Галоўная > Мінэя - Сьнежань > 26 сьнежня - сабор найсьвяцейшае Багародзіцы

26 сьнежня - сабор найсьвяцейшае Багародзіцы


16 чэрвеня 2008.

Вячэрня


Увага. Калі 26 сьнежня выпадае ў панядзелак, спалучаем службу дня са службай сьв. Язэпу, Давіду і Якубу (гл. нядзелю пасьля Нараджэньня). Парадак спалучэньня глядзі далей.


На "Госпадзе, Цябе клічу...": стыхіры Сьвята Раства.

Слава ... цяпер ...

(Тон 6). Слава на вышынях Богу і на зямлі супакой! Сёньня Бэтлеем прымае Таго, хто вечна прабывае з Айцом; сёньня анёлы набожна славяць народжанае Дзіцятка, сьпяваючы: "Слава на вышынях Богу, супакой на зямлі, добрая воля між людзей!".


Вялікі Пракімен (Пс 76:14,15,11,12). Які бог роўны веліччу Богу нашаму? Ты – Бог, што творыш цуды.

Верш 1. Ты паказаў людзям сілу Тваю.

Верш 2. Я сказаў: "Цяпер зразумеў я, што гэта зьмена волі Ўсявышняга".

Верш 3. Я прыгадаў ўсё, што Бог учыніў, ад пачатку прыгадаў цуды Твае.


Вершапесьні

(Тон 8). Слаўны цуд сёньня бачым: прырода абнаўляецца, і Бог стаецца чалавекам. Застаўшыся тым, чым быў, Ён ўспрымае тое, чым ня быў, не пацярпеўшы зьмяшаньня ані разьдзяленьня.

Верш. "Ва ўлоньні перад заранкаю Я нарадзіў цябе", – кляўся Госпад і не раскаяўся.

Ты, Госпадзе, прыйшоўшы ў Бэтлеем, пасяліўся ў пячоры; маючы неба пасадам сваім, Ты быў пакладзены ў ясьлях; і, хоць Цябе заўсёды акружаюць анельскія хоры, Ты зышоў да пастушкоў, каб у міласэрнасьці Тваёй збавіць род наш. Слава Табе!

Верш. Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь па правай руцэ маёй".

Як выкажу вялікую тайну? Бесьцялесны прымае цела, Слова мацнее; Нябачны робіцца бачным, і Недаступны – даступным; Той, хто ня мае пачатку, бярэ пачатак; Сын Божы стаецца сынам чалавечым. Ісус Хрыстос учора і сёньня, і на ўсе вякі той самы!

Слава ... цяпер ...

(Тон 8). Пастушкі прыбеглі да Бэтлеему ўбачыць сапраўднага Пастыра, які сядзіць на хэрувімах, а сёньня, прыняўшы выгляд дзіцяці дзеля нас, у ясьлях ляжыць. Госпадзе, слава Табе!


Адпушчальны трапар

(Тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу Справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе!


Ютрань

Пасьля "Госпад – Бог ...": трапар сьвята тройчы.

(Тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу Справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе!


Сядальная песьня 1 (тон 1). Калі Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім, усё стварэньне прасьвятлілася, пазнаўшы Творцу. Анельскія хоры здумеліся, убачыўшы Ўладара, які на зямлі прымае выгляд слугі, і застаецца неразьдзельным з Айцом. Слава на вышынях Богу, слава Народжанаму на зямлі, слава Таму, хто захацеў збавіць род наш!

Слава ... цяпер ... тое самае.


Сядальная песьня 2 (тон 4). Што зьдзіўляешся, Марыя, што трывожыць Цябе? "Я нарадзіла ў часе спрадвечнага Сына, ня знаўшы мужа, – адказвае Яна. – Як гэта магло здарыцца? Хто калі бачыў зачацьце бяз семені?". Калі Бог хоча, пераўзыходзяцца законы прыроды, як напісана. Хрыстос родзіцца, каб раней заняпалы свой вобраз узьняць.

Псалом 50


Каноны

Каноны сьвяточныя.

Пасьля трэцяй песьні кандак і ікас сьвята: "Дзева сёньня родзіць Надпрыроднага... ", а таксама гіпакоі.


Пасьля шостай песні:

Кандак (тон 6). Той, хто перад заранкай нарадзіўся ад Айца без маці, на зямлі сёньня ўцелавіўся ад Цябе. Зорка мудрацом радасную навіну абвяшчае, і анёлы з пастушкамі славяць у песьнях невыказнае сынараджэньне Тваё, Поўная ласкі.

Ікас. Ты, тайная вінаградная лаза, узрасьціла несаджаны Вінаград і, быццам на галінках, насіла Яго ў абдымках сваіх і казала: "Ты – плод мой, Ты – жыцьцё маё. Бачу, што я засталася такой, як была. Ты – Бог мой. Бачу, што маё дзявоцтва засталося непарушным і вызнаю Цябе Нязьменным Словам што прыняло цела. Ня ведаю семені, але ведаю Цябе як разбуральніка тленнасьці. Я застаюся чыстаю пасьля таго, як Ты выйшаў з мяне; Ты пакінуў маё ўлоньне, якім знайшоў. Таму ўсё стварэньне цешыцца са мною і ўсклікае: "Радуйся, Поўная ласкі!".

На дзевятай песьні замест "Больш годную пашаны..." сьпяваюцца сьвяточныя вершы.


Экзапастыляр сьвята (тройчы).


