Галоўная > Мінэя - Сьнежань > 31 сьнежня - Адданьне (Канец) сьвята Нараджэньня Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста

31 сьнежня - Адданьне (Канец) сьвята Нараджэньня Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста


16 чэрвеня 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...": стыхіры Сьвята (Раства)

(Тон 2). Прыйдзіце, будзем радавацца ў Госпадзе і разважаць над сёньняшняй тайнай: загарода раю зьнішчаецца, вогненны меч зьнікае, хэрувім адступае ад дрэва жыцьця, а мы, выгнаныя з раю за непаслушэнства, зноў прыступаем да райскае спажывы. Нязьменны вобраз Айца, водбліск Ягонае спрадвечнасьці, прымае выгляд слугі. Прыйшоўшы ад Дзевы Маці і не зазнаўшы ніякае зьмены, Ён застаецца тым, кім быў – сапраўдным Богам, – і прымае тое, чым ня быў, стаўшыся чалавекам дзеля чалавекалюбства. Дык усклікнем Яму: "Божа, што нарадзіўся ад Дзевы, зьмілуйся над намі!".

Калі Госпад нарадзіўся ад сьвятое Дзевы, увесь сьвет прасьвятліўся: пастухі гралі, мудрацы пакланяліся, анёлы сьпявалі, а Ірад устрывожыўся, што зьявіўся ў целе Бог, Збавіцель душаў нашых.

Валадарства Тваё, Хрысьце Божа, – валадарства ўсіх вякоў, і дзяржава Твая з пакаленьня ў пакаленьне. Ты прыняў цела ад Духа Сьвятога і стаўся чалавекам ад Дзевы Марыі. Прыйсьце Тваё, Хрысьце Божа, было для нас ясным сьвітанкам. Ты – Сьвятло ад Сьвятла, зьзяньне славы Айца. Ты прасьвятліў усё стварэньне, і таму ўсё жывое славіць Цябе. Вобраз славы Айца, што быў і заўжды ёсьць, і зазьзяў ад Дзевы, Божа, зьмілуйся над намі!

Чым мы Табе аддзячым, Хрысьце, за тое, што Ты стаўся чалавекам дзеля нас на зямлі? Кожнае стварэньне, што прыйшло праз Цябе да быцьця, прыносіць падзяку Табе: анёлы – сьпевы, неба – зорку, мудрацы – дары, пастушкі – абвяшчэньне цуду, зямля – пячору, пустыня – ясьлі, а мы прыносім Табе Маці Дзеву. Спрадвечны Божа, зьмілуйся над намі!

Слава ... цяпер ...

(Тон 2). Калі Аўгуст быў адзіным уладаром на зямлі, шматуладзьдзе людзей скончылася; калі ж Ты стаўся чалавекам ад Усячыстае, адмененае было ідальскае многабожжа. Пад адзіным зямным уладаром апынуліся ўсе краіны, і ўсе людзі ўверылі ў адзіную Божую ўладу. На загад кесара людзі пайшлі запісвацца, і мы, верныя, таксама запісаліся ў Бога нашага, што стаўся чалавекам. Вялікая Твая міласэрнасьць, Госпадзе. Слава Табе!


Вершапесьні: з Павячэрніцы Сьвята (Раства)

(Тон 2). Вялікі і слаўны цуд адбыўся сёньня! Дзева родзіць, захаваўшы дзявоцтва; Слова родзіцца, не разлучаючыся з Айцом, анёлы з пастухамі славяць Народжанага, а з імі і мы ўсклікаем: "Слава на вышынях Богу і на зямлі супакой!".

Верш. "Ва ўлоньні перад заранкаю я нарадзіў цябе", – кляўся Госпад і не раскаяўся.

(Тон 3). Сёньня Дзева родзіць Творцу ўсіх, рай прыносіць пячору, і зорка паказвае Хрыста тым, што ў цемры; мудрацы з дарамі пакланяюцца, і пастухі стаюцца сьведкамі цуду пад сьпеў анёлаў, якія ўсклікаюць: "Слава на вышынях Богу!".

Верш. Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь па правай руцэ маёй".

Калі Госпад Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім, мудрацы, што прыйшлі з Усходу, пакланіліся Богу, які стаўся чалавекам, і, адкрыўшы свае скарбы, ахвяравалі іх у дары Яму: золата выпрабаванае, як Уладару ўсіх вякоў; ладан, як Богу ўсіх; сьмірну, як Несьмяротнаму, які меўся пацярпець трохдзённую сьмерць. Усе народы, прыйдзіце пакланіцца Народжанаму для збаўленьня душаў нашых.

Слава ...

(Тон 4). Цешся, Ерусаліме, сьвяткуйце ўсе, што любіце Сыён, сёньня часовыя путы Адамавага асуджэньня разьвязваюцца, рай адчыняецца, зьмяя перамагаецца; жанчына, якую перш спакусіла яна, сёньня ўбачыла Маці Творцы. О глыбіня мудрасьці і розуму Божага! Дзеля Багародзіцы тая, што была грэшным посудам і прычынаю сьмерці ўсіх людзей, сталася пачаткам збаўленьня ўсяго сьвету. Дзіцятка, якое нарадзілася ад Дзевы, захаваўшы ейнае дзявоцтва, было дасканалым Богам. Спавіты ў пялёнкі, Ён разьвязаў путы граху і суняў Эвін боль і сум. Хай цешыцца ўсё стварэньне, хай сьвяткуе радасна, бо Хрыстос прыйшоў аднавіць усё і збавіць душы нашыя.

Цяпер ...

(Тон 4). Калі Ты, Хрысьце, пасяліўся ў пячоры, споўніліся прадказаньні прарокаў аб Табе: ясьлі прынялі Цябе, пастухі і мудрацы Табе пакланіліся, анельскія сілы дзіваваліся, усклікаючы: "Слава прыйсьцю Твайму, адзіны Чалавекалюбча!".


Адпушчальны трапар

Трапар сьвята (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе!


Літургія


Трапар, кандак, пракімен, алілуя, задастойнік і прычасьник – сьвята (гл. ніжэй).

Апостал і Евангельле -- дня


Трапар (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе!

Кандак (тон 3): Дзева сёньня родзіць Надпрыроднага, і зямля пячору Недаступнаму прыносіць; анёлы з пастушкамі ў песьнях Яго славяць, мудрацы з зоркаю падарожнічаюць. Дзеля нас нарадзілася Дзіцятка малое, спрадвечны Бог.


Пракімен (Пс 65:4,1): Уся зямля хай пакланяецца Табе і славіць Цябе, і хай пяе хвалу імю Твайму, Усявышні.

Верш. Уся зямля хай усклікне радасна Госпаду! Слаўце ў песьнях імя Яго, аддайце славу хвале Яго.


Алілуя (Пс 18:2,3): Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

Верш. Дзень дню расказвае аб іх, а ноч ночы вестку перадае.


Задастойнік: Узьвялічвай, душа мая, больш годную і слаўную за анельскія хоры Дзеву ўсячыстую Багародзіцу.

Дзіўную і слаўную бачу тайну: пячора – неба, Дзева – пасад хэрувімскі, ясьлі – жыльлё, дзе зьмясьціўся незьмяшчальны Хрыстос, якога мы ў песьнях славім.


Прычасьнік. Госпад паслаў збаўленьне людзям сваім. Алілуя, алілуя, алілуя.


Вярнуцца назад