Галоўная > Мінэя - Красавік > 23 красавіка - Сьвятога вялікамучаніка Юр'я

23 красавіка - Сьвятога вялікамучаніка Юр'я


23 лютага 2009.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 4). Сёньня сабраліся мы, каб усхваліць цябе, вялікі пакутніку Юры, як мужнага сярод мучанікаў. Выканаўшы подзьвіг, ты зьбярог веру і прыняў ад Бога вянец перамогі. Дык малі цяпер Яго за вызваленьне ад бедаў усіх нас, якія з вераю сьвяткуем тваю слаўную памяць. (Двойчы)

Узмоцніўшы пастанову тваю надзеяю, ты, слаўны, быццам леў, пайшоў адважна на мукі. Ня дбаючы пра цела, падлеглае тленнасьці, ты мудра клапаціўся аб тваёй несьмяротнай душы. Выпрабаваны рознымі мукамі, ты, Юры, стаўся быццам золата, сем разоў ачышчанае.

За Збавіцеля ты, мудры, пацярпеў мукі і сьмерць, падобную да Ягонай дабравольнай сьмерці. Цяпер ты слаўна пануеш разам з Ім, апрануты ў пурпуру крыві і ўпрыгожаны скіпетрам мукаў тваіх, і ў вянцы перамогі зьзяеш на ўсе вякі, вялікі мучаніча Юры.

Апрануўшыся ў зброю веры, шчыт ласкі, і ўзброіўшыся ў кап'ё крыжа, ты стаўся непераможным для супраціўнікаў, Юры і, як Боскі вой, зьнішчыў дэманскія станы. Цяпер, радуючыся разам з анёламі, ты заступаешся за верных і асьвячаеш іх і збаўляеш тых, што клічуць цябе.

Мы пазналі цябе, пераможны Юры, як сьветлую зорку і яснае сонца на нябасхіле, як пэрлу каштоўную і бліскучы самацьвет, як сына дня і мужнага мучаніка, як абаронцу верных, якія сьвяткуюць памяць тваю.

Слава...:

(Тон 6). Дастойна імю Твайму, жаўнер Юры, ты пажыў, узяўшы крыж Хрыстовы на плечы; ты апрацоўваў добра ральлю, абледзянелую д'ябальскай спакусаю, і выкараніў ідальскае церне, праўдзівай веры галінку насадзіў. Цяпер ты даеш ацаленьні па ўсім сьвеце верным; будучы праведным слугою Тройцы, малі Яе за супакой на ўсім сьвеце і збаўленьне душ нашых.

Цяпер...: сьвята


Чытаньне кнігі прарока Ісаі
(43:9-14)

Так кажа Госпад: Хай зьбяруцца разам усе народы, і хай зыдуцца ўсе начальнікі іхнія. Хто з іх можа абвясьціць гэта, расказаць, што было ад пачатку? Хай прывядуць сьведкаў сваіх для апраўданьня, каб іх маглі пачуць і сказаць: Сапраўды гэта так. Вы Мае сьведкі – кажа Госпад, – і слугі мае, якіх Я выбраў, каб усе пазналі і паверылі Мне, і зразумелі, што толькі Я адзін ёсьць. Ніякага бога ня было перада мною, і пасьля мяне ня будзе. Я – Госпад, толькі Я ёсьць, і апрача Мяне няма іншага Збавіцеля. Гэта Я абвясьціў, выбавіў, і сказаў наперад, а не нехта іншы сярод вас. Вы Мне сьведкі, што Я Госпад Бог ваш. Спрадвеку Я ёсьць, і ніхто з рук маіх не ўцячэ. Хто можа адмяніць тое, што Я ўчыніў? Так кажа Госпад, ваш Збавіцель, Сьвяты Ізраіля.


Чытаньне кнігі Мудрасьці
(3:1-10)

Душы праведных у руцэ Бога, і мука не кране іх. Вачам неразумных здавалася, што яны памерлі, іхняе перастаўленьне ўважалася за няшчасьце, і адыход іх ад нас – за згубу; але яны прабываюць у супакоі. Бо, хоць паводле людзкога разуменьня іх сустрэла кара, надзея іх поўная несьмяротнасьці. Пацярпеўшы крыху, яны зазнаюць вялікіх дабрадзействаў. Бог іх дасьведчыў і знайшоў дастойнымі сябе. Ён іх выпрабаваў, як золата ў горне і прыняў іх, як цэлапальную ахвяру. У дзень іхняга наведаньня яны зазьзяюць і рассыплюцца, быццам іскры па іржышчы. Будуць судзіць плямёны і панаваць над народамі, і Госпад будзе Уладаром іхнім давеку. Тыя, што спадзяваліся на Яго, зразумеюць праўду, верныя ў любові будуць з Ім прабываць. Бо ласка і міласэрнасьць Ягоная для сьвятых Яго, і Ён наведае выбраных сваіх.


