Галоўная > Мінэя - Чэрвень > 24 чэрвеня - Нараджэньне сьв. Прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна
24 чэрвеня - Нараджэньне сьв. Прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна12 сакавіка 2008. |
|
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...": (Тон 4). Ян сваім нараджэньнем разьвязвае Захараву немату, бо ня мусіў бацька маўчаць, калі Голас прыйшоў. За тое, што не паверыў, язык ягоны анямеў, але сёньня прыйсьце Яна вызваляе яго. Той, пра якога было аб'яўлена Захару, — голас Слова і прадвесьнік Сьвятла — сёньня родзіцца і моліцца за душы нашыя. (Двойчы) Сёньня голас Слова разьвязвае бацькавы язык, што дзеля няверства анямеў, і вызваленьнем маці свае ад няплоднасьці прадвяшчае шматдзетнасьць Царквы. Сьветач прыходзіць перад Сьвятлом, зорка абвяшчае прыйсьце Сонца справядлівасьці для аднаўленьня ўсіх і збаўленьня душаў нашых. Перш як Бог-Слова нарадзіўся ад Дзевы, прадвесьнік Ягоны зьявіўся са старэчага ўлоньня — вялікі між народжаных ад жанчаны і першы сярод прарокаў. Бо трэба было Боскім справам мець слаўны пачатак: дзіця ў старасьці, і бясьсеменнае зачацьце. Госпадзе, што чыніш цуды для нашага збаўленьня, слава Табе! Сёньня зьявіўся вялікі прадвесьнік, што нарадзіўся з няплоднага ўлоньня Альжбеты, найбольшы з усіх прарокаў, роўнага якому няма і ніколі не было. Бо вось Сьвятло яснае прыйшло за прадвесьнікам-сьветачам, за голасам — Слова, і Жаніх за прыяцелем. Ян рыхтуе народ Госпаду ачышчэньнем вадою перад прыйсьцем Духа. Нашчадак Захара і гадунец пустыні, пакаяньня прапаведнік, ачышчэньне правінаў, ён прапаведаваў тым, што ў пекле, з мёртвых устаньне і моліцца цяпер за душы нашыя. Ты, Хрысьціцелю Хрыстовы Яне, быў прарокам і прадвесьнікам ад улоньня маці! Ты ўсьцешыўся ва ўлоньні яе, калі пачуў, што прыйшла Ўладарка да слугі, носячы Спрадвечнага, які нарадзіўся ад Айца бяз маці. Яна прыйшла да цябе, які, згодна з абяцаньнем, зазьзяў ад няплоднае і старое. Малі Госпада за зьмілаваньне душаў нашых. Слаўны цуд! Захар не паверыў словам анёла, які абвяшчаў зачацьце Альжбеты і нараджэньне сына, і сказаў: "Як яна народзіць, калі я ўжо стары, а ейнае ўлоньне замерла?". Дзеля гэтага за няверства сваё быў ён пакараны нематою. Сёньня ж ён убачыў абяцанае нараджэньне, і немата яго разьвязалася. Узрадаваны, ён усклікнуў: "Блаславёны Госпад Бог Ізраіля, што наведаў і збавіў свой народ, і дараваў сьвету веліч зьмілаваньня!". Яне ўсяхвальны, сусьветны апостале! Ты — спаўненьне Габрыелявага абяцаньня пра нараджэньне ад няплоднае, гадунец выдатны пустыні і прыяцель шчыры Жаніха-Хрыста. Малі Яго за збаўленьне душаў нашых. Слава ...: (Тон 6). Сёньня сьветач Сьвятла, быццам сьветлая заранка, рыхтуе шлях прыйсьцю Бога-Слова. Сёньня язык Захара, што анямеў на загад анёла, разьвязваецца зноў. Бо не выпадала бацьку захоўваць маўчаньне, калі прыйшоў голас, што нарадзіўся ад няплоднае, каб прапаведаваць сьмела збаўленьне ўсяму сьвету. Цяпер ...: (Тон 6). Альжбета зачала Прадвесьніка Ласкі, а Дзева — Госпада славы. Абедзьве маткі прывіталіся, і немаўлятка радасна заварушылася ва ўлоньні: так слуга ўславіў Уладара. Маці Прадвесьніка, уражаная, усклікнула: "Адкуль мне гэта, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне? Хай Ён у міласэрнасьці сваёй збавіць людзей бездапаможных".
