Галоўная > Мінэя - Травень > 9 траўня - Перанясеньне мошчаў сьвятога Міколы ў Бары
9 траўня - Перанясеньне мошчаў сьвятога Міколы ў Бары11 чэрвеня 2010. |
|
Вячэрня
(Тон 8). Ты, блаславёны ўгодніку Хрыстовы, узьнёсься на вышыню дабрадзейнасьцяў і ў Мірах паказаўся слаўным цудатворцам. Спачываючы целам у Бары і прымаючы належную пашану, ты, блаславёны сярод сьвятаначальнікаў, духам усюды адведваеш верных і ўспамагаеш тых, што ў бядзе. Сёньня клічам цябе ў малітвах і шчыра просім: "Памаліся, сьвятаначальніча Мікола, да Збавіцеля ўсіх, каб Ён даў сьвету супакой і душам нашым веліч зьмілаваньня". Ушануем, верныя, радаснымі пахвальнымі песьнямі перанясеньне пачэсных мошчаў нашага заступніка, які ўсе краіны наведвае цудамі, суцяшае сумных і бедных бароніць. Ён міласьцінаю зрабіў сабе Бога даўжніком і затое атрымаў узнагароду ў сто разоў. Дык усклікнем усе яму: "Памаліся, сьвятаначальніку Мікола, да Збавіцеля ўсіх, каб Ён даў сьвету супакой і душам нашым веліч зьмілаваньня". Дзякуючы тваім дабрадзейнасьцям, сьвятаначальніку Мікола, ты ўвайшоў у анёльскае жыльлё і цяпер стаіш перад тваім Уладаром Хрыстом, пакорным слугою якога ты быў. З мошчаў тваіх ты крынічыш міра, памагаеш цудамі тым, што ў патрэбе, і накіроўваеш верных да Бога. Просім цябе шчыра: "Не з Бары, але з нябеснага Ерусаліму, дзе прабываеш у радасьці разам з апосталамі і прарокамі і ўсімі сьвятаначальнікамі, маліся да Збавіцеля ўсіх, каб Ён даў сьвету супакой і душам нашым веліч зьмілаваньня". Слава...: (Тон 6). Усхвалім, верныя, сьвятаначальнікаў красу, айцоў славу, крыніцу цудаў і верных заступніка вялікага, кажучы: "Радуйся, Міраў ахоўніча, слаўны сьвятаначальніку і стаўпе непарушны! Радуйся, ясны сьветачу, што асьвятляеш ўсе канцы зямлі цудамі! Радуйся, сумных боская радасьць і пэўны абаронца пакрыўджаных. Сёньня, блаславёны Мікола, не пераставай маліцца Хрысту Богу за тых, што з вераю і любоўю шануюць цябе і радасна спраўляюць тваю сьветлую памяць". Цяпер...: сьвята
Слава...: (Тон 4). Морам адбылося тваё, сьвятаначальніку, падарожжа з Міраў у горад Бары. Твая дамавіна, узятая з магілы, прыйшла з Усходу на Захад, Мікола слаўны, а з ёю разам прыйшлі пабожныя манахі, што пры тваёй магіле на загад Божы службу спраўлялі. Цяпер...: сьвята
(Тон 4). Сёньня настаў дзень урачыстага сьвята: горад Бары цешыцца, а з ім увесь сьвет выказвае радасьць песьнямі і сьпевамі духоўнымі, сьвяткуючы перанясеньне пачэсных і цалебных мошчаў сьвятаначальніка і цудатворца Міколы. Ён, быццам незаходнае сонца, зазьзяў нам сьветлымі промнямі, разганяючы цемру спакусаў і баронячы ад бедаў тых, што з вераю клічуць: "Збаўляй нас малітвамі тваімі, заступніку наш, вялікі Мікола". Слава... цяпер...: сьвята Літургія
Кандак (тон 3). Мошчы твае, сьвятаначальніку Мікола, быццам зорка, прыйшлі з Усходу на Захад. Мора асьвяцілася пераходам тваім, а горад Бары прымае ласку ад цябе, бо ты зьявіўся дзеля нас, як цудатворца вялікі, дзівосны і міласэрны. Калі царква сьв. Міколы: пракімен, чытаньні, алілуя: як 6 сьнежня. Вярнуцца назад |