Галоўная > Мінэя - Лістапад > 30 лістапада - Сьвятога апостала Андрэя Першапакліканага

30 лістапада - Сьвятога апостала Андрэя Першапакліканага


27 кастрычніка 2009.

Вячэрня

Літургія

На „Госпадзе, Цябе клічу...“:

(Тон 4). Калі зьявілася ў целе зьзяньне славы Айца, каб у міласэрнасьці сваёй збавіць род людзкі, ты, слаўны апостале, навучаны прапаведаваньнем прадвесьніка, першы прыйшоў да Яго. Розум твой быў прасьветлены дасканалым праменяваньнем Ягонага Боства, і ты стаўся прапаведнікам і апосталам Хрыста Бога нашага. Малі Яго цяпер за збаўленьне і прасьвятленьне душаў нашых. (Двойчы)

Калі Ўсесьвятое Слова, Крыніца ўсяго сьвятога, прыняло цела, каб даць жыцьцё і збаўленьне тым, што на зямлі, ты, мудры, навучаны прадвесьнікам, пайшоў за Ім, і брату твайму абвясціў Бога нашага. Малі Яго цяпер за збаўленьне і прасьвятленьне душаў нашых. (Двойчы)

Вучань народжанага ад няплоднае, калі зазьзяў Той, што нарадзіўся ад Дзевы – дабрадзейнасьцяў Настаўнік і прыклад чысьціні, – ты, Андрэй блаславёны, як прыхільнік дабрадзейнасьцяў, жадаючы ў сэрцы сваім узыходу, узьняўся ад славы да невыказнай славы Хрыста Бога нашага. Малі Яго за збаўленьне і прасьвятленьне душаў нашых. (Двойчы)

Слава...:

(Тон 4). Пакінуўшы лоўлю рыб, ты, апостале, найвышэйшага апостала браце і магутны сусьветны настаўніку, сецьцю пропаведзі ўлавіў людзей і вудаю дабрадзейнасьцяў выцягваў з бедздані спакусаў народы. Цяпер не пераставай маліцца за нас, якія з вераю і любоўю спраўляем, слаўны апостале, пачэсную памяць тваю.

Цяпер...:

(Тон 4). Ісая, радуйся, прымі Слова Божае і прароч Дзеве Марыі пра куст, што гарыць агнём Боства і не згарае. Красуйся, Бэтлееме, адчыні вароты, Эдэме; мудрацы, ідзеце бачыць Збаўленьне, што ляжыць у ясьлях, спавітае ў пялёны: зорка, што стала над пячораю, паказала Яго як Жыцьцядаўца Госпада, які збаўляе род наш.

 

Чытаньне першага пасланьня Апостала Пятра

Пётра, апостал Ісуса Хрыста, прыхадням спасярод расьцярушаньня ў Понце Галятыі, Кападокіі, Асыі, і Бітыніі, згодна з прадведаньнем Бога Айца, выбраным згодна з тым, як прадбачыў Бог Айцец, каб ім быць асьвячанымі ў Духу, стацца паслухмянымі і акропленымі крывёю Ісуса Хрыста: няхай памножыцца вам ласка і супакой. Хай будзе блаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста. Ён, у вялікай міласэрнасьці сваёй, праз уваскрасеньне з мёртвых Ісуса Хрыста, нанова нарадзіў нас да жывой надзеі, да спадчыны незьнішчальнай і чыстай, што ніколі не завяне, якая прызначаная для вас у небе. Сілаю Божаю праз веру вы ахоўваныя для збаўленьня, якое мае аб'явіцца ў апошні час. Дзеля гэтага цешцеся, хоць цяпер вам і прыходзіцца зазнаць суму з прычыны розных выпрабаваньняў. (1:1-6)

Чытаньне першага пасланьня Апостала Пятра

Мілыя мае, Хрыстос пацярпеў за вас, пакінуўшы вам прыклад, каб вы ішлі па сьлядох Ягоных; Ён не зрабіў ніякага граху і ня было ў Ім подступу. Ён, зьневажаны, не зьневажаў узаемна; церпячы мукі, не пагражаў, але перадаў Таму, хто судзіць справядліва. Ён грахі нашы ў целе сваім панёс на дрэва, каб мы, вызваліўшыся ад грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Ягонымі мы аздароўленыя. Бо вы былі як заблудныя авечкі, але вярнуліся сёньня да Пастыра і Ўладара душ вашых. Таксама і вы, жонкі, пакарайцеся мужам сваім, каб тыя з іх, што не пакараюцца слову, жыцьцём жонак сваіх былі здабываныя, бачачы ваша чыстае, багабойнае жыцьцё. Няхай будзе аздобаю вашаю не вонкавае заплятаньне валасоў, не залатыя ўборы, ці стройнасьць вопраткі, але нутро сэрца чалавека поўнае непарушнага супакою і лагоднага духа, што вельмі цэнна перад Богам. Гэтак аздаблялі сябе сьвятыя жанчыны, што спадзяваліся на Бога, пакараючыся сваім мужом. Гэтак і Сара пакаралася Абрагаму, называючы яго гаспадаром. Вы – дзеці яе, калі робіце дабро і не баіцеся ніякага страху. Таксама і вы, мужы, жывеце разумна, лічачыся са слабейшай жаночай істотаю, і шануючы жонак вашых, як сунасьледніц з вамі ласкі, гэта значыць жыцьця, каб не было вам перашкодаў у малітвах вашых. Нарэшце будзьце ўсе згоднымі, спачувальнымі, браталюбнымі, міласэрнымі, ветлівымі. Не аддавайце злом за зло, ці зьнявагай за зьнявагу; наадварот: бласлаўляйце, ведаючы, што вы на тое пакліканыя, каб унасьледваць блаславеньне. (2:21-3:9)

