Галоўная > Мінэя - Сьнежань > 30 сьнежня - Пасьвяцьце нараджэньня Г. Н. Ісуса Хрыста і сьвятое мучаніцы Анісьсі
30 сьнежня - Пасьвяцьце нараджэньня Г. Н. Ісуса Хрыста і сьвятое мучаніцы Анісьсі16 чэрвеня 2008. |
|
(у гэты дзень сьпяваецца таксама служба сьвятой Маланьні)
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...": Анісьсі (Тон 4). Прасьветленая сьвятлом дзявоцтва, ты, усяхвальная, зазьзяла подзьвігам мучэньняў. Ты адмовілася пакланіцца сонцу і пацярпела няправеднае забойства. Абмыўшыся ў пурпуры крыві тваёй, ты стала пераможна перад Сонцам славы, уся асьветленая Ягонымі промнямі. Глыбінным жаданьнем сэрца твайго і пакаяннымі сьлязьмі ты, слаўная, абмыла зямлю і валасамі абцерла падножжа Хрыстовае. З вераю ў Ягоную прысутнасьць, поўная жаданьня быць з Ім, ты дакранулася ў думцы да ног Яго і боскім відзеньнем прасьвятліла душу тваю. Раздаўшы багацьце ўбогім, ты, Анісься ўсяслаўная, сталася нявестаю нятленнага Жаніха і прынесла Яму як пасаг струмені крыві тваёй, пераймаючы Ягоныя мукі. Дзеля гэтага Адзіны Найвышэйшы пасяліў цябе як мучаніцу слаўную ў харомах сваіх. Маланьні (тон 4). Ты, Маланьня, залічаная да хору анёлаў. Загарэўшыся боскім жадньнем, ты пакінула прывабнасьць бачнага сьвету дзеля бясстраснасьці і чысьціні, і пераканаўшы мужа твайго богапакорнымі словамі, ухілілася ад жыцьцёвае мітусьні. Дзеля гэтага разам з ім ты атрымала вечнае жыцьцё і асалоду, і цяпер молішся Госпаду за збаўленьне душаў нашых. Пажадаўшы анельскага жыцьця, ты адмовілася ад прыемнасьцяў гэтага сьвету. Устрыманасьцю, нядрэмнасьцю і чысьцінёю ты сталася чыстым посудам Боскага Духа і ўпрыгожылася сьветлымі дараваньнямі Яго. Боскай руплівасьцю ты, Маланьня, прыцягвала да сябе людзей і прыводзіла іх да Ўладара ўсіх і Збаўцы душаў нашых. Красою дабрадзейнасьцяў упрыгожаная, спаўняючы збавеннае прыказаньне, ты раздала багацьце бедным і атрымала ўзамен нябесныя скарбы, узбагаціўшыся на век праведнасьцю, нятленнасьцю і збаўленьнем. Дзеля гэтага шануем усьпеньне тваё і горача просім цябе: малі Збавіцеля, каб Ён прасьвятліў душы нашыя. Слава ... цяпер ... (Тон 1). Сёньня ў Бэтлееме чую, як анёлы пяюць: "Слава на вышынях Богу, які ў дабраце сваёй прынёс супакой на зямлю". Сёньня Дзева явілася больш прасторнай за неба; сёньня Сьвятло зазьзяла тым, што ў цемры, і ўзвысіла пакорных, якія пяюць разам з анёламі: "Слава на вышынях Богу!".
Вершапесьні (Тон 2). Хрыстос-Зорка зазьзяў ад Якуба і прасьвятліў усе народы сьвятлом богапазнаньня. Дык уславім Яго! Верш. "Ва ўлоньні перад заранкай я нарадзіў цябе", – кляўся Госпад і не раскаяўся. Цешся, Бэтлееме, горадзе Давіда, бо ў табе Спрадвечны нарадзіўся без айца ад Дзевы, чыстае служкі Божае. Верш. Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь па правай руцэ маёй". Слова Айца, прыняўшы цела, нарадзілася, было спавітае ў пялёны і пакладзенае ў ясьлях, каб вызваліць мяне ад бяздумнасьці. Слава ... цяпер ... (Тон 1). Ісус, убачыўшы чалавека, што быў створаны на падабенства і вобраз Божы, але загубіў сябе праступкам, нахіліў неба, зышоў на зямлю, пасяліўся ў дзявочым улоньні і абнавіў сатлелага Адама, які ўсклікнуў: "Слава зьяўленьню Твайму, Збавіцелю і Божа мой!".
Адпушчальныя трапары Трапар Анісьсі (тон 4). Ягнё Тваё, Ісусе, Анісься, кліча моцным голасам: "Цябе, Жаніх мой, люблю і, Цябе шукаючы, мукі перанашу, і расьпінаюся з Табою, і пахаваньне прымаю ў хрышчэньні Тваім, і цярплю за Цябе, каб панаваць з Табою, і паміраю за Цябе, каб з Табою жыць; Ты ж прымі мяне, як ахвяру чыстую, што з любоўю прыносіцца Табе". Малітвамі яе, Міласэрны, збаў душы нашыя. Слава ... Трапар Маланьні (тон 8). Палюбіўшы чысьціню дзявоцтва, і пераканаўшы ласкавымі словамі мужа твайго, ты, блаславёная, выдала вялікае багацьце на пабудову манастыра. Цяпер, прабываючы ў радасьці ў нябесным жыльлі, памятай пра нас, Маланьня пачэсная. Цяпер ... Трапар сьвята (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе! Вярнуцца назад |