаем Яму перадсьвяточную хвалу. Сьвятыя айцы ўпрыгожваюцца славаю боскага ўдзелу ў нашай прыродзе. Цешыцца сёньня Адам, аснова і ўмацаваньне мудрых праайцоў; радуюцца з ім Авель і Энох; Сэт і Ной разам весяляцца; Абрагам усяхвальны з патрыярхамі пяе, і Малхісадэк з вышыні бачыць нараджэньне без Айца. І мы, спраўляючы памяць сьвятых праайцоў, молімся за збаўленьне душ нашых. Тры багамудрыя юнакі зазьзялі радасна ў печы і прапаведавалі Хрыстовае на зямлі нараджэньне: бо Госпад сышоў, быццам раса, захаваўшы Тую, што нарадзіла Яго, беззаганнаю, і ўзбагаціўшы Яе боскімі дарамі. Таму і Даніла богапрыемны, які прадбачыў ясна камень, адсечаны ад скалы, радуецца і няспынна моліцца за збаўленьне душ нашых. Песьні перадсьвяцьця (тон 6). Незаходнае Сонца ідзе зазьзяць з дзявочага ўлоньня, каб прасьвятліць увесь сьвет. Сустрэнем Яго з чыстым сэрцам і добрымі ўчынкамі, і Духам Сьвятым падрыхтуемся прывітаць Таго, хто прыходзіць да сваіх у дзіўным нараджэньні сваім, як сам захацеў, каб, нарадзіўшыся ў Бэтлееме, тых, што былі выгнаныя з раю, зноў вярнуць туды ў вялікай міласэрнасьці сваёй. Той, каго носяць хэрувімы, Бог–Слова, пасяліўшыся ў бязьвінным улоньні, прыняўшы цела і стаўшыся чалавекам, зыходзіць на зямлю, каб нарадзіцца ад племя Юдавага. Пячора сьвятая ўпрыгожваецца, быццам хорам вялікі Уладара ўсіх, а ясьлі стаюцца вогненным пасадам, на які Дзева Марыя кладзе Незьмяшчальнага, які прыходзіць Дзіцяткам, каб абнавіць ўсё стварэньне. Дзева, нарадзіўшы ў невыказны спосаб Цябе, Спрадвечнае Слова, паклала ў ясьлі бяздумных жывёлаў, бо Ты прыйшоў вызваліць мяне, які быў трыманы ў бяздумнасьці зайздрасьцю зьмяі. Ты, адзіны добры і чалавекалюбны, быў спавіты ў пялёны, каб разарваць путы маіх правінаў. Дзеля гэтага слаўлю Цябе ў песьнях і пакланяюся радасна Твайму прыйсьцю ў целе, якое вызваліла мяне. Слава ... (Тон 6). Даніла, муж жаданьняў духоўных, убачыўшы Цябе быццам камень што без рукі быў адсечаны, прадказаў бясьсеменае нараджэньне Тваё, нязьменны Божа і Збавіцелю душ нашых, што прыняў цела ад Дзевы. Цяпер ... Перадсьвяцьця (тон 6). Рыхтуйся, пячора, бо вось ідзе Маці, маючы ва ўлоньні Хрыста. Ясьлі, прымеце Таго, хто словам вызваліў народжаных на зямлі ад бяздумных дзеяньняў. Пастушкі, заграйце на жалейках і будзьце сьведкамі вялікага цуду. Мудрацы пэрскія, прынясеце золата, ладан і сьмірну Ўладару ўсіх, бо Госпад зьявіўся нам ад Дзевы-Маці. Трымаючы Яго на руках сваіх, Маці Ягоная пакорна пакланілася Яму, кажучы: "Як гэта Ты пасяліўся ва ўлоньні маім, і якім чынам узрос ад Мяне, Збавіцелю і Божа мой?"