Чытаньне кнігі Роду Бог сказаў Абрагаму: "Жонка твая ня будзе называцца Сараі, але імя яе будзе Сара. Пабласлаўлю яе і дам табе ад яе сына, і буду ўсьцяж бласлаўляць яе, так што яна станецца маці многіх, і ўладары будуць нашчадкамі яе". Абрагам, упаўшы тварам ніц, засьмяяўся, бо падумаў у сабе: "Ці ж можа нарадзіцца сын ад стогадовага чалавека, або ці можа дзевяностагадовая Сара стацца маці?" Але Бог яму на гэта: "Сапраўды, Сара народзіць табе сына, якому дасі імя Ісаак. Я заключу з ім саюз, саюз вечны з ім і з яго нашчадкамі, што будуць пасьля яго." Абрагам і Сара састарэліся шмат. I таму Сара засьмяялася і падумала ў сабе: "Як жа магу я нарадзіць цяпер, дый муж мой стары?" Госпад сказаў Абрагаму: "Чаму Сара сьмяецца і думае — ці сапраўды змагу нарадзіць, састарэўшыся? Ці ёсьць што-небудзь немагчымае для Госпада?" Нарэшце Госпад паказаў ласку Сары і ўчыніў ёй, як абяцаў. Сара зацажарыла і нарадзіла старому Абрагаму сына ў час, вызначаны Богам. Абрагам даў сыну, якога нарадзіла яму Сара, імя Ісаак, як загадаў яму Бог. I абрэзаў Абрагам Ісаака, калі яму было восем дзён, як загадаў яму Бог. Абрагаму было сто гадоў, калі нарадзіўся сын ягоны Ісаак. Сара казала: "На сьмех выставіў мяне Госпад. Кожны, хто пачуе пра гэта, сьмяяцца будзе з мяне." I дадала: "Хто мог бы сказаць Абрагаму, што Сара будзе карміць дзяцей? Бо ў ягонай старасьці я нарадзіла яму сына." Калі дзіця падгадавалася і было адлучанае ад грудзей (маці), Абрагам у той дзень справіў вялікую бяседу. (17:15-17,19; 18:11-14; 21:1-8).
Чытаньне кнігі Судзьдзяў У той час жыў нейкі чалавек з пакаленьня Дана, на імя Маноах. Жонка яго была няплодная і бязьдзетная. Анёл Гасподні зьявіўся гэтай жанчыне і сказаў: "Вось ты няплодная і дзяцей ня маеш, але ты зачнеш і народзіш сына. Толькі сьцеражыся, ня пі віна і ніякага хмяльнога напою, і ня еш нічога нячыстага. Вось зачнеш і народзіш сына, і хай брытва не дакранецца да галавы яго, бо хлапчо ад улоньня матчынага будзе прысьвечанае Богу, і пачне вызваленьне Ізраіля з рук філістынаў". Пайшла жанчына да мужа свайго і расказала яму наступнымі словамі: "Прыйшоў да мяне муж Божы. Выгляд яго быў быццам выгляд Божага анёла — поўны велічы. Я не пытала яго, адкуль ён прыйшоў, а ён не сказаў мне свайго імя. Сказаў мне: Вось зачнеш і народзіш сына, але толькі ад гэтай хвіліны ня пі віна і ніякага хмяльнога напою і ня еш нічога нячыстага, бо дзіця будзе прысьвечанае Богу ад матчынага ўлоньня аж да сьмерці". Тады Маноах памаліўся Госпаду, кажучы: "Прашу Цябе, Госпадзе, няхай муж Божы, якога Ты паслаў, прыйдзе яшчэ раз да нас і няхай навучыць нас, што нам трэба рабіць з дзіцем, якое мае нарадзіцца". I прыйшоў анёл да Маноаха і сказаў: "Усяго, што я сказаў жонцы тваёй, хай высьцерагаецца; няхай не спажывае нічога, што зробленае з вінаграду, ня п'е ні віна ні хмяльнога напою". Спытаў Маноах анёла Гасподняга: "Як імя тваё, каб мы, калі споўняцца словы твае, маглі цябе ўшанаваць?" I адказаў яму анёл Гасподні: "Чаму пытаешся пра імя маё? Яно тайнае". I не зьявіўся больш анёл гасподні Маноаху, ані жонцы яго. (13:2-8,13-14,17-18,21)
Чытаньне кнігі прарока Ісаі Так кажа Госпад: "Пацяшайце, пацяшайце людзей маіх — кажа Бог, — прамаўляйце да сэрца Ерусаліму і абвяшчайце яму, што час службы ягонай скончыўся, што ўжо адпакутаваная неправеднасьць яго, бо ён прыняў падвойную кару ад рукі Гасподняй за ўсе грахі свае. "Голас разьлягае ў пустыні: "Рыхтуйце дарогу Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Богў нашаму." Узыдзі на высокую гару, ты, што нясеш добрую вестку Сыёну. Уздымі голас свой, ты, што прыносіш радасную вестку Ерусаліму. Уздымі голас, ня бойся, кажы: "Я Бог ваш! Я пачую голас бедных Ізраіля, не пакіну іх. Выпушчу рэкі з гораў, ручаі сярод поля; замяню пустыню на поплаў, а высахлую зямлю на крыніцы водныя". Узрадуйцеся, нябёсы на вышыні, ліце, хмары, справядлівасьць на зямлю. Хай зямля адкрыецца, хай збаўленьне дасьць плод свой, хай прарасьце справядлівасьць. Голасам вясельля абвяшчайце гэта, хай будзе чутны ён аж да краёў зямлі. Распавядайце, як вызваліў Госпад слугу свайго Якуба. Не зазналі яны смагі, калі Ён іх вёў праз пустыню: Ён загадаў вадзе біць крыніцай са скалы. Узрадуйся, няплодная, што ніколі не нараджала, усклікні радасна ты, што ня зьведала родавых боляў: бо больш дзяцей у пакінутай, як у той, што мае мужа. (40:1-3,9; 41:17-18; 45:8; 48:20-21; 54:1)
