Галоўная > Мінэя - Сакавік > Літургічныя заўвагі да сьвята Дабравешчаньня

Літургічныя заўвагі да сьвята Дабравешчаньня


4 лютага 2009.

Сьвята Дабравешчаньня Багародзіцы бывае ў часе ад чацьвярга трэцяга тыдня Вялікага Посту да Сьветлай Серады (г. зн. серады пасьля Вялікадня). Яно ніколі не адмяняецца і не пераносіцца, але спалучаецца са службаю дня, у які яно здарыцца. Дакладны спосаб гэтага спалучэньня апісаны ў Тыпіконе. Тут толькі даюцца некаторыя больш частыя выпадкі.

Вячэрня і Ютрань

1. Дабравешчаньне ў аўторак, сераду, чацвер, пятніцу і суботу Вялікага Посту і аўторак і сераду Вялікага Тыдня:

На вялікай Вячэрні (24 сакавіка ўвечары): Чытаньне катызмы 18 Псалтыра прапускаецца. На "Госпадзе, Цябе клічу..." песьні вялікапосныя дня і сьвята (г. зн. Дабравешчаньня); Слава... цяпер...: "Арханёл Габрыель быў пасланы...". Пасьля Уваходу: чытаньні дня і сьвята. Тады:

а. У сераду і пятніцу, а таксама ў першыя тры дні Вялікага Тыдня, увечары Літургія Раней асьвячаных дароў.

б. У іншыя дні: "Дай, Госпадзе, у гэты вечар...", "Дапоўнім вячэрнюю малітву...", вершапесьні дня, Слава... цяпер...: "Сёньня радасьць Дабравешчаньня...". Пасьля "Ойча наш..." трапар сьвята "Сёньня пачатак нашага збаўленьня...", літанія "Зьмілуйся над намі, Божа...", тры паклоны і водпуст.

Ліцьця, вершапесьні і блаславеньне хлябоў у гэтыя дні бываюць на Вялікай Павячэрніцы.

Ютрань сьвяточная з паліелеем і ўслаўленьнем сьвята: Узыходныя песьні: першы антыфан 4 тону. Евангельле сьвята. Канон сьвята і трысьпеў посны. "Больш годную пашаны..." не сьпяваецца, а асобыя прыпевы з дзевятай песьняю. У суботу: Вялікае ўслаўленьне і заканчэньне сьвяточнай ютрані. У іншыя дні: Услаўленьне чытанае, вершапесьні посныя, літанія і тры паклоны, і чытаецца першая гадзіна.

Увага. Калі Дабравешчаньне здарыцца ў Чацьвер пятага тыдня Вялікага Посту (Чацьвер Вялікага Канону), Вялікі Канон чытаецца ў папярэдні аўторак (23 сакавіка).

2. Дабравешчаньне ў нядзелю:

На Вялікай Вячэрні (у суботу ўвечары): На "Госпадзе, Цябе клічу..." песьні нядзельныя належнага тону і сьвята. Слава... цяпер...: "Арханёл Габрыель..." (У Нядзелю Крыжапаклонную: 4 нядзельныя, 3 Крыжа, 3 сьвята; Слава...: Крыжа, Цяпер...: "Арханёл Габрыель...") Чытаньні сьвята; Ліцьця сьвята; Вершапесьні нядзельныя належнага тону; Слава... цяпер...: "Сёньня радасьць Дабравешчаньня..." (у Крыжапаклонную: Слава...: Крыжа; Цяпер...: "Сёньня радасьць..."). На Блаславеньне хлябоў... трапар сьвята тройчы.

Ютрань нядзельная і сьвяточная: як звычайна ў Багародзічныя сьвяты. Паліелей і ўзьвялічваньне сьвята; узыходныя песьні нядзельныя належнага тону; Пракімен і Евангельле сьвята; пасьля Псалму 50 сьціхіра сьвята; каноны нядзельныя і сьвята; На Дзевятай песьні сьпяваецца "Больш годную пашаны..." Экзапастыляр нядзельны і сьвята; Пахвальныя псалмы: 4 нядзельныя і 4 сьвята; Слава...: сьціхіра посная; Цяпер...: "Найблаславёная Ты..."

Увага: Калі Дабравешчаньне здарыцца ў чацьвертую або пятую нядзелю Вялікага Посту, службы сьв. Яну Лесьвічніку і Марыі Егіпцянцы прапускаюцца.

3. Дабравешчаньне ў панядзелак:

На Вялікай Вячэрні (у нядзелю 24 сакавіка) уся вячэрня сьвяточная з ліцьцёю, вершапесьнямі і блаславеньнем хлябоў. Ютрань як у аўторак (гл. вышэй).

Літургія ў дзень Дабравешчаньня

У панядзелак, аўторак, сераду, чацьвер, пятніцу, а таксама ў панядзелак, аўторак, сераду Вялікага Тыдня: Літургія сьв. Яна Залатавуснага з вячэрняй.

У суботу: Літургія Сьв. Яна Залатавуснага ў сваім часе.

У нядзелю: Літургія ў сваім часе. Трапары, Кандакі, Апостал і Евангельле нядзелі і сьвята.

Пра парадак службы ад Чыстага Чацьвярга да Сьветлае Серады, калі ў гэтыя дні здарыцца Дабравешчаньне, гл. тыпікон.

Увага. Згодна са звычаем, які ўсталяваўся апошнім часам у Грэцкай Царкве, калі Дабравешчаньне здарыцца ў Вялікую Пятніцу або Суботу, дык ягонае сьвяткаваньне пераносіцца на Вялікдзень.


Вярнуцца назад