Чытаньне кнігі Роду Аўрам, пачуўшы, што ягоны сваяк Лот патрапіў у палон, узяў з сабою трыста васемнаццаць найбольш дасьведчаных хатніх сваіх і кінуўся ў пагоню аж да Дана. Уночы, падзяліўшы людзей сваіх на загоны, ён напаў на ворагаў і разьбіў іх, а потым гнаўся за імі аж да Хобы, што на захад ад Дамаску. Такім чынам ён адабраў усю маёмасьць і вярнуў назад Лота з яго дабром, жонкамі і слугамі. Калі Аўрам вяртаўся з перамогі над Кедарлёамерам і царамі, што былі з ім, цар Садомскі выйшаў яму насустрач да даліны Шавэ, гэта значыць Каралеўскай. І Малхісадэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно – бо ён быў сьвятаром Бога Усявышняга, – і блаславіў Аўрама, кажучы: "Хай Бог Усявышні, Тварэц неба і зямлі, блаславіць цябе, Аўраме; і хай будзе блаславёны Бог Усявышні, які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае". (14:14–20)
Чытаньне кнігі Другога Закону У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Вось даю вам зямлю – ідзеце, вазьмеце яе сабе ў спадчыну, якую Госпад кляўся даць айцом вашым Абрагаму, Ізааку і Якубу, і нашчадкам іх. У той час я сказаў вам: я не змагу адзін узяць на сябе вашыя цяжкасьці. Госпад Бог ваш размножыў вас – сёньня вас, як зорак у небе. І няхай Госпад, Бог айцоў вашых, размножыць вас яшчэ ў тысячу разоў і блаславіць вас, як абяцаў. Але як жа мне аднаму насіць вашыя цяжкасьці, вашыя клопаты і непаладкі? Дык абярыце сабе спаміж каленаў вашых мужоў разумных, паважных і дасьведчаных, і я пастаўлю іх вам начальнікамі. І вы мне адказалі: добрую рэч хочаш зрабіць. Дык вось я ўзяў старшыняў з каленаў вашых, мужоў мудрых, паважных і дасьведчаных, і паставіў іх тысячаначальнікамі, сотнікамі, пяцідзесятнікамі і дзесятнікамі, каб былі кіраўнікамі ў каленах вашых. У той самы час я даў такі наказ судзьдзям вашым: Выслухоўвайце братоў вашых, судзеце справядліва справу кожнага, з братам яго ці з чужынцам. Калі судзіце, не глядзеце на аблічча, выслухоўвайце аднолькава малога і вялікага, ня бойцеся нікога, бо суд Божы ёсьць." (1:8–17)
Чытаньне кнігі Другога Закону У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што напаўняе яе, належаць Госпаду Богу твайму. Толькі да айцоў вашых прыхінуўся Госпад і палюбіў іх, і выбраў іх і іхняе патомства сярод іншых народаў – аж па сёньняшні дзень. Дык абрэжце сэрцы вашыя, і няхай шыі вашыя ня будуць цьвёрдымі. Бо Госпад Бог ваш – Бог над багамі і Уладар над уладарамі, Бог вялікі, магутны і страшны, які не зважае на асобу і не прымае падарункаў; Ён чыніць справядлівасьць сіраце і ўдаве, мілуе чужынца, даючы яму хлеб і вопратку. Вы таксама любеце чужынцаў, бо самі былі чужынцамі ў зямлі Ягіпскай. Госпада Бога твайго бойся, Яго трымайся, Яму служы і імем Ягоным кляніся. Ён – твая слава, Ён Бог твой, што ўчыніў для цябе вялікія і страшныя рэчы, якія ты бачыў на ўласныя вочы." (10:14–21)
Вершапесьні
(Тон 2). Доме Эўфраты, горадзе сьвяты, прарокаў слава! Падрыхтуй дом, у якім мае нарадзіцца Боскае Дзіця. Верш. Бог ідзе з поўдня, Сьвяты з гары, пакрытай цяністым гаем. Бэтлееме, зямля Юды, сьветлае жыльлё Ўцелаўлёнага! Падрыхтуй пячору, у якой Бог мае нарадзіцца ў целе ад бязьвіннае сьвятое Дзевы, каб збавіць род наш. Верш. Госпадзе, я пачуў голас Твой і спалохаўся; зразумеў учынкі Твае і жахнуўся. Прыйдзеце ўсе, пачнем сьвяткаваць нараджэньне Хрыстова, уславім Яго духоўнымі песьнямі, пойдзем за зоркаю разам з мудрацамі, усклікнем разам з пастушкамі: "Прыйшло збаўленьне людзям ад Дзевы, склікаючы ўсіх верных". Слава ...: Айцоў (тон 2). Радуйцеся, пачэсныя прарокі, непераможныя і непарушныя стаўпы, што добра споўнілі закон Гасподні. Дасягнуўшы неба, вы сталіся хадайнікамі новага Закону Хрыстовага. Маліце Яго даць сьвету супакой і збавіць душы нашыя. Цяпер ...: Перадсьвяцьця (тон 2). Ужо блізка час нашага збаўленьня: рыхтуйся, пячора, бо вось Дзева ідзе радзіць. Бэтлееме, зямля Юдава, красуйся і цешся, бо з цябе зазьзяў Госпад наш; пачуйце, горы і ўзгоркі, і ўсё навакольле юдэйскае, бо ідзе Хрыстос, каб, як Чалавекалюбец, збавіць чалавека, якога стварыў.