Ліцьця (Тон 1). Струменьце, горы, слодыч; узгоркі, быццам ягняты, скачыце! Бо вось нарадзіўся ад Альжбеты, каб з намі пажыць, Прадвесьнік Гасподні. Нараджэньнем сваім ён разьвязаў бацькава маўчаньне. Дык засьпявайма яму: "Хрысьціцелю Хрыстовы, маліся за збаўленьне душаў нашых". Богам пасланы голас, сьветач Сьвятла, Прадвесьнік Гасподні, першы між прарокаў Хрыстом засьведчаны, у малітве за ўвесь сьвет памятай пра статак твой, каб яму захавацца ад шкоды. Ты, Яне прароча і прадвесьніку, быў прапаведнікам Ягняці Божага і Слова, якога Ты паказаў сьвету ўсяму, кажучы: "Вось Ягнё Божае, што бярэ на сябе грахі сьвету і дае ўсім веліч зьмілаваньня свайго". Слава ...: (Тон 5). Сёньня Альжбета з радасьцю нараджае апошняга з прарокаў, пачатак апосталаў, зямнога анёла і нябеснага чалавека, голас Слова, воя і прадвесьніка Хрыстовага, які радасна заварушыўся ва ўлоньні маці, калі пачуў Абяцанага, і перад сваім нараджэньнем абвясьціў Сонца справядлівасьці. Дзівіцца Захар у старасьці, пазбыўшыся путаў бязмоўя, і бацька Голасу пачынае яўна прарочыць: "Ты, хлапчо, назавешся прарокам Усявышняга і пойдзеш перад Ім рыхтаваць шлях Яму". Дзеля гэтага, анёле, прароча, апостале, вою, хрысьціцелю і прапаведніку пакаяньня, што, як голас Бога-Слова, вядзеш усіх да Сьвятла, маліся няспынна за нас, якія шануем з вераю памяць тваю. Цяпер ...: Ты — сьвятыня і брама, хорам і пасад Уладара, Дзева ўсячыстая. Праз Цябе зьявіўся мой Збавіцель, Госпад Хрыстос, тым, што былі ў цемры, як Сонца справядлівасьці, каб прасьвятліць створаных рукою сваёю на свой вобраз. Дзеля гэтага, Усяслаўная, што маеш матчыную ласку і давер у Яго, няспынна маліся за збаўленьне душаў нашых.
Вершапесьні (Тон 2). Псалмамі, і гімнамі, і песьнямі духоўнымі ўшануем прарока прарокаў, плод няплоднай, найбольшага сярод народжаных ад жанчыны, грамадзяніна пустыні, Яна слаўнага, і скажам: Хрысьціцелю і Прадвесьніку Збавіцеля, тваім нараджэньнем ты паказаў, што маеш вялікую ласку і давер у Хрыста. Дык маліся няспынна, каб Ён даў супакой сьвету і душам нашым багацьце зьмілаваньня свайго. Верш. Блаславёны Госпад, Бог Ізраіля, які наведаў і вызваліў народ свой. Прыйшоў сёньня на сьвет голас ласкі Слова, прапаведнік Сонца, што нарадзіўся, згодна з абяцаньнем, ад няплоднай і бязьдзетнай, Ян Прадвесьнік. Цешцеся, людзі, бо ён прыйшоў, каб прыгатаваць шлях Збавіцелю — якому ён радасна пакланіўся яшчэ ва ўлоньні маці сваёй, — Ягняці, што бяре на сябе грахі сьвету і дае нам веліч зьмілаваньня свайго. Верш. I ты, хлапчо, прарокам Усявышняга назавешся. Той, хто асьвяціўся ва ўлоньні маці і атрымаў ласку прароцтва, сёньня родзіцца ад няплоднае і прапаведуе ясна прыйсьце Госпада: "Пакайцеся, бо наблізілася валадарства нябеснае". Слава ...: (Тон 8). Сёньня, у нараджэньні Яна, найбольшага з прарокаў, споўнілася сказанае прарокам Ісаяю: "Вось Я пасылаю анёла перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Табе. Жаўнер апярэджвае нябеснага Ўладара, каб роўнымі зрабіць сьцежкі справядлівасьці Богу нашаму". Ён палюбіў устрыманасьць і чысьціню і, сам чалавек, стаўся падобным да анёла спосабам жыцьця свайго, у змаганьні з прыроднымі нахіламі сваімі і ў імкненьні да звышпрыроднага. Дык, усе верныя, будзем старацца пераймаць яго ў дабрадзейнасьцях і прасіць маліцца за збаўленьне душаў нашых. Цяпер ...: Гляньма на Альжбету, якая кажа Дзеве Марыі: "Адкуль мне гэта, што прыйшла да мяне Маці Госпада майго? Ты носіш Уладара, а я — жаўнера, Ты Заканадаўца, а я слугу Закону, Ты — Слова, а я — голас, што абвяшчае Валадарства Нябеснае".
