Галоўная > Пяты тыдзень Посту > V нядзеля посту - Памяць Сьвятое Маці нашае Марыі Ягіпецкай

V нядзеля посту - Памяць Сьвятое Маці нашае Марыі Ягіпецкай


30 сакавіка 2009.

ВЯЧЭРНЯ


На "Госпадзе, Цябе клічу..." сем песьняў нядзельных належнага тону і тры наступныя:

(Тон 6): З-за ранейшых грахоў тваіх ты ня сьмела глянуць на пачэсны Крыж; сумленьне тваё, і ўсьведамленьне зробленых учынкаў навярнулі цябе, багамудрая, на добры шлях. Глянуўшы на ікону блаславёнае Божае Дзевы, і пакаяўшыся ва ўсіх ранейшых правінах, ты, усяхвальная, сьмела пакланілася сьвятому дрэву.

Пакланіўшыся радасна месцам сьвятым і атрымаўшы настаўленьне ў дабрадзейнасьці, ты, блаславёная, пайшла па выбраным табою добрым шляху. Перайшоўшы Ярдан, ты пасялілася ў жыльлі Прадвесьніка, пагасіла лютасьць пажаданьняў пастом і малітваю і перамагла цялесныя нахілы, Маці ўсяпамятная.

Пасяліўшыся ў пустыні, ты змыла з душы грэшныя пажаданьні і падмяніла іх Богам дадзенымі дабрадзейнасьцямі. Ты зазьзяла сьвятасьцю жыцьця, так што лёгка хадзіла па вадзе, і падчас малітвы да Бога ўзьнімалася над зямлёй. Цяпер, усяслаўная Марыя, ты жывеш у прысутнасьці Хрыста. Маліся за душы нашыя.

Слава ...

(Тон 4): Сіла Крыжа Твайго, Хрысьце, цуд зрабіла: ранейшая грэшніца выбрала шлях дабрадзейнасьці і правяла рэшту жыцьця ў малітве і пасце. Адкінуўшы свае слабасьці, яна сьмела супрацівілася д'яблу, і цяпер, атрымаўшы ўзнагароду, моліцца за душы нашыя.

Цяпер ...

Дагматык належнага тону.


Вершапесьні нядзельныя належнага тону.

Слава ...

(Тон 2): Нутраныя закалоты і цялесныя пажаданьні ты перасякла мячом устрыманасьці; грэшныя думкі здушыла маўчаньнем, струменямі сьлёз напаіла пустыню і ўзрасьціла нам плады пакаяньня. Дзела гэтага, Маці блаславёная, сьвяткуем сёньня памяць тваю.

Цяпер ...

(Тон 2): Новы цуд, большы за ўсе ранейшыя цуды! Хто калі бачыў Маці, якая радзіла без мужа і на руках насіла Таго, хто трымае ўсё стварэньне? З Божай волі радзіўся той, каго Ты, Усячыстая, насіла як дзіцятка на руках тваіх. Маючы матчыну сьмеласьць у Яго, не пераставай маліцца за тых, што шануюць цябе, каб Ён дараваў нам багацьце ласкі сваёй і збавіў душы нашы.


Адпушчальныя трапары

Трапар нядзельны належнага тону.

Слава ...

Трапар Марыі (Тон 8): У табе, Маці, верна захаваўся вобраз Божы: узяўшы крыж, ты пайшла ўсьлед за Хрыстом і на справе навучала не клапаціцца аб целе, бо яно прамінае, але дбаць пра душу, рэч несьмяротную. Дзеля гэтага разам з анёламі радуецца, сьвятая Марыя, дух твой.

Цяпер ...

Багародзічны (Тон 8): Ты, што дзеля нас нарадзіўся ад Дзевы і на крыжы пацярпеў, сьмерцю зьнішчыўшы сьмерць і паказаўшыся Богам ва ўваскрасеньні, не пагардзі творамі рук Тваіх, пакажы чалавекалюбства Тваё, Міласэрны, прымі малітвы за нас Багародзіцы, што нарадзіла Цябе, і збаў, Збавіцелю добры наш, людзей бездапаможных.

ЮТРАНЬ

Усё нядзельнае належнага тону.