Адпушчальныя трапары:
Трапар айцоў (тон 2). Магутная сіла веры: дзякуючы ёй тры сьвятыя юнакі сярод полымя, быццам у вадзе крынічнай, радуюцца; і Даніла прарок сярод ільвоў, быццам пастыр сярод авечак сваіх. Малітвамі іх, Хрысьце Збавіцелю, збаў душы нашы. Слава ... цяпер ... (Тон 4). Марыя, маючы ва ўлоньні сваім без семя Зачатага, пайшла разам з Язэпам на перапіс у Бэтлеем, бо была з дому Давідавага. Надышоў час радзіць Ёй і нідзе не знайшлося месца для Яе. І вось пячора сталася сьветлым хорамам Каралевы. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы вобраз узьняць.
Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог ...": трапары, як у канцы вячэрні.
Сядальная песьня 1 (Тон 4). У айцох Ты прадвясьціў тайна зьяўленьне спрадвечнага Сына Твайго на зямлі ад Дзевы. У Абрагаме, Ісааку, Якубе, Юдзе і іншых, у Ясею і Давідзе і ўсіх прароках Ты прадказаў Духам, што зьявіцца на сьвет у Бэтлееме Хрыстос, каб паклікаць усіх. Слава ... цяпер ...: Тое самае.
Сядальная песьня 2 (Тон 8). Сёньня, верныя, спраўляем радасна сьвята айцоў. Ушануйма Адама, Абэля, Сэта, блаславім Энаса, успомнім і Энаха, Ноя, Сіма і Яфэта, усхвалім Абрагама, які перад Законам зазьзяў вераю, і боскага Ісаака, Якуба, Юду і Левія; праславім цнатлівага Язэпа і з вераю ўсклікнем: "Баганосныя айцы, маліце Хрыста Бога дараваць адпушчэньне грахоў нам, якія шануем з любоўю вашу сьвятую памяць". Слава ... цяпер ...: тое самае.
Пасьля паліелею: "Хор анёлаў...", літаніі, гіпакоі нядзельныя належнага тону і наступныя: Айцоў (тон 8). Абрагама, Ісаака і Якуба ўсхвалім у песьнях, лагоднага Давіда, Ісуса і дванаццаць патрыярхаў, разам з трыма юнакамі, што пагасілі сілаю Духа полымя агню. Усклікнем: "Радуйцеся вы, што адважна выкрылі спакусу неразумнага цара і цяпер моліцеся Хрысту, каб Ён дараваў адпушчэньне грахоў нам, якія шануем вашу сьвятую памяць". Слава ... цяпер ... (тон 8). Ты прыйшоў з улоньня Айца, і невыказна спустошыў сябе, прыняўшы звышпрыродна нашу ўбогасьць, Чалавекалюбны Госпадзе. Ты пажадаў пасяліцца ў пячоры і, як немаўля, быць кормленым, хоць Ты – Творца і Госпад усіх. Мудрацы, якіх прывяла зорка, дары Табе прыносяць як Уладару стварэньня; пастухі і анёлы дзівяцца і ўсклікаюць: "Слава на вышынях Богу, які прыхдзіць на зямлю каб нардазіцца як чалавек!".