Адпушчальныя трапары Трапар Хрысьціцелю (тон 4). Прарок і прадвесьнік прыйсьця Хрыстовага, мы, што з любоўю шануем цябе, ня ведаем як усхваліць цябе дастойна: слаўнае нараджэньне тваё паклала канец няплоднасьці маці і бацькавай немаце і сталася пачаткам абвяшчэньня прыйсьця Сына Божага. (Двойчы) Багародзіца Дзева, радуйся, поўная ласкі Марыя, Госпад з табою: блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны плод улоньня Твайго, бо Ты нарадзіла Збавіцеля душ нашых.
Ютрань Пасля "Госпад — Бог ...": Трапар Хрысьціцелю (тон 4). Прарок і прадвесьнік прыйсьця Хрыстовага, мы, што з любоўю шануем цябе, ня ведаем як усхваліць цябе дастойна: слаўнае нараджэньне тваё паклала канец няплоднасьці маці і бацькавай немаце і сталася пачаткам абвяшчэньня прыйсьця Сына Божага. Слава ... Цяпер ...: Багародзічны (тон 4). Тайна, спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, якім уваскрасіў першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.
Першая сядальная песьня (тон 4). Сёньня зацьвіў нам парастак Захара, краса пустыні і моц прароцкая, і весяліць сэрцы верных. Прадвесьнік Хрыстовы і сапраўдны сьведка Ягонага прыйсьця зьявіўся нам. Дык уславім Хрысьціцеля ў духоўных песьнях і ўсклікнем: "Прарок і прапаведнік праўды, маліся за збаўленьне душаў нашых". Слава ... цяпер ...: Язэп дзіву даўся, калі ўбачыў надпрыроднае зачацьце Тваё, Багародзіца, але згадаў дождж, што зышоў на руна, і куст вогненны, што не згараў, і кій Аарона, што зацьвіў. I вось, заручаны Твой і ахоўнік засьведчыў перад сьвятарамі, кажучы: "Дзева родзіць і пасьля родаў дзеваю застаецца".
Другая сядальная песьня (тон 8). Ты, Яне слаўны, прадвесьнік прыйсьця Хрыстовага, сёньня нарадзіўся. Найбольшы з прарокаў і голас Слова, ты клікаў: "Пакайцеся, бо валадарства нябеснае ўжо блізка". Ты явіўся сьвету як прадвесьнік ласкі, хрысьціцель і апостал, што рыхтуе шлях Госпаду. Малі цяпер Хрыста Бога дараваць адпушчэньне правінаў тым, што з любоўю сьвяткуюць памяць тваю. Слава ... Цяпер ...: Усесьвятая Дзева, Маці Хрыста, душы маёй лютыя страсьці ацалі, і дай мне пазнаць мае правіны, якія я, неразумны, учыніў, апаганіўшы душу і цела. Гора мне! Што буду рабіць, калі анёлы адлучаць маю душу ад шматцерпнага цела? У той час, Уладарка, будзь мне надзейнай заступніцай: бо я, слуга Твой, усю надзею на Цябе ўсклаў.
Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...
