Галоўная > Мінэя - Верасень > 21 верасьня - Адданьне сьвята Ўзвышэньня Пачэснага Крыжа

21 верасьня - Адданьне сьвята Ўзвышэньня Пачэснага Крыжа


2 красавіка 2009.

Усё, як 14 верасьня.

Служба сьв. Кандрату сьпяваецца 22 верасьня.

Вячэрня

На „Госпадзе, Цябе клічу...“:

(Тон 6). Узвышэньне Крыжа Гасподняга заахвочвае ўсё стварэньне славіць укрыжаванага Хрыста і сьвятыя мукі Яго. Умярцьвіўшы на ім таго, хто некалі нас умярцьвіў, у бязьмежнай дабрыні сваёй Ён ажывіў памёрлых, вярнуў ім ранейшую красу і зрабіў годнымі жыцьця ў небе. Дзеля гэтага славім радасна Ягонае імя і ўзьвялічваем Ягоную бязьмежную міласэрнасьць. (Двойчы)

Крыжу сьвяты! Майсей даў нам вобраз твой, калі ў змаганьні з Амалекам рукі падняў да неба. Ты – пахвала верных, умацаваньне мучанікаў, слава апосталаў, перамога праведных і абарона ўсіх сьвятых. Углядаючыся на тваё ўзвышэньне, радуецца ўсё стварэньне, сьвяткуе і славіць Хрыста, які ў вялікай дабрыні сваёй сабраў у адно ўсіх расьцярушаных. (Двойчы)

Крыжу слаўны! Цябе з радасьцю акружаюць анельскія хоры, і мы цябе сёньня ўрачыста ўзносім. Ты ж, з волі Божае, узносіш усіх, хто за спажываньне забароненага плоду быў выгнаны з раю і асуджаны на сьмерць. Дзеля гэтага, цалуючы цябе з вераю вуснамі і сэрцам, атрымліваем асьвячэньне і клічам: „Узьвялічвайце Хрыста, усеміласэрнага Бога, і пакланяйцеся Ягонаму Божаму падножжу!“ (Двойчы)

Слава... цяпер...

(Тон 2). Прыйдзіце, людзі, паклонімся блаславёнаму дрэву, праз якое завершанае было наша апраўданьне. Бо вось д'ябал, які праз дрэва ашукаў праайца Адама, быў пераможаны Крыжом, і той, які ў няволі трымаў стварэньне Гасподняе, зазнаў найбольшае паразы. Божаю крывёю абмытая была зьмяіная атрута і, дзякуючы няправеднаму прысуду на Праведніка, адменены быў справядлівага прысуду праклён. Трэба было, каб дрэва дрэвам ацалілася, і каб мукамі Непадуладнага цярпеньням былі адмененыя мукі асуджанага за правіны ля райскага дрэва. Хрысьце Ўладару наш, слава Твайму вялікаму страшнаму для нас провіду, якім Ты збавіў усіх, бо Ты добры і Чалавекалюбец.

Вершапесьні

(Тон 5). Радуйся, жыцьцядайны Крыжу, набожнасьці неадольная сіла, брама райская, верных умацаваньне, Царквы абарона! Табою тленнасьць была зьнішчаная і адмененая, і патаптаная сьмерці ўлада, і мы ўзьняліся ад зямлі да неба. Ты – зброя непераможная, бесаў пераможца, слава мучанікаў, сьвятых сапраўдная краса, прытулак збаўленьня, што дае сьвету веліч зьмілаваньня.

Верш: Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.

Радуйся, жыцьцядайны ўсепачэсны Крыжу, якім чалавецтва вызваляецца ад праклёну, існай радасьці знак, узвышаны на выгнаньне ворага. Ты – памочнік нас усіх, уладароў сіла, умацаваньне праведных, сьвятароў слава; знак твой – выбаўленьне ад злога; ты – жэзл сілы, што намі кіруе, зброя міру, якую са страхам акружаюць анёлы; Хрыста Бога слава, што дае сьвету веліч зьмілаваньня.

Верш: Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.

Радуйся, сляпых правадыру, нядужых лекару, уваскрасеньне памёрлых. Ты, Крыжу пачэсны, узьняў нас ад тленнасьці, у якую мы ўпалі; табою праклён быў зьнішчаны і закрасавала нятленнасьць, і мы, зямныя, абагавіліся, а д'ябал быў зьвержаны ўніз. Сёньня бачым цябе ўзвышаным рукамі архісьвятара, хвалім Таго, хто быў ўзьнесены на табе, і пакланяемся табе, што даеш нам шчодра веліч зьмілаваньня.

Слава... цяпер...

(Тон 8). Некалі Майсей ў перамозе над Амалекам даў нам, Хрысьце Божа, вобраз Крыжа Твайго, які мы сёньня славім недастойнымі вуснамі, і якому Давід загадаў пакланяцца як падножжу Твайму, бо на ім Ты захацеў быць расьпятым. Славім Цябе і молімся: „Разам з разбойнікам зрабі нас годнымі валадарства Твайго, Госпадзе!“

Адпушчальны трапар

(Тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа. (Тройчы)


Вярнуцца назад