Чытаньне кнігі Мудрасьці
(4:7-15)

Праведнік, хоць бы і памёр перадчасна, знойдзе супакой. Старасьць ягоная пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна ягоная – мудрасьць, а мера старасьці – жыцьцё беззаганнае. Ён быў даспадобы Богу, знайшоў міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць не адмяніла думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць злога засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы рана дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу, і таму Бог пасьпяшыў забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі, і ня ўзялі сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з выбранымі Ягонымі, і провід Ягоны са сьвятымі Яго.


Вершапесьні

(Тон 4). У псалмах і песьнях людзі славяць слаўную памяць тваю, Юры; бо ты зазьзяў як сьветланосец, упрыгожаны славаю і дабарадзейнасьцямі. Дзеля гэтага сьвяткуюць сёньня анёльскія хоры, мучанікі і апосталы пяюць хвалу подзьвігаў тваіх і цярпеньняў, мучаніча, і ўслаўляюць Таго, хто цябе ўславіў, Збавіцеля Хрыста Бога нашага. Малі Яго прасьвятліць і збавіць душы нашы.

Верш: Праведнік як пальма зацьвіце, як кедр лібанскі разрасьцецца.

Апрануты ў Хрыстовую зброю, ты, Юры, паказаўся тым, што не шукалі цябе. Распалены Хрыстовым агнём, ты з пагардай адкінуў марных ідалаў і іхнюю бязбожную злосьць. "Я вой Хрыста Уладара, – ты аб'явіў беззаконным, – Ні зьверы, ні колы мучэньняў, ні ніякія іншы мукі ніколі ня змогуць адлучыць мяне ад любові Хрыста майго". Малі Яго цяпер за збаўленьне і прасьвятленьне душ нашых.

Верш: Насаджаны ў доме Гасподнім, ён расьцьвіце на панадворку Бога нашага.

Ты за нішто палічыў розныя прылады мукі і страшную зброю, венцаносны Юры, і закончыў дабрадзейна сваё жыцьцё як мучанік. Дзеля гэтага памяць тваю песьнямі, быццам кветкамі, усхваляем і пачэсныя твае мошчы з вераю цалуем. Ты ж, стоячы перад пасадам Уладара Хрыста Бога нашага, не пераставай маліць Яго збавіць і прасьвятліць душы нашыя.

Слава...:

Усхвалім духоўна, браты, цярпеньні цьвёрдага быццам дыямант слаўнага мучаніка. За Хрыста палілі яго агнём і ранілі вострымі прыладамі, і рознымі мукамі калечылі цела яго тленнае па сваёй прыродзе; але жаданьне (любоў) перамагло прыроду, заахвочваючы яго праз сьмерць прыйсьці да жаданага Хрыста Бога і Збавіцеля душ нашых.

Цяпер...: сьвята


Трапары адпушчальныя

Трапар сьвятога (тон 4). Палонных вызваліцелю, бедных абаронца, лекару хворых, уладароў заступнік, пераможны і вялікі мучанік Юры, малі Хрыста Бога збавіць душы нашыя.

Слава... цяпер...: сьвята

Ютрань


На "Госпад – Бог...":
трапары як на вячэрні


Сядальная песьня 1:
сьвята

Сядальная песьня 2 (тон 1). Прыйшла сьветлая вясна ласкі, уваскрасеньня Хрыстова зазьзяла для ўсіх, а з ім і сьвяточны і ясны дзень мучаніка Юра. Дык прыйдзіце ўсе, будзем сьвяткаваць.

Слава...: Адкінуўшы збройнае змаганьне на зямлі, ты, мучаніча, зажадаў нябеснай славы, і таму пацярпеў мукі і сьмерць. Дзеля гэтага сёньня спраўляем тваю сьвятую памяць, блаславёны Юры, прыносячы хвалу Хрысту.

Цяпер...: сьвята, або наступны:

Молім Цябе, Маці Божая, што пасьля родаў засталася Дзеваю, і з любоўю прыбягаем да Тваёй дабрыні, бо ў Табе мы, грэшныя, маем заступніцу, Ты наша збаўленьне ў напасьцях, Адзіная Усебеззаганная.


Паліелей:
Хваліце імя Гасподняе....


Узьвялічваньне:
Узьвялічваем цябе, сьвяты мучаніку Юры, і шануем пачэсныя пакуты твае, якія ты пацярпеў за Хрыста.

Верш 1. Бог – мая абарона і сіла, дапамога ў нягодах, што часта здараюцца.

Верш 2. Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх, і ад усіх бедаў выбавіў іх.