Пахвальныя псалмы: стыхіры сьвята.

Слава ...

(Тон 6). Сёньня нябачная існасьць праз Дзеву яднаецца з людзьмі, сёньня Бязьмежны ў Бэтлееме ў пялёны спавіваецца. Сёньня Бог зоркаю мудрацоў на пакланеньне прыводзіць і прадвяшчае ў іхніх дарах – золаце, сьмірне і ладане, – сваё трохдзённае пахаваньне. Яму мы пяём: "Хрысьце Божа, што прыняў цела ад Дзевы, збаў душы нашыя!".

Цяпер ...

(Тон 2). Сёньня Хрыстос родзіцца ў Бэтлееме ад Дзевы, сёньня Спрадвечны бярэ пачатак, і Слова прымае цела. Сілы нябесныя радуюцца, зямля і людзі весяляцца; мудрацы Ўладару дары прыносяць, пастухі Народжанаму дзівяцца, і мы няспынна ўсклікаем: "Слава на вышынях Богу і на зямлі супакой, добрая воля сярод людзей!".


Вялікае ўслаўленьне і трапар сьвята.


Літургія

Антыфаны: сьвяточныя


Трапары

Трапар сьвята: (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу Справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе!

Слава ... цяпер ...

Кандак (тон 6). Той, хто перад заранкай нарадзіўся ад Айца без маці, на зямлі сёньня ўцелавіўся ад Цябе. Зорка мудрацом радасную навіну абвяшчае, і анёлы з пастушкамі славяць у песьнях невыказнае сынараджэньне Тваё, Поўная ласкі.


Пракімен (Лк 1:46–47). Душа мая абвяшчае веліч Госпада, і мой дух узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім.

Верш. Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад гэтага часу шчасьліваю будуць называць мяне ўсе пакаленьні.


Чытаньне лісту сьвятога апостала Паўла да Гэбрэяў

Браты, той, хто асьвячае і тыя, што асьвячаюцца, – усе ад аднаго. Дзеля гэтага Ён не саромеецца назваць іх сваімі братамі, кажучы: "Абвяшчу імя Тваё братом маім, пасярод царквы буду славіць Цябе". І яшчэ: "Вось дзеці мае, якіх даў мне Бог". А таму што дзеці прычашчаюцца крыві і целу, так і Ён успрыняў іх, каб праз сьмерць перамагчы таго, хто мае ўладу над сьмерцю, гэта значыць д'ябла; і каб вызваліць усіх, каго страх сьмерці праз усё жыцьцё трымаў у няволі. Бо сапраўды не анёлаў бярэ да сябе, але бярэ да сябе нашчадкаў Абрагама. Таму Ён павінен быў ва ўсім стацца падобным да братоў, каб быць міласэрным і верным Найвышэйшым Сьвятаром перад Богам, каб ачысьціць грахі народу. Бо як Ён сам цярпеў і быў выпрабоўваны, дык можа тым, што выпрабоўваюцца, дапамагчы. (2:11–18)


Алілуя (Пс 131:8,11). Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і каўчэг сілы Тваёй.

Верш. Кляўся Госпад праўдаю Давіду і не адступіцца ад яе.


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея

Калі адышлі мудрацы, вось анёл Гасподні зьявіўся ў сьне Язэпу, кажучы: "Уставай, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ўцякай у Ягіпет, і будзь там, аж пакуль не скажу табе; бо Ірад зьбіраецца шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго". І ён, устаўшы, узяў Дзіцятка і Ягоную Маці, і той самай ночы пайшоў у Ягіпет. І быў там аж да сьмерці Ірада, каб спраўдзілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: "З Ягіпту паклікаў Я Сына Майго". Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы насьмяяліся з яго, напоўніўся злосьцю вялікаю і паслаў пазабіваць у Бэтлееме і па ўсім навакольлі ўсіх дзяцей мужчынскага полу ва ўзросьце да двух гадоў, згодна з часам, які ён дакладна выведаў у мудрацоў. Тады спраўдзілася тое, што сказаў прарок Ярэма: "Голас чутны ў Раме, плач і лямант вялікі: гэта Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца, бо іх няма". Калі ж памёр Ірад, анёл Гасподні зьявіўся ў сьне Язэпу ў Ягіпце, кажучы: "Уставай, вазьмі Дзіця і Ягоную Маці, і ідзі ў зямлю Ізраільскую, бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці". Ён узяў Дзіця і Ягоную Маці і вярнуўся ў зямлю Ізраільскую. Пачуўшы, аднак, што ў Юдэі пануе Архелай на месцы свайго бацькі Ірада, пабаяўся туды ісьці. Атрымаўшы наказ у сьне, ён пайшоў у краіны Галілейскія. Прыйшоўшы туды, ён пасяліўся ў месьце, што завецца Назарэт. Так мела споўніцца слова прарокаў: "Ён будзе названы Назарэем". (2:13–23)


Задастойнік і Прычасьник сьвята.

Задастойнік: Узьвялічвай, душа мая, больш годную і слаўную за анельскія хоры Дзеву ўсячыстую Багародзіцу.

Дзіўную і слаўную бачу тайну: пячора – неба, Дзева – пасад хэрувімскі, ясьлі – жыльлё, дзе зьмясьціўся незьмяшчальны Хрыстос, якога мы ў песьнях славім.


Прычасьнік. Госпад паслаў збаўленьне людзям сваім. Алілуя, алілуя, алілуя.


Вярнуцца назад