Галоўная > Мінэя - Сакавік > 25 сакавіка - Дабравешчаньне Найсьвяцейшае Багародзіцы - Ютрань
25 сакавіка - Дабравешчаньне Найсьвяцейшае Багародзіцы - Ютрань4 лютага 2009. |
Трапар: Сёньня пачатак нашага збаўленьня і спрадвечнае тайны аб’яўленьне: Сын Божы стаецца Сынам Дзевы і Габрыель ласку абвяшчае. Дзеля гэтага і мы разам з ім усклікнем Багародзіцы: "Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою!" (Тройчы) Першая сядальная песьня (тон 1). Вялікі начальнік анёлаў прыйшоў у горад Назарэт і абвясьціў Табе, Усячыстая, Уладара і Госпада вякоў, кажучы: "Радуйся, блаславёная Марыя, невыказны і недасяжны Цуд, Абнаўленьне людзей!" Слава... цяпер...: Тое самае. Другая сядальная песьня (тон 3). Сёньня радуецца ўсё стварэньне, бо арханёл кажа Табе: "Радуйся, блаславёная, пачэсная і ўсячыстая Маці Хрыста Бога!" Сёньня гордае зухвальства зьмяінае пераможанае, і путы праайцоўскага праклёну разьвязваюцца. Дзеля гатага мы няспынна ўсклікаем Табе: "Радуйся, Поўная ласкі!" Слава... цяпер...: Тое самае. Узьвялічваньне сьвята пасьля паліелею: Разам з арханёлам клічам, Усячыстая: "Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою!" Верш 1. Божа, учыні суд уладару, і справядлівасьць Тваю сыну ўладара. (Пс 71:1) Верш 2. Плод улоньня твайго пасаджу на пасадзе тваім. Верш 3. Зыйдзе, як дождж на руна, як лівень, што арашае зямлю. (Пс 71:6) Верш 4. Госпад выбраў Сыён, захацеў мець яго жыльлём сабе. Слава... цяпер...: Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы) Трэцяя сядальная песьня (тон 4). Габрыель з неба ўсклікнуў да Усепачэснай: "Радуйся, бо Ты зачнеш ва ўлоньні спрадвечнага Бога, які словам сусьвет стварыў". Але Марыя адказала яму: "Я ж ня замужам, дык як нараджу сына? Хто калі бачыў бясьсеменнае нараджэньне?" Тады сказаў арханёл Багародзіцы і Дзеве: "Дух Сьвяты сыдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ацяніць Цябе". Слава... цяпер...: Габрыель быў пасланы да Дзевы Марыі і абвясьціў Ёй вялікую радасьць: "Зачнеш бяз семя і застанешся непарушнаю. Народзіш Сына – Спрадвечнага Бога, які збавіць людзей сваіх ад іхніх грахоў. Той, хто паслаў мяне сказаць Табе, Блаславёная: «Радуйся!», сьведчыць, што, будучы Дзеваю, народзіш Сына і пасьля родаў Дзеваю застанешся". Узыходная песьня: першы антыфан нядзельны 4 тону. Пракімен (Пс 95:2,1): Абвяшчайце з дня на дзень збаўленьне Бога нашага. Верш: Сьпявайце Госпаду песьню новую: сьпявай Госпаду, уся зямля. Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла хутка ў горныя мясьціны ў горад (пакаленьня) Юды. І ўвайшла ў дом Захара і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, дзіцятка ва ўлоньні яе заварушылася, і напоўнілася Альжбета Духам Сьвятым. І ўсклікнула голасна, кажучы: Блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны Плод улоньня Твайго. І адкуль мне гэта, што прыйшла да мяне Маці Госпада майго? Бо вось як толькі голас Твайго прывітаньня загучаў у вушох маіх, дзіцятка ва ўлоньні маім заварушылася з радасьці. Блаславёная Ты, што паверыла, бо споўняцца словы, сказаныя Табе ад Госпада. Тады сказала Марыя: Душа мая абвяшчае веліч Госпада і мой дух узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім. Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад гэтага часу шчасьлівай называць мяне будуць усе пакаленьні. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны: Сьвятое імя Яго. Марыя прабыла ў яе тры месяцы і пасьля вярнулася дамоў. (91:39-49, 56) Пасьля Псалму 50: Слава...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых. Цяпер...: Тое самае. Зьмілуйся нада мною, Божа...: (Тон 2). Сёньня Габрыель прыносіць добрую вестку Поўнай ласкі, кажучы: "Радуйся, Дзева Маці, што ня ведала мужа! Не дзівіся майму незвычайнаму выгляду і ня бойся, бо я арханёл. Некалі зьмяя ашукала Эву, сёньня ж я прыношу Табе радасную вестку, што Ты, Усячыстая, не зазнаеш тленнасьці і народзіш Госпада". Канон (тон 4) Увага: Ірмасы паўтараюцца як катавасіі ў канцы песьняў. Усе песьні, апрача дзевятай, сьпяваюцца з прыпевамі, як першая. Песьня 1 Ірмас: Адчыню вусны мае, і напоўняцца Духам; і слова скажу ў гонар Уладаркі Маці, спраўляючы сьветлую ўрачыстасьць і славячы радасна ў песьнях цуды Яе. Прыпеў: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас. Хай праайцец Давід, граючы на духоўных гусьлях, пяе Табе, Уладарка: "Слухай, дачка, радаснага голасу анёла, бо ён абвяшчае Табе невыказную радасьць". Прыпеў: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас. Анёл: "Радасна кажу Табе: прыхілі вуха Тваё і слухай, што я кажу Табе аб Божым зачацьці. Бо вось Ты, Усячыстая, знайшла ў Госпада ласку, якой не зазнала ніякая іншая жанчына". Слава...: Багародзіца: "Дай Мне зразумець сэнс словаў тваіх: як гэта станецца тое, што ты кажаш? Скажы мне ясна, як гэта Я, будучы дзеваю, зачну, і як буду Маці Творцы майго?" Цяпер...: Анёл: "Ты думаеш, што хачу Цябе падмануць. Цешуся з Тваёй абачлівасьці. Але ня бойся, Уладарка, бо калі Бог хоча, дзеюцца дзівосныя і слаўныя рэчы". Катавасія: Адчыню вусны мае... Песьня 3 Ірмас: У боскай славе Тваёй, Багародзіца, жывая і невычэрпная Крыніца, умацуй аднадушны хор песьняроў Тваіх і зрабі іх дастойнымі вянцоў славы. Багародзіца: "Няма больш князя з пакаленьня Юды, але блізка ўжо час, калі зьявіцца Хрыстос, надзея ўсіх людзей. Ты ж Мне скажы, як Я нараджу Яго, будучы дзеваю?" Анёл: "Ты, Дзева, хочаш ведаць спосаб Твайго зачацьця. Але ён невыказны: Дух Сьвяты ўчыніць гэта, ахінуўшы Цябе жыцьцядайнай сілаю сваёю". Багародзіца: "Прамаці мая паслухала намовы зьмяі і была выгнаная з раю; таму і я баюся ўпасьці і з асьцярогаю ўспрыймаю словы твае". Анёл: "Бог паслаў мяне аб’явіць Табе Божую волю. Дык чаму, Усебеззаганная, Ты ўстрывожылася ад словаў маіх? Гэта мне трэба быць у страху перад Табою. Чаму стаіш пакорна, калі я аддаю пашану Табе?" Сядальная песьня (тон 8). "Слова Божае на зямлю сёньня зышло, – Анёл, стаўшы, усклікнуў Дзеве. – Радуйся, Блаславёная, бо Ты, адзіная сярод жанчынаў, захаваўшы пячаць дзявоцтва, прыняла ва ўлоньне сваё спрадвечнае Слова і Госпада, які як Бог прыходзіць збавіць ад маны род людзкі". Песьня 4 Ірмас: Хрыстос, Бог спрадвечны, што сядзіць у славе на Боскім пасадзе, прыходзіць на хуткай хмары і нятленнай рукою збаўляе тых, што клічуць: "Слава, Хрысьце, сіле Тваёй". Багародзіца: "Я чула, што некалі