Узьвялічваньне: Узьвялічваем цябе, Прадвесьніку Збавіцеля Яне, і славім тваё слаўнае ад няплоднае нараджэньне. Верш 1. Блаславёны Госпад, Бог Ізраіля, бо Ён наведаў і ўчыніў збаўленьне людзям сваім. Верш 2. Ён узьняў рог збаўленьня нашага, у доме Давіда, слугі свайго. Верш 3. I ты, дзіця, будзеш звацца прарокам Усявышняга. Верш 4. Пойдзеш перад Госпадам, прыгатаваць дарогу Яму. Слава ... цяпер ... Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе Божа. (Тройчы)
Сядальная песьня (тон 8). Радуйся, бацька, і цешся, маці, бо, згодна з абяцаньнем, вы нарадзілі прарока Божага і прадвесьніка. Няплодная корміць Хрысьціцеля, і Захар радуецца нараджэньню і кажа: "Мой язык быў разьвязаны прыйсьцем тваім, сьветач вялікага Сьвятла". Сапраўды вялікі цуд! Слава ... цяпер ...: Дзякуем Табе няспынна, Багародзіца, узьвялічваем Цябе, Чыстая, славім у песьнях сынараджэньне Тваё, Поўная ласкі, і клічам: "Збаў нас, усеміласэрная і добрая Дзева, у часе страшнага суду адгані ад нас сілу дэманаў і ня дай слугам Тваім быць пасаромленымі".
Узыходная песьня: Першы антыфан 4 тону.
Пракімен. I ты, дзіця, будзеш звацца прарокам Усявышняга. Верш. Блаславёны Госпад, Бог Ізраіля, які наведаў і вызваліў народ свой.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі У той час Альжбета, жонка Захара, зачала і таілася пяць месяцаў, кажучы: "Так мне ўчыніў Госпад, калі глянуў ласкава і зьняў з мяне ганьбу сярод людзей". Тым часам надышоў час Альжбеце радзіць, і яна нарадзіла сына. Калі ейныя суседзі і сваякі пачулі, што Бог аказаў ёй вялікую міласэрнасьць, яны ўсьцешыліся разам з ёю. На восьмы дзень яны прыйшлі, каб абрэзаць дзіця, і хацелі даць яму імя ягонага бацькі — Захар. Але маці ягоная сказала: "Не, ён будзе называцца Янам". Ёй адказалі: "Ніхто ў тваім родзе ня мае гэтага імя". Тады спыталіся знакамі ў бацькі ягонага, як бы хацеў яго назваць. А ён папрасіў таблічку і напісаў: "Імя яму — Ян". I ўсе зьдзівіліся. I адразу адчыніліся ягоныя вусны, і разьвязаўся язык, і ён загаварыў, бласлаўляючы Госпада. I страх ахапіў усіх суседзяў іхніх, і расказвалі пра ўсё гэта па ўсёй горнай краіне Юдэйскай. Усе, што чулі, бралі сабе гэта да сэрца і пыталіся: "Кім будзе гэтае дзіцятка?" Бо сапраўды рука Гасподняя была на ім. А Захар, бацька ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым, і прарочыў, кажучы: "Блаславёны Госпад, Бог Ізраіля, які наведаў і вызваліў народ свой. I ты, дзіцятка, будзеш звацца прарокам Усявышняга, бо пойдзеш перад Госпадам, каб падрыхтаваць сьцежкі Яму". А хлопчык рос і ўмацоўваўся духам, і жыў у пустых мясьцінах аж да дня свайго зьяўленьня перад Ізраілем. (1:24-23, 57-68, 76, 80)
Псалом 50. Пасьля: Слава ...: Малітвамі Прадвесьніка, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых. Цяпер ...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых. Зьмілуйся нада мною ... (Тон 2). Той, хто асьвяціўся ва ўлоньні маці і атрымаў ласку прароцтва, сёньня родзіцца ад няплоднае і прапаведуе ясна прыйсьце Госпада: "Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства нябеснае".
Канон (Тон 4) Песьня 1. Ірмас. Сын Дзевы патапіў у глыбіні бясстраснасьці тройчы сьвятое душы моцныя калясьніцы ворага; дык малюся: "Умярцьвіўшы цела, дай мне зайграць, быццам на цымбалах, пераможную песьню". Прыпеў. Сьвяты прадвесьніку і хрысьціцелю Яне, малі Бога за нас. Быццам ясная раніца, што апярэджвае Сонца, сын няплоднае яўна прапаведуе ўсяму сьвету Сына Дзевы. I вось усёй зямлі зазьзяла сьвятло ласкі і дабрадзейнасьці. Захар, натхнёны Духам, усклікнуў: "Ты, Яне ўсяхвальны, сапраўды будзеш звацца прарокам Усявышняга і будзеш ісьці перад абліччам Хрыста, каб прыгатаваць шлях Творцу". Захар чуў голас Габрыеля, але не паверыў боскаму аб'яўленьню, і быў пакараны нематою, ад якое быў вызвалены нараджэньнем Яна, прадвесьніка Слова. Слава ... Цяпер ...: Багародзічны. Горад Божы, Уладара ўсіх добрапрыемнае Сховішча, пачэсны Скарб, Багародзіца ўсебеззаганная, захавай набытак Твай, што няспынна славіць Цябе і ў веры пакланяецца сынараджэньню Твайму. Катавасія. Адчыню вусны мае, і напоўняцца Духам; слова скажу ў гонар Уладаркі Маці, і стану сьвяткаваць сьветлую ўрачыстасьць і славіць радасна ў песьнях цуды Яе.
