Галоўная > Мінэя - Лістапад > 24 лістапада - Пасьвяцьце Ўводзінаў, сьв. вялікамучаніцы Кацярыны і сьв. мучаніка Мяркурыя
24 лістапада - Пасьвяцьце Ўводзінаў, сьв. вялікамучаніцы Кацярыны і сьв. мучаніка Мяркурыя27 кастрычніка 2009. |
|
Вячэрня
На „Госпадзе, Цябе клічу...“: (Тон 1). Горад Аляксандрыя красуецца сёньня і набожна спраўляе пачэсную памяць тваю, мучаніца Кацярына. Маліся за тых, што шануюць цябе. Сьвяткуем сёньня памяць Кацярыны, бо яна варожыя сілы словам і чынам мужна перамагла і зьнішчыла супраціўленьне ілжывых настаўнікаў. Малітвамі яе, Божа, вызваль нас ад нязбожных ворагаў. Радуйся, усяслаўная мучаніца Кацярына! Цела тваё пачэснае спачывае на Сынайскай гары, дзе Майсей бачыў незгаральны куст: Хрыстос захоўвае яго там да другога прыйсьця свайго. (Тон 4). У духоўным змаганьні, мучанік Мяркуры, ты, як вой непераможны, перамог ворага зброяю веры і безьліч духоўных праціўнікаў пасек. Закончыўшы твой подзьвіг, ты, блаславёны, атрымаў узнагароду разам з усімі мучанікамі. Анёл з неба быў пасланы загадам Боскага Духа лячыць раны твае, якія ты, годны славы мучаніча, абліўшыся крывёю, пацярпеў, будучы прабітым распаленымі жалезнымі ражнамі, бічаваным і павешаным, і прывязаным да цяжкага каменя. Калі зямны ўладар, у войску якога ты, Мяркуры, служыў, загадаў табе прынесьці ахвяру дэманам, ты, багамудры, лепш выбраў мукі, агонь і цяжкую сьмерць. Узьняты да Хрыста, ты атрымаў ад Яго вянец перамогі і быў залічаны да хору мучанікаў ў небе, дзе молішся за ўвесь сьвет. Слава...: (тон 2). Прыйдзем радасна на ўрачыстасьць Кацярыны мучаніцы і ўпрыгожым яе пахваламі, быццам кветкамі, усклікаючы: "Радуйся, бо ты выкрыла хлусьлівасьць вучоных прамоўцаў, паказала іхняе невуцтва і прывяла да боскай веры. Радуйся, нявеста нятленная, нязломная ў шматлікіх мучэньнях, на якія ты аддала цела дзеля любові да Творцы твайго; радуйся, бо, як узнагароду за мукі, ты атрымала жыльлё на вышынях і асалоду вечнае славы, у надзеі якое жывем усе мы, якія ў песьнях славім цябе". Цяпер...: (тон 8). Пасьля Твайго цудоўнага нараджэньня, Богу пасьвячаная Нявеста і Ўладарка, Ты прыйшла ў сьвятыню Гасподнюю, каб, будучы асьвячанай, быць узгадаванай у сьвятым сьвятых. Габрыель быў пасланы да Цябе, Беззаганная, прыносіць ежу. Усе нябесныя зьдізвіліся, калі бачачы, як Дух Сьвяты пасяліўся ў Табе. Дзеля гэтага, Усячыстая і Бязьвінная, праслаўленая ў небе і на зямлі Маці Божая, збаўляй род наш.