Пасьля 50 Пс. : "Пакаяньня Дзьверы..."


Каноны

Уваскросны належнага тону, пятай нядзелі і сьвятой (толькі песьня 9).

Катавасія "Адчыню вусны мае..."


Пасьля Трэцяй песьні:

Сядальная песьня (Тон 8): Ты, блаславёная Марыя, явіла мужнасьць душы тваёй, калі абуздала цялесныя памкненьні пастом. Захацеўшы бачыць Крыж Гасподні, ты ўкрыжавала сябе сьвету і сталася пераймальніцаю анельскага жыцьця. Малі Хрыста Бога дараваць адпушчэньне правінаў нам, якія шануем з любоўю памяць тваю.

Слава ... Цяпер ...: Уславім нябесную браму і каўчэг, усесьвятую гару, сьветлую хмару, незгаральны куст, рай духоўны, вызваленьне Эвы, вялікі скарб сусьветны. У Ёй зьдзейсьнілася збаўленьне сьвету і адпушчэньне ранейшых правінаў. Дык усклікнем Ёй: "Маліся Сыну Твайму і Богу, каб Ён дараваў адпушчэньне правінаў тым, што пабожна пакланяюцца ўсесьвятому сынараджэньню Твайму".


Пасьля шостай песьні:

Кандак Марыі (Тон 3): Перапоўненая раней усялякімі грахамі, ты, пакаяўшыся, сталася нявестай Хрыстоваю і, пераймаючы анельскае жыцьцё, перамагаеш дэманаў крыжовай зброяю. Цяпер ты – нявеста валадарства, Марыя ўсяслаўная.

Ікас. Усхвалім у песьнях ягнё Хрыстовае і дачку, Марыю вечнапамятную. Родам з Ягіпту, яна адкінула ягоныя спакусы і прынесла сябе як цудоўную кветку Царкве, праводзячы час у малітве і пастох, непасільных людзкой прыродзе. Таму адзіны Ўсемагутны Госпад узвысіў жыцьцё і ўчынкі Марыі ўсяслаўнае.


Канон 5 Нядзелі (Тон 8)

Песьня 9

Ірмас: Цябе, беззаганную Маці Бога нашага, што вышэй за розум нарадзіла існага Бога, вышэйшую за ўсе нябесныя сілы, няспыннымі песьнямі ўзьвялічваем.

Прашу Цябе, Хрысьце, зрабі мяне падобным да ўбогага Лазара, аддалі ад мяне жаданьні раскошаў і, як праўдзівы Бог, зрабі мяне багатым на дабрадзейнасьці, каб я з вераю ў песьнях славіў Цябе.

Багаты і неміласэрны, я пагардзіў розумам маім, адкінуў яго, і вось ён ляжыць перад варотамі запаветаў Тваіх. Але ў Тваёй спагадлівасьці і міласэрнасьці ўзьнімі яго, як некалі чатырохдзённага Лазара.

Усе мы, верныя, ведаем Гасподнюю прыповесьць, дык узьненавідзім бязьлітаснасьць багатага, каб нам пазьбегнуць пакараньня і цешыцца давеку ва ўлоньні Абрагама.

Багародзічны: З вераю ўзьвялічваем Цябе, што насіла ў абдымках сваіх Бога, якога славіць усё стварэньне. Праз Цябе Ён дае ўсім нам збаўленьне.


Канон Марыі (Тон 6).

Песьня 9.

Ірмас: Ня плач па мне, Маці, бачачы ў магіле Мяне, Сына Твайго, якога Ты зачала бяз семя. Я ўстану і праслаўлюся і, як Бог, уздыму з моцаю тых, што з вераю і любоўю ўзьвялічваюць Цябе.

Умацаваная сілаю Хрыстоваю, ты, Маці, лёгка перанесла цяжкасьці жыцьця ў пустыні, струменямі сьлёз, дадзенымі ад Бога, патушыла дрэнныя думкі, найбольшая сярод посьнікаў і сьвятых пахвала.

Сьветлымі промнямі прасьвятляе цябе Чыстая Дзева, што нарадізла Сьвятло-Хрыста; яна робіць цябе страшнаю для бесаў, і яўляе цябе як прыклад усім нам, Марыя пачэсная, аскетаў краса і сьвятых умацаваньне.