Песьня 3. Ірмас. Ня мудрасьцю і сілаю, і не багацьцем хвалімся, але Табою, Хрысьце, увасобленая Мудрасьць Айца. Ніхто не сьвяты, апроч Цябе, Чалавекалюбча. Уладар родзіцца ад Дзевы, а любы слуга ад старой няплоднай маці: цуд апярэджвае другі, большы, цуд. Старая і няплодная цалуе Дзеву Маці, пазнаўшы непамыльна Ейнага Сына. Путы няплоднасьці разьвязваюцца Божай воляю. Багародзічны. Ты, што, ня знаўшы мужа, нарадзіла ў целе Бога, ад нападаў злых жаданьняў, што мяне апаноўваюць, захавай мяне: ня маю іншай памочніцы, апроч Цябе, Усячыстая. Катавасія. У боскай славе Тваёй, Багародзіца, жывая і невычэрпная Крыніца, умацуй аднадушны хор песьняроў Тваіх і зрабі іх дастойнымі вянцоў славы.
Сядальная песьня (тон 8). Голас быў вернуты Захару, калі нарадзіўся голас і прадвесьнік Слова, які выявіў няплоднасьць закону, клічучы: "Пакайцеся, людзі, бо вось ідзе Ісус, каб вызваліць усіх ад першага праклёну!" Сапраўды вялікі і слаўны цуд! Слава ...: (тон 8). Быццам сьветлае сонца, з улоньня Альжбеты зазьзяў нам сын Захара і разьвязаў бацькаву немату; з вялікай сілаю і сьмеласьцю ён заклікаў усіх людзей: "Прастуйце шлях Госпаду, бо Ён вызваліць і збавіць тых, што прыходзяць да Яго". Малі, Яне, Таго, каго ты прапаведаваў, за збаўленьне душ нашых. Цяпер ...: Ты, Усячыстая, абнавіла боскім сынараджэньнем Тваім сатлелую сьмяротную людзкую прыроду; і ўзьняла ўсіх ад сьмерці да жыцьця нятленнага. Дзеля гэтага мы, як Ты прадказала, завем Цябе шчасьліваю, Найблаславёная Дзева. Песьня 4. Ірмас. Хрыстос, Бог спрадвечны, што сядзіць у славе на боскім пасадзе, прыходзіць на хуткай хмары і нятленнай рукою збаўляе тых, што клічуць: "Слава, Хрысьце, сіле Тваёй". Таямніца апярэджвае невыказныя таямніцы Твае, Хрысьце, і адменаю прыроднага закону прадвяшчае вызваленьне ад цярпеньняў, выпраўленьне і абагаўленьне. Ісая, натхнёны Айцом, прарочыў Сыну, які меў прыняць цела, вестуна, на зямлі народжанага, роўнага анёлам; ён казаў: "Вось пасылаю перад абліччам Тваім таго, які будзе клікаць: Слава, Хрысьце, сіле Тваёй!" "Я прыйшоў на сьвет на тое, каб паслужыць Уладару, абвясьціць Ягонае прыйсце, і зачацьцем маім ад няплоднае старое маці апярэдзіць Ягонае нараджэньне ад Дзевы". Багародзічны. У Табе, сьвятая Багародзіца, захацела пасяліцца, быццам у цудоўным хораме, Слова Божае Айца, захаваўшы Цябе непарушнаю, і Ты нарадзіла Эмануэля — Бога і чалавека. Катавасія. Хрыстос, Бог спрадвечны, што сядзіць у славе на боскім пасадзе, прыходзіць на хуткай хмары і нятленнай рукою збаўляе тых, што клічуць: "Слава, Хрысьце, сіле Тваёй!"
Песьня 5. Ірмас. "Сёньня ўстану — па-прароцку сказаў Бог, — сёньня ўслаўлюся, сёньня ўзьнясуся і, успрыняўшы ад Дзевы заняпалую людзкую прыроду, уздыму яе да Майго Боства. Зямля прарасьціла сапраўднага прапаведніка, голас, што языком Духа прапаведаваў усім Сына Дзевы, Праведнасьць, што зышла да нас з неба ў целе. Госпад сапраўды паставіў цябе сьветачам Хрыстовым, што ўсіх прасьвятляе, апранае ў сорам, быццам у вопратку, варожа настаўленых, і праведна прапаведуе Божага Сына-Слова. Усё стварэньне цешыцца з твайго боскага нараджэньня; ты, прадвесьнік, явіўся нам зямным анёлам і нябесным чалавекам і прадвясьціў прыйсьце ў целе Бога нябеснага. Багародзічны. Адзінародны Сын, Спрадвечнае і неразьдзельнае Слова Айца, нарадзіўся ад Цябе, Дзева, у целе дзеяньнем Сьвятога Духа. Катавасія. Усё стварэньне сумелася, убачыўшы боскую славу Тваю: Ты, Дзева, што мужа ня знала, мела ва ўлоньні Бога ўсіх і нарадзіла спрадвечнага Сына, які дае супакой усім, што славяць Цябе.