прарок прадказаў прыйсьце Эмануэля, і што сьвятая Дзева мае нарадзіць дзіця. Але хачу зразумець, як гэта людзкая прырода дазнае злучэньня з Боствам". Анёл: "Ахоплены агнём куст, што не згараў, быў правобразам тайны, што мае зьдзейсьніцца ў Табе, Чыстая Дзева, поўная ласкі. Бо пасьля нараджэньня Ты застанешся Дзеваю". Багародзіца: "Габрыелю, вестуне праўды, што зьзяеш у сьветласьці Усемагутнага Бога, скажы мне: як гэта Я, застаўшыся чыстай дзеваю, нараджу ў целе бесьцялеснае Слова?" Анёл: "Стаю перад Табою ў страху, як слуга перад гаспадыняю, і баюся глянуць на Цябе, Дзева. Быццам дождж на руна, зыдзе на Цябе Слова Айца, бо такая добрая воля Яго". Песьня 5 Ірмас: Усё стварэньне сумелася, убачыўшы боскую славу Тваю: Ты, Дзева, што мужа ня знала, мела ва ўлоньні Бога ўсіх, і нарадзіла спрадвечнага Сына, які дае супакой усім, што славяць Цябе. Багародзіца: "Не магу зразумець сэнсу словаў тваіх. Розныя цуды, знакі і вобразы законныя былі зьдзейсьненыя ў мінулым сілаю Божаю. Але ніколі не было, каб Дзева, што ня знала мужа, нарадзіла дзіця". Анёл: "Ты дзівішся, беззаганная Дзева; і сапраўды вялікі цуд тое, што адбываецца з Табою, бо Ты адзіная зачнеш ва ўлоньні Уладара ўсіх, які возьме цела ад Цябе. Гэта Цябе прадказвалі прарокі і знакі законныя". Багародзіца: "Як можа Той, каго нішто ня можа ўмясьціць і на каго ніхто ня сьмее глянуць, пасяліцца ва ўлоньні Дзевы, якую сам стварыў? І як зачну Я Бога-Слова, што разам з Айцом і Духам ня мае пачатку?" Анёл: "Той, хто абяцаў праайцу Давіду пасадзіць ад семя ягонага на пасадзе свайго валадарства, выбраў Цябе, Хвала Якуба, за духоўнае жыльлё сабе". Песьня 6 Ірмас: Як вобраз Твайго трохдзённага пахаваньня, Ёна ўсклікнуў у чэраве кіта: "Вызваль мяне ад тленнасьці, Ісусе, Уладару і Госпадзе сіл". Багародзіца: "Атрымаўшы Добрую вестку, Я, Габрыелю, поўная боскай радасьці. Бо ты ж гаворыш мне аб радасьці, і абвяшчаеш вясельле, якому няма канца". Анёл: "Табе, Божая Маці, даецца радасьць; Табе, Божая Нявеста, усё стварэньне пяе “Радуйся!”, бо Ты, Усячыстая, адзіная была прызначаная стацца Маці Сына Божага". Багародзіца: "Хай першаснае асуджэньне будзе адмененае праз мяне; хай сёньня праз мяне доўг будзе сплачаны; хай праз мяне старая належнасьць будзе поўнасьцю аддадзеная". Анёл: "Бог абяцаў Абрагаму, што ў семені ягоным усе народы атрымаюць блаславеньне. Сёньня ў Табе, Чыстая, абяцаньне спаўняецца". Кандак (тон 8). Магутная Уладарка Багародзіца, мы, верныя слугі Твае, выбаўленыя Табою ад бедаў, песьні ўдзячнасьці і перамогі Табе прыносім. Ты ж, маючы сілу непераможную, ад усякіх напасьцяў выратуй нас, каб нам усклікнуць: "Радуйся, Дзева Маці!" Ікас: Начальнік анёлаў быў пасланы з неба сказаць Багародзіцы "Радуйся!" І, калі яшчэ ня сьціхла гучаньне ягоных бесьцялесных словаў, Ты, Госпадзе, прыняў цела ад Яе. Убачыўшы гэта, анёл сумеўся і ўсклікнуў: Радуйся, бо дзякуючы Табе радасьць зазьзяе! Радуйся, бо праз Цябе згіне праклён! Радуйся, Пакліканьне паўшага Адама! Радуйся, Вызваленьне Эвы ад сьлёзаў! Радуйся, недасяжная Вышыня думак людзкіх! Радуйся, Глыбіня непранікальная нават для анёлаў! Радуйся, Пасад Уладара! Радуйся, што носіш