Галоўная > Мінэя - Сьнежань > 26-31 сьнежня - нядзеля пасьля нараджэньня Г.Н. Ісуса Хрыста

26-31 сьнежня - нядзеля пасьля нараджэньня Г.Н. Ісуса Хрыста


16 чэрвеня 2008.
Памяць сьвятых і праведных Язэпа, цара Давіда і Якуба, сваяка Гасподняга

Увага: Служба Нядзелі пасьля Нараджэньня бярэцца толькі, калі гэтая нядзеля выпадае ад 26 да 31 сьнежня. Калі ж яна выпадае 1 студзеня, служба яе не бярэцца, а памяць сьвятых Язэпа, Давіда і Якуба сьвяткуецца ў панядзелак 26 сьнежня ў спалучэньні са службай гэтага дня. Гл. парадак гэтай службы ў адпаведным месцы.


Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...": тры песьні нядзельныя належнага тону, чатыры сьвята (гл. Службу Сьвята), і тры наступныя:

(Тон 1). Богаайца Давіда ўсхвалім, бо з яго ўзрасла галінка-Дзева, ад якое зазьзяла кветка-Хрыстос, які як Чалавекалюбец, вызваліў Адама і Эву ад тленнасьці.

Нарачоны Язэп бачыў спаўненьне прароцтваў. Дзіўныя сапраўды былі ягоныя заручыны, дзіўная вестка, пачутая ім ад анёлаў, што радасна славілі Бога, які паслаў супакой на зямлю.

Сваяка Божага ўсхвалім, існага сьвятаначальніка, які мужна зазьзяў у мучэньні. Малітвамі яго, Ісусе Божа наш, што быў у пячоры спавіты ў пялёны, збаў тых, што славяць Цябе.

Слава ...

(Тон 6). Сёньня спраўляем памяць пачэсных Давіда цара і Якуба апостала, першага біскупа: вучэньнямі іх і прыкладам вызваляемся ад спакусаў і славім Хрыста, які зазьзяў ад Дзевы і прыняў цела для збаўленьня душаў нашых.

Цяпер ...: Дагматык належнага тону.


Вершапесьні: нядзельныя належнага тону.

Слава ...

(Тон 6). Памяць нараджэньня Твайго прыносіць радасьць сьвятаром і ўладаром; хвалімся ім і мы, усклікаючы: "Ойча наш, што ў небе, хай сьвяціцца імя Тваё, Чалавекалюбча".

Цяпер ...

(Тон 6). Сёньня нябачная прырода яднаецца з чалавечаю праз Дзеву. Сёньня бязьмежная Існасьць спавіваецца ў Бэтлееме ў пялёны; сёньня Бог прыводзіць за зоркаю мудрацоў на пакланеньне і прадвяшчае сваё трохдзённае пахаваньне дарамі золата, смірны і ладану. Дык усклікнем Яму: "Хрысьце Божа, што ўцелавіўся ад Дзевы, збаў душы нашыя!".


Адпушчальныя трапары:

Трапар нядзельны належнага тону.

Слава ...

Сьвятых (тон 2). Расказвай, Язэпе, богаайцу Давіду пра цуды, сьведкам якіх ты быў: ты бачыў Дзеву, што нарадзіла Сына; і, навучаны анёламі, разам з пастухамі славу аддаў Яму, і з мудрацамі пакланіўся. Малі цяпер Хрыста Бога збавіць душы нашыя.

Цяпер ...

Трапар Сьвята (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу Справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе!


Ютрань

Пасьля "Госпад – Бог ...": трапары, як на вячэрні.

Трапар нядзельны належнага тону.

Слава ...

Сьвятых (тон 2). Расказвай, Язэпе, богаайцу Давіду пра цуды, сьведкам якіх ты быў: ты бачыў Дзеву, што нарадзіла Сына; і, навучаны анёламі, разам з пастухамі славу аддаў Яму, і з мудрацамі пакланіўся. Малі цяпер Хрыста Бога збавіць душы нашыя.

Цяпер ...

Трапар Сьвята (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу Справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе!

Усё аж да канонаў са службы нядзельнай належнага тону.


Каноны: нядзельны належнага тону, калядны і айцоў (гл. песьня 9). Катавасія: " Хрыстос родзіцца ...".


Пасьля трэцяй песьні: кандак і ікас сьвята, і наступныя сядальныя песні:

(Тон 3). Язэпа праведнага, заручанага Дзевы, і Давіда з Якубам належна ўсхвалім. Яны хадзілі праведным шляхам і дасягнулі нябеснага жыльля, дзе цешацца разам з анёламі і просяць для нас адпушчэньня грахоў.

Слава ...: Дзева нарадзіла Творцу ўсяго, і вось мудрацы ідуць пакланіцца Яму; людзі і анёлы Яго славяць, пячора і ясьлі Яго носяць, і славяць у песьнях Дзіцятка малое, спрадвечнага Бога.

Цяпер ...: (Тон 1). Прарокі ўсе сьвяткуюць цуд, які стаўся ў Табе, Дзева: Ты нарадзіла на зямлі Бога ўцелаўлёнага. Таму анёлы і пастухі пяюць, а мудрацы і Язэп абвяшчаюць цуд богаайцу Давіду.


Пасьля шостай песьні:

Кандак сьвятых (тон 3). Сёньня боскі Давід поўніцца радасьцю, і Язэп з Якубам хвалу прыносяць: атрымаўшы вянец сваяцтва з Хрыстом, яны цешацца і ў песьнях славяць Народжанага невыказна на зямлі, усклікаючы: "Збаў, Міласэрны, тых, што шануюць Цябе!".