Песьня 6 Ірмас. Я патрапіў у глыбіню марскую і таплюся ў буры многіх грахоў, але Ты, Божа, выратуй мяне ў міласэрнасьці Тваёй. Як прарок ты, яшчэ ў матчыным улоньні, быццам у цёмным хораме, пазнаў Бога-Слова і, прасьветлены недасяжным сьвятлом, матчыным языком уславіў Яго. Як голас, што кліча ў пустыні, малі няспынна, Хрысьціцелю, Збавіцеля сьвету, каб вызваліцца ад духоўнай няплоднасьці тым, што славяць тваё нараджэньне. Багародзічны. Селішчам недаступнага Боства явілася ўлоньне Тваё, Багародзіца, на якую нябесныя хоры без страху ўзірацца ня сьмеюць. Катавасія. На гэтую боскую і слаўную ўрачыстасьць Божай Маці прыйдзіце, усе багамудрыя, пляскайце ў далоні і слаўце Таго, хто нарадзіўся ад Яе.
Кандак (тон 3). Няплодная сёньня родзіць прадвесьніка Хрыстовага, які зьдзяйсьняе ўсе прароцтвы: усклаўшы ў Ярдане руку на Таго, каго прадказалі прарокі, ён паказаў сябе прарокам, прапаведнікам і прадвесьнікам Бога Слова. Ікас. Усхвалім сёньня Прадвесьніка Гасподняга, якога нарадзіла сьвятару Альжбета з няплоднага ўлоньня, але не бяз семя. Адзін толькі Хрыстос бяз семя прайшоў непраходнае ўмяшчалішча. Няплодная нарадзіла Яна, але не бяз мужа. Ісуса ж нарадзіла Дзева чыстая, ацяненьнем Айца і Духа Божага. Народжаны ад няплоднае быў для Таго, хто нарадзіўся ад Дзевы, прарокам, прапаведнікам і прадвесьнікам Бога Слова. Песьня 7 Ірмас. Тры юнакі ў Бабілёне адкінулі блюзьнерскі загад мучыцеля і сярод полымя гукалі: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!" Некалі прырода людзкая была ў змроку; але ты, прадвесьніку, зьявіўся, быццам раніца, і ўсклікнуў: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!" Слаўнае нараджэньне тваё, прадвесьніку, ад няплоднае ацаліла зьнямоглую нашую прыроду і навучыла нас пяяць: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!" Нарадзіўшыся ад няплоднае, ты, прадвесьніку, прадвясьціў прыйсьце ласкі для бясплоднага закону і ўсклікнуў Хрысту: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!" Багародзічны. Дзева блаславёная, маліся за тых, што моляцца Табе: на Цябе спадзяемся ўсе і Цябе клічам. Дык не пагардзі, Уладарка, слугамі Тваімі. Катавасія. Мужныя і багамудрыя юнакі не захацелі служыць стварэньню замест Творцы і, вогненнае выпрабаваньне за нішто палічыўшы, радасна сьпявалі: "Усяхвальны Госпад і Бог айцоў, блаславёны Ты".
Песьня 8 Ірмас. Ты, Збавіцелю ўсіх усясільны, зышоў сярод полымя, паслаў расу пабожным юнаком і навучыў іх пяяць: "Усе стварэньні Гасподнія, блаславіце Госпада!" Заканадаўца Майсей быў слугою Старога, Ісус — Богам Новага Запавету; сёньня ж прадвесьнік як хадайнік абодвух запаветаў, пяе: "Усе стварэньні Гасподнія, блаславіце Госпада!" З няплоднага ўлоньня галубка прыходзіць, і даецца Царкве Богу любая сьвятыня — Прадвесьнік Хрыстовы, які усклікае: "Усе стварэньні Гасподнія, блаславіце Госпада!" Божыя людзі, народ сьвяты, упадобніцеся галубцы Хрыстовай і, жывучы ў чысьціні, засьпявайце суладна: "Усе стварэньні Гасподнія, блаславіце Госпада!" Траечны. Патройным зьзяньнем асьветленыя, нястворанае адзінае Боства нязмоўкнымі вуснамі прававерна ўславім і запяём: "Усе стварэньні Гасподнія, блаславіце Госпада". Катавасія. Народжаны ад Багародзіцы набожных юнакоў у печы выбавіў; тады вобразна, а цяпер дзейсна натхняе Ён увесь сьвет пяяць: "Слаўце, усе стварэньні, Госпада і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі".