Таго, хто носіць усё! Радуйся, Зорка, праз якую сонца зазьзяла! Радуйся, Улоньне Божага ўцелаўленьня! Радуйся, бо праз Цябе абнаўляецца ўсё стварэньне! Радуйся, бо праз Цябе пакланяемся Тварцу! Радуйся, Дзева Маці! Песьня 7 Ірмас: Мужныя і багамудрыя юнакі, не захацелі служыць стварэньню замест Творцы і, вогненнае выпрабаваньне за нішто палічыўшы, радасна сьпявалі: "Усяхвальны Госпад і Бог айцоў, блаславёны Ты". Багародзіца: "Ты прыносіш мне добрую вестку Божай радасьці, што Духоўнае Сьвятло ў сваёй бязьмежнай міласэрнасьці зьяднаецца з рэчыўным целам, і ты клічаш: "Блаславёны плод улоньня Твайго, Усячыстая". Анёл: "Радуйся, Уладарка Дзева; радуйся, Скарбніца Божая; радуйся, Падсьвечнік Сьвятла, Адамава Пакліканьне, Эвіна Вызваленьне, Гара сьвятая, сьветлая Сьвятыня, Хорам несьмяротнасьці!" Багародзіца: "Зыход Духа Сьвятога ачысьціў душу, цела асьвяціў, учыніў мяне сьвятыняю, што ўмяшчае Бога; ківотам, упрыгожаным Богам; адухоўленым хорамам і чыстай Маці Жыцьця". Анёл: "Бачу Цябе, як падсьвечнік многасьвечны, Богам створаны хорам і як залаты ківот. Прымі сёньня, Боганявеста, Таго, хто даў Закон, і з добрай волі сваёй захацеў праз Цябе збавіць зьнямоглую людзкую прыроду". Песьня 8 Ірмас: Слухай, чыстая Дзева, хай Габрыель абвесьціць Табе загад Божы стары і праўдзівы. Будзь гатовая прыняць Бога, бо праз Цябе Неўмяшчальны з людзьмі зажыве. Дзеля гэтага радасна клічу: "Блаславіце, усе творы Гасподнія, Госпада". "Розум людзкі ня можа – адказвае Дзева, – зразумець дзіўныя рэчы, якія мне кажаш. Чую твае словы, і поўнюся трывогаю, каб мне не папасьці ў падман, як некалі Эва, і ня быць адлучанай ад Бога. Але чую, як клічаш: Блаславіце, усе творы Гасподнія, Госпада". "Вось Табе разьвязка цяжкасьцяў, – кажа Габрыель. – Добра кажаш, што абвяшчаю рэчы цяжкія для разуменьня. Дык слухайся ўласных словаў сваіх, вер і не ўсумніся. Я ж радасна клічу: Блаславіце, усе творы Гасподнія, Госпада". "Нараджэньне – гэта вынік узаемнай любові, – Беззаганная кажа зноў. – Такі закон Божы для людзей. Я ж не зазнала радасьці сямейнага жыцьця, дык як ты кажаш, што нараджу дзіця. Баюся, што мяне ўводзіш у падман. Але чую, як клічаш: "Блаславіце, усе творы Гасподнія, Госпада". "Тое, што Ты, Усячыстая, кажаш, – анёл адказвае Ёй, – датычыць сьмяротных людзей; але я Табе кажу пра нараджэньне Бога. Вышэй за ўсякае разуменьне, у спосаб, Яму аднаму ведамы, Ён прыме цела ад Цябе. Дзеля гэтага клічу радасна: Блаславіце, усе творы Гасподнія, Госпада". "Ты здаешся мне праўдамоўным вестуном, – кажа Дзева, – бо ты дабравесьціш радасьць для ўсіх. Душа і цела мае чыстыя, дык хай станецца мне згодна са словам тваім; хай паселіцца ўва мне Бог, якому разам з табою пяю: Блаславіце, усе творы Гасподнія, Госпада". "Больш годную пашаны..." не сьпяваецца. Наступны сьвяточны прыпеў сьпяваецца перад ірмасам і ўсімі строфамі дзевятай песьні. Прыпеў: Абвяшчай, зямля, радасьць вялікую; хваліце, нябёсы, славу Божую. Песьня 9 Ірмас: Хай ніякая нячыстая рука не дакранецца да Божай Скарбніцы, і хай вусны верных несьціхана славяць Багародзіцу анёльскім прывітаньнем, радасна ўсклікаючы: "Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою!" Зачаўшы – вышэй за ўсякае разуменьне – Бога, Ты, Дзева, была вызваленая ад закону прыроды. Будучы прыродна тленнаю, ты падчас родаў не зазнала звычайных мацярынскіх боляў. Дзеля гэтага Ты ўдастоілася пачуць прывітаньне: "Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою!" Як гэта Ты, Чыстая Дзева, корміш малаком? Людзкі язык бясьсільны выказаць тайну Твайго сынараджэньня, бо яно пераўзыходзіць законы прыроды. Дзеля гэтага ты ўдастоілася пачуць прывітаньне: "Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою!" У пісаньнях цьмяна гаворыцца пра Цябе, Маці Усявышняга. Якуб, убачыўшы некалі лесьвіцу, што была Тваім правобразам, сказаў: "Вось брама нябесная". Таму Ты ўдастоілася пачуць: "Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою!" Вогненны куст быў цудоўным знакам для Майсея сьвятасузіральніка. У пошуку значэньня бачанага ў поўні часу, ён сказаў: "Бачу спаўненьне яго ў Дзеве чыстай, якой як Багародзіцы будзе сказана: Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою!" Даніла бачыў Цябе як духоўную гару, Ісая – як Божую Маці; Гедэон – як руна; Давід назваў Цябе сьвятыняю, а іншы прарок – брамаю. А Габрыель усклікнуў Табе: "Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою!" Экзапастылар: Начальнік анёльскіх хораў быў пасланы ад Усемагутнага Бога да Усячыстай Дзевы абвясьціць Ёй дзіўны і невыказны цуд, што Бог народзіцца ад Яе, як дзіця, і станецца чалавекам, каб адрадзіць род людзкі. Дык абвяшчайце, людзі, абнаўленьне сьвету. (Двойчы) Слава... цяпер...: Спрадвечная тайна Божая сёньня робіцца яўнаю. У міласэрнасьці сваёй Бог-Слова стаецца Сынам Дзевы Марыі. І Габрыель абвяшчае радасную Добрую вестку. Разам з ім усклікнем: "Радуйся, Маці Божая!" Пахвальныя псалмы (Тон 1). З нябесных прастораў зьляцеў Габрыель у Назарэт і, стаўшы перад Дзевай Марыяй, сказаў Ёй: "Радуйся! Ты зачнеш Сына, які быў раней за Адама, Творцу вякоў і Вызваліцеля тых, што славяць Цябе, клічучы: Радуйся, Усячыстая!" (Двойчы) Спрадвечнае Слова спрадвечнага Айца, не адлучыўшыся ад неба, дзеля вялікай спагадлівасьці сваёй сёньня зьявілася на зямлі і, зьмілаваўшыся над нашай немаччу, успрыняла неўласьцівую Яму Адамаву ўбогасьць. Габрыель прынёс Дзеве добрую вестку, кажучы: "Радуйся! Бо Ты зачнеш Неўмяшчальнага, які зьмесьціцца ва ўлоньні Тваім; і народзіш Таго, хто раней ад заранкі зазьзяў ад Айца. Слава... цяпер...: (Тон 2). Спрадвечная тайна сёньня робіцца яўнаю. Сёньня Сын Божы стаецца Сынам чалавечым, каб, успрыняўшы горшае, даць нам лепшае. Адам некалі даў сябе падмануць: жадаў стаць Богам і не стаў ім. І вось Бог стаецца чалавекам, каб Адама абагавіць. Хай цешыцца стварэньне! Хай радуецца прырода, бо вось арханёл стаіць са страхам перад Дзеваю і прыносіць Ёй радасьць, несумяшчальную са смуткам. Божа наш, што ў велічы міласэрнасьці сваёй стаўся чалавекам, слава Табе! Пасьля Вялікага ўсхваленьня: Трапар (тон 4): Сёньня пачатак нашага збаўленьня і спрадвечнае тайны аб’яўленьне: Сын Божы стаецца Сынам Дзевы і Габрыель ласку абвяшчае. Дзеля гэтага і мы разам з ім усклікнем Багародзіцы: "Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою!" Вярнуцца назад |