Галоўная > Мінэя - Травень > 8 траўня - Сьвятога Апостала і Евангеліста Яна Багаслова
8 траўня - Сьвятога Апостала і Евангеліста Яна Багаслова11 чэрвеня 2010. |
|
Вячэрня
(Тон 1). Сьведка невыказных аб'яўленьняў і тлумач высокіх Божых тайнаў, сын Забэдэя, напісаўшы Хрыстова Евангельле, навучыў нас славіць Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Богам настроеная ліра нябесных сьпеваў, тайнаў пісар, Боганатхнёныя вусны, што пяюць стройныя песьні, рухаючы вуснамі, быццам струнамі і языком як смыком, ты молішся за ўсіх нас. Громападобным голасам ты, Богу любы апостале, абвясьціў тайныя словы Божае мудрасьці, кажучы: "Спачатку было Слова"; і прывёў усіх да пазнаньня Бога. Слава...: (Тон 2). Хай увесь людзкі род усхваліць Сына грому, аснову Божых слоў, начальніка багаслоўя і найвыдатнага прапаведніка догмаў Божай мудрасьці, любага апостала, цнатлівага Яна; маючы ў сабе заўжды Боскае, ён навучаў, што спачатку было Слова, неразлучнае з Айцом і роўнае з Ім існасьцю. Гэтым самым паказаў нам, як правільна славіць Тройцу Сьвятую. Ён таксама паказаў, што Слова разам з Айцом зьяўляецца Тварцом і Жыцьцядаўцам, і сапраўдным Сьвятлом. Цуд страшны і поўны мудрасьці! Поўны любові да Бога, ён напоўніўся багаслоўем, і з вераю і пашанаю слаўным прапаведаваньнем сваім паклаў аснову нашай сьвятой веры, дзякуючы якой атрымаем вечнае шчасьце ў судны дзень. Цяпер...: сьвята
Любыя мае, калі сэрца нашае нас не асуджае, дык маем давер у Бога, і што будзем прасіць у Яго, атрымаем, бо захоўваем Ягоныя прыказаньні і робім прыемнае Яму. А Ягонае прыказаньне ёсьць, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго так, як Ён нам загадаў. Хто выконвае Ягоныя прыказаньні, прабывае ў Богу, а Бог у ім; А тое, што Ён прабывае ў нас, пазнаем па Духу, якога нам даў. Любыя мае, не давярайце кожнаму духу, але выпрабоўвайце духаў, ці яны ад Бога, бо многа ілжывых прарокаў зьявілася на сьвеце. Духа Божага пазнаеце такім чынам: кожны дух, які прызнае, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе, ёсьць ад Бога. А кожны дух, які не прызнае Ісуса, не ад Бога; гэта дух Антыхрыста, які – як вы чулі, – мае прыйсьці, дый ужо цяпер ёсьць на сьвеце. Вы, дзеткі, ад Бога і вы перамаглі іх, бо Той, хто ў вас, большы ад таго, што ў сьвеце. Яны ад сьвету, дзеля гэтага гавораць так, як гаворыць сьвет, і сьвет слухае іх. Мы ад Бога. Той, хто ведае Бога, слухае нас. Хто не ад Бога, той нас ня слухае. У такі спосаб пазнаем духа праўды і духа маны.
Любыя мае, калі Бог нас так палюбіў, то і мы павінны любіць адзін аднаго. Бога ніхто ніколі ня бачыў. Калі любім адзін аднаго, Бог прабывае ў нас і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Ведаем, што прабываем у Ім, а Ён у нас, бо Ён даў нам Духа свайго. Мы таксама бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына як Збавіцеля сьвету. Калі хто вызнае, што Ісус ёсьць Сынам Божым, дык Бог прабывае ў ім і ён у Богу. Мы пазналі і паверылі любові, якую Бог мае да нас. Бог ёсьць любоў: хто прабывае ў любові, прабывае ў Богу, і Бог прабывае ў ім.