Пакінуўшы ўсё зямное, ты сталася пачэсным жыльлём Духа. Малі адзінага Хрыста Збаўцу, каб Ён даў вызваліцца ад небясьпекаў гэтага сьвету тым, што з вераю і любоўю шануюць памяць тваю.

Слава ... Цяпер ...: Вольная надпрыродна ад законаў прыроды, Ты, Дзева чыстая, нарадзіла на зямлі дзіця – Заканадаўца, старога днямі. Таму, духоўнае Неба Творцы ўсіх, мы ўсе з вераю і любоўю Цябе шчасьліваю завем.


Экзапастыляр

уваскросны чарговы і наступныя:

Слава ...: Мы маем у табе, Марыя сьвятая, прыклад пакаяньня: Малі Хрыста даць і нам яго ў час посту, каб нам з вераю і любоўю славіць цябе.

Цяпер ...: Слодыч анёлаў, сумных радасьць, Заступніца хрысьціянаў, Дзева Маці Госпада, заступіся за нас і выбаў нас ад вечных мукаў.


Пахвальныя псалмы

нядзельныя належнага тону.

Слава ...: (Тон 1): Валадарства Божае – ня стравы і не пітво, але праведнасьць, устрыманасьць і сьвятасьць. Таму багатыя ня ўвойдуць у яго, але тыя, што аддалі багацьці свае ўбогім. Так і Давід прарок навучае, кажучы: Праведнік чыніць міласьць увесь дзень, ён цешыцца ў Госпадзе і не спатыкнецца, бо ходзіць у сьвятле. Усё гэта напісана для нашага навучаньня, каб мы ў пост рабілі дабро, і Госпад замест зямнога дасьць нам нябеснае.

Цяпер ...: Найблаславёная Ты..

ЛІТУРГІЯ

Сьвятога Базыля Вялікага

Трапары:

Трапар нядзельны належнага тону.

Трапар Марыі (Тон 8): У табе, Маці, верна захаваўся вобраз Божы: узяўшы крыж, ты пайшла ўсьлед за Хрыстом і на справе навучала не клапаціцца аб целе, бо яно прамінае, але дбаць пра душу, рэч несьмяротную. Дзеля гэтага разам з анёламі радуецца, сьвятая Марыя, дух твой.

Слава ...

Кандак Марыі (Тон 3): Перапоўненая раней усялякімі грахамі, ты, пакаяўшыся, сталася нявестай Хрыстоваю і, пераймаючы анельскае жыцьцё, перамагаеш дэманаў крыжовай зброяю. Цяпер ты – нявеста валадарства, Марыя ўсяслаўная.

Цяпер ...

Кандак Багародзіцы (Тон 8): Магутная Ўладарка Багародзіца, мы, верныя слугі Твае, выбаўленыя табою ад бедаў, песьні ўдзячнасьці і перамогі Табе прыносім. Ты ж, маючы сілу непераможную, ад усякіх напасьцяў выратуй нас, каб нам усклікнуць Табе: "Радуйся, Дзева Маці!"


Пракімен (Пс. 75:12,2): Выконвайце абяцаньні, дадзеныя Госпаду Богу нашаму.

Верш: Бог вядомы ў Юдэі, у Ізраілі вялікае імя Яго.


Апостал: Гэб 9:1-14


Алілуя (Пс. 94:1,2): Прыйдзіце, будзем радасна пяяць Госпаду, будзем славіць Бога Збавіцеля нашага.

Верш: Станем з удзячнасьцю перад абліччам Ягоным, у песьнях уславім Яго.


Евангельле: Мк 10:32-45


Задастойнік: У Табе радуецца, Поўная ласкі, усякае стварэньне – сабор анёлаў і род людзкі, – асьвячаны хораме і раю духоўны, пахвала дзеваў; ад Цябе Бог прыняў цела і стаўся дзіцяткам, Бог наш спрадвечны: улоньне тваё Ён зрабіў пасадам сваім, і нутро тваё ўчыніў больш прасторным за неба. У Табе радуецца, Поўная ласкі, усякае стварэньне: слава Табе.


Вярнуцца назад