Узыходныя песьні і г.д. нядзельныя належнага тону.
Канон (тон 6) Песьня 1. Ірмас (Тон 6). Таго, хто некалі хваляю марскою патапіў перасьледавальніка і мучыцеля, нашчадкі збаўленых паклалі ў зямлю. Мы ж, як тады жанчыны, пяём Госпаду, бо Ён уславіўся. Катавасія. Хрыстос родзіцца...
Песьня 3. Ірмас. Цябе, які на водах павесіў непарушна зямлю, стварэньне з жахам убачыла, як вісіш на крыжы, і ўсклікнула: "Няма сьвятога, апроч Цябе, Госпадзе!".
Гіпакоі (тон 8). Анёл юнакоў у печы расою асьвяжыў, а цяпер жанчынам плач на радасьць перамяніў, кажучы: "Нашто прыносіце міра? Каго шукаеце ў магіле? Устаў Хрыстос Бог, бо Ён – жыцьцё і збаўленьне роду людзкога".
Песьня 4. Ірмас. Прадбачыўшы Тваё Боскае спусташэньне на крыжы, Авакум жахнуўся і ўсклікнуў: "Ты, Добры, зышоў да тых, што ў пекле, і зьнішчыў уладу моцных, бо Ты ўсемагутны".
Песьня 5. Ірмас. Ісая ўбачыў незаходнае сьвятло Твайго дзеля нас літасьцівага богазьяўленьня, і ў ночы нядрэмнай усклікнуў: "Устануць тыя, што ў магілах, і ўсе людзі ўсьцешацца!".
Песьня 6. Ірмас. Уведаўшы жыцьцёвае мора, усхваляванае бураю спакусаў, я ўцёк да ціхага прыстанішча Твайго, усклікаючы: "Выбаві ад тленнасьці жыцьцё маё, Шматлітасьцівы!".
Кандак (тон 1). Весяліся, Бэтлееме; Эўфрата, рыхтуйся, бо вось Дзева носіць ва ўлоньні вялікага Пастыра, і ідзе ўжо радзіць. Убачыўшы Яго, баганосныя айцы весяляцца і разам з пастухамі славяць Дзеву.
Песьня 7. Ірмас. Невыказны цуд: Той, хто выбавіў ад полымя ў печы пабожных юнакоў, у магілу мёртвы кладзецца для збаўленьня нас, якія пяём: "Збавіцелю Божа, блаславёны Ты".
Песьня 8. Ірмас. Жахніся ў страху, неба, хай ускалыхнуцца асновы зямлі, бо вось Той, хто жыве на вышынях, залічаецца да мёртвых. У магілу пакладзены Той, каго юнакі бласлаўляюць, сьвятары славяць ў песьнях, людзі ўзьвялічваюць праз усе вякі.