Любыя мае, калі хто скажа: "Люблю Бога", а брата свайго ненавідзіць, той хлус; бо той, хто ня любіць свайго брата, якога бачыць, ня можа любіць Бога, якога ня бачыць. Мы ж маем такое прыказаньне ад Яго, каб той, хто любіць Бога, любіў таксама брата свайго. Кожны, хто верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога нарадзіўся; і кожны, хто любіць Таго, хто даў жыцьцё, любіць таксама таго, хто ад Яго жыцьцё атрымаў. Пазнаем, што любім дзяцей Божых па тым, што любім Бога і выконваем ягоныя прыказаньні. Бо любоў Бога заключаецца ў выкананьні Ягоных прыказаньняў, а прыказаньні Ягоныя ня цяжкія. Бо ўсё, што народжанае ад Бога, перамагае сьвет; і той перамогаю, што перамагла сьвет, зьяўляецца наша вера. Хто ж перамагае сьвет, як ня той, хто верыць, што Ісус ёсьць Сын Божы? Ліцьця (Тон 1). Рэкі багаслоўя пацяклі з вуснаў тваіх, апостале. Напіўшыся іх, Царква Божая прававерна пакланяецца Тройцы адзінасутнай. Малі ж цяпер Яе, Яне Багаслове, аб умацаваньні і збаўленьні душаў нашых. Сад чысьціні, алей духмяны зноў нам зьявіўся ў сёньняшняе сьвята, каб нам усклікнуць: Апостале Яне, што прыхіліўся да грудзей Уладара, і праліў сьвету слова быццам дождж, і ахоўваў Дзеву чыстую як зрэнку вока, выпрасі для нас у Хрыста велічы зьмілаваньня. Цнатлівы вучню Збавіцеля і багаслове, табе Хрыстос, будучы на крыжы, аддаў пад апеку Багародзіцу Дзеву, і ты ахоўваў яе быццам зрэнку вока. Дык маліся цяпер за збаўленьне душаў нашых. Сьведка невыказных тайнаў, ты ўсклікнуў на ўвесь голас, кажучы: Спачатку было Слова, і Яно было ў Бога, і Яно было Богам. Апостале Яне, што прыхіліўся да грудзей Хрыста, прыяцелю вечны, Тройцы асалода, Эфэзу і Патмасу непасхіснае ўмацаваньне, дапамога нас усіх, маліся, блаславёны багаслове, за збаўленьне ад злосных ворагаў цялесных і духоўных усіх, што спраўляюць памяць тваю. Слава...: (Тон 4). На вячэры Гасподняй, прыпаўшы да грудзей Хрыста-Настаўніка, ты, любы вучню, адтуль здабыў веданьне невыказных тайнаў, і твой нябесны голас загрымеў на ўвесь сьвет: Спаконвеку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова, сапраўднае Сьвятло, што прасьвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на сьвет – Хрыстос Бог і Збавіцель душаў нашых. Цяпер...: (Тон 4). Сын, якога разам з Айцом і Духам славяць на вышынях хэрувімы, хочучы абнавіць першастворанага, невыказна і поўнасьцю спустошыў сябе ва ўлоньні Тваім, Усяхвальная Багародзіца; і зазьзяўшы з Цябе, прасьвятліў боствам увесь сьвет, выбаўляючы яго ад ідальскай агіды, і абагавіўшы ў сабе род людзкі, узьвёў яго на неба Хрыстос Бог і Збавіцель душ нашых.
(Тон 4). Ты багасловіў Сына Усявышняга, спрадвечнага і адзінасутнага з Айцом, Сьвятло ад нязьменнага Сьвятла і вобраз існасьці асобы Айца, зазьзяўшага спрадвеку і нязьменна ад Айца, Тварца і Уладара ўсіх вякоў. Будучы ўлюбёным вучнем Ягоным, ты прапаведаваў Яго ўсяму сьвету як Хрыста Бога нашага, Сьвятло, што разганяе цемру. Малі Яго за збаўленьне і прасьвятленьне душаў нашых. Верш: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх. Прасьветлены сьвятлом, што праменіла ад Пацяшыцеля, ты багасловіў Яго як Таго, хто паходзіць ад Айца і праз Сына стаецца яўным людзям, – роўнага славаю і сілаю, адзінасутнага са спрадвечным Айцом і Словам Божым. Яго ты, любы вучню, прапаведаваў сьвету ўсяму. Дзеля гэтага мы славім цябе ў песьнях як аснову боскай веры: захавай яе непахіснаю малітвамі тваімі да Госпада. Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Яго расказвае небасхіл. Узышоўшы на вышыню багаслоўя, ты навучыўся невыказных боскіх тайнаў аб адзінай боскай існасьці, славе, дзяржаве і ўладзе ў трох спрадвечна разьдзельных асобах, неразьдзельна зьеднаных без зьліцьця ў еднасьці Боства. Такім чынам, ты, багаслове, прапаведаваў і славіў Тройцу неразьдзельную. Малі Яе цяпер за збаўленьне і прасьвятленьне душаў нашых. Слава...: (Тон 6). Апостале Хрыстовы, евангелісьце і багаслове, невыказных тайнаў прычасьніча, ты прапаведаваў нам громападобна нязьведаныя глыбіні мудрасьці, выясьняючы верным тое, што спачатку было, а чаго не было, разьбіваючы ілжывыя вучэньні. Прыяцель любы Збавіцеля, што прыпаў да Ягоных грудзей, ты быў быццам Ісая шматгалосны і Майсей багавідзец. Дык мючы сьмеласьць у Бога, маліся безустанку за душы нашыя. Цяпер...: сьвята Адпушчальныя трапары 1. Калі ёсьць бласлаўленьне хлябоў: Трапар апостала (тон 2). Апостале любы Хрыста Бога, сьпяшайся выбавіць людзей бездапаможных: Той, да чыіх грудзей ты прыпаў, прыме цябе, калі прыпадзеш да Яго ў малітве, просячы разьвеяць туман бязбожжа і дараваць нам супакой і багацьце зьмілаваньня.(Двойчы) Багародзіца Дзева, радуйся, Поўная ласкі Марыя, Госпад з Табою; блаславёная ты між жанчынаў і блаславёны плод улоньня твайго, бо ты нарадзіла Збавіцеля душ нашых. 2. Калі няма бласлаўленьня хлябоў: Трапар Апостала (тон 2 ). Апостале любы... Слава... цяпер...: сьвята Літургія
Кандак (Тон 2). Веліч тваю, апостале, хто зможа расказаць: чыніш цуды і даеш аздараўленьні, і молішся за душы нашы, будучы багасловам і прыяцелем Хрыстовым.
Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.
Верш: Бог праслаўлены ў мностве сьвятых.
Вярнуцца назад |