Ікас. Невыказным провідам родзіцца ў целе Бесьцялесны, абмяжоўваецца целам Бязьмежны, захоўваючы бяз зьмены абедзьве прыроды. Бярэ пачатак Той, хто пачатку ня мае, адзіны Пазачасны. Дасканалы робіцца бачным як немаўля. На руках носяць Таго, хто носіць усё. Таму мы, ушанаваныя сваяцтвам з Ім, увенчаныя Божым нараджэньнем, праслаўляем Яго і нязмоўкна ўсклікаем: "Збаў, Міласэрны, тых, што шануюць Цябе!".


На дзевятай песьні пяём "Больш годную пашаны ...". Пасьля нядзельнага і сьвяточнага канонаў, наступная песьня канону сьвятых:

(Тон 4). Ірмас. Майсей на гары бачыў незгаральны куст, Язэп у пячоры быў сьведкам невыказнага нараджэньня. Беззаганная Дзева Багародзіца, Маці, што мужа ня знала, мы ў песьнях узьвялічваем Цябе.

Таму, хто нарадзіўся ад Дзевы, служыць усё стварэньне: неба зоркаю, зямля ясьлямі, гара пячораю, мудрацы дарамі, пастухі подзівам, а анёлы песьняю: "Слава на вышынях Богу!".

Цар Давід быў раней пастухом. А ты, Якубе, што быў з царскага калена Юды, стаўся пастырам паствы Ягняці, Найвышэйшага Сына Божага ўцелаўлёнага.

Весяліся сёньня, Бэтлееме, горадзе новага Давіда; і ты, Сыёне, старэйшая сярод цэркваў, абвяшчай агульную радасьць, сьвяткуючы памяць угоднікаў Уладара ўсіх .

Слава ... цяпер ...: Анельскія хоры славяць Цябе, Багародзіца, і род людзкі ў песьнях аддае хвалу Табе, бо ты Боскім сынараджэньнем Тваім зьяднала нябеснае з зямным. Дзеля гэтага шануем Цябе.


Экзапастыляр нядзельны і наступныя:

Слава ...: Разам з Якубам, сваяком Гасподнім, усхвалім Давіда богаайца, і боскага Язэпа, нарачонага Багародзіцы. З анёламі, мудрацамі і пастухамі яны паслужылі Хрыстоваму нараджэньню ў Бэтлееме, і ўславілі Яго ў песьнях, як Бога і Ўладара.

Цяпер ...: сьвята.


Пахвальныя псалмы: 4 нядзельныя належнага тону і 4 сьвята Нараджэньня.

Слава ...: (Тон 8). Яэль бачыў цуды на зямлі: кроў, агонь і дым. Кроў азначае ўцелаўленьне, агонь – Боства, дым – Дух Сьвяты, які зышоў на Дзеву і сьвет напоўніў водарам сьвятасьці. Вялікая тайна Твайго ўцелаўленьня, Госпадзе: Слава Табе!

Цяпер ...: Найблаславёная Ты...


Літургія

Трапары:

Трапар нядзельны належнага тону.

Трапар Сьвята (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу Справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе!

Сьвятых (тон 2). Расказвай, Язэпе, богаайцу Давіду пра цуды, сьведкам якіх ты быў: ты бачыў Дзеву, што нарадзіла Сына; і, навучаны анёламі, разам з пастухамі славу аддаў Яму, і з мудрацамі пакланіўся. Малі цяпер Хрыста Бога збавіць душы нашыя.

Кандак сьвятых (тон 3): Сёньня боскі Давід поўніцца радасьцю, і Язэп з Якубам хвалу прыносяць: атрымаўшы вянец сваяцтва з Хрыстом, яны цешацца і ў песьнях славяць Народжанага невыказна на зямлі, усклікаючы: "Збаў, Міласэрны, тых, што шануюць Цябе!"

Кандак сьвята (тон 3): Дзева сёньня родзіць Надпрыроднага, і зямля пячору Недаступнаму прыносіць; анёлы з пастушкамі ў песьнях Яго славяць, мудрацы з зоркаю падарожнічаюць. Дзеля нас нарадзілася Дзіцятка малое, спрадвечны Бог.


Пракімен (Пс 67:36, 37). Дзіўны Бог у сьвятых сваіх, Бог Ізраіля.

Верш. На зборах вашых блаславіце Госпада, усе нашчадкі Ізраіля.


Апостал: Гал 1:11–19


Алілуя (Пс 131:1,2). Памятай, Госпадзе, Давіда і ўсе шчырыя стараньні яго.

Верш. Як кляўся Ён Госпаду, даваў абяцаньне Богу Якубаваму.


Евангельле: Мц 2:13–23


Задастойнік: (сьвята) Узьвялічвай, душа мая, больш годную і слаўную за анельскія хоры Дзеву ўсячыстую Багародзіцу.

Дзіўную і слаўную бачу тайну: пячора – неба, Дзева – пасад хэрувімскі, ясьлі – жыльлё, дзе зьмясьціўся незьмяшчальны Хрыстос, якога мы ў песьнях славім.


Прычасьнік. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях.

Усклікніце, праведныя, ў радасьці Госпаду: хвала пасуе праведным. Алілуя, алілуя, алілуя.


Вярнуцца назад