Песьня 9 Ірмас. Недасьледная Божая тайна ў Табе, чыстая Дзева, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе ў міласэрнасьці сваёй. Дзеля гэтага Цябе як Багародзіцу ўзьвялічваем. Голас прадвесьніка заклікае няплодныя і пустыя сэрцы: "Рыхтуйце шлях Хрысту, які ідзе ў славе!" Дык будзем слухаць і ўзьвялічваць Яго. Некалі, натхнёны Сьвятым Духам, ты, прадвесьніку, яўна прапаведаваў Сына-Ягнё Божае, што ўзяў на сябе грахі сьвету. Цяпер выпрасі статку твайму адпушчэньне грахоў. Траечны. Уславім, верныя, трохлікую Еднасьць, Тройцу адзінасутную, што прасьвятляе нас Боскім дзеяньнем і напаўняе нашыя душы зьзяньнем незаходнага Сьвятла. Багародзічны. Уладарка ўсяго тварэньня, даруй перамогу людзям Тваім, пакладзі пад ногі прававерных хрысьціянаў непакорлівага ворага, каб мы ўсе Цябе, Багародзіца, узьвялічвалі. Катавасія. Усе народжаныя на зямлі хай усьцешацца, прасьветленыя Духам. Хай сьвяткуюць бесьцялесныя анельскія хоры і ўшануюць урачыстасьць Божае Маці, і хай пяюць: "Радуйся, усеблаславёная Багародзіца, чыстая заўсёды Дзева!"
Экзапастыляр (тон 4). Сёньня радаснае нараджэньне Прадвесьніка адмяняе сум бацькавай нематы і няплоднасьць маці і абвяшчае ісую радасьць. Дзеля гэтага ўсё стварэньне радасна сьвяткуе. (Двойчы) Слава ... Цяпер ...: Прарокі прадвяшчалі, апосталы прапаведавалі, мучанікі багамудрыя ясна вызнавалі, Багародзіца ўсячыстая, Сына Твайго як Бога ўсіх. З імі разам і мы, выбаўленыя Табою ад першаснага прысуду, узьвялічваем Цябе.
Пахвальныя псалмы (Тон 8). Дзіўны цуд! Ад старой і няплоднай маці нарадзіўся сёньня прадвесьнік Бога-Слова Ян, і з ягоным нараджэньнем пачаў выразна прамаўляць нямы язык. Невыказны провід Твой, Уладару! Збаў ім душы нашы, Хрысьце, бо Ты адзіны міласэрны. Вялікі цуд! Найбольшы сярод народжаных ад жанчыны прарок адмяняе сум матчынай няплоднасьці. Ён прыходзіць у Духу і сіле Ільлі зрабіць простымі сьцежкі Госпаду. Невыказная веліч Тваёй добрасардэчнасьці, Уладару! Дзеля яе, Хрысьце, збаў душы нашыя, бо Ты адзіны міласэрны. Слаўны цуд! Той, хто прапаведаваў спусташэньне Хрыстовае дзеля людзей, першы паказвае Яго ўсім голасам сваім, адмяняе няплоднасьць маці сваёй сілаю Боскаю з вышыні і разьвязвае язык Захара. Вялікія цуды Твае, Уладару. Збаў імі тых, Хрысьце, што шануюць Твайго вялікага прадвесьніка. Дзівосны цуд! Прарок і прадвесьнік, найбольшы сярод народжаных ад жанчыны і найвышэйшы сярод прарокаў, заварушыўся ва ўлоньні маці сваёй. Вялікія дары Твае, Чалавекалюбча! Збаў імі, Хрысьце ўсемагутны, душы нашыя. Слава ...: (Тон 6). Зорка сярод зорак, Богажаданы прадвесьнік Ян родзіцца сёньня ад няплоднае маці і аб'яўляе Зорку-Хрыста, Сьвітаньне з вышыняў і Пасху для ўсіх верных. Цяпер ...: Багародзіца, Ты — сапраўдная вінаградная лаза, што ўзрасьціла нам плод жыцьця. Просім Цябе, Уладарка: разам са сьвятымі апосталамі маліся за збаўленьне душаў нашых.
Пасьля Вялікага ўслаўленьня: Трапар Хрысьціцелю (тон 4). Прарок і прадвесьнік прыйсьця Хрыстовага, мы, што з любоўю шануем цябе, ня ведаем як усхваліць цябе дастойна: слаўнае нараджэньне тваё паклала канец няплоднасьці маці і бацькавай немаце і сталася пачаткам абвяшчэньня прыйсьця Сына Божага. Слава ... Цяпер ...: Багародзічны (тон 4). Тайна, спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, якім уваскрасіў першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.
і звычайнае заканчэньне сьвяточнай ютрані.
Вярнуцца назад |