Чытаньне першага пасланьня Апостала Пятра

Мілыя мае, калі Хрыстос цярпеў за нас цялесна, то і вы ўзбройцеся той жа думкаю, што той, хто церпіць мукі ў целе, перастае грашыць, каб рэшту часу ў целе пражыць ужо не паводле людзкога пажаданьня, але згодна з Божай воляю. Бо даволі ўжо, што вы раней паводзілі сябе паводле волі паганаў, прабываючы ў нячыстасьці, пажаданьнях, у злоўжываньні віна, абжорстве, п'янстве і нягодным служэньні ідалам. Затым яны і дзівяцца, што не плывеце разам з імі па той рацэ распусты, і абмаўляюць вас. Яны здадуць справу Таму, хто хутка будзе судзіць жывых і памёрлых. Бо на тое і для мёртвых была абвешчаная добрая вестка, каб яны, падуладныя суду як людзі ў целе, жылі ў Духу. Дый усяму блізкі канец. Дык будзьце мудрымі і цьвярозымі, каб магчы трываць у малітве. Найбольш за ўсё майце шчырую любоў адзін да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў. Будзьце гасьціннымі адны да адных без нараканьняў. Як добрыя распарадчыкі разнароднае ласкі Божае, служыце адзін аднаму кожны тым дарам, які атрымаў. Калі хто мае дар мовы, хай гаворыць словы быццам Божыя; калі хто паслугоўвае, хай служыць у моцы, якую дае Бог, каб ва ўсім славіўся Бог праз Ісуса Хрыста, якому слава і сіла на вякі вякоў. Амін. (4:1-11)


Вершапесьні

(Тон 5). Радуйся, неба духоўнае, што абвяшчае славу Божую! Ты першы пачуў голас Хрыста, які клікаў цябе, і пайшоў за Ім, не аглядаючыся назад. Прасьветлены Ім, ты прыпадобніўся Ягонай дабрыні і маланкай слоў тваіх прасьвятліў тых, што былі ў цемры. Спраўляем тваю сьвятую ўрачыстасьць, бо ты даеш тым, што просяць, збаўленьне і веліч зьмілаваньня.

Верш. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Першазнаходнік дабрадзейнасьцяў, Андрэй багамудры, ты загарэўся любоўю да Таго, хто ў дабрасардэчнасьці сваёй апрануўся ў нашую прыроду; ты сказаў брату твайму: "Мы знайшлі Таго, пра каго прарокі ў духу казалі; хадзі і пабач Ягоную красу, каб нам, з прасьветленымі Ягоным зьзяньнем душой і думкамі, пазьбегнуць ночы спакусаў і цемры няведаньня, і блаславіць Хрыста, які дае сьвету веліч зьмілаваньня".

Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

Сецьцю слоў тваіх з глыбіні няведаньня ты выцягнуў народы, што ня ведалі Бога. Ты парушыў мора грахоў і гнільлё бязбожжа высушыў, даючы на іх месца пачэсную соль тваёй, апостале слаўны, мудрасьці, якой зьдізвіліся буянствам апанаваныя, што ня ведалі Хрыста, які дае ўсім веліч зьмілаваньня.

Слава...

(Тон 3). Пятровага брата і вучня Хрыстовага, рыбака і лаўца людзей, Андрэя апостала ў песьнях ушануем. Ён навучыў усіх праўдаў Ісусавай навукі, і імі, як прынадаю, беззаконных злавіў. Малітвамі яго, Хрысьце, дай людзям Тваім супакой і веліч зьмілаваньня.

Цяпер...

Скажы нам Язэпе, як гэта ты прыводзіш у Бэтлеем Дзеву, што мае радзіць зачатага ад Сьвятога? "Я, – кажа, – дасьледаваў прарокаў і, атрымаўшы загад ад анёла, упэўніўся, што Марыя народзіць невыказна Бога, якому мудрацы з дарамі прыйдуць пакланіцца". Госпадзе, што стаўся чалавекам дзеля нас, слава Табе.

 

 

Адпушчальныя Трапары

Трапар (тон 4). Першапакліканы сярод апосталаў і вярхоўнага браце, Андрэю мудры, Уладара ўсіх малі, каб Ён дараваў супакой усяму сьвету і душам нашым багацьце свайго зьмілаваньня.

Багародзічны. Тайна спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая Табою, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашы.

Літургія

Вячэрня

Трапар (тон 4). Першапакліканы сярод апосталаў і вярхоўнага браце, Андрэю мудры, Уладара ўсіх малі, каб Ён дараваў супакой усяму сьвету і душам нашым багацьце свайго зьмілаваньня.

Кандак (тон 2). Мужнага вестуна Божага і першапакліканага вучня Збавіцелевага, Пятровага брата ўсхвалім, бо, як некалі яго, так сёньня нас ён кліча: "Хадзеце, бо мы знайшлі Чаканага".

 

Пракімен: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

 

Апостал: 1 Кар. 4:9-16


Алілуя: Нябёсы абвяшчаюць славу Тваю, Госпадзе, і цуды Твае – хоры сьвятых.

Верш. Бог праслаўлены ў мностве сьвятых.

 

Евангельле: Ян 1:43-51


Прычасьнік: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх. Алілуя, алілуя, алілуя.


Вярнуцца назад