Галоўная > Мінэя - Верасень > 20 верасьня - Пасьвяцьце Ўзвышэньня і сьвятога мучаніка Астапа, жонкі яго Тэапістыі

20 верасьня - Пасьвяцьце Ўзвышэньня і сьвятога мучаніка Астапа, жонкі яго Тэапістыі


2 красавіка 2009.

І сыноў іхніх Агапія і Тэапіста

Вячэрня

На „Госпадзе, Цябе клічу...“:

Сьвята (тон 4). Сёньня зазьзяў сьветла, быццам сонца, пачэсны Крыж Твой, Хрысьце: умацаваны на слаўным месцы чэрапу і ўзьнесены на гары сьвятой Тваёй, Збавіцелю, ён явіў нам, як Ты ў чалавекалюбстве Тваім узьнёс ім нашу прыроду на неба.

Сёньня неба абвясьціла людзям славу Тваю, Недасяжны, бо зазьзяў нам вобраз Крыжа сьвятлом недаступным, выкрываючы жорсткі і люты нораў богазабойцаў. Дзеля гэтага славім Твой чалавекалюбны провід, Ісусе ўсемагутны, Збавіцелю душаў нашых.

Узьняцьцем рук сваіх Майсей перамог Амалека, прадвясьціўшы нам вобраз Крыжа. Мы ж сёньня ў пакланеньні дрэву крыжоваму перамагаем падкопы і хітрасьці ворага, маючы за абаронцу Хрыста, які, узнесены на Крыжы, умярцьвіў зьмея і збавіў чалавека.

Мучаніка (тон 8). Пакліканьне тваё, Астапе, было з вышыні, а не ад людзей: сам Хрыстос табе зьявіўся і злавіў цябе, блаславёны, у сетку веры, і, ачысьціўшы хростам грахі твае і выпрабаваўшы ў цярпеньнях, як Уладар явіў цябе пераможцам.

У маладосьці ты, Астапе, з радасьцю прыняў навуку дабрадзейнасьцяў. Ты перажыў страту дзяцей і жонкі, і цярпеў ганебную няволю. Але мужнасьць твая ў змаганьні, годны памяці, зрабіла цябе вядомым і здабыла табе пашану ўсіх.

Дастойны Астапе, ты быў быццам духмянае кадзіла ў вагні, і прыемная цэлапальная ахвяра, жывое дасканалае прынашэньне. Ты прынёс сябе Богу разам з сям'ёю і ўсім домам, і таму сёньня нябеснае жыльлё прыняла цябе разам з усімі тваімі, і хоры анёлаў сустрэлі цябе.

Слава...

(Тон 2). Быццам другі Ёў, Астап жыцьцём сваім, цярпеньнямі і подзьвігамі даецца нам як прыклад дабрадзейнасьцяў і стоўп цярплівасьці; ён, разам жонкаю і сынамі, сапраўды пераўзышоў Ёва ў дабрадзейнасьці, будучы верным у жыцьці, непахісным у спакусах і непераможным у цярпеньнях. Мы яго прыводзім да Хрыста, каб малітвамі ягонымі атрымаць прасьвятленьне і адпушчэньне грахоў.

Цяпер...

(Тон 2). Патрыярх Якуб, склаўшы накрыж рукі, каб блаславіць унукаў сваіх, даў нам вобраз дзяржаўнага Крыжа Твайго. Маючы яго за нашую абарону, адганяем ім дэманаў, нішчым пыху і дзёрзкасьць ворага, перамагаем згубную сілу Амалека. Бачачы яго сёньня ўзвышаным для ачышчэньня грахоў нашых, з набожнасьцю і пашанаю прыбягаем да Тваей дабрыні і міласэрнасьці і клічам: „Добры Госпадзе, які нарадзіўся ад Дзевы, зьмілуйся над творамі рук Тваіх!“

Вершапесьні

(Тон 2). Боскай вадою і крывёю Тваёю, Слова, Царква, быццам нявеста, сьветла ўпрыгожваецца, славячы Крыж Твой.

Верш: Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.

Крыжу з кап'ём, цьвікамі і з усім, чым цела Хрыстова было прыбітае, паклонімся.

Верш: Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.

Калі Майсей перамог Амалека, Ён крыжом узьняў рукі свае і даў гэтым вобраз чыстых Хрыстовых мукаў.

Слава...

(Тон 6). Як мы цябе дастойна ўславім, духоўны дыяманце? Ты паказаў звышпрыродную сілу, калі, страціўшы маёмасьць, дзяцей і жонку, ты ўсклікнуў сьледам за Ёвам: „Госпад даў, Госпад і ўзяў: хай будзе так, як Госпад хоча“. І Бог, якога ты палюбіў больш за ўсё і якога ты горача жадаў, даў табе быць мучанікам і споўніў жаданьне душы тваёй. Перацярпеўшы розныя мукі, ты і ўсе твае атрымалі блаславёны канец. Маліся разам з імі, цярплівы духам Астапе, каб нам вызваліцца ад беззаконьняў нашых.

Цяпер...

(Тон 6). Крыжу Хрыстовы, надзея хрысьціянаў, настаўнік тых, што зблудзілі, прытулак бясьпечны ахопленых бураю, перамога ў змаганьнях, умацаваньне сусьвету, лекару нядужых, мёртвых уваскрасеньне, зьмілуйся над намі.

Адпушчальныя трапары

Трапар мучаніка (тон 4). Пакліканьне тваё, шматпакутны мучаніку, было не ад людзей, але, быццам другога Паўла паклікаў цябе Хрыстос, які зьявіўся табе на крыжы і ад бяздумнасьці прывёў цябе да пазнаньня сябе, наставіўшы на выпрабаваньне многімі спакусамі; ты ж, як другі Ёў, страціў усе дачасныя багацьці, быў пазбаўлены славы, стаўся бедным і чужым, і нарэшце быў спалены ў вагні разам з жонкаю і сынамі. Быццам духмяную ахвяру Богу, ты прынёс сябе, слаўны. Цяпер, жывучы ў славе разам з мучанікамі, малі Хрыста Бога за нас, вялікамучаніку Астапе.

Слава... цяпер...

Крыжа (тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа.


Вярнуцца назад