Песьня 9. Ірмас. Ня плач па мне, Маці, бачачы ў магіле Мяне, Сына Твайго, якога Ты зачала бяз семя. Я ўстану і праслаўлюся і, як Бог, уздыму з моцаю тых, хто з вераю і любоўю ўзьвялічвае Цябе. Чаго плачаш, стварэньне, бачачы на крыжы і ў магіле Жыцьцядаўца, быццам сьмяротнага чалавека? Ён устане і абновіць цябе сьвятлом сваім, зьнішчыць пекла трохдзённым уваскрасеньнем і ўздыме памёрлых, якія будуць славіць Яго. Хоць Ты, Жыцьцядаўча Хрысьце, зышоў у магілу як мёртвы, Ты знішчыў моц пекла і ўзьняў з сабою мёртвых, якіх яно раней паглынула, і як Бог уваскрасіў тых, што з вераю і любоўю ўзьвялічваюць Цябе. Айцоў (тон 6). Айцы, што жылі да Закону, – Абрагам, а з ім Ісаак і Якуб, – былі асноваю прарокаў і Закону, і з вераю ў Духу прапаведавалі ласку. Як Бог, Ты паказаў Майсею ў вогненным кусьце вышэйшыя за ўсякі розум тайніцы, зышоў у вогненную печ да юнакоў і Боскім агнём полымя на расу перамяніў. Сабраўшыся разам, Абрагам і сьвятыя юнакі, а з імі Даніла, дзівосны прарок Божы, Ісаак і Якуб, і Аарон з Майсеем, у веры цешацца з Хрыстовага нараджэньня, што мае адбыцца, і моляцца няспынна за нашае збаўленьне. Перадсьвяцьця (тон 1). Тайна дзіўная, страшная і слаўная! Госпад славы прыходзіць на зямлю і, зьбяднеўшыся, уваходзіць як дзіцятка ў пячору, хочучы паклікаць зноў Адама і вызваліць Эву ад цярпеньняў. Сваімі пялёнамі Ты разьвязваеш путы грахоў, сваім зьбядненьнем узбагачаеш усіх нас, Шчодры; ад неразумнай злосьці вызваляеш людзей, паклаўшыся ў ясьлях неразумнае жывёлы, Спрадвечнае Божае Слова. Слава ... цяпер ...: Казаньні прарокаў атрымалі спаўненьне: тое, што яны прадраклі, што мала стацца ў канцы часу, прыйшло і зьявілася нам, уцелавіўшыся ад чыстае Дзевы. Дык прымем Яго з чыстым розумам.
Экзапастыляр нядзельны экзапастыляр не гаворыцца, а толькі наступныя: Ад семя Абрагама і боскага Давіда прыходзіць спрадвечнае Слова, што зыходам анёла некалі збавіла цудоўна юнакоў, роўных лікам з Тройцаю, і перамяніла плач жанчынаў на радасьць. Слава ...: Абраныя патрыярхі і айцы, – Абрагам, Ісаак і Якуб, – да прыйсьця Закону зьзялі сьветачамі веры. Прарокі і праведнікі, што прыйшлі пасьля іх, быццам сьвечкі, прасьвятлілі ўсё стварэньне промнямі прароцтваў. Цяпер яны моляцца за ўсіх нас. Цяпер ...: Весяліся, Бэтлееме, і ты, Эўфрата, рыхтуйся. Вось Багародзіца ідзе невыказна радзіць у пячоры і ясьлях Бога. Страшная тайна! Ягонае нараджэньне сьвяткуюць Абрагам, Ісаак і Якуб, усе патрыярхі і прарокі разам з людзьмі і анёламі.
Пахвальныя псалмы 3 айцоў і 3 наступныя перадсьвяцьця: Айцоў (Тон 5). Уздымі голас твой, горадзе Божы Сыёне, і прапаведуй памяць айцоў, ушануй Абрагама з Ісаакам і Якубам слаўнымі, разам з Юдам і Левіем узьвялічвай Майсея вялікага, Аарона цудоўнага, і з Давідам Ісуса і Самуэля. Засьпявай перадсьвяточную пахвальную песьню Хрысту, просячы ласкі і велічы зьмілаваньня сьвету ўсяму. (Двойчы) Верш. Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых, і імя Тваё хай славіцца на вякі. Прыходзь Ільля, што некалі сеў на вогненную калясьніцу, і багамудры Елісей з Езакіелем разам узрадуйцеся, і пачэсныя дванаццаць прарокаў боганатхнёных; цешцеся з нараджэньня Хрыстовага і вы, блаславёныя праведныя юнакі, што расою Духа пагасілі полымя ў печы. Маліце Хрыста паслаць душам нашым веліч зьмілаваньня. Верш. Бо справядлівасьць Твая яўная ўва ўсім, што Ты зрабіў для нас. Явілася на зямлі Багародзіца Дзева, якую прарокі адвеку прапаведавалі, і ўсе патрыярхі і хоры праведнікаў прадвяшчалі. Сьвяткуюць з імі і пабожныя жанчыны – Сара, Рэбэка, Рахэля і Ганна, і слаўная Марыям, сястра Майсея. Цешацца ўсе канцы зямлі, і ўсё стварэньне аддае пашану Творцу ўсіх і Богу, які прыходзіць нарадзіцца ў целе і дараваць нам веліч зьмілаваньня. Перадсьвяцьця (Тон 4). Спаўняецца сказанае Ісаем: Вось Дзева носіць ва ўлоньні Неабдымнага і прыходзіць радзіць у целе Недасяжнага. Красуйся, богапрыймальная пячора, рыхтуйся, Бэтлееме, бо Ўладар славы выбраў цябе за сваё аселішча. Прымайце, ясьлі, спавітае Дзіця-Хрыста, што ў дабрыні сваёй жадае разьвязаць путы грахоў людзкіх. Уладар запісаўся разам са слугамі, жадаючы разарваць прысуд за грэх, і запісаць у кнізе жыцьця ўсіх, ашуканых хітрасьцю зьмееваю. Дзева носіць агорнутага сьмяротным целам Таго, хто носіць усё і захацеў пасяліцца ў малой пячоры. Ягонае нараджэньне славяць анельскія хоры з пастухамі, і дзівяцца ўладзе Яго. Сьветлая і адухоўленая хмара, цяжарная Дажджом нябесным, сёньня прыходзіць зямлю напаіць. Духоўная ластаўка, Прадвесьніца Вясны ласкі невыказна родзіць і перамагае зіму бязбожжа. Яна – чысты і беззаганны хорам, што прыносіць у пячору ўцелаўлёнага Ўладара. Слава ... (Тон 8). Боскае Хрыстовае нараджэньне ў целе яўляе спаўненьне законных вучэньняў. Тыя, што прапаведавалі ласку да Закону, дзякуючы веры праявілі сябе вышэйшымі за Закон. Яны прапаведавалі тым, што ў апраметнай, вызваленьне ад тленнасьці праз уваскрасеньне. Госпадзе, слава Табе!
Цяпер ...: Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева...
Літургія
Трапары Трапар нядзельны належнага тону. (Тон 4). Марыя, маючы ва ўлоньні сваім без семя Зачатага, пайшла разам з Язэпам на перапіс у Бэтлеем, бо была з дому Давідавага. Надышоў час радзіць Ёй і нідзе не знайшлося месца для Яе. І вось пячора сталася сьветлым хорамам Каралевы. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы вобраз узьняць. Трапар айцоў (тон 2). Магутная сіла веры: дзякуючы ёй тры сьвятыя юнакі сярод полымя, быццам у вадзе крынічнай, радуюцца; і Даніла прарок сярод ільвоў, быццам пастыр сярод авечак сваіх. Малітвамі іх, Хрысьце Збавіцелю, збаў душы нашы. Слава ... Кандак айцоў (тон 6). Не пакланіўшыся рукатворнаму вобразу, узброеныя невымоўнай сілаю Божаю, вы, тройчы блаславёныя юнакі, праславіліся ў вогненным выпрабаваньні. Пасярод нясьцерпнага полымя вы клікалі Бога, кажучы: "Сьпяшайся, Шчодры, прыйдзі хутка на дапамогу нам, бо Ты, Міласэрны, калі хочаш, можаш усё". Цяпер ... Кандак перадсьвяцьця (тон 3): Сёньня Дзева ідзе ў невыказны спосаб радзіць у пячоры спрадвечнае Слова: сьвяткуй, сусьвет, і разам з анёламі і пастухамі слаў спрадвечнага Бога, што, як дзіця малое, на сьвет прыходзіць.
Пракімен: (Дан 3:26,27). Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых, і імя Тваё хай славіцца на векі. Верш: Бо справядлівасьць Твая яўная ва ўсім, што Ты зрабіў для нас.
Апостал: Гэб 11:9–10; 32–40
Алілуя (Пс 98:56; 33:18). Майсей і Аарон – сьвятары Яго, і Самуіл сярод тых, што клічуць імя Яго. Верш: Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх, і ад усіх бедаў выбавіў іх.
Евангельле: Мц. 1:1–25
Прычасьнік. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях. Верш: Усклікніце, праведнікі, Госпаду ў радасьці: хвала пасуе праведным. Алілуя, алілуя, алілуя. Вярнуцца назад |