Верш 3. Памяць праведніка жыць будзе вечна, благое весткі ён не збаіцца.

Слава... цяпер...:

Алілуя, аліліуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)


Сядальная песьня
(тон 3).
Распалены палымянаю любоўю да Госпада, ты разбурыў скарбніцу спакусаў, і на судзе вызнаў Хрыста, пераможны блаславёны Юры, мучанік слаўны. Малі Хрыста Бога дараваць нам веліч зьмілаваньня.

Слава...: (тон 4). Ты пасеяў семя запаветаў Боскіх, раздаў бедным маёмасьць тваю, і замест яе, набыў сабе, слаўны, Хрыстовую славу. З надзеяю на яе ты пайшоў на подзьвіг і на вялікія пакуты, мучаніку Юры, і стаўся саўдзельнікам пакутаў Непадуладнага пакутам і Ягонага ўваскрасеньня. Стаўшыся ўдзельнікам Ягонага валадарства, маліся цяпер за нас.

Цяпер...: сьвята, або:

Слова Айца, Хрыста Бога нашага...


Узыходная песьня:
першы антыфан 4 тону


Пракімен:
Праведнік, як пальма, зацьвіце, як кедр лібанскі, разрасьцецца.

Верш. Пасаджаны ў доме Гасподнім, ён узрасьце на панадворку Бога нашага.


Евангельле:
Лк 12: 2-12


Пасьля Пс 50:

(Тон 6). Сёньня сьвята прасьвятляецца, і Царква Хрыстовая ўпрыгожваецца кветкамі, пакутніча Юры, і кліча: " Угодніку Хрыстовы, і верны заступніку, не пераставай маліцца за слугаў тваіх!"

Канон

(тон 2)

Сядальная песьня (тон 8). Ты быў прыкладам мужнасьці і пабожнасьці, перамог спакусу нязбожнасьці і патаптаў хваляваньні ворага. Распалены боскім жаданьнем заўсёды, ты пагасіў бязбожную лютасьць мучыцеля, і як узнагароду, атрымаў вянец, і даеш ацаленьні, тым што прыходзяць да цябе. Пакутніку Юры, малі Хрыста Бога, даць адпушчэньне правінаў нам, якія з любоўю сьвяткуем сьвятую памяць тваю.

Слава...: Раздаўшы тваё зямное багацьце, мудры мучаніку, ты атрымаў у спадчыну багацьце нябеснае, высілкамі тваімі. Узяўшы крыж за зброю і ім перамог мучыцеляў хваляваньні. І тым, што просяць цябе, малітвамі тваімі даеш боскія дараваньні аздараўленьня, пакутніку Юры. Маліся Хрысту Богу даць адпушчэньне правінаў тым, што з любоўю сьвяткуюць сьвятую памяць тваю.

Цяпер...: сьвята


Кандак
(тон 4). Узрошчаны Богам, ты, Юры сьвяты, паказаў сябе найпачэсным сейбітам набожнасьці і сабраў снапы дабрадзейнасьці. Пасеяўшы ў сьлязах, ты зжаў у радасьці і, пацярпеўшы да крыві, прыняў Хрыста, і малітвамі тваімі даеш усім адпушчэньне грахоў.

Ікас: Жаўнер жадае памерці за Таго, хто аддаў душу сваю за жыцьцё сьвету – Хрыста Уладара; маючы вялікую руплівасьць Божую ў сэрцы, прывёў самога сябе. Дзеля гэтага і мы боскага Юра, як вернага заступніка ўславім з вераю, і як слаўнага Хрыстовага слугу, які ўпадобніўся свайму Уладару, які прыходзіць на дапамогу ўсім, хто прыходзіць да яго. Ён заўсёды гатовы маліць Збавіцеля даць усім грахоў адпушчэньне.

Песьня 9

Ірмас: Сын спрадвечнага Айца, Госпад і Бог, прыняў ад Дзевы цела і зьявіўся нам, каб прасьвятліць тых, што ў цемры, і сабраць расьцярушаных. Дзеля гэтага мы ўсяхвальную Багародзіцу ўзьвялічваем.

Няспынна малі Госпада за нас, якія славім цябе, блаславёны, як мучаніка Хрыстовага, пераможцу мучыцеляў і нячыстых духоў, нашага ахоўніка і надзейнага заступніка.

Уладар усіх даў табе вялікую ўзнагароду за твае пакуты. Дзеля гэтага стоячы цяпер са сьмеласьцю перад Ім, як тройчы блаславёны мучанік, захавай бясьпечнымі тых, што з радасьцю клічуь цябе.

Зямля схавала цябе, дзьверы райскія адчынілся, і неба прыняла цябе. Прабываючы там у радасьці, пакутніку, малітвамі тваімі ахоўвай тых, што з вераю славяць у песьнях цябе.