Вершапесьні (Тон 1). Прыйдзіце, ўсе сьвяталюбцы, у песьнях уславім адзіную чыстую Дзеву – найсьвяцейшы хорам Хрыстовы і хадайніцу радасьці, – якая ўводзіцца ў сьвятыню Божую. Верш. Прывядуцца Ўладару дзевы ўсьлед за ёю, дружкі яе прывядуцца Яму. Адчыні, прарок, дзьверы, і прымі прыведзеную ў сьвятыню Пахвалу ўсіх анёлаў і людзей сьветлую Радасьць, каб Ёй, якая зьяўляецца сьвятыняй і жыльлём Божым, прабываць там. Верш. Прывядуцца яны з радасьцю і вясельлем, і ўвойдуць у сьвятыню Гасподнюю Багародзіца Марыя прыводзіцца ў сьвятыню, прымае хлеб ад анёла, які зьявіўся Ёй, усклікаючы: "Радуйся, Блаславёная Божая нявеста Багародзіца Дзева, што зачнеш сына без мужа. Ты – радасьць і надзея ўсіх людзей". Слава...: (тон 2). Жывучы духоўным жыцьцём, ты стала перад нязбожным судом, непераможная Кацярына пачэсная: упрыгожаная Божай сьветласьцю і апранутая ў Боскую сілу, ты, шматпакутная, супрацівілася загаду мучыцеля, і змусіла змоўкнуць ілжывых настаўнікаў. Цяпер...: (тон 8). Давід прадвясьціў аб Табе, Усячыстая, прадбачачы ўваход Твой у сьвятыню. Сёньня, Усяхвальная, усе мы сьвяткуем яго і славім Цябе, якая, будучы Маці Слова Жыцьця, была дзеваю перад родамі, і пасьля родаў засталася нятленнаю. Сёньня цешыцца Захар у сьвятыні, прымаючы Цябе, Уладарка, і Сьвятое Сьвятых радуецца, агарнуўшы Цябе, Крыніцу жыцьця нашага. І мы таксама ўсклікаем Табе: "Малі за нас Сына Твайго і Бога нашага дараваць нам веліч зьмілаваньня".
Адпушчальныя трапары Трапар Кацярыны (тон 4). Дабрадзейнасьцямі, быццам промнямі сонечнымі, ты прасьвятліла паганскіх мудрацоў, і для тых, што поначы ходзяць, ты была месяцам ясным, што цемру няверы разганяе, Богам пакліканая нявеста Кацярына блаславёная. Прывёўшы царыцу да веры і выкрыўшы лютасьць мучыцеля, ты, поўная жаданьня, увайшла ў хорам нябесны да цудоўнага Жаніха Хрыста, каб атрымаць ад Яго вянец перамогі. Стоячы цяпер перад Ім разам з анёламі, маліся за ўсіх нас, якія сьвяткуем памяць тваю. Трапар Мяркурыя (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, Мяркуры, у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага. Маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашыя. Трапар сьвята (тон 4). Сёньня правобраз Божае спагады і абвяшчэньне збаўленьня людзям: Дзева яўна ў Дом Божы ўваходзіць і Хрыста ўсім прадвяшчае. Усклікнем жа ёй на ўвесь голас: "Радуйся, провіду Божага спаўненьне". Літургія
Трапар сьвята (тон 4). Сёньня правобраз Божае спагады і абвяшчэньне збаўленьня людзям: Дзева яўна ў Дом Божы ўваходзіць і Хрыста ўсім прадвяшчае. Усклікнем жа ёй на ўвесь голас: "Радуйся, провіду Божага спаўненьне". Трапар Кацярыны (тон 4). Дабрадзейнасьцямі, быццам промнямі сонечнымі, ты прасьвятліла паганскіх мудрацоў, і для тых, што поначы ходзяць, ты была месяцам ясным, што цемру няверы разганяе, Богам пакліканая нявеста Кацярына блаславёная. Прывёўшы царыцу да веры і выкрыўшы лютасьць мучыцеля, ты, поўная жаданьня, увайшла ў хорам нябесны да цудоўнага Жаніха Хрыста, каб атрымаць ад Яго вянец перамогі. Стоячы цяпер перад Ім разам з анёламі, маліся за ўсіх нас, якія сьвяткуем памяць тваю. Трапар Мяркурыя (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, Мяркуры, у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага. Маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашыя. Кандак Кацярыны (тон 4). Усе вы, што любіце аддаваць пашану мучанікам, прыйдзіце, каб уславіць у песьнях аднадушна Кацярыну мудрую. На трызьне паганскай яна прапаведавала Хрыста, зьмяю патаптала і ўтаймавала хітрую мудрасьць красамоўцаў. Слава... Кандак Мяркурыя Смаленскага (тон 4). Непераможнага змагара, родам з Рыму, што стаўся сынам Смаленска, будучы пасланым туды Багародзіцаю на абарону яму, слаўнага Мяркурыя ў песьнях уславім, сьвяткуючы памяць ягоную і просячы яго быць абаронцам краіны нашай. Цяпер... Кандак (тон 4). Чыстая сьвятыня Збавіцеля, шматкаштоўны хорам і Дзева, асьвячаная скарбніца Божай славы ўводзіцца сёньня ў дом Гасподні, прыносячы з сабою ласку Божага Духа. Анёлы Божыя славяць Яе ў песьнях, усклікаючы: "Вось жыльлё нябеснае!" Вярнуцца назад |