Слава... цяпер...: Шацёр сустрэчы, у якім былі дошкі запавету, посуд з маннаю і залаты ківот, быў правобразам Тваім, Усячыстая. Падобна яму, Ты, Багародзіца, мела ва ўлоньні Тваім Беспачатнае Слова, што сталася целам.


Экзапастыляр.
Вясна зазьзяла для нас – сьветлае і Боскае ўваскрасеньне Уладара, – узносячы нас ад зямлі да неба. Разам з ім зазьзяла памяць слаўнага пакутніка Юра. Сьвяткуем яе радасна, каб стацца годнымі боскай ласкі ад Хрыста Спаса.

Слава...: Быццам яснае сонца, ты, пакутніку Юры, прасьвятляеш усё стварэньне. Спраўляючы тваю памяць славім у песьнях Таго, хто ўваскрос з магілы.

Цяпер...: сьвята


Пахвальныя псалмы

(Тон 2). Адсьвяткаваўшы слаўнае вялікае Уваскрасеньне, зноў будзем сьвяткаваць урачыстасьць мучаніка Юра, і вянчаць яго вясеньнімі кветкамі, як непераможнага. Малітвамі ягонымі выбаўляемся ад суму і атрымліваем адпушчэньне правінаў.

Ты ўвесь прынёс сябе, блаславёны, Таму, хто дае поўню жыцьця, як багатае жніво духоўнае, і як добрапрыемную ахвяру чыстую. Таму ты стаўся надзейным малельнікам, які выбаўляе ад буры ўсіх, што з вераю славяць і клічуць цябе, мучаніку Юры.

Ты пільна даглядаў, быццам семя, слова, што было пасеянае ў тваёй душы, і памножыў яго болем цярпеньняў сваіх. Яно было сабранае ў нябесных складох, дзе ты атрымаў асалоду. Прабываючы там у шчасьці, блаславёны, малітвамі тваімі да Бога збаўляй тых, што з вераю славяць цябе.

Мучаніку і пакутніку Хрыстовы Юры, збаўляй тых, што ў напасьцях, малітвамі тваімі вызваляй іх ад усялякіх нягодаў, адганяй душагубны сум, і прасі для нас ласкі і міласьці, каб, збавіўшыся малітвамі тваімі, мы славілі з радасьцю пачэсныя подзьвігі твае.

Слава...: Саламон сказаў людзям: той хто бачыць і аб'яўляе праведныя рэчы, атрымае міласьць ад Бога. Шматпакутны Юры, ты пайшоў усьлед за вучэньнем Уладара, і пацярпеў, аддаўшы сябе беззаконным; ідальскую спакусу ты з агідаю адкінуў, аддаўшы цела сваё быць пасечаным дзеля любові да Творцы. І вось нячысты напоўніўся злосьцю, калі ўбачыў, як ты быў вянчаны. Цяпер, жывучы на двары Госпада Твайго разам з вышэйшымі сіламі, маліся, пакутніку Хрыстовы, за збаўленьне душаў нашых.

Цяпер...: сьвята


Пасьля Вялікага ўслаўленьня

Трапар сьвятога (тон 4). Палонных вызваліцелю, бедных абаронца, лекару хворых, уладароў заступніча, пераможны і вялікі мучаніча Юры, малі Хрыста Бога збавіць душы нашы.

Слава... цяпер...: сьвята

Літургія


Трапар сьвятога
(тон 4). Палонных вызваліцелю, бедных абаронца, лекару хворых, уладароў заступнік, пераможны і вялікі мучанік Юры, малі Хрыста Бога збавіць душы нашыя.

Кандак (тон 4). Узрошчаны Богам, ты, Юры сьвяты, паказаў сябе найпачэсным сейбітам набожнасьці і сабраў снапы дабрадзейнасьці. Пасеяўшы ў сьлязах, ты зжаў у радасьці і, пацярпеўшы да крыві, прыняў Хрыста, і малітвамі тваімі даеш усім адпушчэньне грахоў.


Пракімен
(Пс 63:11,2):
Праведнік узрадуецца ў Госпадзе і знойдзе прытулак у Яго.

Верш: Госпадзе, пачуй голас малітвы маёй.


Апостал:
Дзеяньні 12:1-11


Алілуя
(Пс 91:13,14). Праведнік як пальма зацьвіце, як кедр лібанскі разрасьцецца.

Верш: Пасаджаны ў доме Гасподнім, ён расьцьвіце на панадворку Бога нашага.


Евангельле:
Ян 15:16-16:2


Прычасьнік
(Пс 111:6-7).
Памяць праведніка жыць будзе вечна, благое весткі ён не збаіцца. Алілуя, алілуя, алілуя.


Вярнуцца назад